Вы тут

«Для нас вялікі гонар, што Адамовіч нарадзіўся ў Канюхах». У Беларусі з'явіўся яшчэ адзін «адамовіцкі» прыпынак


Энтузіясты з Канюхоў зрабілі яго акурат напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Знамянальна, што наступнай сталіцай гэтага свята стане менавіта Капыль — цэнтр раёна, у якім нарадзіўся пісьменнік


«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

«Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся... Я нічога з канюхоўскага жыцця не памятаю...» — пісаў Алесь Адамовіч у сваёй апошняй кнізе «Vіхі» («Пражыта»). Будучы пісьменнік з'явіўся тут на свет 3 жніўня 1926 года. Да нядаўняга часу нічога ў вёсцы Канюхі пра гэта не нагадвала. Толькі зусім нядаўна прыпынак пры ў'ездзе ў вёску, які знаходзіцца на трасе Капыль — Грэск, ператварыўся ў сімвалічны арт-аб'ект: выява пісьменніка на бела-блакітным фоне, стылізаваны лес, карта з пазначанымі на ёй літаратурнымі мясцінамі і прысвечаныя вёсцы адамовіцкія словы...

Гаворка пра тое, каб неяк ушанаваць памяць славутага ўраджэнца Канюхоў, вялася даўно. Дачка пісьменніка Наталля Адамовіч згадвае, як аднойчы ёй патэлефанавала жанчына са знакавым прозвішчам Корзун — менавіта такое было ў галоўнай гераіні дылогіі Алеся Адамовіча «Партызаны». Яшчэ большым узрушэннем было, калі яна прапанавала ўвекавечыць імя Алеся Адамовіча ў памятным знаку. Прадпрымальнік Анатоль Самусевіч, былы выхаванец дзіцячай школы-інтэрната ў Канюхах, нават ужо шукаў для гэтага прыдатны камень, каб на ім потым замацаваць мемарыяльную дошку. Але тады нічога не атрымалася. Ідэя аб ушанаванні славутага ўраджэнца зноў прагучала праз 16 гадоў. І вось зусім нядаўна звычайны прыпынак з назвай «Канюхі» атрымаў новы выгляд. Прыхільнікі творчасці Алеся Адамовіча і захавальнікі яго памяці ў Канюхах Таццяна і Віктар Корзуны ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. З гэтай парай мы сустракаліся роўна год таму, калі яны арганізавалі для карэспандэнта «Звязды» і Наталлі Адамовіч экскурсію па вёсцы і паказалі ўсе звязаныя з імем пісьменніка
мясціны. Памятаю, з якімі цёплымі пачуццямі мы ад'язджалі адтуль і выказвалі спадзяванні калісьці зноў вярнуцца да гэтай тэмы. Цяпер нагода знайшлася.

Да дзеяння Таццяну і Віктара падштурхнула ўсё тая ж Глуша, дзе намаганнямі Андруся Архіпенкі з'явіўся не толькі прыпынак, але і паўнавартасны помнік.

— Сорамна стала, што на радзіме пісьменніка, у Канюхах, нічога пра яго не нагадвае, — кажа Таццяна. — У Глушы нам вельмі спадабалася ідэя з прыпынкам. Мы вырашылі рэалізаваць нешта падобнае ў нас.

Сужэнцы звярнуліся па дапамогу ў капыльскае ДРБУ № 124 — філіял «Мінскаблдарбуду». У якасці аргумента яны заявілі, што гэты арт-аб'ект патрэбны, каб развіваць турыстычны патэнцыял населенага пункта і наогул раёна. Сапраўды: Адамовіч асоба вядомая, і ў яго творчасці шмат прыхільнікаў, якія, магчыма, пажадаюць пабываць там, дзе нарадзіўся пісьменнік. Начальнік філіяла Іван Заяц з гэтым пагадзіўся. Параіў толькі звязацца са сталічным кіраўніцтвам, каб афіцыйна заключыць пагадненне. Там таксама не пярэчылі — трэба было толькі ўзгадніць эскіз і вызначыць адказнага за мастацкае афармленне. Наконт таго, як прыпынак павінен выглядаць, натхняльнікі праекта перш за ўсё раіліся з Наталляй Адамовіч. Яна перадала ім некалькі варыянтаў фота свайго бацькі і тэкст.

