Вы тут

Вакцынацыя супраць грыпу пачнецца ў верасні


У Беларусі, як і ў іншых краінах Еўропы, распачата падрыхтоўка да вакцынацыі супраць грыпу, якая сёлета пройдзе ў асаблівых умовах. Міністэрства аховы здароўя папярэдзіла, што ў 2020 годзе чакаецца сумесная цыркуляцыя розных вірусаў і рызыка заражэння адразу некалькімі вельмі высокая.


Асаблівая небяспека — у спалучэнні COVІD-19 і грыпу

— Сёлета свет сутыкнуўся з новым каранавірусам (SARS-CoV-2), распаўсюджванне якога прыняло пандэмічны характар і прывяло да захворвання больш чым 17,5 мільёна чалавек і больш чым 670 тысяч смерцяў (па звестках на 1 жніўня). Барацьба з гэтым вірусам абцяжарана адсутнасцю лекаў і вакцыны, якія маглі б спецыфічна ўздзейнічаць на яго, абараняючы людзей ад заражэння і выратоўваючы ад захворвання і цяжкіх зыходаў, — звярнулі ўвагу ў аддзеле гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя.

З улікам таго факта, што новы каранавірус працягвае цыркуляваць сярод насельніцтва, у перыяд сезоннага ўздыму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі чакаецца сумесная цыркуляцыя розных вірусаў, і ёсць высокая рызыка заражэння адначасова некалькімі з іх. Гэта можа быць або адначасовае інфіцыраванне, або сітуацыя, калі да віруснага захворвання, якое ўжо ёсць, далучаецца новае.

У Міністэрстве аховы здароўя звярнулі ўвагу, што найперш небяспеку тоіць спалучэнне каранавіруснай інфекцыі COVІD-19 і сезоннага грыпу. Абодва вірусы неспрыяльна ўздзейнічаюць, перш за ўсё, на лёгачную тканку, выклікаючы пнеўманіі. Даказаным з'яўляецца развіццё пасля грыпу такіх ускладненняў, як міякардыт, сінусіт, атыт, трахеіт, менінгіт, энцэфаліт, міязіт і іншыя, якія могуць скончыцца неспрыяльна. Абедзве інфекцыі дрэнна ўплываюць на любога чалавека, але найбольш небяспечныя для людзей старэйшага ўзросту, цяжарных жанчын і асоб з любымі хранічнымі захворваннямі.

Пакуль у нас няма магчымасці абараніцца ад інфекцыі COVІD-19 з дапамогай вакцыны, але кожны можа дапамагчы сабе не захварэць на грып, зрабіўшы прафілактычную прышчэпку.

— Шматлікія незалежныя даследаванні і аналізы міжнароднага ўзроўню даказваюць безумоўную выгаду вакцынацыі супраць грыпу. Карысць тут найперш індывідуальная, бо 7—9 чалавек з кожных 10 прышчэпленых не захварэюць на грып. Калі ж прышчэплены чалавек усё-такі заразіцца, то захворванне не будзе працякаць у цяжкай форме: такі чалавек менш дзён правядзе на бальнічным, у яго не разаўюцца ўскладненні, якія прыводзяць да непажаданых вынікаў. Але карысць яшчэ і грамадская, бо вакцынацыя нашмат таннейшая за лячэнне, прадухіляе велізарную нагрузку на медыцынскія ўстановы ў перыяд уздыму захваральнасці, што набывае ў цяперашніх умовах асаблівае значэнне, — падкрэсліваюць у міністэрстве.

У сёлетняй вакцыне замянілі тры кампаненты

Вядома, што вірусы грыпу пастаянна муціруюць. За іх уласцівасцямі назіраюць нацыянальныя і міжнародныя лабараторыі і цэнтры — яны праводзяць глабальнае прагназаванне і высвятляюць, якія штамы вірусаў будуць лідзіраваць у гэтым сезоне, а вытворцы ўключаюць гэтыя штамы ў састаў вакцын. Дык вось у 2020 годзе спецыяльная камісія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя замяніла адразу тры кампаненты вакцын, рэкамендаваных для сезону 2020/2021.

