Вы тут

Меркаванне. Уся справа ў грашах


Аб прычынах, прагнозах і выніках сённяшняй сітуацыі «Звяздзе» расказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей АЎДОНІН.


— Калі пачынаць з пачатку, адкуль пайшла спроба беларускай каляровай рэвалюцыі? Наўрад ці гэта акцыя, прымеркаваная да 9 жніўня.

— Асновы бягучай нестабільнасці пачалі фарміравацца яшчэ ў 2016 годзе — калі супраць Беларусі былі створаны спецыяльныя інфармацыйныя пляцоўкі (тэлеграм-каналы, сацмедыя, паблікі), мэтай якіх было «пачуццё незадаволенасці». Гэты класічны тэрмін ужываецца ў тэхналогіях пратэстаў.

Самі тэхналогіі не ўзнікаюць ніадкуль — іх фарміруюць «людзі слова». Зараз гэта блогеры, адміністратары тэлеграм-каналаў, раней — пісьменнікі, журналісты, якія працавалі ў інтарэсах тых ці іншых структур і за грошы параджалі крытычную ацэнку дзеянняў урада, кіраўніцтва, у выніку — недаверу ў грамадстве да ўлады. Гэта мы дакладна бачым на ўсіх тэлеграм-каналах, калі яны пачалі дзейнічаць як «крытычныя» пляцоўкі, потым перараслі ў пляцоўкі для агітацыі, а далей — непасрэдна для каардынацыі дзеянняў з адпаведнымі заклікамі.

Гэта методыка адпрацоўвалася на іншых краінах, мае вельмі жорсткі па часе, ключавых актарах (тых, хто ўдзельнічае) алгарытм. Зразумела, што ўся мадэль не можа рэалізоўвацца без добрага фінансавання, і тым, хто заказваў інфармацыйную кампанію і пратэсныя з'явы, каштуе вялікіх грошай.

Заказчыкі каляровых рэвалюцый заўсёды пераследуюць выключна свае эканамічныя мэты. Сутнасць іх адна: умоўна, мільярд-паўтара ўкладаецца ў рэвалюцыю, а пасля ўстаноўкі ў краіне нейкага «часовага ўрада» за кошт маніпулявання і кіравання ім усе актывы, створаныя намаганнямі народа (заводы, фабрыкі, прадпрыемствы, прыродныя выкапні), прадаюцца за бясцэнак буйным карпарацыям. Трэба заўсёды глядзець, што любая каляровая рэвалюцыя — гэта добры бізнес-план з вельмі высокай даходнасцю і прыбыткам. Укладаючы адзін рубель, вы атрымліваеце нават не два, а нашмат больш трохсот працэнтаў, вызначаных Карлам Марксам як крытычная велічыня для любога прадпрымальніка для прыняцця незаконных ці антымаральных, антыгуманных дзеянняў. Што, у прынцыпе, мы бачым зараз у нас у Беларусі і ў іншых краінах, якія перажылі каляровыя рэвалюцыі.

Адназначна каляровая рэвалюцыя — гэта дэстабілізацыя сітуацыі, каб улада аслабела, народ страціў магчымасць уплываць на любыя палітычныя і эканамічныя працэсы, і ў далейшым продаж асноўных актываў, уласнасці за бясцэнак. Самае галоўнае, што церпіць у гэтым усім менавіта просты рабочы ці працаўнік вёскі, бо якраз на яго ўскладаецца ўся наступная нагрузка. Іншымі словамі, гэта чыстае ўзмацненне эксплуатацыі працоўных аж да таго, што ўсе дасягнутыя ў ХХ стагоддзі сацыяльныя заваяванні (умоўна, 8-гадзінны працоўны дзень) могуць быць нівеліраваны. Як мы бачым, у краінах, дзе прайшла каляровая рэвалюцыя, людзі альбо знаходзяцца ў беднаце і жабрацтве, альбо вымушаны працаваць нашмат больш, чым восем гадзін у суткі, каб пракарміць свае сем'і.

— І якія ж прагнозы? Як будуць дзейнічаць далей карыстальнікі «метадычкі» Шарпа?

— Заказчыкі, якія ініцыявалі ўсе гэтыя працэсы ў нас у Беларусі, умеюць лічыць грошы. Вядома, яны хочуць нейкага выніку. У першую чаргу яны зараз патрабуюць пэўных палітычных паслабленняў, крокаў ад улады ў выглядзе нейкіх перагавораў, кансультацый з нейкімі «камітэтамі», «камісіямі» з удзелам трэцяга боку, пасрэднікаў — іншых дзяржаў.

Але ініцыятыва з боку менавіта прыхільнікаў гэтага варыянту развіцця падзей ужо ўпушчана і насамрэч дзякуючы вельмі шчыльнаму ўзаемадзенню Беларусі з Расіяй у пытаннях бяспекі і дыпламатыі ўдалося збіць актыўнасць, напал. З'явілася магчымасць сфарміраваць і паказаць усім астатнім, перш за ўсё, што дзеючая ўлада мае вялікую падтрымку народа, што структура ўлады — маналітная, не расхісталася. Гэта дае магчымасць кіраваць прадпрыемствамі і не дапускаць стачак, якія так актыўна хацелі развіць апаненты ўлады і якія маглі прывесці да калапсу эканомікі.

Зараз для ініцыятараў негатыўных працэсаў унутры Беларусі галоўнае — усімі праўдамі адмежавацца ад сваіх «рэалізатараў», якія пачалі ўдзельнічаць у гэтай авантуры, каб не атрымаць абвінавачванняў ва ўмяшальніцтве ў нацыянальныя працэсы.

— На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што гэта «яшчэ нават не пік». На вашу думку, калі ж будзе пік? Да чаго яшчэ рыхтавацца?

— Насамрэч «пік» мае больш шырокі характар. Гэта не толькі акцыі, якія праходзілі ў Мінску і іншых гарадах. У першую чаргу пік звязаны з фінансава-эканамічным становішчам. Зразумела, што тыя, хто прайграў, не дасягнуў вынікаў на ўкладзеныя сродкі, будуць імкнуцца ўсяляк пагоршыць наша эканамічнае становішча, каб у выніку ўнутры краіны пратэст пачаў фарміравацца не ў палітычным плане, а менавіта ў эканамічным зрэзе праз пагаршэнне дабрабыту насельніцтва.

Трэба разумець, што зараз, акрамя ўплыву пандэміі, мы будзем адчуваць і моцнае эканамічнае ўздзеянне. Каб праламіць гэту сцяну, якую імкнуцца ўзвесці супраць нас у шкоду нацыі і кожнаму беларусу, найбольш важнымі становяцца ўзмоцненая работа і дырэктарскага апарата з работнікамі і партнёрамі на знешніх рынках, узаемадзеянне з фінансавымі цэнтрамі, тлумачэнні дыпламатычнага ведамства.

Варвара Марозава

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».