Вы тут

«Галоўнае, хлопцы, не падаць духам!..»


«Лічу найважнейшымі ў чалавеку такія якасці, як сумленнасць, патрыятызм, працавітасць, надзейнасць, адказнасць, прафесійнасць, цярплівасць, прынцыповасць, жыццярадаснасць і, вядома ж, любоў да жыцця,  — падзяліўся ў размове з карэспандэнтам “ЛіМа” Анатоль Верабей, адзін з укладальнікаў 25-тамовага Збору твораў і кіраўнік першага найбольш поўнага навукова-каментаванага выдання творчай спадчыны У.  Караткевіча, крытык і літаратуразнаўца, дацэнт кафедры беларускай літаратуры філфака БДУ.


Фота Кастуся Дробава.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Саюза беларускіх пісьменнікаў за кнігу “Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча” (1998 г.). — Часта згадваю майго бацьку, які за тры дні да смерці казаў нам, сынам: “Галоўнае, хлопцы, не падаць духам!”. У выкладчыцкай дзейнасці заўжды памятаў параду Алега Лойкі, які напачатку 1990-х гадоў раіў мне, пачынаючаму тады выкладчыку філфака БДУ: “Трэба, каб студэнты не менш двух разоў засмяяліся на лекцыі”. Дарагое мне пажаданне Уладзіміра Караткевіча ў яго дарчым надпісе пад вокладкай рамана “Чорны замак Альшанскі”: многа-многа зрабіць...»

 — Якія прыступкі вы прайшлі, каб дасягнуць таго, што дасягнулі?

—Праца над маёй кандыдацкай дысертацыяй на тэму «Максім Танк і польская літаратура» дазволіла глыбей адчуць масштабнасць постаці творцы, зразумець, што з творамі сусветнай літаратуры ён пазнаёміўся праз польскую мову. Але гэта станоўча паўплывала на яго мастацкія пошукі і адкрыцці. Танк у той час узвышаўся сярод польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх паэтаў.

Важныя для мяне былі этапы, калі рыхтаваў тэкст і  каментарыі да трэцяга тома Збору твораў Піліпа Пестрака ў 5 тамах (1985), даследаваў творчасць выдатнага паэта 1920—1930-х гадоў Уладзіміра Хадыкі і ўклаў яго зборнік «На ўзвеях дзён» (1986) (пісьменнік загінуў у высылцы ў кар’еры каля Улан-Удэ, абвалілася глыба).

Шмат дала мне як даследчыку праца над кнігамі «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20 — 30 гадоў» (1990). Як аказалася, у перыяд сталінскіх рэпрэсій пераклады былі не толькі спосабам творчага самавыяўлення, але і сродкам мастацкага пераўвасаблення. Тое, што нельга было выказаць у  вершах, выказвалі ў перакладах, калі перастваралі на родную мову грамадзянскія творы свабодалюбівых Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Мікалая Някрасава, Тараса Шаўчэнкі, Адама Міцкевіча. Хоць і  пісаліся ў той час праграмныя вершы кшталту «Я — калгасніца маладая», былі і пераклады, у якіх прасочваліся аналогіі з сучаснасцю (а тады быў 1937 год — самы пік арыштаў). Як прыклад можна прывесці пераклады Купалы паэмы Шаўчэнкі «Сон», «Слова пра паход Ігаравы» альбо «Меднага конніка» Пушкіна, дзе паказана, якім коштам аплочана дасягенне Пятра Першага, якія тады панавалі тыранія і дэспатызм.

З 1978 года даследую і творчасць Уладзіміра Караткевіча. Гэта геній, якім магла б ганарыцца любая краіна. Як шмат ён зрабіў для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці! Для творчасці Караткевча галоўнае тое, што, паэтызуючы гісторыю, ён уздымаў пытанні, актуальныя для сучаснасці. Напрыклад, у «Дзікім паляванні караля Стаха», хоць гэта і дэтэктыўная аповесць, паказаў беларускае грамадства 80-х гадоў ХІХ стагоддзя ў яго супярэчнасцях, з яго культурнай і гістарычнай адметнасцю.

Прыемна ўсведамляць, што браў удзел у выданні Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 8 тамах(1987—1991). Дарэчы, гэта выданне меркавалі зрабіць у 10 тамах, але зацвярджалася ўсё праз Маскву, а там адзін чыноўнік заўпарціўся: маўляў, як гэта так, народны пісьменнік Беларусі Мележ, лаўрэат Ленінскай прэміі, мае 10 тамоў, а тут нейкі Караткевіч... І тады Рыгор Барадулін, які працаваў у «Мастацкай літаратуры», знайшоў выхад: вырашылі восьмы том выдаць у дзвюх кнігах...

— У чым, на вашу думку, загадка Караткевіча? Ён жа рос у сям’і, дзе бацька размаўляў на трасянцы, а маці па-руску...

— У яго шляхецкія карані і па матчынай, і па бацькавай лініі. Даследаваў радавод Караткевіча. Прасачыў да 1546 года, калі Даніла і Гаўрыла ў Рэчыцкім павеце атрымалі шляхецтва за заслугі. З нічога нічога не бывае... Агромністае ўздзеянне на пісьменніка аказаў яго дзед Васіль Юльянавіч Грынкевіч, ён быў цудоўным апавядальнікам. Многія яго расповеды ляглі ў аснову апавяданняў Караткевіча. Яго выкладчыкамі ў Кіеўскім універсітэце былі акадэмік Аляксандр Бялецкі і прафесар Аляксандр Назарэўскі. Пачынаў пісаць ён па-руску, але Максім Рыльскі параіў: «Калі хочаш рэалізавацца як пісьменнік, пішы па-беларуску».

Мне пашчасціла быць знаёмым з Уладзімірам Караткевічам. Ён, чалавек энцыклапедычных ведаў, старэйшы за мяне на 20 гадоў, ніколі не дазваляў адчуць яго перавагі, быў вельмі карэктным і ветлівым...

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.