Вы тут

У Зэльвенскім раёне аднаўляюць зону адпачынку каля маляўнічага вадаёма


Праект «Адпачынак у Князеве», які ініцыяваў Крамяніцкі сельскі савет, выйграў грант на добраўпарадкаванне старога парку. Месца масавага адпачынку прыводзіцца ў парадак, у першую чаргу — прыбярэжная зона. Будуць закуплены лодкі, катамараны, з'явяцца і гульнявы, і спартыўны комплексы, сцэна для выступленняў. Мяркуецца, што ўвесь каштарыс складзе дзесяць тысяч долараў.


Грошы не такія і малыя для сельскага савета. Таму праект па добраўпарадкаванні парку прапанавалі на еўрапейскі конкурс. І выйгралі. Праўда, пяць тысяч долараў ЗША. Яшчэ столькі мяркуецца атрымаць ад мясцовай гаспадаркі — філіяла «Князева». З іх боку — закупка матэрыялаў і будаўнічыя работы.

— Гэта мая даўняя мара — аднавіць некалі папулярны ў Князеве парк каля возера, — расказвае старшыня Крамяніцкага сельскага савета Аляксандр Дзерачэнік. — У гады майго дзяцінства там праходзілі масавыя мерапрыемствы, фэсты. Хачу, каб гэта зона зноў ажыла і стала месцам адпачынку, прычым актыўнага, не толькі нашага аграгарадка, але і навакольных вёсак.

Сапраўды, парк знакаміты. Ён закладзены ў другой палове ХІХ стагоддзя на сядзібе князя Журава і быў невялікі, разам з садам плошча яго складала восем гектараў. І хоць парк не мае нейкай складанай кампазіцыі, тут растуць каштоўныя пароды дрэў, некаторыя захаваліся яшчэ з часоў закладкі парку. Усяго 50 розных відаў. У гэтым месцы можна ўбачыць найлепшыя ў Беларусі ліпы венгерскай і амерыканскай, явара, клёна серабрыстага. Ёсць хвойка чорная, дуб чырвоны, лістоўніца, ясень і іншыя. Прагулкі тут рабілі вакол парка, каля вадаёма. Потым неяк парк прыйшоў у заняпад, і людзі перасталі туды хадзіць.

Сёлета распачалі рэалізацыю праекта. Правялі асноўныя падрыхтоўчыя работы. Да справы далучыліся і мясцовыя жыхары, сапраўдныя патрыёты сваёй малой радзімы. Таксама дапамагае гаспадарка, якая выступіла другім інвестарам праекта. Агульнымі намаганнямі правялі ачыстку тэрыторыі ад смецця. Работнікі філіяла праклалі сцежкі і падсыпалі іх жвірам, добраўпарадкавалі прыбярэжную зону. Таксама сіламі гаспадаркі выдалілі аварыйныя дрэвы. Значным крокам, на думку старшыні сельсавета, стаў дагавор на пастаўку піламатэрыялаў. «Гэта як зрабіць фундамент для дома, які аснова трывалага будынка», — удакладняе Аляксандр Дзерачэнік.

Ён з энтузіязмам узяўся за гэтую справу. Па-першае, сам аб'ект хочацца прывесці ў парадак, а па-другое, гэта тая рэальная справа, па якой у людзей складваецца ўражанне аб рабоце мясцовай улады.

Князева — невялікі аграгарадок, які знаходзіцца ўдалечыні ад трасы. Вёска адносна маладая, яна стала засяляцца ў 30-я гады мінулага стагоддзя жыхарамі навакольных хутароў. Тут жывуць у асноўным работнікі мясцовага філіяла «Князева». Месца для цікавага адпачынку няма.

Даведаўшыся пра конкурс сацыяльных праектаў «Тандэм», старшыня сельсавета падаў заяўку. Дарэчы, сельскі савет і раней удзельнічаў у конкурсах праектнай дзейнасці, але гэтым разам ініціыятыва атрымала падтрымку ў ліку яшчэ амаль 70 заявак на міні-гранты.

Работы разбілі на некалькі этапаў, і справа зрушылася. Змены тут адчувальныя. Пасля падрыхтоўчага этапу, прыступілі да ўладкавання самой інфраструктуры. Што тут будзе? Па словах суразмоўніка, сярод векавых дрэў з'явіцца сучасная зона адпачынку са спартыўнай, дзіцячай і танцавальнай пляцоўкамі. Будзе добраўпарадкаваны пірс, закуплены лодкі і катамараны. Для дзіцячай пляцоўкі заказалі новы комплекс, амаль зроблена валейбольная пляцоўка. У працэсе работы — сцэна і месца правядзення культурных масавых мерапрыемстваў. Мяркуецца паставіць 15 дэкаратыўных лавак, сметніцы, тры альтанкі са столікамі. «Будзе цікавая паркавая зона», — упэўнены старшыня. Ён мяркуе, што могуць з'явіцца інвестары, якія таксама прымуць удзел у далейшым развіцці паркавай тэрыторыі. Таксама тут спадзяюцца, што парк можа стаць новым пунктам у турыстычным маршруце па зэльвенскай зямлі.

Дарэчы

У раёне шчыльна заняліся тэмай турызму і нават распрацавалі план комплекснага развіцця Зэльвенскага вадасховішча — аднаго са знакавых аб'ектаў раёна.

Як растлумачылі ў райвыканкаме, у перспектыве тут павінны з'явіцца стаянкі для маламерных суднаў, будзе пракат лодак і катамаранаў, добраўпарадкаванне і пашырэнне пляжнай зоны. На дамбе мяркуецца ўсталяваць пляцоўку з вулічнымі трэнажорамі. Таксама ў планах прадугледжана адкрыццё кафэ і рэстарана. Вызначаны пляцоўкі для тых інвестараў, хто мяркуе заняцца арганічным рыбаводствам і арганізаваць міні-цэх па перапрацоўцы рыбы. Каля вадаёма будзе пабудаваны гадавальнік па вырошчаванні каштоўных парод рыб — судака і сцерлядзі, якія потым будуць запушчаны ў вадаём. Па прапанове мясцовых прадпрымальнікаў, з'явяцца элінгі — спецыяльныя будынкі для плавальных сродкаў і пражывання турыстаў. Таксама будзе распрацаваны веламаршрут вакол вадасховішча і па яго наваколлі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».