Вы тут

Чаму гараць камбайны?


Сельскагаспадарчая тэхніка гарыць нячаста, але кожны такі выпадак звязаны з вялікім уронам для гаспадаркі. Са строю вокамгненна выходзіць агрэгат коштам дзясяткі тысяч долараў. Акрамя таго, пад рызыкай аказваецца своечасовая ўборка ўраджаю. Чаму гараць камбайны, «Звяздзе» расказаў начальнік упраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі па Мінскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Дзмітрый Мурашка.


Хутка, якасна, танна. Трэці — лішні

— Прычыны такіх пажараў можна падзяліць на некалькі груп. Асноўная — гэта чалавечы фактар. Значна радзей сустракаюцца дзве іншыя — аварыйныя сітуацыі, развіццё якіх прадказаць даволі складана, і розныя форс-мажорныя абставіны.

Чалавечы фактар звычайна вынікае з няправільнага абслугоўвання тэхнікі. У ідэале яно павінна адбывацца згодна з рэгламентам, вызначаным заводам-вытворцам. Але ідэал, як вядома, недасяжны. Апроч таго, не ўсе гаспадаркі прытрымліваюцца пэўных правілаў — своечасова зрабіць замену запчасткі (лепш на арыгінальную), правесці належным чынам тэхнічнае абслугоўванне або скарыстацца паслугамі афіцыйнага сэрвіснага цэнтра.

А тэхніку на поле выпускаць трэба, таму што ўборачную ніхто не адмяняў. Каб зрабіць рамонт хутчэй і танней, ставяць вузел, які ўжо быў у карыстанні. Але пры гэтым давайце згадаем трыяду «хутка, якасна, танна», у якой, як вядома, адначасова тры складнікі існаваць не могуць — заўсёды знойдзецца «трэці лішні». Вось такім «лішнім» фактарам і становіцца якасць. Але да пары да часу. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра паліваправод ці пра рукаў высокага ціску, то там знаходзяцца разагрэтыя гаручыя вадкасці.

Пры пашкоджанні камунікацый масла ці паліва трапляе на вузлы, дзе заўсёды трымаецца высокая тэмпература, — напрыклад, на выхлапную сістэму. А генератар і стартар увогуле могуць штатна іскрыць.

— Хачу асобна згадаць пра так званыя нагружаныя вузлы. Як правіла, вытворца прадугледзеў для кожнага з такіх кампанентаў сваю маслёнку. І ўсё б нічога, але яе трэба перыядычна папаўняць. І вось калі-нікалі здараецца так, што нейкі вузел змазаны недастаткова або ўвогуле працуе «насуха». У такім выпадку ён моцна разаграецца і закліноўвае. Тэмпература ў ім павышаецца да такіх паказчыкаў, што пачынаюць гарэць размешчаныя побач арганічныя матэрыялы — палімеры або гума.

Дзмітрый Мурашка згадвае выпадак, які адбыўся некалькі гадоў таму з прэс-падборшчыкамі. У адной гаспадарцы на полі пры правядзенні сельскагаспадарчых работ згарэў такі агрэгат.

— Мы разабралі пашкоджаны і цэлы вузлы і заўважылі адну рэч. Адзін вал, праз які нацягваюцца прывадныя рамяні, быў у змазцы, цалкам рабочы.
А вось у другім слядоў змазкі не было зусім. Да таго ж на метале ўтварыўся сіні налёт, а месцамі нават акаліна. Гэта значыць, што тэмпература тут сягала да тысячы градусаў. Інакш кажучы, утварыўся моцны лакальны разагрэў, значыць, было павышанае трэнне. А яго справакавалі дзве рэчы — закліньванне агрэгата і адсутнасць змазкі.

Другі выпадак. Мы разабралі пашкоджаныя вузлы. У адну з прасавальных камер трапіў камень. Ён выбіваў іскры, перыядычна закліноўваў вал. Урэшце гэта прывяло да пажару. Зрабіць такую выснову дазволіла тое, што ўзгаранне пачалося ўнутры бункера, а ніякіх іншых прадметаў там не было.

— Ці могуць дапамагчы штатныя сродкі пажаратушэння?

— Залежыць ад таго, дзе ўзнік пажар. Калі яго ачаг знаходзіцца бліжэй да паверхні, імавернасць таго, што тэхніку ўдасца ўратаваць, узрастае. Але калі загарэўся нейкі глыбокі вузел, то шанцы на гэта рэзка падаюць.

Я рабіў аднойчы экспертызу па ўзгаранні кормаўборачнага камбайна. Інцыдэнт адбыўся на полі падчас уборкі. Пажар быў настолькі хуткі і інтэнсіўны, што камбайн згарэў амаль цалкам. Ад яго засталіся толькі корпус і паўтара кола. А прычынай узгарання стаў аварыйны рэжым работы сістэмы электразабеспячэння.