— Для мяне было вельмі прыемна, што прыклад Глушы, дзе быў ужо рэалізаваны такі праект, атрымаў працяг, — кажа дачка пісьменніка. — Тата толькі нарадзіўся ў Канюхах, яго бацька-студэнт падпрацоўваў фельчарам у мясцовым доме адпачынку. Праз два гады сям'я пераехала ў Глушу, куды маладога спецыяліста накіравалі па размеркаванні. Але ў памяці маленькага хлопчыка засталася і гэта назва, і нават нейкі мядзведзь, якога нібыта ён там бачыў. Гэта дзіўна, бо што можа запомніць двухгадовае дзіця? Але пра гэта ён згадаў у сваёй кнізе «Vіxі». А яшчэ пра тое, як прыехаў туды праз 40 гадоў і сустрэўся з жыхарамі. І калі адна жанчына паскардзілася, што яе дачцэ штамп «Канюхі» ў пашпарце ўсё жыццё сапсуе, паказаў ёй свой з такой жа назвай.

Праілюстраваць прыпынак вырашылі выявай здымка таго перыяду, калі Адамовіч прыязджаў ў Канюхі ўжо вядомым пісьменнікам. Ён тады наноў знаёміўся з роднай вёскай, шукаў вачыма «сад, дом з белымі калонамі» — такім, як ён пісаў, «малявала фантазія «Дом адпачынку» майго дзяцінства»... Акрамя партрэта на бетоннай сцяне «шуміць» той самы «таямнічы» глушанскі лес, што «пачынаўся за высокай агароджай Пагоцкіх», лес, які падчас акупацыі хаваў партызан ад нямецкай расправы. І як сімвал непакорнасці ворагу страха дома — надзея, што сыны абавязкова вернуцца.

Ствараць эскіз Таццяне і Віктару дапамагалі іх сыны — Павел і Ягор.

Спачатку не было грошай, каб рэалізаваць ідэю. Таццяна і Віктар ужо думалі, калі ніхто не адгукнецца, пачаць рабіць справу за свой кошт. Але ахвотных далучыцца аказалася дастаткова. Сужэнцаў падтрымалі калегі-настаўнікі, аднавяскоўцы і нават былыя жыхары. Міхаіл Новік, напрыклад, мінчанін, але родам з Канюхоў. Ён адзін з тых, хто ўнёс у агульную скарбонку адчувальную суму грошай. Наогул кожны дапамагаў чым мог. З будматэрыяламі выручыў кіраўнік ААТ «Праснакі» Віталь Платун. Актыўна ўключыліся ў работу супрацоўнікі Грозаўскага псіха-неўралагічнага дома-інтэрната на чале з яго дырэктарам Ірынай Давідоўскай. Тынкавальныя работы Віктару Корзуну дапамагалі рабіць Дзмітрый Стаяновіч і Мікалай Корбут. А партрэт Алеся Адамовіча маляваў пастаялец дома-інтэрната Віктар Бураў. Мужчына падышоў да справы з усёй адказнасцю. Таццяна Корзун намалявала літаратурную карту, а яе сужэнец напісаў вышэйзгаданую цытату.

На добраўпарадкаванні аб'екта працавалі вядучы інжынер ДРБУ № 124 Андрэй Леус, майстар Генадзь Захарык і яго брыгада. Менавіта дзякуючы ім тут з'явіўся новы асфальт і былі пакладзены бардзюры. Рэалізацыя праекта заняла два з паловай месяцы, але ўдзельнікі атрымалі задавальненне ад гэтай працы.

— Мы з мужам хадзілі сюды як на работу, — смяецца Таццяна Корзун. — Усё ж такі гэта была наша ініцыятыва, і мы павінны несці за яе адказнасць. І цяпер будзем глядзець за тым, каб прыпынак знаходзіўся ў парадку. Для мяне вялікае маральнае задавальненне, што мы ўсё ж такі змаглі зрабіць нешта для памяці Алеся Адамовіча. Гэта адзін з яскравых пісьменнікаў і публіцыстаў дваццатага стагоддзя, і інтарэс да яго вялікі. Тым, хто яго ведае, прыпынак нагадае пра творчасць пісьменніка, а тыя, хто не чуў гэта імя (бывае і такое), даведаюцца праз QR-код на сцяне. Адамовіч быў чалавекам праўды і сумлення і ніколі не стаяў убаку ад праблем. Для нас вялікі гонар, што ён тут нарадзіўся.

Прыпынак Алеся Адамовіча ў Канюхах, можна лічыць, народны. А гэта яшчэ адзін доказ таго, што беларусы шануюць і паважаюць сваіх пісьменнікаў. Гэты сімвалічны арт-аб'ект стаў першым крокам у падрыхтоўцы Капыльскага раёна да адказнага і знамянальнага мерапрыемства — Дня беларускага пісьменства, святкаванне якога тут адбудзецца налета.

Нагадваем, што збор сродкаў на рэканструкцыю будынка аптэкі пад музей Алеся Адамовіча ў Глушы працягваецца. Разліковы рахунак існуе пры Бабруйскім райвыканкаме. Грошы трэба пералічваць на р/р BY84AKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ ААБ Беларусбанк, БІК AKBBBY21703, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.