Вы тут

Жнівеньская містэрыя ў музеі-майстэрні Заіра Азгура


Праект «Кінемо» існуе не першы год, але дагэтуль застаецца, хутчэй, мерапрыемствам для абраных аматараў нямога кіно, таму што ўбачыць яго рэкламу складана, а людзі рэдка натыкаюцца на такія ініцыятывы самастойна. Сёлета фестываль нямога кіно і жывой музыкі «Кінемо» праходзіць з 30 ліпеня па 27 жніўня, і рэдакцыя «ЛіМа» вырашыла распавесці пра гэты ўнікальны праект, каб прыцягнуць увагу да добрай ініцыятывы і такім чынам крыху павялічыць яе патэнцыйную аўдыторыю.


Кадр з фільма «Малодшы брат».

Ханс Цымер, Эніа Марыконэ, Говард Шор — імёны настолькі гучныя і настолькі важныя для сучасных аматараў кінематографа, што цяжка сабе ўявіць: калісьці кіно было нямым. Ужо тады было зразумела, што ў кіназале ў поўнай цішыні гледачы хутка засумуюць і страцяць цікавасць да фільма, таму арганізатары паказаў запрашалі самых розных музыкаў і кампазітараў, каб тыя ў фармаце жывога выступу «агучвалі» фільм. Менавіта гэтая ідэя, здаецца, і прывяла да таго, што сёння мы не можам уявіць кіно без музыкі, без гуку. Многія людзі ўвогуле не ўспрымаюць нямое кіно мінулага як паўнавартаснае мастацтва, але разам з тым яно захоўвае шмат сапраўдных брыльянтаў. Яшчэ маладое на той час мастацтва смела эксперыментавала з візуальнымі вобразамі, спосабамі распавядаць гісторыю і ўздзейнічаць на гледача. Некаторыя са стужак могуць паспаборнічаць у ступені сваёй абсурднай фантасмагарычнасці з сучасным кіно, дзе актыўна выкарыстоўваецца камп’ютарная графіка.

Як жа быць тым, хто любіць старое кіно, хоча сачыць не толькі за навінкамі, але і ведаць, з чаго пачынаўся кінематограф і якім чынам ён развіваўся, каб прыйсці да таго выгляду, што мы бачым сёння? Кінатэатры амаль не робяць такіх сеансаў, бо лічаць, што гэта нявыгадна (шчыра кажучы, у чымсьці яны маюць рацыю, усё ж такі аматараў нямога кіно няшмат, калі параўноўваць з агульнай колькасцю гледачоў), а аматарскім ініцыятывам не стае або сродкаў, або энергіі, каб распавесці людзям пра наяўнасць такіх паказаў і сабраць дастатковую колькасць гледачоў. У тых, хто хоча акунуцца ў сапраўдную атмасферу прагляду нямога кіно пад жывую музыку, каб адчуць сябе жыхаром Амерыкі ці Еўропы пачатку ХХ стагоддзя, здаецца, увогуле няма ніякіх шансаў гэта жаданне задаволіць. Сапраўды, хто сёння будзе спрабаваць аднавіць гэтую традыцыю? Гучыць як абсурдная ідэя, накіраваная на задавальненне патрабаванняў нейкіх рафінаваных інтэлектуалаў. Насамрэч у нашай краіне шмат людзей, якія не адмовіліся б ад такога адпачынку. Знайшліся і тыя, хто быў гатовы яго арганізаваць.

