Вы тут

Галоўчанка: Рынак зараз значна ажывае, у нас ёсць перавага — мы не спынялі вытворчасць


На прэзідыуме Савета Міністраў разгледзелі пытанні стымулявання экспарту

«Найважнешыя мэтавыя задачы ўрада па забеспячэнні эканамічнага росту — нарошчванне экспарту тавараў і паслуг з паралельным вырашэннем задачы эфектыўнага імпартазамяшчэння, — адкрыў паседжанне прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — На мінулым тыдні прэзідыум разглядаў пытанні імпартазамяшчэння, сёння комплексна разглядзім пытанні экспарту, яго інстытуцыянальнай структуры, сістэмныя пытанні стымулявання і падтрымкі прасоўвання тавараў і паслуг на знешнія рынкі. Дадзім аб’ектыўную ацэнку вынікам работы тых, хто за гэта адказвае».


Фота БелТА.

Прэм’ер адзначыў, што па выніках першага паўгоддзя ў Беларусі склалася станоўчае сальда гандлю таварамі і паслугамі ў памеры 757 мільёнаў долараў ЗША, што на 488 мільёнаў долараў больш, чым летась.

«Гэта добра для плацёжнага балансу і для макраэканамічнай збалансаванасці, — заўважыў Раман Галоўчанка. — Але па-ранейшаму станоўчае сальда выцягваюць паслугі».

Кіраўнік Савета Міністраў дадаў, што тэмпы росту экспарту запаволіліся, пры чым, як па таварах, так і па паслугах, але па апошніх адмоўная дынаміка менш.  

«Вядома, такі вынік часткова можна тлумачыць пандэміяй, замарожваннем рынкаў, цэлым комплексам знешніх фактараў, якія несумненна аказалі ўплыў на стан знешнегандлёвай дзейнасці, — сказаў ён. — Змянілася цэнавая і таварная кан’юнктура на знешніх рынках, былі вядомыя праблемы ў нафтаперапрацоўцы, іншых галінах, тым не менш шэраг галін практычна не адчуў уплыву эпідэміялагічных абмежаванняў і нават палепшыў свае вынікі знешняга гандлю».

Павялічыўся экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання (рост 6,4 %), адукацыйных паслуг (3,1 %), камп’ютарных і інфармацыйных паслуг (21,6 %).

У параметрах прагнозу па экспарту тавараў спрацавалі прадпрыемствы камунальнай і пазаведамаснай падпарадкаванасці па Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.

Па экспарту паслуг з добрым вынікам (зноў за кошт ІТ-галіны, пракаментаваў Галоўчанка) выйшаў толькі Мінск — 110,2 %. Астатнія рэгіёны не дацягнулі.

«Як бачым, карціна неаднародная, вынікі розныя і па органах дзяржкіравання, і па замежных установах, якія з’яўляюцца нашымі асноўнымі апорнымі пунктамі па прасоўванні тавараў і паслуг на знешнія рынкі»,  — рэзюмаваў статыстычныя дадзеныя  прэм’ер-міністр.

Ён са шкадаваннем адзначыў аддаленне ад вырашэння стратэгічнай задачы зніжэння залежнасці ад аднаго-двух рынкаў, маючы на ўвазе выхад на экспартную формулу «30-30-30» (да такіх паказчыкаў імкнецца беларускі ўрад — траціна знешняга продажу павінная прыходзіцца на краіны постсавецкай прасторы, траціна — на Еўрапейскі саюз, траціна — на краіны далёкага замежжа). За першае паўгоддзе беларускі экспарт у краіны ЕАЭС склаў 50,2 %, у краіны Еўрапейскага саюза 17,1 працэнта, у іншыя краіны — 32,7 працэнта.

«Асноўная прычына прасядання па рынку Еўрасаюза — рэзкае падзенне экспарту нафтапрадуктаў у Еўропу, і гэта сітуацыя відавочна агаліла праблему таварнай наменклатуры экспартных паставак, перш за ўсё на еўрапейскі рынак», — звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Для больш аб’ектыўнай ацэнкі работы ўрада па дыверсіфікацыі экспарту прэм’ер-міністр заклікаў дакладна вызначацца з крытэрыямі, па якіх краіны могуць быць аднесеныя да экспартных для Беларусі — які мінімальны аб’ём экспарту можа ўлічвацца, каб лічыць, што гэты рынак намі засвоены.

«Нягледзячы на наяўнасць аб’ектыўных праблем, пры належнай арганізацыі, зладжанай рабоце вынікі экспарту маглі б быць значна лепшымі, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Рынак зараз значна ажывае, у нас ёсць перавага — мы не спынялі вытворчасць, калі канкурэнты спыніліся, мы панеслі менш страт, зрабілі назапашванні, таму нам ёсць, што прапанаваць рынку. Важна зараз, як Прэзідэнт не аднойчы звяртаў увагу, не ўпусціць момант. Інструменты падтрымкі і стымулявання экспарту ў тым ліку на новых рынках у нас ёсць. Грошы ў бюджэце на гэтыя мэты таксама ёсць. Таму трэба рухацца наперад».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».