У гэтым выпадку ўсё пачалося з таго, што замест пластыкавага хамута, прадугледжанага вытворцам, быў устаноўлены металічны. Пэўна, рамонтнікі зрабілі гэта дзеля большай надзейнасці — каб ён не перацёрся падчас вібрацыі, якая ўзнікае з-за язды. Металічны хамут і не ператрэцца. Але цудоўна счэша ізаляцыю з дратоў, якія ён мусіць аберагаць. Драты агаляюцца — і электрыка працуе ўжо ў аварыйным рэжыме.

Магутная тэхніка мае пры сабе адпаведныя акумулятары. Іх не паспелі абясточыць, калі пачалося ўзгаранне. А ачаг пажару быў побач з імі. Усе ланцугі знаходзіліся пад напружаннем, і аварыйны рэжым паспрыяў таму, што загарэлася ізаляцыя электраправодкі, якая была размешчана далей.

Мы сутыкаліся з выпадкамі, калі тэхніка гарэла з-за таго, што ў яе... уразалі... дадатковую магнітолу.

Эксперт згадвае адзін выпадак, калі пажар, здавалася б, узнік з ніадкуль. Загарэлася фура, якая перавозіла льнотрасту. Але самае цікавае — тое, што агонь ахапіў груз, пакуль машына яго перавозіла. Усё было належным чынам закрыта і апячатана, таму версія старонняга ўмяшання або пападання цыгарэты адпала адразу. Ды і пасля пагрузкі мінула даволі шмат часу. Перабралі мноства магчымых версій, але ўсё паказвала на тое, што ачаг гарэння знаходзіўся ўнутры льнотрасты. І ўрэшце было прынята рашэнне абследаваць машыну, якая грузіла льнотрасту ў фуру. Вось тады і аказалася, што ў гэтай тэхніцы не быў устаноўлены іскрапагашальнік. Больш за тое, на яе выпускным тракце меліся трэшчыны і розныя няшчыльнасці, праз якія іскры выляталі вонкі. Адна з іх і прымусіла тлець лён.

Пад пагрозай — і сабраны ўраджай

Сітуацыю з пажарамі падчас уборачнай комплексна вызначыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргей Лапановіч.

— Камітэту па сельскай гаспадарцы Мінскага аблвыканкама даручана ўвечары сумесна з уласнікамі і прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў арганізаваць рэйды па месцах захоўвання і перапрацоўкі збожжа і грубых кармоў. Таксама мы звяртаемся да бацькоў з просьбай кантраляваць тое, як дзеці праводзяць свой вольны час, каб яны не гулялі там, дзе складуюцца сена ды салома. Не раз свавольства малых з агнём станавілася прычынай пажараў, ад чаго ў попел ператвараўся ўраджай, які вырасцілі, збіралі днямі і тыднямі. А гаспадаркі атрымлівалі сур'ёзны ўрон. Ды і самі дарослыя часам становяцца віноўнікамі такіх пажараў, выкінуўшы з акна аўтамабіля недакурак. Хочам звярнуць на гэта ўвагу і персаналу аб'ектаў, якія задзейнічаны ў нарыхтоўцы і захоўванні ўраджаю.

Сёлета на тэрыторыі Мінскай вобласці ўжо адбылося больш за 40 пажараў у месцах захоўвання грубых кармоў. Пры гэтым за ўвесь мінулы год іх было толькі 22. Небяспека такіх узгаранняў у тым, што агонь падчас іх распаўсюджваецца вельмі хутка і вокамгненна знішчае на сваім шляху ўсё.

Напрыклад, 13 жніўня адбыўся пажар на складзе грубых кармоў у вёсцы Вязанка Дзяржынскага раёна. У попел ператварыліся склад грубых кармоў і пяць сціртаў саломы агульнай масай у 300 тон. Такі вялікі ўрон нанесены з-за таго, што не быў належным чынам абсталяваны проціпажарны разрыў паміж сціртамі. Адлегласць паміж імі складала ўсяго пяць метраў пры мінімальна дапушчальнай трыццаць...

— Падчас рэйдаў нашы супрацоўнікі выяўлялі, што грубыя кармы вельмі блізка складуюцца ад дарог, ліній электраперадачы, будынкаў, лясных масіваў, — адзначае Сяргей Лапановіч. — На некаторых аб'ектах і транспартных сродках не было вогнетушыцеляў. Больш за тое, на некаторыя месцы захоўвання грубых кармоў мог трапіць хто заўгодна.

Ёсць у ратавальнікаў нараканні і наконт месцаў уборкі збожжа. Гаспадары палёў не паўсюль паклапаціліся пра тое, каб там дзяжурыла пажарная аварыйна-выратавальная тэхніка. Былі нават факты, калі збожжаўборачная тэхніка перасоўвалася без аўтамабіля, прызначанага для тушэння пажару.

— Таксама мы адзначалі тое, што на выхлапных сістэмах не было іскрагасільнікаў. Зафіксавана шмат парушэнняў пажарнай бяспекі падчас работы цеплагенеруючых установак, электрычнага абсталявання. На шэрагу аб'ектаў не было пажарнага водазабеспячэння і аўтаматыкі ў спраўным стане. А дзе-нідзе — нават вогнетушыцеляў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена ДКСЭ і МНС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.