Вы тут

Акно ў беларускае Сярэднявечча


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе адразу дзве выстаўкі, прысвечанныя сярэднявечнай гісторыі нашай краіны. Фотавыстаўка «Грунвальд. Сёння» распачалася 15 ліпеня, экспазіцыя «Историческая реконструкция. Прикоснись к прошлому» стала даступная для наведвання 12 жніўня. Два гэтыя праекты аб’яднаны не толькі тэмай Сярэднявечча на Беларусі, але і тым, што наведвальнік не пабачыць сапраўдных артэфактаў  — толькі сучасная рэканструкцыя.

Тое, што ў гістарычным музеі працуе адразу дзве выстаўкі, аб’яднаныя як тэмай, так і  ў  пэўным сэнсе ідэяй, — з’ява незвычайная, бо часцей за ўсё праекты запланаваны такім чынам, што мала паміж сабой перасякаюцца. З’яўляецца гэта супаддзеннем ці не — зараз не мае значэння (але калі гэта ўсё ж такі свядомая акцыя, то варта толькі падзякаваць работнікам музея за такую празорлівасць). Больш важна, што наведвальнік мае магчымасць акунуцца ў атмасферу сярэднявечнай Беларусі не толькі дзякуючы пастаяннай экспазіцыі, якая таксама ў значнай ступені прысвечана менавіта гісторыі беларускіх зямель у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, але і новым праектам.


«Грунвальд. Сёння»

Людзі спрабуюць не толькі працаваць з архівамі, звяртацца да гістарычных крыніц і чытаць навуковыя артыкулы па тэме, але і самі станавіцца на нейкі час жыхарамі сярэднявечнай Беларусі. Напэўна, гэта яны робяць для таго, каб адчуць сябе бліжэйшымі да гісторыі роднай краіны, дзеля магічнай сувязі сучаснасці з мінулым, каб адказаць на самыя важныя пытанні як асабістага, так і агульнага, усенароднага характару. Для гэтага існуе фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Дні Грунвальда», якому і прысвечаны праект-фотавыстаўка «Грунвальд. Сёння». Кожны год прыкладна 15 ліпеня, у гадавіну перамогі караля Уладзіслава Ягайлы над крыжакамі, на палях Грунвальда праходзяць юбілейныя ўрачыстасці.

Што гэта за фестываль? Інсцэніроўка Грунвальдскай бітвы. У ім, па словах арганізатараў, прымае ўдзел некалькі тысяч чалавек. Напрыклад, у 2018 годзе 1250 чалавек толькі выконвалі ролю асоб, існаванне якіх рэальна задакументавана ў гістарычных крыніцах. У тым жа годзе для наведвання быў адкрыты стылізаваны лагер, дзе пасялілася каля 4500 рыцараў разам з сем’ямі. Побач з  лагерам сярэднявечныя рамеснікі стваралі вырабы па старадаўнім узоры, кавалі мячы і даспехі, варылі ежу па рэцэптах Сярэднявечча. Там можна было паглядзець на іх працу і набыць арыгінальныя сувеніры. Рыцарскі лагер і горад майстроў, а таксама інсцэніроўка Грунвальдскай бітвы дазвалялі лепш зразумець эпоху Сярэднявечча і ўклад жыцця рыцарства і гараджан, дакрануцца да мінулага ў  ХХІ стагоддзі і адчуць сябе назіральнікам адной з самых важных падзей у гісторыі не толькі Беларусі, але і ўсёй сярэднявечнай Еўропы, бо гісторыкі адзначаюць, што менавіта перамога ў Грунвальдскай бітве зрабіла ВКЛ адной з самых моцных і ўплывовых краін Сярэднявечча.