«Кінемо» — адзіны ў Беларусі open air фэст, у рамках якога дэманструюцца нямыя фільмы класікаў сусветнага кінематографа, агучаныя сучаснымі музыкамі і кампазітарамі. Акрамя летніх сеансаў пад адкрытым небам, фестываль на працягу года арганізуе адмысловыя паказы нямога кіно з жывой музыкай на розных пляцоўках. Фэст заснаваны праектам Cinemascope і Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў. Месцам, якое выбралі арганізатары для правядзення фестывалю ў Мінску, стаў падворак Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура — аднаго з самых вядомых беларуска-савецкіх скульптураў. Такім чынам і сфарміравался трыадзінства, якое стала слоганам «Кінемо» — нямое кіно, жывая музыка і свежае паветра. Менавіта ў такім выглядзе аматары класічнага кіно ведаюць фестываль, які праходзіць сёлета ўжо ў восьмы раз. Гэта пацвярдженне таго, што людзей цікавіць нямое кіно, што яны імкнуцца вывучаць класічны кінематограф і гатовыя ўспрымаць гэта дзіўнае мастацтва, нягледзячы на яго пэўную наіўнасць і выразны адбітак часу, які нельга не заўважыць. Між тым, гэта сведчыць і пра тое, што гледачы здольны глядзець на беларускую культуру як сапраўды еўрапейскую, бо суправаджаюць фільмы менавіта беларускія музыкі. Уражвае яшчэ і тое, што ў асноўным яны даволі маладыя і для гледачоў не вельмі важна, класічнай музычнай адукацыі перад імі чалавек ці, напрыклад, эксперыментальны электра-рок гурт. Галоўнае, каб музыка і яе выкананне былі якаснымі, каб музыкі не перашкаджалі прагляду фільма, а, наадварот, узмацнялі эмоцыі ад кіно, стваралі тую магічную атмасферу мінулага, якая б дазваляла яшчэ глыбей акунуцца ў той дзіўны свет, што выяўляюць сабой старыя фільмы. Давер у  такім спецыфічным спосабе кантакту паміж аўдыторыяй і творамі мастацтва можа існаваць толькі ў тым выпадку, калі гледачы ўпэўнены ў музыках, а музыкі вельмі добра ведаюць той матэрыял, з якім працуюць. І калі супадзенне жаданага і  рэальнага здараецца, то ўсе ўдзельнікі атрымліваюць у выніку толькі станоўчыя эмоцыі: гледачы — выключную асалоду ад жывой музыкі і цудоўнага фільма, прасякнутага эстэтыкай мінулага, а музыканты, акрамя ўдзячнасці публікі, набываюць рэдкі і каштоўны вопыт — не кожны дзень той ці іншы беларускі гурт або выканаўцу запрашаюць, каб ён агучыў стары фільм, што пакінуў пасля сябе значны і заўважны след у гісторыі сусветнага кінематографа.

Падрыхтоўка да такіх праектаў — справа няпростая. Па-першае, трэба прайсці ўсе фармальнасці, з якімі знаёмы кожны, хто спрабаваў што-небудзь арганізаваць. Па-другое, сам пошук фільмаў вельмі складаны. Вядома, у Еўропе і Амерыцы, адкуль паходзіць большая частка стужак, што паказваюць на «Кінемо», сочаць за тым, каб старыя класічныя фільмы не страчваліся ў віры жыцця і часу, і пераводзяць іх у лічбавы фармат. Гэта значна спрашчае як працэс атрымання кінастужкі, так і пошук абсталявання для прайгравання фільма на вялікім экране. Але ўсё роўна гэта складаная праца па сістэматызацыі вялікай колькасці інфармацыі, большая частка якой знаходзіцца толькі ў спецыялізаваных крыніцах. Па-трэцяе, да нашага часу не заўсёды даходзіць інфармацыя пра тое, якую музыку выконвалі падчас паказу фільма ў пачатку ХХ стагоддзя. Не засталося не толькі канкрэтных партытур (часткова гэта адбылося таму, што музыкі імправізавалі ў пэўных межах, зададзеных першапачаткова), але нават самых агульных апісанняў саставу інструментаў і настрою, што дапамагло б сёння ўявіць, як гучала музыка да той ці іншай стужкі ў мінулым.

Так, арганізатары апынаюцца ў сітуацыі, калі ім патрэбна жывая музыка, але няма ніякай інфармацыі пра тое, якой яна павінна быць. Менавіта для гэтага «Кінемо» супрацоўнічае з маладымі кампазітарамі: яны ствараюць музыку для фільмаў нанова, арыентуючыся не толькі на сам фільм і тыя нешматлікія звесткі пра яго гукавое суправаджэнне, што захаваліся да нашага часу, але і на свой уласны досвед працы з рознымі жанрамі і стылямі, а таксама тую ступень развіцця музыкі для кіно, якую мы бачым сёння. Дзякуючы гэтаму «Кінемо» становіцца не толькі праектам, дзе можна пабачыць унікальныя старыя фільмы (гэта часам складана зрабіць нават у краінах, адкуль кіно родам), што ўжо само па сабе вельмі добра, бо значна павышае культурны ўзровень беларускіх гледачоў, але і музычным фестывалем, дзе найлепшыя маладыя музыкі і кампазітары з розных краін прэзентуюць сваю ўнікальную творчасць.

