Вы тут

Алічбаваная Адысея


Ulis — гурт, добра вядомы аматарам айчыннай рок-музыкі. Папулярны ў дзевяностыя і нулявыя, ён паспеў выпусціць пяць альбомаў, апошні з якіх выйшаў у 2003-м годзе. Але потым Ulis сышоў са сцэны, напэўна, адправіўшыся ў шлях да сваёй таемнай Ітакі. Здаецца, ніхто ўжо і не чакаў, што гурт хоць як-небудзь нагадае пра сябе ў 2020-м годзе, бо з моманту выхада апошняй пласцінкі прайшло 17 гадоў. Ulis загінуў у моры-акіяне, стаў ахвярай міфічных монстраў або вырашыў пакінуць думкі пра Ітаку ў самым аддаленным кутку сваёй свядомасці і пачаць новае жыццё ў новым месцы. І так працягвалася да таго часу, пакуль нейкія энтузіясты не вырашылі алічбаваць архіў гурта і такім чынам распавесці аматарам музыкі пра тое, як пачынаўся беларускі рок у той час, калі незалежнай Беларусі яшчэ нават не існавала. Гэтыя энтузіясты высадзіліся ў Ітацы нумар два, знайшлі там хату Ulis’а і запісалі за ім расповед пра авантуры з мінулага (калі працягваць міфалагічную метафару).


З’ява сапраўды ўнікальная, бо, здаецца, сёння ў Беларусі не так шмат людзей, якія хацелі б вярнуцца да таго часу, калі беларускі рок быў нейкім дзіўным, андэграўдным жанрам, цікавым толькі вельмі вузкаму колу слухачоў. Тым больш гэтая падзея не суправаджалася ні навінамі пра тое, што гурт зноў збіраецца разам, каб правесці юбілейныя канцэрты, ні анонсамі новых трэкаў. Толькі пяць альбомаў, што ўжо ёсць. Іх цяпер можна паслухаць на розных анлайн-платформах. І, безумоўна, гэта вельмі добрая з’ява для беларускай культуры — як вяртанне на радзіму твораў беларускіх мастакоў, што па розных прычынах апынуліся за межамі нашай краіны. Зразумела, што сёння вінілавыя пласцінкі ці старыя касеты купляюць толькі зусім апантаныя калекцыянеры ці фанаты канкрэтных гуртоў, і гэта, мабыць, дзесяць адсоткаў ад агульнай колькасці патэнцыйных слухачоў. Менавіта таму важна алічбоўваць архівы тых гуртоў, што ў свой час значна паўплывалі на развіццё беларускай музыкі. Ulis — адзін з іх. Але ўсё ж такі трэба памятаць, што першы альбом гурта выйшаў ужо больш за трыццаць год таму. Гэты факт выклікае лагічнае пытанне: а ці «захавалася» музыка Ulis дастаткова добра, каб прывабіць новых слухачоў, альбо гэтая алічбоўка архіва  — падарунак фанатам па старой памяці і сёння такі рок не зусім актуальны?

Адказаць на гэтае пытанне адразу і ўпэўнена немагчыма па дзвюх прычынах. Па-першае, вельмі цяжка сказаць, ці патрэбны быў выхад альбомаў Ulis на стрымінгавых сэрвісах, бо папулярнасць заўсёды з’яўляецца адноснай (але зараз на «Яндекс. Музыка» ўжо 130 карыстальнікаў дадалі гурт у раздзел «Мая калекцыя», рэкамендуючы такім чынам калектыў іншым слухачам). Па-другое, у сучаснай беларускай музычнай прасторы Ulis амаль не згадваецца, бо, напэўна, гэты этап развіцця застаўся ў далёкім мінулым. Па-трэцяе, музыка гурта даволі моцна змянялася на працягу творчага шляху, таму казаць пра тое, што камусьці спадабаецца дыскаграфія цалкам, амаль немагчыма. Часцей за ўсё людзі выбіраюць для сябе з некалькіх альбомаў частку любімых, а пра ўсе астатнія кажуць: «Яны ўжо не тыя».

Каб разабрацца ва ўсім гэтым, трэба прааналізаваць усе пяць альбомаў. Гэта дапаможа зразумець, наколькі творчасць калектыву можа зацікавіць людзей, якія сочаць за сучаснымі беларускімі рок-гуртамі.

