Вы тут

Выкарыстанне торфу дазваляе эканоміць дзясяткі мільёнаў долараў


Дастаткова важнай і важкай часткай нашай нацыянальнай эканомікі апошнім часам з'яўляецца тарфяная галіна, якая адзначыла сваё 100-годдзе ў 2018 годзе. Цяпер яна адыгрывае пасільную ролю ў забеспячэнні энергетычнай бяспекі краіны. Па інфармацыі прэс-службы Дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі (ДВА «Белпалівагаз»), штогадовае спажыванне тарфянога паліва ў краіне складае каля мільёна тон, што дазваляе замясціць каля 450 мільёнаў «кубоў» прыроднага газу на суму да 65 мільёнаў долараў.

Як вядома, на тэрыторыі нашай краіны запасы торфу ацэньваюцца ў 2,4 мільярда тон, з якіх для прамысловай распрацоўкі прыдатныя 302 мільёны тон, або 12 % ад названых запасаў. Адведзена 8,6 тысячы гектараў плошчаў для здабычы торфу з запасамі торфу 27,9 мільёна тон.

Тарфяная галіна ў сістэме ДВА «Белпалівагаз» прадстаўлена 16 арганізацыямі горназдабыўной і апрацоўчай прамысловасці, у тым ліку чатырма філіяламі газазабеспячальных арганізацый, якія ажыццяўляюць здабычу і перапрацоўку торфу, а таксама адной машынабудаўнічай арганізацыяй і праектным інстытутам — дзяржаўным прадпрыемствам «НДІ Белдзіпрапалівагаз».

Як адзначаюць спецыялісты прэс-службы, сёння, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі торфабрыкетных вытворчасцяў, тарфяная галіна мае магутны вытворчы патэнцыял. У нашай краіне штогод здабываецца каля 2,5 мільёна тон торфу, з якога вырабляецца больш за мільён тон прадукцыі паліўнага прызначэння (брыкеты, сушанка тарфяная і торф кускавы) і больш за 100 тысяч тон прадукцыі няпаліўнага прызначэння (грунты тарфяныя, торф верхавы кіпаваны і торф для кампаставання, — гэтая прадукцыя выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы). Каля 100 тысяч тон тарфяной прадукцыі пастаўляецца на экспарт.

У ліку найбуйнейшых вытворцаў паліўных брыкетаў — адкрытае акцыянернае таварыства «ТБЗ Усяж», ААТ «Торфабрыкетны завод Лідскі», ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». У канцы жніўня заканчваецца сезон здабычы торфу. Па стане на пачатак трэцяй дэкады жніўня арганізацыямі тарфяной прамысловасці ДВА «Белпалівагаз» здабыта 1578,5 тысячы тон торфу, што складае 94,5 % да гадавога задання. Выраблена 382,5 тысячы тон брыкетаў і тарфяной сушанкі (95,7 % да задання на названы перыяд).

Арганізацыямі галіны працягваецца работа па пошуку новых рынкаў збыту, пашырэнні пераліку вырабленай на аснове торфу прадукцыі, далейшай мадэрнізацыі і тэхпераўзбраенні вытворчасці.

Сяргей КУРКАЧ


У тэму

Віцебшчына ў авангардзе выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Па апошніх даных, у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Прыдзвінскага краю яны ўжо займаюць больш за 71 %.

Летась выпрацоўка адной гігакалорыі з выкарыстаннем у якасці паліва торфу і шчэпак абыходзілася танней, чым на прыродным газе, адпаведна на 16 % і 11 %.

Асаблівасць поўначы краіны ў тым, што гэта — край балот, і, зразумела, запасаў торфу багата, толькі паспявай нарыхтоўваць і перапрацоўваць.

У чым сакрэты Віцебскай вобласці ў эфектыўным і рацыянальным выкарыстанні мясцовага паліва? Бадай, у правільнасці выбранай стратэгіі нарыхтоўкі, апрацоўкі, выкарыстання драўніны і іншага.

У прыватнасці, даўно купляюць катлы з механізаванай загрузкай. Хай яны параўнальна даражэйшыя, але выдаткі можна хутка акупіць.

Дарэчы, у Бешанковічах паспяхова дзейнічае фірма, якая не толькі вырабляе, але і распрацоўвае кацельныя ўстаноўкі рознай магутнасці і для розных мэт. У якасці паліва падыходзяць і «біялагічныя адходы» птушкафабрык...

Прадпрыемства паспяхова экспартуе прадукцыю, а рэалізацыя яе на ўнутраным рынку дазваляе заказчыкам эканоміць валюту пры пакупцы больш дарагіх замежных катлоў.

Увядзенне ў эксплуатацыю Беларускай АЭС не перашкаджае рэалізацыі планаў будаўніцтва і падключэння ў рэгіёне сонечных установак, а таксама ветраных. Ды і пра моц вады тут не забываюць. Запуск некалькі гадоў таму віцебскай гідраэлектрастанцыі дазволіў забяспечыць электраэнергіяй усе наваколлі абласнога цэнтра.

Прыдзвінскі вопыт выкарыстання мясцовых відаў паліва вывучаюць у іншых абласцях і нават у расійскім прыграніччы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: mogilew.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».