Вы тут

Міхаіл Дрынеўскі: Пераняць унікальнае адчуванне народнай песні


Генадзь Цітовіч — адна з самых значных асоб для беларускай музыкі савецкага перыяду, бо не толькі заснаваў славуты народны хор, які цяпер з гонарам носіць яго імя, але збіраў па ўсёй Беларусі народныя песні і абрады. Гэтыя песні захаваліся не толькі для яго сучаснікаў, але і для нас.

Якраз сёння 110 гадоў з дня нараджэння Генадзя Іванавіча. З гэтай нагоды карэспандэнт «ЛіМа» пагутарыў з Міхаілам Дрынеўскім — мастацкім кіраўніком і дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.


Міхаіл Дрынеўскі. З архіваў Народнага хору імя Г. І. Цітовіча, 2014 г.

— Міхаіл Паўлавіч, як вы пазнаёміліся з Генадзем Іванавічам і вырашылі працаваць з народнай музыкай?

— Калі я жыў за горадам, чуў народныя песні, бо мястэчка было вельмі «пявучае». Адам Русак калісьці напісаў, што гэта вёска Тонеж Тураўскага раёна, які цяпер Лельчыцкі. Там я ўпершыню пачуў «Салаўіны бераг», там пачаў працаваць з хорам народнай песні. Тады аўтарскую музыку ў вёсцы можна было пачуць рэдка, толькі па радыё, якое прыйшло да нас, калі мне было гадоў трынаццаць-пятнаццаць. Калі паступіў у вучылішча, а пасля ў кансерваторыю, то меў справу ўжо з акадэмічнай музыкай. І толькі потым вярнуўся да народнай песні пасля працы з капэлай Рыгора Шырмы, калі Генадзь Іванавіч запрасіў мяне ў хор. Мне давялося трапіць у прафесійны калектыў. І я быў вельмі ўражаны тым, як гэты чалавек адчувае народную песню. Але самога Генадзя Іванавіча ведаў і да таго, як пачаў працаваць у хоры. Тады Рыгор Раманавіч Шырма кіраваў дзяржаўнай капэлай, а я быў мастацкім кіраўніком Народнай харавой капэлы Трактарнага завода. Аднойчы Рыгор Раманавіч выбраў наш калектыў як спадарожніка дзяржаўнай капэлы. Мы часта тады разам спявалі на ўрадавых канцэртах, выконвалі складаныя творы, прымалі ўдзел у розных конкурсах. Прыблізна ў 1964-м, калі я быў яшчэ студэнтам, Рыгор Раманавіч мяне нават сынком называў (смяецца). Вельмі па-бацькоўску ставіўся, таму я думаў, што пасля заканчэння кансерваторыі магу прэтэндаваць на хармейстарства ў капэле. Нават уявіць тады не мог, што чалавек, якога ведаў па конкурсах як вельмі ўважлівага члена журы, запросіць мяне ў свой хор. Але для мяне вялікая радасць, што так здарылася.

— Як вам падаецца, чаму Генадзь Іванавіч вырашыў запрасіць вас у народны хор, нягледзячы на тое, што, напэўна, ведаў пра ваша супрацоўніцтва з капэлай і Рыгорам Раманавічам? Можа, з-за таго, што ён мог бачыць ў людзях зацікаўленасць народнай песняй?

 — Напэўна, усё больш проста. Калектывы, з якімі я тады працаваў, як ужо згадаў, часта бралі ўдзел у конкурсах, дзе сярод журы быў і Генадзь Іванавіч. І трэба разумець, што тады сітуацыя была іншая: капэл і хораў — шмат, не так, як цяпер, калі засталося зусім мала. Таму, каб патрапіць у шэраг канкурсантаў, трэба было праявіць сябе, а каб перамагчы — тым больш. Капэла Трактарнага завода, калі я там працаваў, выходзіла пераможцам амаль ва ўсіх конкурсах. Хтосьці нават казаў, што гэта найлепшая капэла ва ўсім Савецкім Саюзе. Здаецца, Генадзь Іванавіч запомніў мяне па гэтых конкурсах. Мабыць, яшчэ Рыгор Раманавіч яму распавёў, што малым хлопчыкам я ўжо займаўся музыкай. Тым больш, у вёсцы ні нот, ні іншай тэорыі — толькі народная песня. І ў школе я хорам таксама займаўся. Вось у яго і атрымаўся зборны вобраз, пасля чаго ён мяне запрасіў.

— Хто для вас Генадзь Іванавіч Цітовіч у першую чаргу? Сябра, навуковец ці настаўнік?

