Вы тут

Што цікавага паглядзець па ТБ на наступным тыдні


Лета амаль скончылася, але гэта не прычына адмаўляцца бавіць час за праглядам цікавых і карысных праектаў, фільмаў. На наступным тыдні ў эфіры беларускіх тэлеканалаў нас чакаюць гульнявое і дакументальнае кіно, працяг ужо вядомых і любімых гледачамі праектаў. Так, на другой кнопцы зноў можна далучыцца да «ПІН_КОД»-а, а на «Беларусь 3» паглядзець цікавыя кінастужкі, якія дакладна дадуць глебу для роздумаў.


З адпачынку — у эфір

Маладзёжны інтэрактыўны праект «ПІН_КОД», які выходзіць на тэлеканале «Беларусь 2», зноў распачаў традыцыйныя сустрэчы з гледачамі, вярнуўшыся з летніх канікул. У апошні тыдзень лета каманда шоу актыўна дзеліцца інфармацыяй, як настроіцца на будучы навучальны год, эфектыўна планаваць час і адаптавацца ў калектыве пасля летняга адпачынку.

Аўдыторыю чакаюць не толькі пастаянныя рубрыкі «Этыкет», «Сакрэты ТікТок», «Мабільныя праграмы», «Лайфхакі», «Небяспека ў сеціве», але і новыя анлайн-актыўнасці: відэавыклікі ў прамым эфіры, больш галаваломак і загадак. Таксама гледачы змогуць па-ранейшаму браць непасрэдны ўдзел у стварэнні праграмы — задаваць хвалюючыя пытанні, дзяліцца сваімі праблемамі і расказваць краіне пра ўласныя дасягненні.

Акрамя гэтага, стваральнікі праекта ў новым сезоне працягнуць марафон «Запрасі «ПІН_КОД» у госці!», у рамках якога хлопцы і дзяўчаты маюць магчымасць паклікаць здымачную групу ў свой населены пункт і разам з сябрамі стаць удзельнікамі тэлевізійнага квэсту «Мая малая Радзіма». А «пінкодаўцы», у сваю чаргу, пазнаёмяцца з мясцовымі славутасцямі і таленавітай моладдзю рэгіёна. Нагадаем, што праект «ПІН_КОД» будзе выходзіць на тэлеканале
«Беларусь 2» кожны тыдзень з аўторка да пятніцы ў 15.45.

Класіка і класікі на экране

Тэлеканал «Беларусь 3» у апошні дзень лета прапануе да прагляду гістарычную драму «Талаш». Фільм, зняты па матывах аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» рэжысёрам Сяргеем Шульгой, пераносіць гледачоў у канец 1919 года. У гэты час Беларусь перажывала складаныя часы, бо актыўна змянялася ўлада, а грамадзянская вайна ўшчыльную падбіралася да міралюбнай краіны. Польскія войскі прыйшлі на Палессе, каб здзейсніць спробу захапіць частку беларускіх тэрыторый. Грамадская думка адносна будучыні краіны падзялілася: адна частка падтрымлівала бальшавікоў, а другая — палякаў. Былі і тыя, хто выбіраў пазіцыю «супраць усіх», выступаў за незалежнасць ад іншых дзяржаў. У вадавароце ваенных падзей апынулася кожная сям'я. Васіль Талаш бярэ ў рукі зброю не па палітычных перакананнях, а з мэтай абараніць сына...

Паказальна, што ў сваім творчым жыцці рэжысер кінастужкі неаднаразова судакранаўся з творчасцю беларускага класіка. Так, напрыклад, у свой час Сяргей Шульга (калі яшчэ быў акцёрам) выконваў ролю Сымона-музыкі на сцэне Віцебскага драматычнага тэатра. Там ён, дарэчы, пазнаёміўся з сынамі Коласа. Галоўную ролю ў кінафільме сыграў Генадзь Гарбук (вядомы па карцінах «Брэсцкая крэпасць», «Белыя росы» і іншых) — па сутнасці, пад яго і пісаўся сцэнарый. Таксама ў складзе артыстаў можна ўбачыць Генадзя Аўсяннікава, Зінаіду Зубкову, Аляксандра Ткачонка, Паўла Харланчука і шэраг іншых выдатных акцёраў. Глядзіце фільм «Талаш» у панядзелак 31 жніўня ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала.

А ў пятніцу 4 верасня на экраны выйдзе дакументальная стужка Уладзіміра Арлова «Ігар Лучанок пра песні, радзіму і сяброў». Творы гэтага кампазітара («Мой родны кут», «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Вераніка» і многія іншыя) даўно здабылі народную любоў. У кожнай мелодыі Ігара Міхайлавіча — свая гісторыя, дзе ёсць пошукі і знаходкі, натхненне і перажыванні. Стваральнікі фільма прапануюць аўдыторыі знайсці адказы на пытанні: у чым сакрэт поспеху кампазітара і што засталося «за кадрам» яго жыцця. А дапамогуць у гэтых пошуках сябры, калегі і блізкія людзі Ігара Лучанка.

Алена ДРАПКО

Фота kіno-teatr.ru, belta.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.