Вы тут

Валянцiна Бобрык. Анёл з блакiтнымi вачамi


Нiна расла ў шматдзетнай сям'i, у атмасферы бязмежнай любовi. I ёй здавалася, што ўсе людзi так жывуць. Таму неяк не ўпiсвалася ў створаную ёй прыгожую карцiнку жыцця нязграбная сваячка Любка — глухаватая, згорбленая i непрыгожая дзяўчынка, такога ж прыкладна ўзросту, як i Нiна. Тая не любiла, калi Любка са сваёй малодшай сястрой прыходзiлi да iх, старалася меней размаўляць, каб яна доўга не затрымлiвалася, а адзiн раз сказала адкрыта: «Ты, Таня, заставайся, а ты, Люба, iдзi дадому. Зараз да мяне прыйдуць сяброўкi, ты нам будзеш замiнаць». Любка пакорлiва ўцягнула галаву ў плечы i выйшла ў калiдор, але малодшая Таня з крыўдай у вачах зiрнула на Нiну i адказала: «Я таксама пайду».


Танін позiрк даў зразумець Нiне, што яна зрабiла нешта нядобрае. Але тут сяброўкi падышлi, i яна забылася на гэты выпадак, прабачэння не папрасiла i нават не заўважыла, што дзяўчынкi тыя зусiм перасталi да яе прыходзiць... Потым Нiна стала школьнiцай, часу на гульнi з сябрамi амаль не засталося. А неўзабаве яна даведалася, што ў стрыечных сясцёр Любы з Таняй памерла мацi, i бацька пераязджае з iмi ў iншую, далёкую вёску. Нiна тады падумала з палёгкай, што не трэба будзе саромецца сваёй «ненармальнай» сваячкi. I надоўга забылася пра Любку. А ўспомнiла... праз 40 гадоў.

...Хавалi дзядзьку Мiшу, бацьку Любкi i Танi. Прыехала на пахаванне i Нiна. Любку пазнала адразу, яна быццам не змянiлася, толькi слых стаў яшчэ горшы. Любка вiнавата ўсмiхалася, што не чуе пытанняў, углядалася блакiтнымi вачамi бяскрыўдна i бясхiтрасна, як у дзяцiнстве. Тут i Таня з'явiлася на парозе, паздароўкалася ветлiва i папярэдзiла, што Любцы трэба казаць грамчэй. Таню Нiна не пазнала — высокая, мажная жанчына, дагледжаная i прыгожа апранутая ў чорнае. I муж у яе якi вiдны, адзначыла сама сабе Нiна. Ёй было прыемна, што гэты статны мужчына клапатлiва адносiцца да Танi i Любы. I Любка слухала Таню, разумела па вачах i спяшалася выканаць усе яе даручэннi.

Таня ўмомант арганiзавала ўсё неабходнае для пахавання бацькi, зладзiла вячэру, на якую прыйшла большасць вяскоўцаў. Вячэра была багатая, бабулi шапталiся з павагай у голасе, што «гэта ж усё Таня!» Нiну тое здзiўляла — яна ж такая малеча была, а бач, як усё ў яе выходзiць лёгка, быццам гэта Таня старэйшая за яе...

Толькi тады да Нiны нарэшце дайшло, як нясоладка жылося дзяўчынкам без мацi. Людзi на вячэры шапталiся, што небарацы пашанцавала, узяў яе добры хлопец, вылюднела з iм, ён забяспечвае сям'ю ўсiм на свеце.

I пра гiсторыю Любчынай iнвалiднасцi Нiна даведалася толькi цяпер. Люба з нараджэння развiвалася нармальна, але ў два гады цяжка захварэла на запаленне лёгкiх, якое дало ўскладненне на слых. Урачы казалi, што аперацыя — гэта рызыка 50 на 50, i бацькi чамусьцi не згадзiлiся рабiць яе — вiдаць, пабаялiся, што дзяўчынка зусiм аглухне. Блакiтнавокая Любка ў шэсць гадоў чытала, лiчыла i з нецярплiвасцю чакала, калi пойдзе ў школу. Але мацi параiлi аддаць дзяўчынку ў школу-iнтэрнат для дзяцей з праблемамi слыху i зроку, маўляў, там будзе лепш. Яна так i зрабiла. Але Любка, якая ў сваiм жыццi нiдзе нiколi не была, так спужалася чужых, што адмовiлася есцi i днямi сядзела каля акна i выглядала маму. Цэлы тыдзень не ела, пакуль яе не забралi дадому. Стрэс, мабыць, паўплываў на дзiцячую псiхiку, Любка пачала старанiцца людзей, хавалася за матчыну спаднiцу i ў школу больш не пайшла. Усе навыкi па чытаннi i пiсаннi быццам сцёрлiся ў галаве. Ёй прызначылi iнвалiднасць. Малодшая Таня зноў навучыла яе лiчыць, чытаць i пiсаць i была за маму, калi той не стала, але школу Любка так i не скончыла.

Нiне крыўдна было, што чужыя людзi лепш ведаюць пра жыццё яе стрыечных сясцёр, чым яна. I горка плакала Нiна, ад'язджаючы з вёскi, — у вачах доўга стаяла сiратлiвая постаць Любкi, якая вiнавата ўсмiхалася i махала на развiтанне ўсiм, хто ад'язджаў.

...Праз некалькi гадоў да Нiны дайшлi чуткi, што Таня забрала сястру да сябе ў горад. Любка захварэла — анкалогiя... Пахавалi яе каля бацькi. Таня казала, што тыднямi сядзела каля сястры ў бальнiцы, трымала за руку, абяцала, што «хутка паедзем у вёску». Любка верыла i цярпела. «Толькi ў апошнюю ноч раптам гучна прамовiла: «Мама, я хачу да цябе!» Вясковыя жанчыны выцiралi слёзы i казалi, што Любка — залаты чалавек. «Як мы будзем без цябе, — плачучы, прыгаворвала старэнькая суседка. —Ты ж паполеш свае кветкi i мае прыйдзеш папалоць, i Манiны, i ўсiх па вулiцы. Ты ж нам усiм малака i хлеба прывозiла на веласiпедзе з магазiна. Усё, што нi папросiм, i здачу да капеечкi аддавала. Нiкому не адмовiла, усiм нам старалася. Як мы без цябе?»

I Нiна плакала — так шкада было блакiтнавокую Любку... А дома яе раптам разанула па сэрцы — убачыўся як на далонi той дзень з дзяцiнства, калi прагнала з хаты «непрыгожую» сястру. I так балюча стала — быццам анёла прагнала. Анёла з блакiтнымi вачамi...

Валянцiна БОБРЫК

Прэв’ю: inform.kz

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».