Натхненне і пошук

Першы альбом Ulis «Чужаніца» выйшаў у 1989 годзе, і здаецца, тады ён павінен быў падавацца аматарам беларускай музыкі нейкім выбухам бомбы. Гэта добры, вельмі олдскульны рок-н-рол, у якім можна знайсці сляды розных заходніх гуртоў: Jethro Tull (фолкавыя матывы і агульная «прагрэсіўнасць» альбома адразу нам нагадваюць пра вядомую фолктрылогію гэтага калектыва), Led Zeppelin (там, дзе бачым разам олдскульны рок-н-рол і нейкія элементы фолку, адразу думаем менавіта пра гэтых брытанцаў), Rolling Stones (бацькі рок-н-ролу, калі любы, нават самы сучасны, музыкант, вырашае, што галоўным у яго новым творы будзе гітарны рыф, хутчэй за ўсё некалі ён быў фанатам Кіта Рычардса ці Міка Джагера) і іншых. Але пры гэтым нельга казаць пра тое, што Ulis пераймае іх эстэтыку цалкам ці канкрэтныя музычныя прыёмы. Правільней будзе казаць, што гурт натхняецца заходнімі калегамі, але ўсё ж такі спрабуе знайсці свой унікальны стыль, які не дазволіць папракнуць плагіятам. Слухаючы альбом, разумееш, чаму гурт рэкламуюць у першую чаргу як «той самы калектыў, па якім нельга сказаць, што гэта беларускі рок». Гучыць Ulis вельмі якасна і самабытна. Няма адчування, што гэта бессэнсоўная калька з захаду, як няма жадання сказаць «я лепш паслухаю…» і назваць любы іншы гурт. Гэта, безумоўны плюс першага альбома беларускіх музыкаў, бо стварыць нешта сваё ў час, калі амаль усе вакол захапляюцца заходняй музыкай, даволі цяжка. Тым больш у выпадку, калі табе самому гэтая музыка падабаецца. Але беларусы здолелі перамагчы ў гэтай вайне з уласнымі жаданнямі, таму выпусцілі першы свой добры альбом нават да 1991-га — года, які дагэтуль лічыцца адным з самых важных для рокі метал-музыкі.

Акрамя заходняга ўплыву, вельмі заўважным у плане лірыкі падаецца ўздзеянне руска-савецкіх рок-гуртоў. Як і ў шматлікіх іншых калектываў таго часу, цэнтральнае месца ў альбоме «Чужаніца» займае тэма перамен, новага парадку і абуджэння (песні «Калі імперыя знікне», «Краіна ў кратах», «Іржавыя дні»). Следам за вядомымі гуртамі «Кіно», «Акварыум», «Наўцілус Пампіліус» і іншымі Ulis патрабаваў зменаў і  злому старых парадкаў, каб на іх месцы выраслі новыя прыгожыя кветкі краіны. Гэта ўжо феномен, бо звычайна нават сучасныя гурты, якія спрабуюць выказвацца пра палітыку ці нейкія сацыяльныя праблемы, хутчэй акцэнтуюць увагу на перажываннях з нагоды гэтых праблем. Сучасная музыка ўвогуле больш рэфлексіўная, таму на кантрасце з ёй песні гурта Ulis гучаць амаль панкавымі заклікамі. Безумоўна, іх лірыка не такая мудрагелістая і метафарычная, як у Барыса Грэбеншчыкова, але і там знаходзяцца вельмі добрыя жорсткія вобразы: «Заліты крывёю барыкады ў маіх снах / скрыжаванне вуліц Вайны, Грамадзянскай і Жах». Увогуле дэбютная пласцінка гурта Ulis — добры прыклад таго, як савецкія музыкі пераймалі досвед заходніх калег і трансфармавалі яго так, каб аўтарскі пункт гледжання на музыку быў усё ж такі на першым месцы.

