Вы тут

«...Каб Бог сказаў, што мы мусім зрабіць»


Хто стаў першым пісьменнікам, вядомым за межамі расійскай дзяржавы? Палачанін Сімяон Полацкі!.. Менавіта з яго пачынаецца гісторыя кніжнай паэзіі і драматургіі, ён вызначыў вектар развіцця ўсёй расійскай славеснасці, далучыў рускую літаратуру да сістэмы агульнаславянскага і еўрапейскага барока. Менавіта з ініцыятывы Сімяона Полацкага ў Маскве адкрылася першая вышэйшая агульнаадукацыйная навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Трагедыя Івана Штэйнера «...Між драконам і лютасцю яго» ўсебакова раскрывае няўрымслівую асобу асветніка, іераманаха, рэлігійнага дзеяча, выхавальніка і настаўніка дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча.


Дзеянне адбываецца ў Заіконаспаскім манастыры 25 жніўня 1680 года — у дзень смерці Сімяона Полацкага. На старонках выдання паўстае вобраз паэта, ужо хворага, які шмат перажыў і выпакутаваў. Але рэалізаваў аўтар сваю задачу такім чынам, што асоба творцы раскрываецца ва ўсёй сваёй шматграннасці і складанасці, то-бок мы бачым не толькі апошні яе «пласт» (дасягненні, расчараванні, боль і пэўная заміранасць з лёсам), але і тое, што папярэднічала і прывяло да адпаведных вынікаў, бачым, якім Сімяон Полацкі быў на працягу ўсяго жыцця (за выключэннем хіба дзяцінства і юнацкіх гадоў). Грані і «пласты» асобы гэтага неадназначнага дзеяча «прадстаўляюць» у п’есе дзеючыя асобы. Акрамя таго, пры дапамозе другасных герояў трагедыі аўтар вучыць разумець творчасць Сімяона Полацкага: цытуецца шмат урыўкаў з яго вершаў і выказванняў, пры ўдзеле самога паэта адбываюцца дыскусіі, спрэчкі. З  вуснаў паэта мы чуем: «Сіманід назваў жывапіс маўклівай паэзіяй, а паэзію — жывапісам, які гаворыць. А  я  імкнуся іх аб’яднаць». Пра творы Полацкага нібы між іншым выказваецца Паслушнік: «Кожная з  кніжыц — прыгажосць боская... А самі вершы можна не толькі чытаць, але і разглядаць. Асмельваюся меркаваць, што маляванне — частка задумы, якая ўплялася ў адзінае мастацкае палатно. А як зліты словы і выявы, літары і малюначкі!» (І тут мы згадваем графічныя вершы ў выкананні сучасных аўтараў, якімі калі-нікалі цешыцца вока, — вядома, першым тут быў Сімяон Полацкі.)

Раскрывае асветнік і сакрэты выкладання навук: «Каб ідэі, якія прапаведуеш, дасягалі свядомасці, школьная паэтыка дазваляла выкарыстоўваць жартоўны тон, забаўляльна-мудрагелістыя формы... — захапіць і пацешыць так, каб навучыць». Праўда, наконт навучання канкрэтна Пятра Аляксеевіча ў  найлепшых рысах трагікамічнага жанру распавядаецца з дыялогу вучня і сакратара С. Полацкага, манаха Сільвестра: «Мала розаг усыпалі Пятру юнаму. Як і таму Нерону. Менавіта таму ў тваім родным горадзе, Сімяоне, ён у храме засячэ сем уніяцкіх свяшчэннікаў і  разбурыць Сафійскі сабор». Такім чынам Іван Штэйнер праводзіць паралелі паміж асобамі Нерона і Пятра І (і гэта, дарэчы, не адзіная паралель, шмат «запаралельванняў» паміж Сімяонам Полацкім і настаўнікам Аляксандра Македонскага філосафам Арыстоцелем).

Нярэдка ў творы сустракаюцца моманты, якія датычаць даўніх падзей, але з’яўляюцца актуальнымі ва ўсе часы. Напрыклад, Сільвестр у  гутарцы з С. Полацкім разважае аб пабудове грамадства: «Ты малюеш сваім вучням палітычны ідэал дачыненняў цара да падданых у вобразе добрага пастыра і авечак: “Не презирати, не за псы имети, / Паче любити, яко своя дети”. Пры гэтым падкрэсліваеш: неабходна кожнаму чалавеку, у тым ліку і правіцелю, строга кіравацца законамі»…

Фігурны верш Сімяона Полацкага ў форме сэрца «От избытка сердца уста глаголят», 1661.

А ўвогуле Іван Штэйнер любіць падысці да бездані і зазірнуць у яе. Дакладней, сам аўтар як творца хутчэй за ўсё перманентна існуе на яе краі, а ў творы падводзіць да яе і чытача. Гэта адбываецца ў перадсмяротных відзежах Сімяона, калі ён размаўляе з чэрапам, што на працягу многіх гадоў быў бязмоўнаю часткай інтэр’ера. «Стань сам на край уласнай ямы, якой ты так пужаў хрысціян. І пабач, што табе ніхто не прыйдзе на дапамогу... Са страхам глядзіш ты, як княскія мітры і  сімвалы святасці, епіскапскія і гетманскія знакі смерць пагардліва зграбае ў адзіную кучу... І ты дарэмна зараз хрысцішся, бо сам не верыш, што Ён пашле табе надзею...» — знясільвае паэта бязрадаснае прадказанне, якое, натуральна, нараджаецца ўнутры яго свядомасці. Але і праменьчык святла як зброя ў самых цяжкіх бітвах (што прыходзіць на дапамогу таксама не звонку, а знутры свядомасці) напагатове: «Згінь, сатана. Мы молімся не для таго, каб сказаць Богу, што Ён павінен ажыццявіць, а каб Бог сказаў, што мы мусім зрабіць...»

Фігурны верш Сімяона Полацкага ў форме зоркі  «Благоприветствие царю Алексею Михайловичу  по случаю рождения царевича Симеона», 1665.

Самым жа галоўным, для чаго аўтар паказаў складаны вобраз Сімяона Полацкага, паўстаюць думкі аб мастацтве і прыродзе творчасці... Ці варта глядзець у касмічную бясконцасць, адкрываць прорву ва ўласнай душы, калі адтуль на цябе можа зірнуць нязведанае? А ў нязведанасці заўжды тоіцца небяспека...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.