— Генадзь Іванавіч — чалавек незвычайны па сваёй прыродзе, па сваім стаўленні і шчырых пачуццях да музыкі, прычым як вакальнай, так і інструментальнай. Можна сказаць, што ён  — самародак, які не столькі вучыўся (хаця, вядома, праходзіў і школы музычныя, і вучылішчы, і кансерваторыі), колькі ад нараджэння валодаў музычнымі здольнасцямі і развіваў іх на працягу ўсяго жыцця. Гэтая з’ява, гэтае прыроднае багацце, далёка не кожнаму даецца. Лічу, што мне вельмі пашчасціла працаваць з ім шэсць гадоў. Многа ад яго ўзяў, і гэта засталося са мной на ўсё жыццё. Яго адчуванне народнай песні, яго ўвага да яе — гэта ўнікальны погляд на музыку. Генадзь Іванавіч быў вельмі сонечны чалавек. Ён любіў жартаваць, з гумарам у яго нават пераборы былі. Ён заўсёды знаходзіў яскравыя параўнанні, яго мысленне было вельмі вобразным. Таму кожны, хто з Генадзем Іванавічам сустракаўся і мог пры гэтым успрымаць і разумець тое, што ён гаворыць, як ён гаворыць, прайшоў вялікую школу. Нячаста сустрэнеш такога чалавека, таму Рыгор Раманавіч Шырма яго таксама вельмі цаніў. Не толькі музыкальна адораны чалавек, але і вельмі добры.

— Калі чуў Народны хор імя Г. І. Цітовіча, то адзначыў для сябе, што ён гучыць незвычайна і вельмі цікава за кошт нейкай асаблівай душэўнай і сэнсавай глыбіні. Нягледзячы на тое, што Генадзь Іванавіч ужо пайшоў з жыцця, такі высокі ўзровень гучання — таксама і яго заслуга. Як ён здолеў раскрыць гэта магічны «сакрэт» народнай песні?

— Не думаю, што для яго гэта быў нейкі сакрэт, бо ён ад прыроды быў чалавекам вельмі чулым ва ўсіх сэнсах. Вялікае шчасце, калі бацькі дораць гэтае адчуванне, здольнасць разгледзець прыгожае ў народнай песні і нашым асяроддзі. Хтосьці пройдзе і не ўбачыць, а хтосьці, наадварот, не толькі ўбачыць, але яшчэ паспрабуе гэтую прыгажосць павялічыць, паказаць. Генадзь Іванавіч быў менавіта такім. У гэтым не было для яго ніякай праблемы, дзякуючы сваёй чулай прыродзе. Гэта божы дар. Генадзь Іванавіч бачыў у народнай песні і прыгажосць, і гісторыю жыцця беларускага народа. Гэта ж сапраўды векавая бібліятэка вуснай творчасці! Мала спяваць чыста, спяваць прыгожа, хаця гэта, канечне, вельмі важна, але і інтанацыя павінна быць правільнай. Не толькі з боку гукава-высотнай інтанацыі, але і інтанацыі слова. Перадаць тое, што нясе народная песня. Я заўважыў, калі «журыў» конкурсы, што не ўсе калектывы гэта разумеюць, не ўсе могуць успрыняць сутнасць песні, у некаторых няма глыбіні і душэўнага адчування музыкі. Генадзь Іванавіч гэтым пачуццём валодаў.

— Як ён передаў гэта вам? Як можна навучыць такой сапраўды рэдкай здольнасці?

— Не столькі ён вучыў мяне, колькі я ў яго вучыўся. Не было такога, што Генадзь Іванавіч чытаў мне лекцыі, ці што-небудзь у гэтым родзе. Калі я пачаў працаваць у хоры, Генадзь Іванавіч да нас завітваў ужо даволі рэдка. Толькі амаль перад самым выхадам песні ў свет мы яе паказвалі Генадзю Іванавічу. Напрыклад, хор працуе над песняй, я разумею, што мы гатовы яе прадставіць публіцы. Тады іду да Генадзя Іванавіча і кажу: «Хор ведае тэкст, хор ведае ноты. Ідзіце і паглядзіце, як вы гэта адчуваеце, а я буду працягваць працу». На шчасце, нашы з ім погляды амаль заўсёды сыходзіліся. Ніколі не было, каб у яго была свая трактоўка, а ў мяне — свая. І я быў задаволены, бо гэта сведчыла, што штосьці глыбокае адчуваю ў народнай песні. Тады станавіўся больш смелы ў выбраным кірунку працы, бо пасля слоў Генадзя Іванавіча мог быць упэўнены, што таксама не глухі (усміхаецца).

— Наколькі ўплывовым цяпер, на вашу думку, з’яўляецца імя Генадзя Іванавіча — не толькі як стваральніка хору, які названы ў яго гонар, але як музыканта, этнографа?

