Вы тут

Уладзімір Канцадайлаў. Рэчаіснасць прыроды


З прафесійных бабруйскіх мастакоў кожны мае пазнавальны стыль, вялікі досвед працы, а таксама жаданне эксперыментаваць з рознымі тэхнікамі і стылямі. Уладзіміру Канцадайлаву, які нарадзіўся ў Бабруйску, споўнілася 60 гадоў. За сваю творчую кар’еру ён дамогся ўражальных вынікаў, сярод якіх самы важны — любоў аўдыторыі. Але ў чым сапраўдны сакрэт папулярнасці чалавека, што абраў асноўным жанрам нацюрморт, які многімі лічыцца самым сумным напрамкам жывапісу?


«Асенні сад»

Розныя мастакі па-рознаму будуюць свае адносіны з рэчаіснасцю. Хтосьці выбірае шлях яе літаральнага адлюстравання, як гэта робяць рэалісты. Гэты напрамак заўсёды будзе запатрабаваным: ён зразумелы і блізкі ўсім, бо мы жывем у звычайнай рэальнасці і нам важна праз мастацтва вучыцца бачыць эстэтыку навакольнага свету. Ёсць мастакі, якія выбіраюць шлях мадэлявання новай рэальнасці праз творчасць,  — сюррэалісты, чые сусветы дзівяць непадрыхтаваную аўдыторыю сваёй абсурднасцю і нават бессэнсоўнасцю. Таксама карыстаецца попытам і прыцягвае да сябе шмат увагі абстрактнае або беспрадметнае мастацтва, якое на першы погляд увогуле не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Некаторыя мастакі спрабуюць пазбегнуць літаральнасці, ствараючы карціны ў стылі магічнага рэалізму, дзе канструююць новую рэчаіснасць, якая чымсьці падобная да нашай, але ці ў розных фантастычных дробязях, ці, наадварот, у самых фундаментальных механізмах светабудовы не будзе нагадваць звычайны свет. Хтосьці нашу рэальнасць крытыкуе, хтосьці спрабуе прыўнесці ў яе штосьці незвычайнае, як акцыяністы, ці наадварот спрабуе паказаць людзям тое незвычайнае, што ўжо ёсць у рэальнасці. Але існуюць унікальныя мастакі, якія не ствараюць уласны сусвет і не паказваюць рэчаіснасць без змен, а быццам бы накідваюць на шкляны шар, унутры якога знаходзіцца рэальнасць, нейкую магічную напаўпразрыстую тканіну, што дадае ў наш свет новых фарбаў, ссоўвае акцэнты увагі, робіць нават самыя звычайныя прадметы размытымі сімваламі дзіцячых успамінаў ці, наадварот, прароцтвамі з будучыні. Гэта людзі, якія адначасова і паказваюць рэчаіснасць, і самі мадэлююць яе, але мадэлююць такім чынам, што вельмі цяжка канкрэтна вызначыць момант, калі з звычайнага свету ты трапляеш у гэты трансфармаваны, дзіўны свет мастацтва.

 Адным з такіх мастакоў з’яўляецца Уладзімір Канцадайлаў. У  1982  годзе ён скончыў Бабруйскі каледж мастацтваў, у 1989  годзе  — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў станковым жывапісе, у асноўным у жанры фігуратыўнай кампазіцыі. Каб пералічыць толькі тыя выстаўкі, у якіх ён прымаў удзел, і музеі ці галерэі, у якіх зараз экспануюцца яго карціны, трэба будзе напісаць асобны тэкст на некалькі старонак, але цяпер будзе дастаткова сказаць, што яго карціны, акрамя Беларусі, пабывалі ў Бельгіі, Балгарыі, Германіі, Літве, Расіі, Францыі і Швейцарыі. Частка прац Уладзіміра Канцадайлава захоўваецца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і ў Калінінградскай мастацкай галерэі, а таксама знаходзіцца ў прыватных калекцыях у ЗША, Еўропе, СНД. Адным словам, Уладзімір Канцадайлаў, адзін з самых папулярных і запатрабаваных сучасных беларускіх мастакоў, нягледзячы на тое, што ўсё большую папулярнасць набірае маладое мастацтва, а бабруйскі творца ўмоўна адносіцца да «старой школы».