У гэтым годзе «Кінемо» прадставіў аматарам кіно і музыкі ўжо тры стужкі з жывым музычным суправаджэннем. 30 ліпеня камедыяй «Малодшы брат» праект распачаўся. Гэта чорна-белы амерыканскі фільм 1927 года рэжысёра Тэда Вільдэ з удзелам вядомага коміка Гаральда Лойда. Ён унікальны тым, што распавядае класічную казачную гісторыю, але ў атмасферы кантынентальнай Амерыкі пачатку ХХ стагоддзя: у адным горадзе жыве сям’я, у якой браты спаборнічаюць за сэрца дзяўчыны Мэры. Пры гэтым старэйшыя браты — тыповыя амерыканскія героі, моцныя, прыгожыя, упэўненыя ў сабе мужчыны, якія прывыклі заўсёды атрымліваць жаданае, але не асабліва выдзяляюцца розумам і гнуткасцю ў плане прыняцця рашэнняў. Малодшы брат, роль якога выконвае Гаральд Лойд, наадварот, не валодае фізічнай сілай, але ў выніку дасягае сваёй мэты дзякуючы хітрасці і досціпу. Добра, што «Кінемо» вырашыў распачаць новы сезон з такога пазітыўнага фільма, які дэманструе: уменне вырашаць праблемы розумам без прымянення сілы заўсёды будзе каштоўным нават у Амерыцы, дзе ідэі індывідуалізму дыктуюць неабходнасць заўсёды дамагацца свайго любымі магчымымі спосабамі. За фартэпіяна ў той вечар была піяністка Марына Рамейка — выпускніца Венскага ўніверсітэта музыкі і выканаўчага мастацтва; удзельніца міжнародных школ выканаўчага майстэрства і майстар-класаў вядомых музыкаў; артыстка Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. Сапраўды цікавае сумяшчэнне класічнага амерыканскага кіно, што і сёння лічыцца прыкладам вельмі добрай камедыі, і сучаснай музыкі, выкананай піяністкай, якая мае вопыт выступленняў перад рознай аўдыторыяй і з розным матэрыялам.

Старая афіша фільма «Падарожжа на Марс».

Праз тыдзень, 6 жніўня, каманда фестываля прапанавала ўвазе гледачоў вельмі рэдкую, сапраўды ўнікальную знаходку — дацкую фантастыку «Падарожжа на Марс». Самі арганізатары апісваюць гэты фільм такім чынам: «Форэст Хольгер-Мадсэн здымаў гэтую гісторыю падарожжа некалькіх энтузіястаў на Марс напрыканцы Першай сусветнай вайны, таму нядзіўна, што падаецца яна перш за ўсё палымяным антываенным выказваннем. Сам палёт не абыходзіцца для бравых дацкіх касманаўтаў без праблем — амерыканскі калега моцна п’е і  ледзь не арганізоўвае мяцеж, але ўсе нягоды выкупаюцца марсіянскім адкрыццём: на Чырвонай планеце жыве цывілізацыя пацыфістаў, якая даўно пазбавілася ад злосці і гвалту. Іх утапічнае грамадства, якое выглядае як гібрыд афінскай дэмакратыі і эстэтыкі ар-нуво, служыць адным з першых у гісторыі фантастыкі бачанняў іншай цывілізацыі». І сапраўды, нягледзячы на тое, што фільм стары і эфекты ў ім выключна практычныя, ён і сёння выглядае як адзін з  найлепшых прыкладаў росквіту чалавечай фантазіі ў кіно. Музыку выконваў гурт «Мроі Пафнуція», лідарам якога з’яўляецца Павел Кузюковіч — музыкант і папулярызатар класічнай музыкі. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Грае на валторне, трубе, альпійскім розе і флюгельгорне. У мінулым  — удзельнік гурта «Ляпис Трубецкой», валтарніст аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

Далейшая праграма «Кінемо» не менш цікавая: 20 жніўня — фільм «Асфальт» (Германія, 1929 г., музыка Фердынанда Брайля, выконвае Five-Storey Ensemble). Апошні паказ адбудзецца 27 жніўня і  прадставіць увазе публікі пяць класічных кароткаметражных фільмаў, сярод якіх легендарны «Андалузскі пёс» Луіса Бунюэля (музыка Ігара Комара, выконвае Five-Storey Ensemble).

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?