енадзь Цітовіч і Міхаіл Дрынеўскі з артыстамі хору. З архіваў Народнага хору імя Г. І. Цітовіча, 1979 г

— Генадзя Іванавіча няма ўжо 34 гады, таксама пайшлі з жыцця і многія людзі, якія ведалі яго асабіста. Але нягледзячы на гэта, думаю, што ён пакінуў пасля сябе вечную памяць. Збіральнік народных песень. Мне здаецца, гэта быў адзін з галоўных этапаў і сэнсаў яго жыцця. Ён запісаў больш за тры тысячы песень. Толькі бяры гатовае ды выконвай! Мы пастараліся пераняць яго ўнікальнае адчуванне народнай песні. Колькі людзей ужо пачула запісаныя ім песні і колькі мы яшчэ пераспяваем. А  ёсць жа яшчэ хары, якія таксама карыстаюцца работамі Генадзя Іванавіча. Гэта вельмі вялікая справа. Нават простая сустрэча з Генадзем Іванавічам  — памяць на ўсё жыццё, бо ён быў вельмі вясёлы чалавек, жартаўнік, чулы не толькі да песень, але і да людзей. Бацькі сваім дзецям казалі, што ганарацца знаёмствам з Генадзем Іванавічам і тым, што чарку з ім выпівалі. Ён, дарэчы, чамусьці ніколі не піў каньяк, але любіў партвейн, які тады быў папулярны. Называў яго «парційнае віно». Генадзь Іванавіч мог пагутарыць з любым чалавекам, ніколі не думаў пра тое, што ён Народны артыст, вялікая фігура. Ён з аднолькавай павагай ставіўся да ўсіх. Яму было ўсё роўна — ці гэта вучоны, ці гэта калгаснік.

— Мабыць, у вас ёсць пэўная паказальная гісторыя з жыцця, каб нашыя чытачы на прыкладзе зразумелі, якім чалавекам быў Генадзь Іванавіч?

— Не ўсё ж можна распавесці (смяецца). Гісторый вельмі шмат. Ну вось адна. Гэта было ў 71-м ці 72-м годзе, я працаваў з хорам з 68-га. Да нас прыйшла жанчына, а Генадзь Іванавіч лічыў (я зараз таксама прытрымліваюся гэтай пазіцыі), што ў хор лепш браць змоладу, дзесьці да дваццаці трох гадоў. Канечне, можна узяць і дваццаць чатыры ці дваццаць шэсць, але звычайна — не. А было бачна, што ёй гадоў пад сорак, мабыць больш. І разам з тым Генадзь Іванавіч такі чалавек, што не мог адразу адмовіць жанчыне, таму кажа: «Давайце паслухаем вас, паспявайце нам». Яна пачынае са слоў «помню яшчэ маладушкай была», і тады Генадзь Іванавіч паварочваецца да мяне і кажа ціха на вушка: «Во памяць!» (смяецца). Потым, калі яна ўжо паспявала, ён мякка ёй адмовіў: «Так, голас выдатны, але акадэмічны, вельмі акадэмічны, ідзіце да Рыгора Раманавіча».

— Як хор адзначыць гэты юбілей?

— Калі было 100  гадоў, мы падрыхтавалі цікавую праграму, дзе былі як невялікія апрацоўкі народных песень, што рабіў Генадзь Іванавіч, так і вялікія, «генеральныя», творы. Канцэрт адбыўся ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Цяпер такая сітуацыя, што гэта паўтарыць немагчыма. Але 4 жніўня да нас завітала тэлебачанне, і мы зрабілі для іх невялікі канцэрт, які пакажуць. У Генадзя Іванавіча, нягледзячы на тое, што ён любіў усе народныя песні, былі і фаварыты  — «Купалінка», «Жавароначкі прыляціце». Мы выканалі «Жавароначкі прыляціце», а таксама кампазіцыю, якая нарадзілася яшчэ пры Генадзю Іванавічу  — «Вясновыя абрады, гульні, карагоды», вельмі багатая, прыгожая, пявучая. Гэта твор з некалькіх эпізодаў. Будзе прыемна, калі людзі пачуюць такую цудоўную музыку па тэлебачанні.

— Як хор працуе зараз, калі большая частка канцэртных пляцовак закрыта і ў калектыва амаль няма магчымасці выступаць?

— Гэта для ўсіх прафесій цяжкі час. Але мы спадзяемся, што хутка адкрыюцца вароты для канцэртнай дзейнасці. Нават калі гэтага не адбудзецца, праца ўсё роўна ёсць  — толькі працуй, як кажуць. Мы робім штосьці новае, удасканальваем старое, успамінаем, каб быць гатовымі да сезона. Рэпертуарнага голаду дакладна няма, бо шмат людзей працавалі з народнай беларускай музыкай. Як толькі канцэртны сезон пачнецца, нам будзе што паказаць.

 Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».