Узнікае лагічнае пытанне: чаму карціны Уладзіміра Канцадайлава карыстаюцца настолькі вялікай запатрабаванасцю як у нашай краіне, так і за мяжой? Каб адказаць на гэтае пытанне, патрэбна глыбока пагрузіцца ў творчасць бабруйчаніна і знайсці ключы ад тых дзвярэй, за якімі знаходзіцца чароўны рэцэпт, паводле якога Уладзімір Канцадайлаў стварае свае карціны.

Напачатку звернемся да тых вобразаў, што часцей за ўсё можна пабачыць на палотнах мастака. Па-першае, гэта шэраг прадметаў, кожны з якіх мае свой сэнс, закладзены творцам. Для чалавека, які вельмі часта працуе ў жанры нацюрморта, прадметы, што адлюстраваны на асобных палотнах, гэта своеасаблівы код, шыфр. Яго трэба зразумець, разгадаць, і тады будзе магчыма пабачыць не толькі ўмоўную вазу з садавіной ці кветкамі, а пэўны сімвал, што хавае ў сабе калі не паўнавартасную гісторыю, то намёк на эмоцыі, які аўтар адчуваў падчас напісання карціны. Гэтая формула, канешне, працуе толькі ў тым выпадку, калі нейкі сэнс наўмысна закладаецца ў нацюрморты, бо ёсць карціны з вазамі, дзе сіняя ваза  — не больш, чым сіняя ваза. Але калі некаторыя прадметы сустракаюцца значна часцей за іншыя (з’яўляюцца пры гэтым яны ключавымі элементамі кампазіцыі ці не, значэння не мае), то мы можам ужо казаць або пра некаторыя эстэтычныя прыхільнасці мастака, або пра тое, што перад намі нейкая сэнсавая сістэма, нейкая «гісторыя», якую нам спрабуе распавесці творца праз палотны. У выпадку Уладзіміра Канцадайлава здаецца, што гэта ўсё ж такі другі выпадак, бо занадта незвычайны і неспалучальны набор прадметных лейтматываў мы бачым на карцінах бабруйскага мастака: гарбузы (сімвал мінулага, госць з дзяцінства, бо, як распавядае сам Уладзімір, двор яго бабулі заўсёды быў завалены гарбузамі), ракавінкі (нягледзячы на тое, што ў большасці людзей гэты прадмет асацыюецца з морам, сам мастак ракавінкі звязвае з вобразам дома і разам з тым незалежнасці ўласнай індывідуальнасці), грушы (Уладзімір Канцадайлаў праводзіць паралель паміж грушай і жанчынай, для яго ў гэтым прадмеце прыродныя і жаночыя пачаткі зліваюцца разам). Набор даволі незвычайны, калі не сказаць дзіўны, але ўвогуле Уладзімір Канцадайлаў з тых мастакоў, для каго прадметы значаць вельмі многа. У людзей заўсёды існавалі фетышы, але для творцы фетышызм  — не толькі сам па сабе культ прадметаў, але яшчэ і адлюстраванне натуральнага чалавечага жадання бачыць у прадметах нешта большае. Няхай гэта будзе кшталту «якара» філасофскіх катэгорый у рэальным свеце, як у мадэрністаў, ці магічныя сімвалы абароны ад злых духаў, як у нашых далёкіх продкаў. Гэтай ідэі прысвечана серыя карцін «Фетишествие», якая нарадзілася з назіранняў мастака за псіхалогіяй людзей, што ўзводзяць прадметы ў культ.

«Залатая маска»

