Адкуль мы родам?
Беларусь — суверэнная дзяржава і, можа, нядрэнна, што ў ёй двухмоўе. Праўда, на практыцы выходзіць так, што родную мову, мову, на якой стагоддзямі гаварылі нашы продкі, пачуеш не часта.
Невялікі прыклад. Сам я родам з вёскі Пірэвічы Жлобінскага раёна. Два гады таму пашчасціла: прыехаў на бацькаўшчыну, а там якраз свята вёскі. Трапіў на яго і даведаўся, колькі ж у мяне выдатных землякоў — хлебаробаў, рабочых, вучоных, генералаў!..
А далей — пачаўся вялікі самадзейны канцэрт. Добры, аднак падчас яго — ці паверыце? — не прагучала ніводнай беларускай песні. І мне — чым больш сядзеў і слухаў — тым больш здавалася, што я не дома, не ў Беларусі, а скажам, у Навазыбкаўскім раёне Бранскай вобласці...
Што ж трэба зрабіць, каб наша мова жыла? На мой погляд, пераважная большасць эфіру і плошчы газет, назвы якіх даюцца па-беларуску, павінны адводзіцца матэрыялам менавіта на роднай мове. На ёй жа павінны быць шыльды на ўсіх дзяржаўных установах, таблічкі на кабінетах... Пакуль жа нават падчас пасяджэння беларускага парламента інфармацыя даецца па-руску: «Голосовало... Против... Воздержалось...» А чаму не «супраць», не «ўстрымалася»?
...Прыкладаў, якія выклікаюць вось такое, па-руску кажучы, «недоумение», можна прыводзіць шмат.
Спадзяюся, што «Звязда» надрукуе хоць тыя, што я напісаў, і гэта будзе пачутым.
А. Е. Пятруннікаў, г. Баранавічы
Хто зашмат жадае, нічога не мае
Як вядома, капейка рубель беражэ, і шмат хто яго, эканомячы, хоча нешта даражэй прадаць і танней купіць. Я таксама не выключэнне, хоць пры гэтым усё часцей і часцей успамінаю двух сваіх землякоў.
Адзін з іх, дзядзька Уладзя, досыць доўга тады хадзіў па базары — прыглядаўся, прыцэньваўся, — хацеў кабанчыка прыдбаць. Людзі іх, вядома ж, прадавалі — розных, шмат, але дзядзька шукаў найтаннейшага сярод найлепшых.
І што вы думаеце: знайшоў-такі!
— Есць — ну як не ў сябе! — стаў даводзіць яму прадавец («Значыць, хутка будзе вагу набіраць», — цешыўся будучы пакупнік). — І грошай шмат не вазьму, бо ён апошні застаўся. Бяры.
Мужчыны ўдарылі па руках і разышліся.
Дзядзька Уладзя, шчаслівы пакупкай, прывёз парсючка дадому, стаў карміць ды радавацца, што кабанчык яго і праўда есць — аж вушы ляпаюць... Адзінае, што пры гэтым амаль не расце. Хіба галава, а ўсё астатняе...
Дзядзька доўга вачам не верыў — прыглядаўся, спадзяваўся, але ўсё было марна: не дачакаўся ён істотных прывагаў.
...Што цікава, праз нейкі час, калі ўжо і мяса не засталося, на тым жа базары прадаўца сустрэў. Сказаў:
— Ну ты, брат, і ўдружыў мне з кабанчыкам... У яго ж толькі галава расла, ведаеш?
— Ведаю, — уздыхнуў прадавец. — Я сам яго з год карміў.
Праўду кажуць: хто зашмат жадае, нічога не мае. Ну ці амаль...
С. Кузняцоў, Быхаўскі раён
Жарты нічога не варты?..
Што ёсць, тое ёсць: на сёння ці не сто прычын, каб сапсаваць настрой, і вобмаль, каб яго палепшыць.
Добрая навіна: у сталічным выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга ўсмешак мастака Анатоля Гармазы.
Трэба сказаць, што ўсміхацца ён пачаў досыць даўно — у далёкім 1955-м, калі нарадзіўся, а вось краіну смяшыць — гадоў праз 20, змясціўшы сваю першую карыкатуру ў часопісе «Вожык», потым — працуючы там галоўным мастаком і паралельна друкуючы свае творы ў «ЛіМе», «Звяздзе», «Сельской газете», «Работніцы і сялянцы»... А далей — болей: у расійскім «Крокодиле», украінскім «Перцы», польскіх «Шпільках», французскім «Фігаро»…
Апроч таго, карыкатуры (яны ж свайго роду анекдоты — трапныя, зразумелыя без слоў) ды сяброўскія шаржы Анатоля Гармазы ўдзельнічалі ў многіх выставах і бліжняга, і дальняга замежжа.