Праект, які зараз экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, дазваляе наведвальнікам зразумець, як выглядаў фестываль у 2012 годзе, калі «Дні Грунвальда» яшчэ не мелі такога маштабу, як сёння, але ўжо пачыналі прыцягваць усё больш зацікаўленых як у вывучэнні гісторыі, так і ва ўдзеле ў рэканструкцыях. Прадстаўлены работы фатографаў з розных краін, у тым ліку Польшчы: Nimfitemin Ango, Serj Shkiper, Bastan Morgur, Аксана Северная, Аляксей Марозаў, Ксенія Яворская, Аляксей Базарнаў, Жана Харт, Макс Сакалоў і Кацярына Вараб’ёва. Нягледзячы на тое, што колькасць фатографаў, чые творы прадстаўлены да ўвагі наведвальнікаў гістарычнага музея, даволі вялікая, выстаўка не выглядае разнастайнай. Гэта цэласны, завершаны сэнсава і эстэтычна праект, мэта якога — паказаць, як сёння мы ўяўляем сябе час, калі адбылася адна з самых значных бітваў Сярэднявечча.

Большая частка твораў — рэпартажная фатаграфія з мінімальнай апрацоўкай у выглядзе «замыльвання» фону, каб сканцэнтраваць увагу на нейкіх асабліва прыгожых момантах (найбольш удалыя тыя здымкі, дзе сярод масавай бітвы рыцараў у фатографа атрымліваецца злавіць момант, калі ў дуэлі сыходзяцца два чалавекі ў поўным даспеху з двухручнымі мячамі) ці колеракарэкцыі, каб Тэрыторыя мастацтва зрабіць здымак больш насычаным і дынамічным. Такая нейтральная манера дазваляе адчуць сябе паўнавартасным удзельнікам фестывалю. Наведвальнікі змогуць на свае вочы дзякуючы фотаздымкам пабачыць, як, напрыклад, апранае рыцар цяжкі даспех, як верны збраяносец трымае рэчы свайго гаспадара побач з ганарлівым вершнікам, як нейкі стомлены чалавек стаіць над кацялком і нешта гатуе… Гэтыя фотаздымкі сапраўды вельмі добра перадаюць тую магічную, амаль фэнтэзійную атмасферу, якая пануе на фестывалі. Людзі сваімі рукамі ствараюць свет мінуўшчыны ў сучаснасці: па ўласным жаданні перапранаюцца ў сярэднявечныя адзенні, рыхтуюць зброю, арганізоўваюць вялікі лагер, дзе жывуць некалькі дзён ва ўмовах, якія вельмі прыблізна, але ўсё  ж такі падобныя да тых, што былі ў  Сярэднявеччы. Фотаздымкі непасрэдна з рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы ці асобных дуэльных паядынкаў уражваюць, бо мужчыны на некаторы час пераўтвараюцца ў суровых воінаў, якія спаборнічаюць ва ўменні спраўляцца з цяжкай сярэднявечнай зброяй. Асабліва гэты баявы дух адлюстроўвае фотаздымак, дзе малады хлопец, напэўна, толькі выйшаў з чарговай дуэлі і на яго шчацэ заўважны свежы доўгі вузкі парэз — відавочна, ад мяча саперніка.

Прысутнічаюць таксама на выстаўцы і фотаздымкі з большай ступенню «мастацкасці» — іх адразу можна заўважыць, напрыклад, па чорна-белым колеравым фільтры ці відавочнай пастановачнасці (не ў дрэнным сэнсе гэтага слова — толькі ў сэнсе таго, што відаць: фатограф доўга працаваў, каб збудаваць правільны кадр, а не ўдала зняў жывыя падзеі). Такія здымкі яшчэ больш умацоўваюць уражанне, што ты апынуўся ў нейкім іншым сусвеце, дзе людзі дагэтуль носяць старую зброю і даспехі і дзе рыцары б’юцца на двубаях за свой гонар. Што крыху псуе ўражанне ад выстаўкі? Паколькі фотаздымкам ужо шмат гадоў і частка з іх была зроблена не на плёнку, мы можам бачыць класічныя «пікселі», калі падыдзем бліжэй.

