Вы тут

Эфект дэжавю?..


У бывалых карыстальнікаў сацсетак, якія пры гэтым актыўна рэфлексуюць над усялякімі тэкставымі і  маўленчымі з’явамі, ёсць нешта кшталту прыкметы: калі чалавек актыўна карыстаецца шматкроп’ямі (і асобная дэвіацыя — калі кропак ад дзесяці і болей запар), то эмацыйны бок яго пісьма пераважае над аналітычным, а само пісьмо хутчэй за ўсё здольнае да выканання выключна тэхнічна-камунікатыўных функцый і наўрад ці будзе мець дачыненне да мастацкіх увасабленняў (то бок да напісання прафесійных прозы / паэзіі / драматургіі).


Кніга Наталлі Алейнікавай «Думкі ўслых...» — гэта «афарызмы і …роздумы» (пунктуацыя аўтаркі), якія ў  спалучэнні з карцінамі яе ж аўтарства складаюцца ў адзіны тэкставізуальны комплекс. Жывапісная частка кнігі ўяўляе сабою маляўнічыя пейзажы, выкананыя ў абстрактным стылі, назвы якіх эстэтычна пераклікаюцца з мовай саміх афарызмаў. Галоўныя акцэнты аўтарка робіць на адлюстраванні зямлі, яе ўрадлівасці і жыццясцвяржальнасці: спалучэнне «зямных» — зялёнага і карычневага — колераў ахутвае як пяшчотай і цеплынёй, так і нейкай спрадвечнай веліччу быцця.

Змест кнігі складаецца з васьмі раздзелаў, у назвах шасці з якіх (калі не ўлічваць сёмы, дзе проста даецца характэрная назва верша па першаму радку) выкарыстоўваюцца шматкроп’і: дзесьці — у канцы назваў, дзесьці (як у цытаце з мінулага абзаца) — пасярэдзіне. Часта гэты знак сустракаецца і ў саміх афарызмах, нават у назвах большасці карцін. Аб чым можа сведчыць гэты пісьменна-псіхалагічны маркер? Магчыма, успрыманне аўтаркай нечага філасофскага ці наўпрост разумнага апіраецца на знешнія (і пры гэтым ірацыянальна абаснаваныя) фактары. А задума прэзентаваць афарызмы выглядае дзіўна, бо думкі, надрукаваныя ў кнізе, калі апусціць пытанне іх агульнафіласофскай (ці хаця б агульнадасціпніцкай) вартасці, амаль ніяк не прэзентуюць і асобу свайго аўтара — іх сэнсавы складнік знаходзіцца пад моцным уплывам бытавых гатовых сентэнцый, і часам адчуваецца прысмак «мокрай вады» (напрыклад, «В историю не входят, в ней остаются» і «Настоящее действует на будущее»).

Арыенціры адносна тэкстаў (а Наталля Алейнікава, згодна з апісаннем, пазіцыянуецца ў  першую чаргу як паэтка і пісьменніца) вельмі добра адлюстроўваюцца ў адным лаканічным выказванні: «Высокая поэзия — это исповедь автора произведения в рифмах с эффектом “дежавю” у читателя…» І вось гэта выглядае як нагода для спрэчкі. Нават калі не чапляцца да састарэла-абавязковай прысутнасці рыфмы, застаецца тое, што датычыцца «дэжавю». «Пазнаваць», згодна з двума значэннямі гэтага слова, можна як праз прыгадванне, так і  праз нейкі цалкам новы вопыт узаемадзеяння. Няўжо аўтар, падсумоўваючы свой мысленчы досвед, за паэзіяй (тым больш  — за «высокай») замацоўвае функцыю звычайнай перапрацоўкі чужога творчага плёну?

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.