Вы тут

Яблычны спас — для ўсіх нас


 «Абнавіць» сваю памяць заўсёды прыемна. Калі гэта адбываецца нечакана — тым больш. Маю на ўвазе песню на вершы Уладзіміра Мазго «Варажба». Яна даўно мне падабаецца, але асабліва ўразіла ў выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай (нядаўна, як вядома, ёй прысвоена ганаровае званне «народная») на яе двойчы юбілейным вечары — 2 лістапада 2018 года ў Палацы рэспублікі прымеркавала творчую справаздачу да свайго 50-годдзя і 30-годдзя пачатку канцэртнай дзейнасці. Жывое гучанне — зусім не тое, што ў запісе, ды яшчэ па радыё, з магнітафона, а то і праз інтэрнэт. А тут і магчымасць бачыць абаяльную спявачку. Услухоўваючыся ў яе выкананне, міжвольна хочацца следам паўтараць:


Прыгадаю твой голас і смех.

Я кахаю — і гэта не грэх.

Вобраз твой назаўжды зберагу,

Праганю варажбою тугу.

                   

Прыпеў:

 

Варажба, варажба —

І надзея, і журба.

Варажбой, варажбой

Заварожана табой.

Сёй-той паціху і падпяваў, бо таксама любіць гэтую цудоўную песню. Але пра «абнаўленне» маёй памяці… Як жа я абрадаваўся, калі разгарнуўшы кнігу Уладзіміра Мазго «Знічкі радасці», выпушчаную выдавецтвам «Беларусь», што гэты ягоны томік выбранага атрымаўся такім шматаблічным: вершы, песні, лірычныя мініяцюры. Натуральна, у раздзеле «Мелодыя душы» знайшоў і песню «Варажба». Перш чым чытаць гэты твор, пачаў прыгадваць тое з яго, што запомнілася. А пасля пазнаёміўся з ім цалкам. Потым нанава адкрыў для сябе і іншыя песні У. Мазго, якія ў многіх на слыху: «Мой рабінзон», «Начны вакзал», «Дачнікі», «Святло вачэй», «Бацькоўская хата»... А яшчэ, памятаеце:

— Ах, Алесь, Алесь! Да мяне не лезь,

Адчапіся ад мяне — ты гарачы ўвесь.

Запалаю — пакахаю я,

А ў цябе раўніва жонка і ў мяне сям’я!..

Вядома ж, гэта песня «Вечарынка». Ды калі шчасціць, то шчасціць. Не спадзяваўся, што сустрэча з «Варажбой» прадоўжыцца ў раздзеле «Незабыўнае», у якім У. Мазго аб’яднаў свае лірычныя мініяцюры. А ў мініяцюры «Наваражыла» чакала яшчэ адна неспадзяванка. Уладзімір Мінавіч пісаць песні пачаў яшчэ вучнем, а выконваў іх школьны вакальна-інструментальны ансамбль. А першай прафесійнай песняй стала менавіта «Варажба». «Недзе ў 1992 годзе мне патэлефанавалі тады яшчэ маладыя кампазітары Сяргей Герута і Павел Яроменка і прапанавалі супрацоўніцтва. І я з вялікім задавальненнем перадаў некалькі вершаў аднаму, а некалькі — другому музыканту», — расказваў сам паэт. Да верша «Варажба» музыку напісаў С. Герута і паказаў гэтую песню Іне Афанасьевай, з якой працаваў разам у Дзяржаўным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Лірычныя мініяцюры У. Мазго — лаканічныя, не абцяжараныя непатрэбнымі падрабязнасцямі, чым грашаць некаторыя з тых, хто, згадваючы асабістае, страчвае пачуццё. Хоць асобныя факты на першы погляд не такія і значныя, дзякуючы ўмелай падачы, яны нясуць у сабе тую важкую напоўненасць, якая лішні раз упэўнівае: у жыцці няма нічога дробязнага. Аўтар «Знічак вечнасці» і прыводзіць тое, што працуе, не пабаімся гэтага слова, на вечнасць. Узяць хоць бы мініяцюры «Проста Марыя Георгіеўна» і «Суп Рыгора Барадуліна». Пра двух народных гаворыцца ў іх — пра знакамітую артыстку Марыю Захарэвіч і таго, роўных каму пасля Максіма Танка ў беларускай паэзіі няма.

