Вы тут

Траўмы, апёкі, атручванні... Як іх пазбегнуць?


Рухомасць і дапытлівасць дзяцей, асабліва дашкольнага ўзросту, іх імкненне да пазнання наваколля настолькі вялікія, што яны стараюцца абсалютна ўсё ўбачыць, памацаць, паспрабаваць. Пара з каструлі ці чайніка, бліскучы электрычны прас, распаленая электраплітка або абагравальнік, электраразеткі, провад — іх прыцягвае ўсё. І менавіта з гэтымі прадметамі часта звязаны розныя непрыемныя здарэнні і нават няшчасныя выпадкі: раненні, хімічныя і тэрмічныя апёкі, атручванні лекамі і іншымі рэчывамі, паражэнне электратокам. Пра важныя правілы бяспекі нагадала ўрач-педыятр, загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Людміла Кіпцэвіч.


Дзеці самі не могуць ацаніць пагрозу, якую тояць агонь, гарачыя вадкасці, хімічныя рэчывы, электрычнасць. Папярэдзіць бяду абавязаны дарослыя. Таму найперш прыбярыце ў недаступныя месцы нажніцы, пруткі, іголкі, нажы, відэльцы, папярэджвае доктар.

— Маленькія дзеці часцей за ўсё апякаюцца гарачым малаком, гарбатай, супам. Апёкі адкрытых участкаў цела, выкліканыя кіпенем, парай або кароткачасовым дакрананнем да гарачага прадмета, часцей за ўсё бываюць невялікімі па памерах і неглыбокімі. У такіх выпадках рэкамендуецца як мага хутчэй падставіць апечанае месца пад струмень халоднай вады і трымаць 10—15 хвілін, пакуль не зменшыцца боль. Таксама можна скарыстацца халоднымі прымочкамі. Для гэтага кавалак чыстай мяккай тканіны або марлі намачыце ў халоднай вадзе і прыкладзіце да пашкоджанага ўчастка. Па меры сагравання мяняйце прымочкі, — раіць Людміла Кіпцэвіч.

Цяпер у побыце шырока выкарыстоўваюцца розныя хімічныя рэчывы. Некаторыя з іх, трапіўшы на скуру дзіцяці, могуць выклікаць яе апёк. Асноўная задача пры хімічным апёку — як мага хутчэй змыць са скуры небяспечнае рэчыва.

— Не накрывайце абрусам стол і не пакідайце на ім прадметы. Дзеці любяць сцягваць абрус, і, падаючы, прадметы наносяць траўмы і апёкі, — нагадвае медык. — Не варта пакідаць дзіця адно. Зусім маленькія без нагляду падаюць з канапы, ложкаў і атрымліваюць удары, пераломы, якія могуць мець цяжкія наступствы.

Доўгае знаходжанне на сонцы нярэдка вядзе да ўзнікнення на адкрытых частках цела сонечных апёкаў. Пачырваненне скуры нярэдка суправаджаецца дрыжыкамі, павышэннем тэмпературы цела, галаўным болем. Асабліва праяўляецца гэта пры так званым сонечным удары, які развіваецца пры доўгім знаходжанні на сонцы з непакрытай галавой. Стан дзіцяці яшчэ больш пагаршаецца, калі далучаецца і цеплавы ўдар. Здараецца гэта пры агульным пераграванні ў неадпаведнай умовам надвор'я вопратцы. У дзяцей ўзнікае не толькі галаўны боль, але і агульная слабасць, галавакружэнне, шум у вушах, млоснасць. У такім выпадку малога варта неадкладна перанесці ў цень ці прахалоднае памяшканне, наколькі магчыма распрануць, астатнюю вопратку расшпіліць альбо папырскаць халоднай вадой, пакласці на галаву дзіцяці халодны кампрэс і часта яго мяняць. Можна намачыць вопратку або загарнуць пацярпелага ў што-небудзь мокрае. Добра даць панюхаць ватку з нашатырным спіртам, падносячы яе да носа не бліжэй чым на 8—10 сантыметраў. Калі гэта не палепшыць стан, трэба выклікаць «хуткую».

— На жаль, не рэдкія ў дзіцячым узросце атручванні. Часцей яны сустракаюцца ў дзяцей дашкольнага ўзросту, якія цягнуць у рот усё, што трапіцца пад рукі. Вельмі небяспечныя атручванні бытавымі хімічнымі рэчывамі — ацэтонам, хларафосам, нафталінам, анілінавымі фарбавальнікамі, сродкамі для барацьбы з грызунамі, — папярэджвае ўрач. — У шэрагу выпадкаў, калі своечасова не аказана неадкладная дапамога, яны становяцца прычынай смерці дзіцяці.

Апошнім часам пачасціліся атручванні таблеткамі — яны часта маюць прыгожую ўпакоўку і прыцягваюць дзяцей. Лекі, якія выпускаюцца ў выглядзе каляровых дражэ, малыя і ўвогуле прымаюць за цукеркі, тым больш што абалонка іх звычайна салодкая. Атручванні лекамі вельмі небяспечныя. Яны могуць праяўляцца ўзрушанасцю або млявасцю, раптоўным надыходам глыбокага сну, парушэннем дыхання або сардэчнай дзейнасці. Калі даяце дзіцяці таблетку, яшчэ раз уважліва прачытайце этыкетку на ўпакоўцы. Лепш лішні раз праверыць і выключыць памылку, якая можа прывесці да цяжкіх наступстваў.

Надзвычай небяспечныя атручванні шчолачамі і кіслотамі. Пры іх адразу ж з'яўляецца рэзкі боль у роце, горле, страваводзе, ацёк слізістых абалонак вуснаў, паражэнні рота, гартані. Пры любым атручэнні неабходна неадкладна выклікаць «хуткую», а да яе прыбыцця як мага хутчэй выдаліць атрутнае рэчыва са страўніка. Для гэтага дзіцяці прапануюць выпіць некалькі шклянак цёплай вады і затым выклікаюць рвоту, раздражняючы заднюю сценку глоткі пальцам ці націскаючы лыжкай на корань языка. Пры атручванні кіслатой у ваду для яе нейтралізацыі варта дадаць соды (чайную лыжку на шклянку вады), пры атручванні шчолачамі (напрыклад, каўстычнай содай, мыйнымі сродкамі) — дадаць лімонны сок, кіслату ці воцат.

Маленькаму пацярпеламу неабходны ў такім выпадку доступ свежага паветра і паболей вадкасці — чай, супы. Да халодных ног можна пакласці цёплыя грэлкі. Далейшае лячэнне дзіцяці праводзіць урач.

— Бацькам важна захоўваць спакой і цвярозы розум. Важна даставіць у бальніцу разам з дзіцем рэшткі рэчываў у бутэлечках, слоічках ці іншых упакоўках, з якімі дзіця гуляла, якія брала ў рукі і, магчыма, праглынула, а таксама паспрабаваць вызначыць колькасць прынятага атрутнага сродку. А вось упадаць у паніку, кідацца ад аднаго ўрача да іншага, прыслухоўвацца да парад бабуль, знаёмых, суседзяў не трэба, — кажа ўрач.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Чым запомняцца канікулы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?