Вы тут

Гомельшчына: асобы, набыткі, планы


З далёкага мінулага бярэ свае вытокі літаратурнае жыццё Палескага краю. Багаты і цікавы фальклор доўгія стагоддзі служыў галоўным сродкам выяўлення шматграннага духоўнага жыцця народа. На тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці нараджаліся, жылі цудоўныя казачнікі, вядомыя фалькларысты і этнографы. Тут жыў і тварыў святы Кірыла Тураўскі, адсюль чатыры народныя пісьменнікі Беларусі — Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Андрэй Макаёнак. Сённяшнія літаратары Гомельшчыны — прадстаўнікі Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» — працягваюць традыцыі папярэднікаў і шукаюць сваё, адметнае, турбуюцца пра лёс народа, мовы.


Расійскія, украінскія і беларускія пісьменнікі падчас круглага стала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. 2019 г

Нам — 15

Сёлета СПБ і абласная арганізацыя адзначаць 15-годдзе са дня стварэння. За гэты перыяд адбылося станаўленне аддзялення. Дзейнасць амаль сямі дзясяткаў літаратараў стала прыкметнай, запатрабаванай у рэгіёне.

Безумоўна, задача пісьменніка заключаецца найперш у стварэнні высокамастацкіх твораў, і ў гэтым плане нам ёсць кім і чым ганарыцца. З моманту стварэння арганізацыі з-пад пяра пісьменнікаў-гамяльчан выйшла звыш 600 кніг, многія мастацкія творы не толькі сталі папулярнымі, былі высока адзначаны як у нашай краіне, так і за яе межамі.

З мэтай папулярызацыі новых мастацкіх твораў літаратараў абласное аддзяленне штогод выдае альманах «Літаратурная Гомельшчына» (іх выйшла 17), а таксама ў серыі «Бібліятэка аддзялення СПБ» зборнікі вядомых і маладых аўтараў, якія дасягнулі значных творчых поспехаў. Яны распаўсюджваюцца ва ўстановы культуры і адукацыі вобласці. Перыядычна сваю «трыбуну» пісьменнікі аддаюць творчай моладзі рэгіёну. Літаратары плённа супрацоўнічаюць з часопісам «Метамарфозы» (рэдактар — Н. Сляднева). Летась у Гомелі пачаў выходзіць міжнародны альманах «Літара» (літаратурна-асветніцкі праект аўтара гэтых радкоў).

Абласная пісьменніцкая арганізацыя праводзіць актыўную работу па прапагандзе чытання і кнігі ва ўстановах адукацыі і культуры з прыцягненнем найперш юнага чытача (наладжваюцца прэзентацыі, выступленні, майстар-класы, конкурсы, агляды і інш.), аказвае ўсебаковую дапамогу маладым талентам, падтрымлівае аматарскія літаратурныя аб’яднанні і клубы, створаныя ў раёнах пры бібліятэках ці адукацыйных установах, курыруе літаратурныя грамадскія фарміраванні ў абласным цэнтры, прыцягвае маладых аўтараў і аматараў мастацкай творчасці для ўдзелу ў асветніцкіх акцыях. Так, штогод гомельскія пісьменнікі на дабраахвотнай аснове наладжваюць ад да 1500 выступленняў-прэзентацый ва ўстановах культуры, адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці. І гэта нямала!

Пісьменнікі Гомельшчыны мэтанакіравана працуюць у межах пастаянна дзеючай акцыі «Добрую кнігу  — у добрыя рукі»: толькі за апошнія гады літаратарамі вобласці сабрана і перададзена ў бібліятэкі, установы адукацыі, дамы-інтэрнаты звыш 12 тысяч кніг. Так, у  2018—2019 гадах пацярпелай ад пажару Клімаўскай сельскай бібліятэцы (Гомельскі раён) перададзена звыш 3 тыс. асобнікаў мастацкай літаратуры для папаўнення кніжнага фонду.

