Вы тут

Вячаслаў Адамчык. Моўнабагаты і характарны


Вячаслаў Адамчык… Асоба складаная, цікавая, моцна ўзбагачаная розным жыццёвым вопытам, крытычна настроеная да многіх аспектаў неадназначнага пры любых абставінах жыцця, у тым ліку творчага. Аднак жа асоба.


Вячаслаў Адамчык. Вёска Варакомшчына. 1980 г

Мы з Вячаславам Уладзіміравічам сышліся неяк непрыкметна і нязмушана. Мо таму, што абодва заходнікі, «западэнцы», як часам жартаваў ён: я з Нясвіжчыны, ён — з тадышняга Навагрудскага павета. Пры ўсім яго напорыстым характары часта мы размаўлялі на самыя розныя тэмы на роўных. Са спрэчкамі, нязгодай, паразуменнем, адстойваннем сваіх думак і поглядаў, прызнаннем праваты другога спрэчнага боку. Гаворкі маглі ўзнікаць часта зусім нечакана, часам проста на вуліцы, нібыта на адно-два словы, і непрыкметна доўжыліся паўгадзіны, а то і цэлую гадзіну. Часам, калі гэта было каля «Цэнтральнай» кнігарні, што на галоўным праспекце Мінска, ён запрашаў зазірнуць на яго кватэру, якая была зусім блізка, на чаёк ці на нешта іншае, што даспадобы. Але, на жаль, ні разу гэткая сустрэча, хоць бы адна, не адбылася: я не адважваўся, знаходзіў нібыта важкія прычыны і адмаўляўся, адкладваў да лепшага часу, які, на жаль, не наступіў.

 А яшчэ, здавалася мне, Вячаслаў Уладзіміравіч быў чуллівай асобай, болевы парог у яго быў невысокі. Часам, распавядаючы пра нейкую балючую справу, не толькі змяняўся голас, але здавалася, што з яго вачэй вось-вось пырснуць слёзы.

Не парывалі мы сувязяў і тады, калі я працаваў за мяжой: спачатку Генеральным консулам Беларусі ў польскім Гданьску, а пасля першым беларускім паслом у Румыніі. Гаворкі былі падчас майго водпуску, які я заўсёды праводзіў у Мінску. Часам мы ліставаліся. Сёе-тое з таго часу захавалася ў  маім архіве. Я ж копій сваіх лістоў не маю, паспадзяваўся на памяць, але яна падвяла — не памятаю іх. Адно толькі магу прыгадаць, што ў 1999 годзе зрабіў кароткі запіс у сваім дзённіку-нядзённіку — а  так, кароткіх нататках-запісах, аб некаторых падзеях: «Чытаю дзённікавыя запісы Вячаслава Адамчыка. Гэтая восень наогул багатая на дзённікі і спавядальную літаратуру: прачытаў таўшчэзны том Івана Шамякіна “На апошнім перагоне”, яго маладосцеўскую “Слаўся, Марыя!”, Уладзіміра Ліпскага “Мама”. Але ў Адамчыка больш густа замешана мова, гэтулькі нашых заходнебеларускіх слоў, што ажно зайздросна».

Падахвочаны, пачаў прыгадваць і нашы баярска-хутарскія словы. Пачаў запісваць — за адзін прысест запісалася некалькі дзясяткаў. І гэта сталася пачаткам маёй даволі аб’ёмнай працы, якую працягваю і дагэтуль, — стварэннем моўнай памяці: «Мова маці маёй…». Запісваю тыя словы, сказы, выразы, якія бытавалі на нашым хутары Язавец, у вёсцы Баяры, што ў Нясвіжскім раёне, якімі звыкла карысталіся мае землякі. Прызнаюся, сабралася ўжо на добрую кнігу. А памяць усё пакідвае і падкідвае новыя. Так што я мушу сказаць «Дзякуй!» Вячаславу Уладзіміравічу за такую нязвыклую агітацыю мяне, заахвочванне да моўна-зберагальнай працы.

Лісты Вячаслаў Уладзіміравіч дасылаў авіяпоштай непасрэдна ў Бухарэст. Марак на канверце было ажно на 86 тысяч тадышніх рублёў. Мой адрас пазначаў такім чынам: імя і прозвішча па-беларуску, адрас па-румынску. Свой адрас пісаў выключна на беларускай мове. Почырк у яго быў на дзіва выразны і каліграфічны. Калі нейкае напісанае ім слова не падабалася, закрэсліваў (вельмі акуратна) і зверху пісаў патрэбнае. Вось адзін з яго лістоў за 1999 год.

«Велешаноўны спадар амбасадар, дарагі Анатоль!

Дзякую, што ў далёкім, прыгожым Бухарэсце — у мяне калісьці меўся шыкоўны фотаальбом гэтага старажытнага, унікальнага горада — вы не забыліся згадаць маё імя і разгарнуць некалькі старонак з маёй кніжкі, якою я ўжо не магу пахваліцца, бачачы столькі агрэхаў і недаравальнай недапрацаванасці. Іншы раз проста недасягае, можа, не столькі здольнасцей, колькі цярплівай працавітасці. Добрая проза — гэта не размах пяра, а ўпартае шуканне належнага слова. Цярплівае і нястомнае. Але вернемся да Румыніі.

Вядома, па адным фотаальбоме ўявіць усю краіну цяжка. Але колькі гадоў таму я адпачываў у Малдове — своеасаблівым, багатым краі — сярод шчырых, спагадлівых людзей.