Таксама важным жанрам для бабруйскага мастака з’яўляюцца пейзажы. На першы погляд яны не адрозніваюцца нічым ад тысяч такіх жа пейзажаў, што малююць мастакі рознага ўзроўню па ўсёй Беларусі. Нават сюжэты для іх творца выбірае быццам бы настолькі звычайныя, што некаторым асабліва высакалобым аматарам прыгожага ад адных назваў карцін можа стаць дрэнна: «Март. Лодки», «Река. Вечер», «Весна. Этюд» і гэтак далей. Але гэтыя пейзажы становяцца больш цікавымі, калі, напрыклад, разам паказаць чалавеку «Река. Вечер» і любы нацюрморт Уладзіміра Канцадайлава. Адразу заўважна, што некалькі змянілася манера — на нацюрмортах прадметы хоць і з’яўляюцца сімваламі (а таму быццам бы крыху расплываюцца на палотнах), але ўсё ж такі даволі рэалістычныя, у той час як на пейзажах нават лодка ўяўляе сабой толькі нейкую цёмную пляму. Быццам бы цень ад нябачнага прадмета лёг на бераг, чым неверагодна збянтэжыў мастака, які потым вырашыў захаваць гэту ўнікальную з’яву на сваёй карціне. Нельга таксама не адзначыць, што змяніўся і выбар фарбаў. Калі нацюрморты і карціны іншых жанраў часцяком выкананы ў вельмі цёплых танах, якія разам з тым ніколі не пераходзяць мяжу залішняй яркасці, то большая частка пейзажаў быццам бы наадварот наўмысна пазбаўленая любой цеплыні. Белы, шэры, халодны зямлісты  — гэтым колерам Уладзімір Канцадайлаў дае панаваць толькі на сваіх пейзажах. Мясціны на карцінах бабруйскага мастака выглядаюць так, быццам бы там ужо шмат гадоў не было людзей. Яны пустынныя, ціхія і пражываюць сваё існаванне ў тэмпе, настолькі адрозным ад чалавечага, што нам здаецца: гэтыя палі і рэкі застылі назаўжды. Пейзажы настолькі ўмоўныя, што, падаецца, для Уладзіміра Канцадайлава менавіта па гэтым жанры праходзіць мяжа паміж канкрэтным і абстрактным мастацтвам. Гэтае назіранне падтрымліваецца серыяй «Времена года», дзе над адным і тым жа полем у небе мастак малюе жаночы сілуэт, які адпавядае яго эмоцыям наконт таго ці іншага месяца. Незвычайны падыход Уладзіміра Канцадайлава да пейзажаў яшчэ і ў тым, што нават вясна, якая ў большасці асацыюецца з росквітам жыцця, для мастака з’яўляецца толькі слабым летам, часам, калі сонца не можа растапіць увесь снег, а таму бела-шэрае покрыва ўсё яшчэ ляжыць на палях.

Але не толькі ў штучным свеце прадметаў ці прыродзе знаходзіць натхненне Уладзімір Канцадайлаў. Гарбузы, ракавінкі і грушы ствараюць калаж вобразаў-сімвалаў, якія сэнсава пастаянныя, але ўсё ж такі не з’яўляюцца дынамічнымі і ствараюць застылую ў часе карціну чалавечых перажыванняў, а таму не цалкам самастойныя ў эстэтычнай сістэме мастака. Пейзажы яго таксама наўмысна недынамічныя, ім быццам бы чагосьці не хапае. Гэтыя два сусветы  — чалавечы свет прадметаў і натуральны свет прыроды — Уладзімір Канцадайлаў аб’ядноўвае пры дапамозе вобраза, які можна назваць цэнтральным, самым важным для яго творчасці. Канешне, гэта вобраз жанчыны.

«Сакавік. Паравіны года»

Розныя сюжэты з жанчынамі на палотнах мастака з’яўляюцца ледзь не часцей за нацюрморты з кветкамі ці гарбузамі, але гэта не партрэтныя рэалістычныя выявы нейкіх канкрэтных жанчын. Гераіні карцін Уладзіміра Канцадайлава  — амаль фантастычныя істоты, якія звязваюць свет прыроды і свет людзей. Менавіта яны сваім уздзеяннем ажыўляюць пейзажы, якія да гэтага здаваліся знежывелымі. Напэўна, таму для пейзажаў мастак часцей выбіраў зімовую пару або раннюю вясну, а жанчыны на яго карцінах часцей за ўсё звязаны з восенню ці летам — перыядамі значна больш цёплымі як у літаральным сэнсе, так і ў плане колераў. Часам гэтая сувязь паміж прыродай і жаночымі вобразамі на карцінах Канцадайлава становіцца вельмі заўважнай. Напрыклад, на некаторых палотнах, назвы якіх намякаюць на тое, што перад гледачом павінны быць пейзаж ці нацюрморт («Осенний чай», «Осенний сад»), мы бачым толькі жанчын. Але іх твары, фігуры, колер вопраткі, карацей, усе тыя элементы, з якіх складаецца карціна, чамусьці ўсё роўна вельмі добра адпавядаюць назве.

Магія, якая дазваляе Уладзіміру Канцадайлаву напаўняць звыклыя нам славесныя фармулёўкі ці выявы прадметаў аўтарскім сімвалічным сэнсам  — адзін з галоўных талентаў мастака. Напэўна, менавіта гэтая загадкавасць яго твораў і тое, што яны адкрываюць перад чалавекам сапраўды бясконцае поле для інтэрпрэтацый,  — прычына, па якой мастак з Бабруйска стаў вядомым ва ўсім свеце.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.