Цяпер найлепшае, сабранае разам у раздзелах «Будзьце здаровы», «Я на дачу еду, плачу», «Жыццё пасля ЗАГСа», «Шкодныя звычкі» і г. д., выйшла асобнай кніжкай. Быў намер, як прызнаецца аўтар, нават на серыю іх замахнуцца: выдаць творы сяброў па цэху (балазе, мастакоў-гумарыстаў у краіне шмат — і было, і ёсць), аднак... Гэта, як той казаў, дарагое задавальненне... Дзе і першае, і другое — факт. Як і тое, што жарты нічога не варты, але ж часам праўдзяцца.
В. Емельянчык, г. Мінск
...На яе былі ўсе надзеі
Чалавек вясковы, а тым больш пажылы, прывык прачынацца рана. Ёсць неадкладная работа, значыць, трэба спяшацца, а не, — можна пагрузіцца ў лянівую дрымоту: у тое ж горкае пасляваеннае дзяцінства і юнацтва, у трохі шчаслівейшую маладосць.
Равесніцы Перамогі Франі Васілеўне Лытні ёсць, вядома, што ўспомніць: родную вёску Старожыцы на беразе возера Сялява з ліпавай алеяй; з чаромхай, скверык з валейбольным і футбольным полем, лугі з рамонкамі... Людзі бераглі гэту прыгажосць, у святы збіраліся разам, гаманілі, жартавалі, спявалі харошыя песні, хоць тады, здавалася б, зусім не да гэтага. Вяскоўцы працавалі за так званыя палачкі (пустыя працадні), а падаткі мусілі плаціць грашыма і не толькі за скаціну, але і за кожную яблыню ці сліву...
Франя ў сваёй сям'і была старэйшай, значыць, змалку адказнай за траіх малодшых дзяцей, а таксама за чараду гусянят, якіх кіраўніцтва калгаса раздавала вяскоўцам на вырошчванне. І не дай бог было дапусціць, каб хоць адно малое ды раптам прапала...
Ад нелюбімай справы па доглядзе гусянят Франю ратавала хіба вучоба ды заняткі спортам. І адно, і другое давалася дзяўчынцы лёгка. Пасля школы нават падумвала, ці не паступіць у інстытут фізкультуры? Але ж медыцына вабіла больш, і таму, на выдатна скончыўшы фельчарскі факультэт Баранавіцкага медвучылішча, Франя прыехала на сваё першае рабочае месца — на Бярэзіншчыну, у Брадзецкі ФАП.
Любімая справа, прыгожыя мясціны, кавалеры... Што яшчэ, здавалася б, трэба маладой абаяльнай дзяўчыне, якая ўжо тады была прыкладам для іншых — у адносінах да працы і людзей, у паводзінах. Яна не зносіла бястактнасці і хамства, як медык, змагалася з курэннем, п'янствам, мацюкамі.
Можа, яшчэ і таму Франю хутка запрасілі на работу ў цэнтральную раённую бальніцу — урачом на станцыю хуткай дапамогі.
Праца на такім адказным участку была для дзяўчыны сапраўдным выпрабаваннем — у тым ліку на смеласць і мужнасць. Памятае, як сама сабе і не раз давала загад: «Без эмоцый. На мяне тут усе надзеі. Чалавеку трэба дапамагчы». У многіх выпадках, асабліва на пажарах ды пры дарожных аварыях Франі Васілеўне было па-сапраўднаму страшна, але адступаць яна не мела права: хто на што вучыўся.
І ўсё ж у яе жыцці быў перыяд, калі яна вырашыла памяняць прафесію: паступіла ў Горацкую акадэмію, атрымала дыплом агранома, паспрабавала ездзіць па палетках, сеяць-збіраць ураджаі, пісаць і — што там хаваць — прыпісваць цэнтнеры...
А таму досыць хутка жанчына зразумела, што вось гэта — не яе. Значыць, трэба вяртацца назад на «хуткую дапамогу».
Бянтэжыла, праўда, што жыла на той час у вёсцы, а ездзіць на работу трэба ў горад... Але і тут адшукалася выйсце: Франя Васілеўна лёгка «асвоіла» скутар (тады гэта рэдкасць была) і так ліха стала «рассякаць» на ім па дарогах і вуліцах, што многія кіроўцы-мужчыны азіраліся ды дзівіліся: якая малайчына, маўляў!..