Абласная пісьменніцкая арганізацыя за гэтыя гады правяла звыш 90 літаратурных конкурсаў, працягвае шматгранную работу па ўвекавечванню як класікаў беларускай літаратуры — выхадцаў з Гомельскай вобласці, так і таленавітых пісьменнікаў рэгіёна. Напрыклад, намаганнямі пісьменніцкай арганізацыі адкрыты мемарыяльная дошка памяці Івана Сяркова ў  аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёна і мемарыяльная дошка памяці Анатоля Грачанікава ў  Гомелі. Па ініцыятыве аддзялення СПБ і пры непасрэдным удзеле пісьменніцкай грамады створаны мемарыяльны музей пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі ў Жыткавічах, канцэптуальна новае напаўненне атрымаў і Музей літаратуры Гомельшчыны ў  абласным цэнтры. Да 15-годдзя аддзялення і СПБ заснаваны памятны медаль «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру».

Хто вы, сённяшнія сейбіты вечнага і добрага?

З моманту стварэння аддзялення СПБ у яго склад уваходзілі 73 літаратары, за гэты перыяд з жыцця пайшлі восем таленавітых пісьменнікаў, вядомых не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і Украіне. Ігар Журбін і Фелікс Мысліцкі, Алесь Дуброўскі і Віктар Лаўгач, Анатоль Караленка і Юрый Фатнеў, Эма Усціновіч і Барыс Кавалерчык пакінулі свой годны след у літаратуры… Зараз у арганізацыі 65 пісьменнікаў, значная частка — жыхары горада над Сожам, нашы калегі таксама жывуць і плённа працуюць у Светлагорскім, Рагачоўскім, Мазырскім, Дубрушскім, Жлобінскім, Хойнікскім і Жыткавіцкім раёнах.

Не магу не падкрэсліць, што майстры слова рэгіёна дасягнулі значных поспехаў у творчай дзейнасці. Так, пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на найлепшы твор года былі прызнаны кнігі Я. Калашнікава, В. Раўчанкі, М. Слівы, Б. Кавалерчыка і аўтара гэтых радкоў, у 2017 годзе Нацыянальную літаратурную прэмію атрымаў вядомы драматург В.  Ткачоў. 7 літаратараў з’яўляюцца ганаровымі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Органамі мясцовай улады падтрымана ініцыятыва аддзялення СПБ: ганаровымі жыхарамі раёнаў Гомельшчыны сталі пісьменнікі М. Болсун, В. Ткачоў, Г. Говар. Многія літаратары атрымалі дзяржаўныя і грамадскія творчыя ўзнагароды. Так, толькі ў 2019 годзе пісьменнікі Гомельшчыны былі адзначаны 87 разоў на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўні. З пачатку года парадавалі чытача новымі кнігамі паэты — сёлетнія юбіляры Л. Долбікава і В. Ветошкін, празаікі В. Ткачоў і Г. Атрошчанка, І. Лосікаў, М. Сліва, перакладчыца В. Раўчанка.

Каб Слова гучала

Наша суполка з’яўляецца заснавальнікам і арганізатарам Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», які ў 2020 годзе пройдзе ўжо ў 15 раз. За гэтыя гады фестываль, накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітых аўтараў і арганізацыю іх культурна-творчай дзейнасці ў сферы літаратуры, стаў брэндам вобласці. Штогод у ім удзельнічаюць каля 150 славянскіх пісьменнікаў-прафесіяналаў і пачынаючых аўтараў. На працягу трох дзён праводзіцца да 20 літаратурных мерапрыемстваў, у тым ліку адзін дзень пісьменнікі працуюць у раёнах вобласці, аграгарадках. Творчыя сустрэчы з чытачамі арганізуюцца як самастойна, так і сумесна з органамі ўлады на месцах, установамі культуры, адукацыі, грамадскімі структурамі. Толькі за апошнія гады пісьменнікі Беларусі, Бранска, Курска, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Растова-на-Доне, Краснадара, Таганрога, Іркутска і  іншых гарадоў Расіі, Кіева, Сум, Чарнігава, Дабранкі з Украіны працавалі ў межах фестывалю-свята ў старажытным Тураве, Жыткавічах, Мазыры, Калінкавічах, Ельску, аграгарадках Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, Шарпілаўка і Бярозкі Гомельскага раёна, Зашыр’е Ельскага раёна. Варта падкрэсліць і тое, што фінансаванне фэсту ажыццяўляецца дзякуючы спонсарам.

