Вы тут

Міхаіл Баразна: «Увесь мастацкі свет — гэта пляцоўка для канкурэнцыі»


У Акадэмію мастацтваў рэдка трапляюць выпадкова. Такога меркавання прытрымліваецца рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, фотамастак і публіцыст Міхаіл Баразна. Ён — выпускнік мастацка-прамысловага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і на працягу ўжо 28 гадоў працуе ў творчай ВНУ. Да ўвагі чытачоў «ЛіМа» — развагі Міхаіла Баразны пра ролю педагога, падыход да працы і найскладанейшую задачу мастака.


Фота з асабістага архіва Міхаіла Баразны.

Традыцыйнае і актуальнае

— Сёлета ўступная кампанія прайшла, спасылаючыся на бюракратычны выраз, «у штатным парадку». Былі пэўныя змены ў арганізацыі ўступных экзаменаў, што выклікана неабходнасцю выканання сацыяльнай дыстанцыі. Так, паміж абітурыентамі на некалькіх спецыяльнасцях, дзе прадугледжаны пісьмовыя работы альбо работы мастакоў, была большая адлегласць, чым заўжды. Заданняў не паменшала ў адрозненне ад некаторых суседніх краін. Дарэчы, Акадэмія мастацтваў — адна з нямногіх устаноў у Беларусі, дзе семестравыя іспыты праходзяць пры адчыненых дзвярах, таму кожны можа ўсё гэта пабачыць.

Пра сярэдні конкурс казаць яшчэ рана, але, упэўнены, што ён не ніжэйшы за конкурс мінулых гадоў. Зніжэння не адбылося і не магло адбыцца, бо людзі, якія прыходзяць да нас, робяць свядомы выбар. Дый Беларусь багатая на здольных людзей — на асаблівасць нашай зямлі нараджаць таленты нішто не паўплывае. Між тым сёлета апеляцый стала, мабыць, меней. Часта маладыя людзі імкнуцца атрымаць кансультацыю, а ў камісію па апеляцыях уваходзяць знакамітыя творцы, прафесіяналы, якія не адно дзесяцігоддзе працуюць у акадэміі. Гэтыя асобы не ўваходзяць у склад экзаменацыйных камісій, але, маючы вялікі прафесійны досвед, могуць пракансультаваць такім чынам, што чалавек атрымлівае арыенцір, стратэгію на наступны год.

Увогуле ж, эпідэміялагічная сітуацыя не істотна паўплывала на адукацыйны працэс. Паспрабуйце нашаму студэнту забараніць ляпіць, рэзаць, клеіць, фарбаваць, маляваць, танчыць, спяваць… Я не ведаю такую сілу, якая магла б перашкодзіць ці перавесці гэта ў ненатуральную для мастацтва форму. Сёлета адзінае змяненне: мастакі не праходзілі практыку паза межамі Мінска, але не думаю, што мы нешта згубілі. Між тым практыка ў тэатрах і тэлевізійных кампаніях перанесена на больш позні, чым звычайна, перыяд — верасень.

Інтуіцыя, вопыт, удача

— Выкладчык не толькі носьбіт ведаў і навыкаў. Няхай у сям’і бывае рознае, але педагогі Акадэміі мастацтваў — высокамаральныя асобы з каласальным вопытам і статусам у мастацкім жыцці. Яны заўсёды былі і  застаюцца маякамі. На іх акадэмія і трымаецца. Сёння вельмі шмат дыскусій пра тое, ці павінен сучасны дзеяч мастацтва быць рамеснікам або інтуітыўным творцам. Гэта тычыцца ўсяго: і кіно, і тэлебачання, і выяўленчага мастацтва, і архітэктуры, і дызайну. Але ж ніхто не пойдзе да лекара, які не мае прафесійнага досведу. Хаця мне вельмі падабаецца кіно, знятае, напрыклад, на смартфон. На занятках жа люблю распавядаць пра палароідныя фотаздымкі Андрэя Таркоўскага. Але свае знакамітыя стужкі ён, вядома, здымаў пры дапамозе іншых інструментаў.