Дакраніся да мінулага

Працягвае тэму Сярэднявечча праект «Историческая реконструкция. Прикоснись к прошлому». Гэта экспазіцыя, дзе ўвазе гледача прадстаўлены даспехі і зброя, а таксама кавальскія інструменты розных перыядаў Сярэднявечча, пачынаючы ад Ранняга і заканчваючы Высокім. Частка майстроў прадставіла даспехі, якія, як сцвярджаюць арганізатары, цалкам функцыянальныя і сапраўды могуць абараніць свайго ўладальніка ў бітве, а другая частка — розныя віды мячэй, што таксама магчыма выкарыстоўваць у рэканструктарскіх баях, бо яны зроблены з улікам неабходных для гэтага нюансаў. Усе вырабы створаны з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў, але пры гэтым інструменты і тэхнікі сапраўдныя сярэднявечныя, бо кавалі ставілі перад сабой мэту ў першую чаргу прадставіць рэалістычныя экспанаты, а не муляжы, якія толькі знешне падобныя да гістарычных аналагаў.

Асаблівую цікавасць выклікаюць тры часткі выстаўкі. Першая з іх — поўны даспех польскіх крылатых гусар. Даспех разам з класічным гатычным еўрапейскім з’яўляецца адным з  самых пазнавальных дзякуючы «крылам» — двум металічным стрыжням, якія мацаваліся да спіны гусара і на якія чапляліся пёры. Гэтыя крылы ўзвышаліся над галавой воіна, і падчас атакі кавалерыі (а гусары былі элітным конным падраздзяленнем арміі Рэчы Паспалітай) у праціўнікаў складвалася адчуванне, што перад імі не проста салдаты, а раз’юшаныя анёлы. Пабачыць такі даспех ужывую, пры гэтым разумеючы, што ён сапраўды «працуе», — неверагодна каштоўны вопыт для кожнага, хто цікавіцца сярэднявечным ваенным рамяством.

Другая частка — кавальскія комплексы розных часоў ад ранняга да Высокага Сярэднявечча. Дзякуючы гэтай экспазіцыі мы можам пабачыць не толькі тое, як змяняўся інструментарый майстроў мінулага, але і тое, як некаторыя новыя навуковыя адкрыцці прымяняліся ў кавальскай справе. Напрыклад, становіцца зразумелым, што раней каваль працаваў амаль сам-насам з кавалдам і молатам (нават печы былі не вельмі вялікія), а потым сапраўды пачаў з’яўляцца комплекс. Спачатку стала больш вялікай печ (з’явілася магчымасць дасягаць больш высокай тэмпературы), асобна дадаліся кавальскія мяхі, якія майстар мог выкарыстоўваць для падрымкі агню ў печы. У больш позні перыяд сярэднявечныя інжынеры сумясцілі печ, мяхі, кавадла і бочку з маслам для загартоўвання клінкоў у адзіны «станок», што не толькі значна спрасціла працу каваля, але і паскорыла яе (вельмі важна для тых неспакойных часоў, бо салдат было шмат, а кожны з іх павінен быць забяспечаны неабходнымі зброяй і даспехам).

Асаблівую цікавасць таксама прадстаўляе шыльда, на якой паэтапна дэманструецца стварэнне мяча. Пры гэтым арганізатары вырашылі, што гледачам будзе карысна не толькі паглядзець на нарыхтоўкі клінкоў, але і зразумець увесь працэс ад самага пачатку — руды, якая прадстаўляе сабой на першы погляд звычайны камень, што чымсьці нагадвае губку. Убачаць наведвальнікі экспазіцыі і як выглядае тое, з чаго выплаўляецца аснова клінка — два вітыя металічныя дубцы, счэпленыя клямарамі. Гатовы меч прадстаўлены ў разабраным выглядзе, каб наведвальнікі пабачылі, што меч не выплаўляецца адразу цалкам, а збіраецца з розных дэталей.

Абедзве выстаўкі прысвечаны вайне. Але як для ўдзельнікаў фестывалю «Дні Грунвальда», так і для майстроў, што прымалі ўдзел у выстаўцы «Историческая реконструкция. Прикоснись к прошлому», вайна сёння — нейкае фантастычнае апавяданне, частка эстэтыкі Сярэднявечча, што амаль не звязаная з гвалтам. Таму цяпер, у сітуацыі, якая склалася, хочацца нагадаць пра той надпіс, што зараз знаходзіцца перад уваходам у Нацыянальны гістарычны музей: «Зброя — толькі ў музейнай калекцыі».

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.