Менавіта са «Славянскіх літаратурных дажынак» «вырас» новы фестываль у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці — Міжнародны фестываль маладзёжнай паэзіі і перакладаў «Берагі дружбы», які сёння мае важнае аб’яднальнае значэнне. Вынікам праекта сталі некалькі сумесных паэтычных зборнікаў, у тым ліку ўжо 5 кніг выйшла ў Расіі на беларускай мове. Дзвюм бібліятэкам і Дому культуры ў Растоўскай вобласці, па ініцыятыве нашага аддзялення СПБ, прысвоены імёны народнага пісьменніка Беларусі І. Мележа і беларускага, агульнаславянскага святара і паэта К. Тураўскага. І гэты працэс узаемаабмену працягваецца. Пастаянна выходзяць і калектыўныя зборнікі, падрыхтаваныя пісьменнікамі-гамяльчанамі сумесна з творцамі Расіі і  Украіны (аддзяленне заключыла пагадненні і наладзіла плённае супрацоўніцтва з 10 пісьменніцкімі і іншымі творчымі арганізацыямі суседніх краін).

У 2019 годзе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Жыткавіцкага райвыканкама ўпершыню арганізавала і правяло ў г. Жыткавічы Першы адкрыты міжрэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага». Наша ініцыятыва была падтрымана аблвыканкамам: пачынаючы з 2020 года гэты фестываль плануецца праводзіць пастаянна. Перакананы, што ён яшчэ заявіць пра сябе новымі імёнамі, адкрыццямі ў галіне літаратуры.

Гомельскае абласное аддзяленне СПБ заснавала Міжнародную літаратурную прэмію імя К.  Тураўскага, шэраг абласных прэмій: імя І. Мележа, І. Шамякіна, І. Навуменкі, А. Макаёнка, А. Грачанікава, Л. Гаўрылава, П. Пранузы, А. Кавалёва, І. Сяркова, М. Гамолкі, А. Капусціна, Ф. Мысліцкага, І. Журбіна, якія нарадзіліся ці стваралі на гомельскай зямлі.

 Аддзяленнем штогод арганізоўваюцца і праводзяцца творчыя семінары, форумы для дзяцей, моладзі і аматараў прыгожага слова. У Гомелі працуе Школа юнага літаратара пад кіраўніцтвам паэтэсы Н. Нікіцінай, аўтары-пачаткоўцы актыўна ўдзельнічаюць у пісьменніцкіх акцыях, некаторыя выпускнікі сталі членамі СПБ.

Мы падтрымліваем творчыя сувязі з рэлігійнымі, грамадскімі і творчымі арганізацыямі рэгіёна. Так, актыўнае супрацоўніцтва наладжана з аддзяленнем Фонда міра, Гомельскай епархіяй. Сумесна з  епархіяльным упраўленнем ужо 6 гадоў праводзіцца абласны літконкурс «Праваслаўе — мая надзея», па выніках якога епархія выдала аўтарскія кнігі 5 літаратараў.

Творцы вобласці актыўна сустракаюцца з  чытачамі (за 15 гадоў праведзена некалькі тысяч прэзентацый кніг, здзейснена каля 22 тысяч выступленняў у  розных аўдыторыях — ад вучнёўскіх класаў да студэнцкіх аўдыторый, у пагранічных групах, на заводах і прадпрыемствах). Пісьменнікі наведваюць усе раёны Палескага краю, падтрымліваюць на месцах самадзейныя літаратурныя аб’яднанні. Шматгранная работа па папулярызацыі мастацкай кнігі не спыняецца.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», сакратар Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.