Безумоўна, не абышоў У. Мазго і «асяродак музыкі». Расказвае пра кампазітараў Уладзіміра Будніка, Зміцера Яўтуховіча, спевака Аляксандра Саладуху… Пра кожнага цікава, пра кожнага па-свойму. І ўсё ж я б вылучыў яго ўспаміны «Уваскрэсні ў роднай песні!». Пра каго яны, відаць з самага пачатку: «Якаў Навуменка… Галасісты салоўка беларускай эстрады. […] Аксамітны, прыемны голас, шчырая, задушэўная манера выканання, яркія, запамінальныя мелодыі — апазнавальныя знакі шматграннага таленту спевака, кампазітара і аранжыроўшчыка, удала спалучаныя ў аснове». Асабістае ў  развагах удала спалучаецца з прыцягненнем біяграфічных звестак пра спевака. Прываблівае сам тон разваг: засяроджаны, шчыры. А за ўсім гэтым — улюблёнасць у творчасць Я. Навуменкі, усведамленне, які вялікі талент страціла беларуская музыка. І ўжо сам ты як бы далучаешся да гэтых разваг, скрушна думаючы: па належнаму не цанілі. Відаць і таму, што ён быў не з тых, хто надта прабіўны.

Адчуваю, што чытач, які пазнаёміўся ўжо з кнігай «Знічкі вечнасці», здзіўляецца, чаму гэта я ні слова не кажу пра паэтычную творчасць У. Мазго. Тым больш, што яна прадстаўлена ў двух раздзелах — «З чыстага ліста» і «Святло залатое». Ды ўсё проста. Пра паэзію У. Мазго пісалася неаднойчы, а вось пра яго песні як літаратурныя творы не гаварылася. У публіцыстыцы ж ён выступае не так і шмат. Але, як можна было ўпэўніцца, знаходзіць свае тэмы, уласны падыход у асваенні матэрыялу. То чаму б абмінуць гэтай увагай. Кепска толькі, што з-за аб’ёму кнігі ў яе не трапілі творы Уладзіміра Мінавіча для дзяцей. У яго выйшлі такія цікавыя зборнікі, як «Калі спрачаюцца маланкі», «Смехапад», «Прыгоды марахода», «Цуда-вуда» і іншыя.

Ёсць у раздзеле «Незабыўнае» і згадкі «Неба над Дзярэчынам». У іх расказваецца пра настаўніка, краязнаўцу Пятра Марціноўскага. З дзярэчынскім музыкам Уладзімірам Плютам ён пісаў і  песні. У. Мазго прысвяціў Пятру Мікалаевічу верш «У Дзярэчыне»:

Нібыта сад,

Узорнае

Звісае неба зорнае

Лагодным

Летнім вечарам

Над сцішаным

Дзярэчынам.

Вяртаючыся ў той час, Уладзімір Мінавіч прызнаецца: «Я вельмі часта згадваю нашы дзярэчынскія сустрэчы з Пятром Мікалаевічам. І асабліва той жнівеньскі зарапад на Яблычны спас. З яблынь каля хаты падалі яблыкі, а з нябёсаў — зоркі». Зоркі, знічкі, вечнасць… Пасля гэтага назва кнігі «Знічкі вечнасці» ўспрымаецца сімвалічна. Для мяне асабіста гэта набыло яшчэ большы сэнс, бо чытаў яе акурат у жнівеньскія дні. Падумалася: Яблычны Спас — для ўсіх нас. Не толькі як даўняе земляробчае свята, а, дзякуючы Уладзіміру Мазго, і значная старонка сучаснай беларускай літаратуры.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.