Як выкладчык я абапіраюся і на інтуіцыю, і на вопыт, і нават на ўдачу. Разам з тым педагог Акадэміі мастацтваў павінен валодаць ведамі ў сферы індывідуальнай і сацыяльнай псіхалогіі, ведаць асновы класічнай і сучаснай філасофіі і, безумоўна, эстэтыкі і паэтыкі. Трэба разумець і тое, што адбываецца ў літаратурным жыцці. Не апошнюю ролю іграе жыццёвы вопыт: пазітыўны, негатыўны, які заўгодна. Безумоўна, неабходны веды ў сферы эграномікі зрокавага ўспрымання. У нас хапае і маладых кадраў, і ўжо зорных творцаў. Сярод іх — Ігар Салаўёў, Уладзімір Зінкевіч, Валерый Славук, Уладзімір Мішчанчук… Усіх не пералічыш. Трэба ведаць, якія дыялогі паміж выкладчыкамі і студэнтамі адбываюцца ў нашых аўдыторыях! Гэта сумесная інтэлектуальная праца, вельмі тонкая, некрыклівая, часам незаўважная. Я дапускаю, што дыялогі не заўсёды могуць быць выключна лагоднымі, але заўжды разважаем пра лепшае. Менавіта таму і  нараджаюцца такія яркія зоркі, як, напрыклад, Канстанцін Касцючэнка, які зрабіў манумент «Брама памяці» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Мы выхоўваем чалавека, які, маючы дыплом акадэміі, здольны на такі творчы подзвіг.

Заўважу, што ў мяне былі найвыдатнейшыя педагогі. Магу пералічыць усіх, нават тых, з якімі ў гады студэнцтва былі пэўныя непаразуменні. Успамінаю Леніну Міронаву, Міхася Будавея, Анатоля Занеўскага, Міхася Раманюка… Апошні значна паўплываў на маю схільнасць да навуковай дзейнасці і на жыццё ўвогуле. Добра памятаю шматгадзінныя размовы з Уладзімірам Конанам не толькі ў акадэміі, але і па-за яе сценамі. Акадэмія мастацтваў заўсёды адрознівалася тым, што выпадковасць была наўпрост выпадковасцю: калі людзі траплялі сюды выпадкова, то надоўга не заставаліся. Магчыма, таму многія выкладчыкі сталі маімі настаўнікамі. І, мне здаецца, сутнасць адносін студэнта і выкладчыка за дзесяцігоддзі ніяк не змянілася, хай сабе сталі менш гаварыць пра каларыстычнасць і больш пра канцэптуальнасць у жывапісе.

Кіраванне як творчы саўдзел

— У мяне такое адчуванне, што я прыйшоў сюды працаваць калі не ўчора, дык пазаўчора, няхай барада і стала сівая (Смяецца.). Акадэмія мастацтваў — гэта ў пэўнай ступені вытворчасць, фабрыка ці завод… Гледачу часам здаецца, што тыя ж мастакі — нейкія гультаі, якія сядзяць на тронах з пэндзлікам і кубкам кавы ды ад ляноты нешта малююць. Але не кожны разумее, якая гэта каласальная, у тым ліку фізічна, праца. Большасць бачыць толькі вынік у музейным інтэр’еры. Працэс кіравання гэтай фабрыкай — толькі саўдзел у адукацыйным, творчым, кадравым працэсе. Апошнім часам на пасады загадчыка кафедры, дэкана прыйшлі даволі маладыя людзі. Напрыклад, дэканам мастацкага факультэта стала кандыдат навук Ганна Конанава, якая скончыла акадэмію зусім нядаўна. Важным лічу інтэграцыю ў працэс навучання і творчай дзейнасці пытанняў праблем сучаснага мастацтва. У нас створаны студэнцкі цэнтр сучаснага мастацтва «Alla prima», які прадставіў шмат творчых акцый, выставак, у тым ліку ў Дрэздэнскай і ў Віленскай акадэміях мастацтваў. Апафеозам летась стала выстаўка «Стужка часу» ў Палацы нацый у Жэневе — рэтраспекцыя работ студэнтаў і выкладчыкаў. На дадзены момант гэта, магчыма, адна з найвышэйшых ступеней міжнароднага прызнання акадэміі.