Для ўсіх вытворцаў рэкамендаваны наступны канчатковы састаў трохкампанентных сезонных вакцын супраць грыпу для выкарыстання ў сезоне 2020/2021 у Паўночным паўшар'і: вірус, падобны да A / Guangdong-Maonan / SWL1536 / 2019 (H1N1) pdm09; вірус, падобны да A / Hong Kong / 2671/2019 (H3N2); вірус, падобны да B / Washіngton / 02/2019 (B / Vіctorіa lіneage). У састаў чатырохкампанентных вакцын уключаны яшчэ адзін кампанент (аналагічны вакцыне ў сезоне 2019/2020): вірус, падобны на B / Phuket / 3073/2013 (B / Yamagata lіneage).

Спецыялісты нагадваюць, што вакцынацыя супраць грыпу патрэбна ўсім. У тым ліку яе можна рабіць і дзецям, пачынаючы з шасцімесячных і далей без абмежавання ўзросту (пры адсутнасці супрацьпаказанняў).

Падрыхтоўкі перад прышчэпкай не патрабуецца

Спецыяльнага абследавання або медыкаментознай падрыхтоўкі перад прышчэпкай не патрабуецца. Адзіным абсалютным супрацьпаказаннем да прышчэпкі супраць грыпу з'яўляецца цяжкая алергічная рэакцыя (напрыклад, анафілактычны шок) на папярэднюю дозу вакцыны, што сустракаецца вельмі рэдка (па звестках з літаратуры — 0,07 выпадку на 100 тысяч доз), прычым пераважна на ўвядзенне «жывых» вакцын. У сувязі з такой нізкай частатой гэтых рэакцый і невыкарыстаннем у практыцы ў апошнія гады «жывых» супрацьгрыпозных вакцын можна казаць аб практычнай адсутнасці асоб, якія маюць абсалютныя медыцынскія супрацьпаказанні.

Адкласці вакцынацыю медыкі раяць, калі ў вас цяжкае вострае захворванне ці абвастрылася хранічная хвароба. Але гэта не падстава адмовіцца ад прышчэпкі, а ўсяго толькі нагода зрабіць яе пазней. У любым выпадку ўрач прызначыць працэдуру толькі пасля таго, як ацэніць ваш стан, анамнез і ўлічыць магчымыя супрацьпаказанні.

У Міністэрстве аховы здароўя нагадваюць, што зрабіць прышчэпкі ўсяму насельніцтву ў любой краіне за 2–3 месяцы немагчыма. Таму Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе ў якасці мінімальнай задачы ахапіць не менш за 75 % насельніцтва з груп рызыкі. У першую чаргу гэта дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, усе дзеці ад трох гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Акрамя гэтага, вакцынацыя важная для работнікаў «грамадскіх» сфер дзейнасці — адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, грамадскага транспарту, камунальнай сферы.

Плануецца прышчапіць 40 % насельніцтва

У 2020 годзе ў нашай краіне плануецца прышчапіць не менш за 40 % ад усяго насельніцтва і не менш за 75 % з пералічаных груп рызыкі.

Аптымальны эфект захоўваецца на працягу першых трох—шасці месяцаў пасля прышчэпкі. Таму тэрміны вакцынацыі накіраваны на дасягненне максімальнага ўзроўню аховы ў пік рэспіраторных інфекцый, які звычайна прыпадае на люты—сакавік. Вакцынацыя з верасня да лістапада забяспечвае ахову на працягу пікавага сезона.

— Існуе шэраг навуковых звестак пра тое, што прышчэпка ад грыпу можа аказаць станоўчы эфект у прадухіленні інфекцыі COVІD-19. Вакцынацыя сучаснымі ад'ювантнымі вакцынамі суправаджаецца не толькі фарміраваннем спецыфічных антыцел да штамаў віруса грыпу, але і ранняй актывацыяй клетачных механізмаў супрацьвіруснага імуннага адказу, які прыводзіць да зніжэння захваральнасці на грып і ВРІ, і, цалкам верагодна, на каранавірусную інфекцыю, — звяртаюць увагу ў аддзеле гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя.

Няма сумненняў, што вакцынацыя супраць грыпу гэтай восенню будзе важнейшая, чым калі-небудзь раней. «Яна забяспечвае індывідуальную перавагу для вашага здароўя, прадухіляючы захворванне на грып, зніжаючы цяжар хваробы і рызыку магчымай шпіталізацыі. Прышчэпка супраць грыпу паменшыць агульнае ўздзеянне рэспіраторных захворванняў на насельніцтва і нагрузку на сістэму аховы здароўя падчас цыркуляцыі інфекцыі COVІD-19», — заявіў на прэс-брыфінгу дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек. 

Грамадства

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах. 

Прэзідэнт

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».