Старэйшыя кабеты не ведалі рускай мовы. Аднак мяне ці прымалі за малдаваніна, ці думалі, што я ведаю румынскую мову, бо ўсюды і заўсёды гаварылі са мною па-румынску. Не забудуся, як пажылая жанчына, прайшоўшы са мною вуліцаю доўгага сяла (там была цэрква), распавядала пра сваю бяду і клопат — гэта можна было зразумець па жэстах і міміцы. Я намагаўся перабіць яе рускім словам, але яна адно здзіўлёна падымала свае выцвілыя вочы і гаварыла далей парумынску. Якімі нарэшце прыязнымі людзьмі мы з ёю рассталіся. Няхай беражэ яе Бог!

А колькі песняў я там пачуў, калі на дачы ў малдаўскага літаратара, у яго вінным скляпку, мы слухалі белавалосага, з блакітнымі вачыма і гучнаю гітараю маладога дакійца.

Як памятка аб незабыўнай Малдове з яе ўраджайнаю тлустаю зямлёю, крутымі ярамі і лабатымі пагоркамі, вінаграднікамі, маладым віном і чародкамі прыгожых шчыглоў на распушаным асоце ў мяне на дачы закрасавалі дзве яблынькі і дзве слівы.

Добра зробіш, шаноўны Анатоль, калі сваю памятку аб Бухарэсце замацуеш кароткімі запісамі ў кішанковым блакноце. Светлая памяць заўсёды і надзейна фіксуецца самым скупым запісам у блакноце.

Велешаноўны Анатоль, ты кажаш: “Вы дома, вы разам”. Праўдзіва так, праўдзіва — не. Альбо, як сказалі б кабеты з-пад Наваградка (чуў на аўтавакзале): “Мога так, мога  — не”. Плывеш іншы раз у натоўпе да экскалатара метро, як рыбка ў касяку малькоў, і адчуваеш, які ты, зрэшты, самотны. І слова наўкруга чужое і, як заўсёды, злосна-нахабнае. І слёзы на вачах, і адчай у сэрцы…

Акрыяеш душою хіба дома за сталом, узяўшы пяро і пусціўшыся ў радаснае падарожжа ўспамінаў. Дарога твая бяжыць да замшэлых валуноў на родным полі, боханістых пагоркаў, завешаных таемнаю сінечаю, да матчынага слова, што ўжо збічавана нявераю і пагардаю…

Так вось… З майго пісьмовага стала, як са стапеляў, сплылі ў бяскрайняе мора пошуку свайго чытача тры апавяданні: “Прылёт кажана” (часопіс “Аrche”), “Смерць на парозе” (часопіс “Полымя”), навела пра каня (зноў “Аrche”).

Вайна і пасляваенныя гады. Час агню, мору, забойства. З жахам успамінаю расказ гарадзішчанскага сакратара, як у цэнтры Нясвіжа, на пляцы, колькі дзён ляжалі пяць ці шэсць забітых акаўцаў. Для страху, вядома. Каб іншым непанадна было.

 Можа, калі напішацца і пра гэта. Наша ж проза як толькі магла, так намагалася абысці драматычныя падзеі. Вайну малявалі толькі адною фарбаю. А вялікі граф Лёвушка змушаў сябе пісаць, як ён казаў, у змешаным.

Але — усяго найлепшага. З павагаю Вяч. Адамчык.

30 кастрычніка 1999 года.

Мінск».

Алесь Разанаў і Вячаслаў Адамчык.

Яшчэ адзін ліст, крыху пазнейшы.

«Велешаноўны спадар Анатоль!

Праз карункі вашых іерогліфаў ледзьве даходзіў да сэнсу вашага ліста. Але дзякую вам за ваш патаемны і наразгаданы ліст. Бо ўсё ж зразумеў, што вёска Баяры, якая стаяла на мяжы радзівілаўскіх уладанняў, дзе звычайна панцырную (ахоўную, вартаўнічую) службу выконвалі крымчакі, з’яўлялася вёскаю, з якіх выходзілі Багдановічы, Міцкевічы, Багушэвічы, Адамовічы, Зарэцкія… і нават Адамчыкі (Шайбакі). Да такое высновы я прыйшоў, прачытаўшы дакументы магнацкіх уладанняў з мястэчка Цімкавічы, адкуль паходзіў род Мікалая Карлавіча Раманоўскага (Кузьмы Чорнага).

Успомнілася вёска Арда з каталіцкім касьцёлам пасярод яе (ахрышчанымі татарамі) і найсьвятлейшаю беларускаю моваю. Вось бы кніжыцу пра іх, беларускіх татараў-католікаў. У Клецкім раёне я  бываў у 1959-м годзе, абышоўшы пеша тамтэйшыя вёскі. Нізкі паклон тваёй радзівілаўска-беларускай зямлі.

З павагаю Вяч. Адамчык.

26.02.2000».

О, як шмат яшчэ мог бы ён зрабіць і напісаць, калі б шчодры Бог дараваў яму працяг творчых і плённых дзён і гадоў. Але і тое, што зроблена, неаспрэчна сведчыць пра высокі і непаўторны палёт таленту над сваёй любімай зямлёй, адрывацца ад якой ён не хацеў і не ўмеў.

Анатоль БУТЭВІЧ

Фота з сямейнага архіва Адама Глобуса

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».