Не магу сказаць, які я кіраўнік — кансерватар ці рэфарматар, бо кожныя пяць хвілін адчуваю сябе парознаму. Усё ў залежнасці ад абставін, і гэта найбольш аптымальны кіраўніцкі метад. Мае падначаленыя маюць каласальнае грамадскае прызнанне: яны народныя мастакі, заслужаныя дзеячы мастацтваў, лаўрэаты дзяржаўных прэмій, хоць у мяне таксама ёсць пэўныя ўзнагароды і статус у творчым грамадстве. Трэба дзякаваць лёсу, што ёсць магчымасць параіцца, калі гэта неабходна. Бо кожны — творца, з характрам, з амбіцыямі, і з гэтым трэба лічыцца. Такую асаблівасць творчага асяродка трэба выкарыстоўваць на карысць самога творчага асяродка. Але не буду казаць, што ўсё ўдаецца.

Зрабіць і даказаць

Заняткі мастакоў. 50-я гады мінулага стагоддзя.

— Увесь мастацкі свет — пляцоўка для канкурэнцыі, да таго ж вельмі жорсткая. На мой погляд, творы павінны выходзіць з выставачных залаў. Мастакі павінны імкнуцца быць калі не ў лідарах, то ў першых шэрагах працэсаў, звязаных з тымі ж сацыяльнымі сеткамі. Не магу гэтага патрабаваць, тым больш ад выкладчыкаў, якім за 70, але што тычыцца большасці педагогаў і студэнтаў, то яны актыўныя карыстальнікі і ўдзельнікі творчых праектаў у Instagram і Facebook. Не скажу, што новыя сродкі нешта надта змяняюць у гэтым кірунку — маю на ўвазе афармленне інтэр’ераў, напрыклад, анкалагічных цэнтраў, што мы зрабілі за нашы сродкі.

Але мастак, рэжысёр, акцёр павінен быць асцярожным у выказваннях. Бо творчая суполка — асяродак не толькі канкурэнтны, але і эмацыянальны. У свеце мастацтва любая крыўда можа нанесці шкоду, часам большую, чым калі яна наўмысная. З вопыту скажу, што перажыванні творчага чалавека могуць прывесці да катастрафічнага выніку. Варта задумвацца, дзеля чаго ты нешта прамаўляеш. Інтэрпрэтацыя — таксама негатыўная ўласцівасць медыйнага асяродка. Нам трэба паважаць выбар аўтара і яго бачанне свету. Тут толькі адно правіла: вандалізм трэба ўспрымаць як вандалізм, а мастацтва — як мастацтва.

Для мяне мастацтва — свет цеплыні і дабра. Гэта не азначае, што ў катэгорыю мастацкасці ўваходзіць толькі прыемнае для вока. Усё роўна ёсць рацыянальны ды ірацыянальны свет, якія сутыкаюцца і ў гэтай сферы. Рацыянальныя крытэрыі больш важныя для экспертнай ацэнкі. Разам з тым самыя магутныя ацэнкі — з ірацыянальнага свету. Старэйшыя супрацоўнікі распавядалі: калі ў 1939 годзе перавезлі крыж Ефрасінні Полацкай у Магілёў і паклалі ў пакой-сейф цяперашняга музея П. Масленікава, то людзі, якія праходзілі міма, нягледзячы на зачыненыя дзверы, падалі на калені. Пастаўце некалькі чалавек перад Джакондай, незалежна ад назапашаных ведаў пра мастацтва, іх эмацыянальнае ўражанне будзе амаль аднолькавае.

Ёсць адно выказванне: мастацтва — гэта тое, што робіць мастак, толькі трэба даказаць, што ты мастак. Зрабіць гэта — найскладанейшая задача.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.