Вы тут

У Гродне з'явіўся помнік ахоўніку горада — святому Губерту


Увасобіў вобраз у бронзе вядомы гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. А ўстаноўлены помнік у самым цэнтры горада, каля плошчы Савецкай.


Фота БЕЛТА

Работа над эскізамі пачалася ў сакавіку. Сюжэт прапанаваў сам аўтар: святы Губерт стаіць побач з аленем, абняўшы яго рукой. Напачатку была выраблена фігура з пластыліну, якая «адзела» металічны каркас. Паступова будучы вобраз набыў неабходны аб'ём. Самым галоўным, як лічыць аўтар, было захаваць адпаведныя прапорцыі, каб кампазіцыя не згубілася з-за высокага пастамента.

— Помнік будзе ўстаноўлены на калоне вышынёй 2 метры 20 сантыметраў, — расказаў Уладзімір Панцялееў. — Вызначаны і памер самой пляцоўкі — 50 на 50 сантыметраў. З гэтага вынікалі і параметры самой кампазіцыі, таму давялося заняцца матэматычнымі падлікамі. Урэшце рост фігуры склаў каля метра, з кап'ём — крыху больш.

Святы Губерт — каталіцкі святы, які жыў у VІІ—VІІІ стагоддзях у Францыі. Яго звычайна адлюстроўваюць разам з аленем, бо падчас палявання Губерт убачыў аленя з залатым крыжам паміж рогаў. Алень Святога Губерта, які скача праз агароджу, змешчаны на гербе горада Гродна і з'яўляецца яго сімвалам.

Па словах скульптара, выяў Святога Губерта існуе даволі шмат. Тут галоўнае — не паўтарыцца, разам з тым не адысці ад канонаў. Аўтар імкнуўся дабіцца таго, каб гэтая постаць стала новым сімвалам Гродна. Для ажыццяўлення ідэі спатрэбілася некалькі месяцаў. У выніку атрымаўся велічны манумент у бронзе з гранітнай калонай.

— Прапанова новага помніка ўзнікла яшчэ год таму, калі на яго месцы стаяла драўляная скульптура турыста. Вядома, было зразумела, што яна часовая. Таму я выказаў думку: устанавіць на гэтым месцы выяву ахоўніка горада — святога Губерта з аленем. Гарадскія ўлады пагадзіліся, і праект быў зацверджаны экспертным саветам, — зазначыў скульптар.

Дарэчы, улічваліся не толькі параметры самой кампазіцыі, але і тое, як яна будзе глядзецца ў вызначанай прасторы. Такую працэдуру праходзіць кожны арт-аб'ект вобласці. Тыя, што атрымоўваюць узгадненне, знаходзяць сваё месца ў гарадскім асяроддзі. Большасць з іх выкананы Уладзімірам Панцялеевым. Сярод яго работ — постаць гараджаніна каля парку Жылібера, статуя «Пакроў» каля сабора, жабка-вандроўніца, памятная дошка гродзенскаму губернатару Пятру Сталыпіну, кампазіцыя на месцы былой Фары Вітаўта.

Меркавалася, што новы манумент стане яшчэ адным падарункам да чарговага ХІІІ фестывалю нацыянальных культур. Нават пляцоўка каля пастамента зроблена ў выглядзе сімвала фестывалю. Але свята вырашылі перанесці на будучы год. Між тым святы Губерт з аленем займе сваё месца каля самай ажыўленай плошчы горада ўжо сёння, 28 жніўня.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: У абдымку з аленем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».