Цяпер гэта ўсё ў мінулым. Як і шчаслівыя гады жыцця за мужам, добрым, клапатлівым Іванам Іванавічам Санько, якога бясконца любіла і ў пары з якім гадавала дзяцей. На жаль, ён рана памёр, і таму Франі Васілеўне адной даводзіцца прымаць гасцей, цешыцца сваімі нашчадкамі, пладамі дрэў свайго саду, вырошчваць кветкі і агародніну. На ўсё іншае проста не хапае сіл. І суцяшае тут толькі адно: тое, што патрачаны яны не марна, што для многіх, з кім зводзіў лёс, само жыццё яе стала прыкладам.
Ніна Бурко, Бярэзінскі раён
Асаблівасці сямейнай рыбалкі
Рыбалка — гэта ў мяне ў крыві. Заядлым рыбаком быў наш бацечка Рыгор Паўлавіч. Зімой ён плёў нераты з лазовых дубцоў і сеткі з канапляных нітак... Каноплі тады раслі ў садах, ратуючы іх ад шкоднікаў, а зярняткі гаспадыні таўклі ў драўляных ступках і потым падавалі з печанай бульбай. Смаката — проста невыказная!
Шчупакі і ліні ў нас таксама былі нязводныя. Тата працаваў у райцэнтры за 12 вёрст, але ўсё роўна двойчы-тройчы на тыдзень (у суботу з нядзеляй гэта святое) літаральна бег да сваіх азёраў: правяраў нераты, даставаў рыбу і нават... лячыўся.
Так-так, у вайну тата — стралок-радыст авіяцыйнай эскадрыллі — быў паранены, двойчы скакаў з палаючага самалёта. З часам гэта «адгукнулася», і тату ў яго 30 гадоў давялося хадзіць з кійком.
Дык вось неяк у сакавіку, калі з-за недахопу кіслароду рыба выскоквае з палонак, тата паслізнуўся і з галавой апынуўся ў вадзе. Хутка выбраўся, але ж дом за чатыры вярсты... Ён пабег.
Потым цяжка хварэў на запаленне лёгкіх — мама ледзь выхадзіла яго... А ўстаў на ногі і пайшоў — без кійка. Можа, стрэс паспрыяў, можа, лекавая сіла крыніц?
...«Прафесійна», можна сказаць, займаўся рыбалкай і мой дзядуля Паўлюк — чалавек разумны, пакладзісты. Да таго ж спявак, гумарыст, але і ў яго найпершым захапленнем была рыбалка. Дзед адным з першых запісаўся ў калгас: у агульнае карыстанне здаў свой сціплы рыштунак, і папрасіў для сабе «пасаду» конюха. Зноў жа, дзеля рыбалкі: зранку «выдаваў» тых «вараных» для гаспадарчых работ, а па начах пасвіў... Бліжэй да возера... Ваўкоў было шмат дык ён для аховы раскладваў вогнішчы, а сам... ішоў правяраць свае нераты ды сеткі. Пра яго нават жарт гуляў:
Павел Зольнікаў на рыбу
Прамяняў усю сядзібу.
Меней сеяў, меней жаў,
Болей рыбай прамышляў.
У час апошняй вайны гэтая рыба выратавала жыццё. У 1943-м фашысты, як тыя каршуны, праз дзень наляталі на вёску, патрабавалі «млеко, яйкі, шпік». А дзе ж іх браць? Зімой каровы не дояцца, куры не нясуцца, кабанчык сам цэлы дзень есці просіць. Ды ворагу што — дзе хочаш бяры, але давай, а не — дык... Часам стралялі.
Дзед неяк толькі высек з ночваў вялікі кавалак замарожанага шчупака, як у хату ўваліўся фрыц, вылупіў вочы на рыбу, а потым падняў угору вялікі палец і радасна заверашчаў: «Фіш, фіш! Добра!»
Дзеду таксама нядрэнна было, бо забраўшы палову рыбы, немец не зачапіў нікога з сям'і.
Так і жылі амаль да вызвалення вёскі, якую каты ўсё ж спалілі, а дзеда штурхнулі ў полымя. Ён, дзякуй Богу, выжыў.
Вёска наша звалася і завецца Рудняю. Амаль усе мужчыны ў нас, хто як умеў, вудзілі. А вось гарэлку не гнаў ніхто.
Я таксама засвоіла ўсю рыбацкую навуку: і сеткі пляла, і човен кітавала, і з таптухай хадзіла, і «таранку» сушыла»... Мы, студэнты, любілі грызці яе. Пра піва і думак тады не было...
Наталля Сівак, Чэрвеньскі раён
Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.