Вы тут

У Шчучыне камунальныя службы пачалі пераводзіць стратныя кацельні ў аўтаматычны рэжым


У Шчучыне камунальныя службы пачалі пераводзіць стратныя кацельні ў аўтаматычны рэжым. У першую чаргу заняліся аб'ектамі з невялікай нагрузкай. Яны, як правіла, абслугоўваюць малыя вёскі альбо сацыяльныя ўстановы. Такі падыход даў эфект нават там, дзе катлы працуюць выключна на мясцовых відах паліва.


Для вытворчасці шчэпак усталяваны два сучасныя комплексы. Работа ідзе няспынна. Да складоў пад'язджаюць лесавозы з дровамі, якія нарыхтоўваюцца ў Шчучынскім лясгасе.

— Гэта не дзелавая драўніна, — тлумачыць дырэктар Шчучынскай ЖКГ Андрэй Шкіндзераў. — Гэта тая драўніна, якая выкарыстоўваецца для энергетыкі. Тут ёсць пэўны эфект, бо ёсць выпрацаваны прадукт — цеплавая энергія. Сэканомлена валюта. Канешне, трэба шукаць новыя магчымасці. Напрыклад, высаджваць дрэвы, якія хутка растуць. Такія пароды ёсць, і яны за тры гады вырастаюць да дзесяці метраў, гэта для энергетыкі выгадна. Напрыклад, мы маглі б закрываць свае патрэбы, калі б мелі такую плантацыю плошчай 50 гектараў.

Некандыцыйны лес прывозіцца на лесапілку, дзе яго перамолвае ў шчэпкі сучасны драбільны комплекс, кошт якога 220 тысяч долараў ЗША. Прычым камунальнікі купілі яго за свае сродкі. Шчэпкі захоўваюцца пад навесам і разлічаны на тры тысячы кубоў. Звычайна запас складае два—тры месяцы. Адсюль мясцовае паліва паступае на кацельні.

— Раней кацельні на вёсках таксама працавалі на шчэпках, але не былі эфектыўныя, — расказвае кіраўнік раённай камунальнай службы. — Калі перайшлі на аўтаматычны рэжым, адчулі розніцу. Прычым, гэта не даражэй, чым на газе, бо газ мы купляем за валюту, а дровы — за беларускія. І гэта наша надзейная энергетычная крыніца, якая гарантуе бяспеку. Пры тым, мы не адыходзім ад газу, бо катлы могуць працаваць аднолькава і на газе, і на мясцовых відах паліва.

Што дазваляе эканоміць? Аўтаматыка з праграмным комплексам, як вядома, рэч далёка не танная. І ўсё ж гэта выгадна. Суразмоўнік прывёў прыклад работы невялікай кацельні, якая падавала цяпло на абласныя базы і склады медпрэпаратаў. Пасля пераходу на аўтаматыку сабекошт энергіі знізіўся ў тры разы.
І такіх аб'ектаў некалькі. Калі раней яны былі стратныя, цяпер сталі прыбытковыя і за ацяпляльны сезон цалкам сябе акупляюць. Цяпер большасць малых кацельняў працуе на мясцовых відах паліва. У агульным энергетычным аб'ёме ўласная сыравіна складае каля 60 %. І гэта даволі значная частка.

— Сёлета пачалася рэалізацыя новага праекта — устаноўка кацельнага абсталявання на 24 мегаваты, якая будзе працаваць і на газе, і на шчэпках. Мы скарысталіся пазыкай на пяць мільёнаў долараў ЗША. Хутка выйдзе праект, і праз год аб'ект павінен запрацаваць. Тады доля мясцовых відаў паліва дасягне 75 %, — кажа Андрэй Шкіндзераў.

Праблемай неэфектыўных кацельняў тут заняліся два гады таму. У першую чаргу былі ўзяты пад кантроль аб'екты з невялікай нагрузкай. Падлічылі, што іх абслугоўванне значна перавышае выхад энергіі. Таму выбралі сучасны кірунак — перавод кацельняў на аўтаматычны рэжым. Па-новаму ўжо працуе пяць кацельняў. Усе даныя выведзены ў дыспетчарскую, а на маніторы бачны ўсе паказчыкі. Праграма пакажа, дзе адбыўся нейкі збой, тады выклікаецца майстар і разбіраецца на месцы,
у чым справа.

Шчучынскае ЖКГ у ліку першых у Беларусі, хто вядзе гэтую работу за ўласныя сродкі. Вопыт прыязджаюць пераймаць камунальныя службы краіны. А напрыканцы мінулага года жыллёва-камунальная гаспадарка раёна атрымала дыплом лідара ў намінацыі «Тэхналогіі і праекты на аснове ўзнаўляльных крыніц энергіі» рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь — 2019».

Як паведамілі ў Гродзенскім абласным упраўленні Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, сёлета значную частку сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы плануецца ўкласці ў рэканструкцыю і мадэрнізацыю кацельняў. Два такія аб'екты будуць пабудаваны ў аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна. Адбудзецца рэканструкцыя цэнтральнай кацельні ў Навагрудку. Тут будуць устаноўлены катлы на мясцовых відах паліва. На ўласную сыравіну пасля рэканструкцыі будуць пераведзены катлы ў Шчучыне, Мастах і Бераставіцы. Каб палепшыць цеплазабеспячэнне Смаргоні, у адной з кацельняў дабавяць яшчэ адну ўстаноўку. А вось у Бярозаўцы Лідскага раёна сёлета будзе здадзена газавая кацельня блочна-модульнага тыпу.

У тэму

У 2020 годзе завяршаецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Энергазабеспячэнне», адным з асноўных раздзелаў якой стала развіццё мясцовых узнаўляльных крыніц энергіі, што дазволіць узмацніць энегетычную бяспеку краіны. Таму колькасць энергакрыніц на мясцовых відах паліва будзе расці. Да канца 2020 года ў краіне павінна быць уведзена 150 такіх аб'ектаў, з агульнай цеплавой магутнасцю 750 мегават. Гэта дасць эканомію ў 30 мільёнаў долараў у год.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.