Звычайныя прадстаўнікі жанру

«Чужаніца» — альбом, які быў асабліва цікавы беларускаму слухачу ў час выхаду, але і зараз аматары старой школы рока змогуць атрымаць асалоду ад гэтых рыфаў з прысмакам Led Zeppelin і тэкстаў, прасякнутых свежай пратэстнай энергіяй. Здаецца, што з кожным наступным альбомам гурт будзе толькі развівацца і станавіцца лепей, але штосьці здарылася — Ulis чамусьці на доўгі час вырашыў спыніць эвалюцыю. Дзве наступныя пласцінкі калектыва — «Краіна доўгай белай хмары» (1990 г.) і «Танцы на даху» (1993 г.) — паказальны прыклад таго, як гурт з вялікім патэнцыялам нечакана для ўсіх можа спыніць развіццё і, больш за тое, пайсці назад. Калі «Чужаніца» — праца, у якой адчуваецца ўплыў як заходніх музыкантаў, так і савецкіх калектываў, то два наступныя альбомы страчваюць гэты ваў-эфект захаднасці і ўжо падаюцца звычайнымі прадстаўнікамі таго жанру, што цяпер мы называем «рускім рокам». Амаль няма цікавых рыфаў і мелодый, усе рытмы даволі прымітыўныя і часам паўтараюць удалыя знаходкі «Чужаніцы», прагрэсіўнасць нікуды не падзелася, але з сучаснага погляду яна падаецца наіўнай і гучыць як не вельмі патрэбнае ўскладненне музыкі, якое робіць яе больш грувасткай і цяжкай для ўспрымання. Калі «Чужаніца» падаецца свежым паветрам (нягледзячы на тое, што менавіта тут найбольш заўважны адбітак часу), то «Краіна доўгай белай хмары» і «Танцы на даху» на працягу праслухоўвання пакідаюць вельмі непрыемнае пачуццё, быццам тое-сёе з гэтых альбомаў ты ўжо чуў у розных мясцовых рок-гуртоў, якія, не саромеючыся, дазваляюць сабе паўтараць амаль нота ў ноту тыя музычныя хады, якія ім падабаюцца. Вядома, да такога ўзроўню Ulis не апускаецца, але ўсё роўна вельмі важнае для музыкі адчуванне наватарства страчваецца. Гэта звязана не толькі з тым, што мы аналізуем альбом, зыходзячы з сучаснага становішча музычнай індустрыі, але і з тым, што першы альбом гучаў унікальна, калі яго параўноўваць з іншымі савецкімі (ды і не толькі савецкімі) пласцінкамі таго ж напрамку. Два ж наступныя гучаць звычайна і амаль ніякім чынам не вылучаюцца сярод іншых альбомаў таго часу. Часткова гэты эфект страчваецца, калі Ulis пачынае эксперыментаваць з фолкам, але на фоне такіх песень астатнія гучаць яшчэ больш сумна.

Страчаная энергія

Напэўна, сам гурт у свой час таксама адчуў гэты крызіс, таму музыканты вырашылі даволі радыкальна змяніць гучанне калектыва. Апошнія два альбомы — «Падарожжа» (2000 г.) і «Lusterka» (2003 г.) — гэта ўжо сапраўдны зварот да металу, гранжавых традыцый, якія пачалі даходзіць да постсавецкай прасторы разам з гуртом Nirvana. І гэты ўплыў сапраўды аднавіў Ulis — песні стала цікавей слухаць, у іх з’явілася страчаная раней энергія. Нечакана замест зусім лёгкіх гітарных рыфаў рок-н-ролу ў трэку «Забыты герой» мы чуем цяжкі рыф, які наўрад ці абрала б Metallica, але іншыя гурты, дзе «метал» быў больш важны за частку «хэві», сапраўды маглі б яго выкарыстаць. Часам нават прасочваюцца матывы ню-метала, што для беларускіх гуртоў увогуле ўнікальны выпадак, бо Беларусь гэты вельмі папулярны ў свой час жанр быццам бы абмінуў. Музыка сапраўды зноў паднялася да заходняга ўзроўню. Больш за тое, пасля таго, як Ulis стаў іграць на полі металу, ён адразу атрымаў шмат бонусных балаў, бо ў  нашай краіне цяжкая музыка не вельмі распаўсюджана, як, напрыклад, у суседняй Польшчы.

Але калі музыка зноў стала цікавай, то тэксты — наадварот, быццам бы працягнулі рэгрэсіраваць. Пратэст спачатку змяніўся сумным «дапамажы», а потым увогуле нейкімі абстрактнымі, безыдэйнымі пасажамі пра вар’яцтва ці танцы (у апошнім альбоме калектыву ёсць песні «Вар’ят», «Звар’яцелы танцор» і «Я танчу»). Складваецца уражанне, што аўтар тэкстаў групы пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць і савецкі рэжым перастаў існаваць, больш не змог прыдумаць нейкіх цікавых тэм і таму прыдумляў усё больш бесхарактарныя лірычныя матывы. І на апошніх двух альбомах гэта вельмі адчуваецца.

Здаецца: тры з пяці альбомаў, што прайшлі праверку часам — гэта даволі дрэнны рэзультат для гурта, які ў мінулым быў флагманам беларускай рок-, а потым і  метал-музыкі, але насамрэч гэта не так. За 17 год, з моманту выхаду апошняга альбома Ulis, у музыцы шмат што змянілася, таму даволі прадказальна, што частка запісанага ў пераходны перыяд матэрыялу цяпер успрымаецца не так добра, як тады, але разам з тым ад дэбютнай пласцінкі і дзвюх апошніх можна атрымліваць асалоду і сёння. І адно гэта ўжо кажа пра якасць музыкі, а таксама пра тое, што алічбаваць архіў Ulis было патрэбна.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?