Вы тут

1 верасня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сустрэне больш за пяць тысяч першакурснікаў


Сярод абітурыентаў 2020 года 85,3 % мелі пры залічэнні больш за 300 балаў. Традыцыйна самыя высокія прахадныя балы склаліся на факультэце міжнародных адносін: «міжнароднае права» (386), «міжнародныя адносіны» і «лінгвакраіназнаўства» (па 382). Таксама на 15 чалавек узрасла колькасць абітурыентаў, якія заявілі ў прыёмную камісію 100-бальныя сертыфікаты ЦТ. Яшчэ адной адметнасцю прыёмнай кампаніі стала павелічэнне колькасці прынятых без экзаменаў — 159 чалавек.


bsut.by

Як паведаміў падчас брыфінгу рэктар БДУ Андрэй Кароль, навучальны працэс будзе праходзіць ва ўніверсітэце ў класічным вочным фармаце і з выкарыстаннем Адукацыйнага партала Moodle. На сённяшні дзень інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (ІКТ) прымяняюцца ў больш чым 2000 навучальных праграм БДУ. Яны прадугледжваюць не капіраванне гатовай інфармацыі, а стварэнне новых метадалагічных, змястоўных і тэхналагічных падыходаў. Сёння ў БДУ для арганізацыі навучальнага працэсу з дапамогай ІКТ распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, майстар-класы, працуе «Педагагічная майстэрня анлайн-навучання».

У новым навучальным годзе студэнцкая моладзь будзе пражываць у дзевяці інтэрнатах БДУ. Усяго для іх выдзелена звыш васьмі тысяч месцаў, такім чынам дахам над галавой будзе забяспечана каля 77 % ад агульнай колькасці ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Акрамя таго, студэнтам БДУ прапануюць дадатковыя 350 месцаў у інтэрнатах іншых універсітэтаў і прадпрыемстваў сталіцы.

Дарэчы, у двух інтэрнатах БДУ быў праведзены капітальны рамонт, у астатніх — касметычны: клеілі шпалеры, фарбавалі падлогі, ліфтавыя, фасады, столі, сцены і вокны, рамантавалі і рэстаўравалі мэблю, добраўпарадкавалі прылеглую да інтэрнатаў тэрыторыю. Разам з падраднымі арганізацыямі ў добраўпарадкаванні інтэрнатаў удзельнічалі і студэнты. Будатрад па падрыхтоўцы інтэрнатаў да новага навучальнага года налічваў 180 чалавек.

У Белдзяржуніверсітэце па ініцыятыве Студэнцкага гарадка функцыянуе электронны банк даных аб кватэрах і пакоях, якія здаюцца ў наём для студэнтаў БДУ. Гэта інфармацыя размешчана ў асабістым кабінеце студэнта ў раздзеле «Інтэрнаты» і даступная ў рэжыме анлайн. Акрамя таго, для аператыўнага рэагавання на пытанні, якія датычацца засялення, у Студэнцкім гарадку да 31 жніўня будзе працаваць тэлефонная «гарачая лінія» (па буднях з 9.00 да 12.00 і з 14.00 да 17.00, тэлефон 209-56-56). Адказы на пытанні, якія цікавяць, таксама можна атрымаць у сацыяльных сетках Студэнцкага гарадка.

У першую чаргу магчымасць пражывання ў інтэрнатах атрымаюць студэнты, у якіх ёсць ільготы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама тыя, хто ўваходзяць у катэгорыю сацыяльна неабароненых грамадзян. Далей у інтэрнаты засяляюцца навучэнцы, якія праявілі сябе ў навукова-даследчай, спартыўнай, культурна-масавай, грамадскай дзейнасці і з найбольш высокім балам паспяховасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Вочны фармат плюс тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.