Вы тут

Паўлюк Багрым. Верш як падстава для следства


У навуковы ўжытак верш Яна Баршчэўскага Rozmowa Chłopow паводле рукапісу са следчае справы Аб непадпарадкаванні сялян мястэчка Крошын свайму памешчыку Юрагу (копія рукапісу П. Багрыма, а таксама чарнавік перакладу на расейскую мову захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна) увёў Ісідар Бас: спачатку ён згадаў пра верш у артыкуле «Каму належаць вершы?», а  пасля двойчы апублікаваў яго ў 1969 г. Але, як вядома, гісторык літаратуры выявіў адно толькі копію верша. Таго славутага верша, які ў маі 1828 г. прачытаў перад высокім расейскім саноўнікам — гродзенскім цывільным губернатарам Міхайлам Бабяцінскім — Паўлюк Багрым.


Рукапіс Паўлюка Багрыма.

Лёс і «шляхі» арыгіналу («Списокъ стиховъ съ рускимъ на скоро переводомъ, рассказываемыхъ однимъ ученикомъ означенной школки сыномъ тамошняго слѣсаря мальчикомъ 15и лѣтъ и его рукою писанныхъ») аказаліся даволі заблытанымі. Праўда, удавалася прасачыць значную частку «шляху» рукапісу П. Багрыма:

1. Гродзенскі цывільны губернатар Міхайла Бабяцінскі далучыў яго да свайго рапарту пра наведванне ім Крашына і «увѣщеванiя» сялян (М. Хаўстовіч, Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі канца XVIII—XX стагоддзя, том чацвёрты, Warszawa, 2018, с. 57—61, а таксама: М. Хаўстовіч, Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзя, том пяты, Warszawa, 2019, с. 37—41) і выслаў 3 чэрвеня 1828 г. у Варшаву цесарэвічу Канстанціну.

2. Цэсарэвіч Канстанцін 10 чэрвеня загадаў апекуну Віленскае навучальнае акругі Мікалаю Навасільцаву правесці следства адносна Крашынскае школкі і пераслаў яму рапарт М. Бабяцінскага «с двумя приложениями» (трэба думаць: рукапісам П. Багрыма і перакладам верша на расейскую мову).

3. М. Навасільцаў 16 чэрвеня прапанаваў рэктару Віленскага ўніверсітэта Вацлаву Пелікану «при возвращении сих бумаг сообщить мне по содержанию оных свое заключение».

4. В. Пелікан 22 чэрвеня «предписал» дырэктару вучылішчаў Гродзенскае губерні Ігнацы Брадоўскаму «тотчас с получением сего отправится в местечко Крошин и самоточнейшим образом войти в обстоятельство сего дела и последующем донести мне по эстафете с вашим мнением при возвращении и означенных бумаг».

5. І. Брадоўскі, «произведя следствие относительно учреждения в местечке Крошине парафиальной школы и преподаваемого в оной детям учения», выслаў 17 ліпеня В. Пелікану «оное <…>со всеми приложениями».

6. В. Пелікан 19 ліпеня пераслаў атрыманае ад І. Брадоўскага разам са сваімі высновамі М. Навасільцаву ў Варшаву.

І след рукапісу П. Багрыма на гэтым губляўся, але можна было меркаваць, што М. Навасільцаў ужо у ліпені 1828 г. даслаў усе матэрыялы справы цэсарэвічу Канстанціну.

Наколькі мы ведаем, гісторыкі літаратуры спрабавалі адшукаць архіў канцылярыі цэсарэвіча Канстанціна ў розных інстытуцыях СССР і Польшчы. Можа, нават спадзяючыся выявіць не толькі верш Rozmowa Chłopow, пра які ішла гаворка ў следчай Верш як падстава для следства справе, але і творы П. Багрыма, бо памяталі пра сшытак («sekstern»: польскае слова sekstern сапраўды мае значэнне «сшытак». Але адначасна гэта і «чарнавік», і «сшытая кніжачка», а часцей за ўсё — «аркуш паперы, складзены ў шэсць столак»), адабраны, як пісаў Ігнацы Яцкоўскі, у Пётрака.

Страчанае (зрэшты, а чаму страчанае?) ляжала побач. Мы чамусьці не звярталі ўвагу на паперы Гродзенскае канцылярыі цывільных спраў цэсарэвіча, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродна. Адна з гэтых спраў цалкам прысвечаная «крашынскай»: Справа па скарзе сялян мяст. Крашын Наваградскага пав. пра жорсткае абыходжанне з імі, абцяжаранне іх павіннасцямі памешчыкам гэтага ж павета Юрагаю Станіславам. Яна доўжылася з 31 жніўня 1826 г. да 5  чэрвеня 1829 г. Яе аб’ём — 448 аркушаў — большы за аб’ёмы усіх іншых «крашынскіх» спраў разам узятых. Тут знаходзяцца пераважна арыгіналы дакументаў, вядомых паводле копій з іншых архіваў, але сустракаюцца і цалкам нязнаныя. Напрыклад, Копiя съ Привилегiи Королемъ Зигисмундомъ 1м въ 1539 году жителямъ мѣстечка Крошина установляющей платежъ чиншовъ отъ Мѣщанъ и разные для нихъ вольности. Тут і рукапіс П. Багрыма (а таксама і  белавы варыянт перакладу гутаркі на расейскую мову): складзены папалам аркуш паперы даў чатыры старонкі, запісаныя акуратным і  каліграфічным вучнёўскім почыркам. Хлапчук у  асобных месцах памыляўся, дык старанна папраўляў літары. Перапісвальнік гродзенскае губернскае канцылярыі быў, у асноўным, дакладны, хоць і дазваляў сабе ўносіць праўкі: ставіў знакі прыпынку (20 выпадкаў), папраўляў злітнае і  асобнае напісанне (9), правільна ўжываў вялікую літару (3), але часам няўдала расчытваў напісанае П. Багрымам: замест літары u пісаў w (5); няўважлівы быў да дыякрытычных знакаў: замест ż — z (4); памыляўся: замест maie — moie, razapnieć — razaprieć, prystupiśsie — prystupissie, razumu|ż — rоzumu|ż.

Цяпер можна сказаць, што мы маем са спадчыны П. Багрыма не толькі жырандолю, але і перапісаную рукою славутага крашынца Rozmowu Chłopow Я. Баршчэўскага. Захоўваецца яна ў НГА РБ у Гродна: ф. 6 [Гродненская канцелярия гражданских дел цесаревича, главнокомандующего Литовским отдельным корпусом], воп. 1 [За 1822—1830], адз. зах. 199 [Дело по жалобе крестьян мест. Крошин Новогрудского у. о жестоком обращении с ними, обременении их повинностями помещиком того же уезда Юрагой Станиславом], арк. 298 — 299 v.

Мікола ХАЎСТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.