Вы тут

У нядзелю і панядзелак кароткія дажджы і да плюс 32 градусаў


Усе прасілі дажджу. Вось ён і прыйшоў — атлантычны цыклон, цэнтр якога ўчора знаходзіўся на поўначы Беларусі. Гэты атмасферны віхор з разраду не вельмі актыўных, тым не менш дажджы рознай інтэнсіўнасці прайшлі паўсюдна. А ў выніку паменшыўся дэфіцыт жнівеньскіх ападкаў, паведамляюць эксперты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У наступныя суткі цыклон працягне перамяшчацца на ўсход. Будзе воблачна з праясненнямі, удзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Прагназуецца цёплае надвор'е — плюс 17—22 градусы. Тэмпературы не вельмі высокія, але такі тэмпературны фон будзе блізкі да сярэдніх шматгадовых значэнняў для гэтых дат жніўня.

У суботу пашырыцца вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў адносна халоднай паветранай масе. Раніцай і ўдзень у заходніх і цэнтральных раёнах адаб'ецца ўплыў атмасферных франтоў, якія ссоўваюцца з боку Заходняй Еўропы. Уначы чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў. Удзень будзе воблачна з праясненнямі, у заходніх і цэнтральных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Уначы і раніцай — слабы туман. Вецер прагназуецца ўначы няўстойлівы слабы, удзень паўднёвы, паўднёва-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 7 да 13 градусаў, месцамі пахаладае да плюс 5. Удзень будзе 16—23 цяпла, а па поўдні краіны — ад 24 да 28.

Па-сапраўднаму прыпячэ ў нядзелю. У гэты дзень чакаецца, што накіраванасць паветраных патокаў зменіцца з паўночна-заходняй на паўднёвую і на Беларусь распаўсюдзіцца цёплае паветра з Балканскага паўвострава. У паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Уначы і раніцай у нізкіх месцах і паблізу вадаёмаў могуць згушчацца слабыя туманы. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Значна цяплей стане ўначы. У гэты час тэмпература паветра складзе 11—17 цяпла. Днём чакаецца 20—26 градусаў, а па паўднёвым усходзе стане нават вельмі горача — ад 27 да 32.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак захаваецца ўплыў вельмі цёплых паветраных мас паўднёвага паходжання. Уначы пераважна па паўночным захадзе, раніцай і ўдзень месцамі па краіне пройдуць кароткія летнія дажджы, у асобных раёнах з навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе 13—20 цяпла. Удзень будзе зусім па-летняму — ад 20 да 26 градусаў, па паўднёвым усходзе — плюс 27—32. У аўторак, у першы дзень восені, рост атмасфернага ціску будзе спрыяць спыненню дажджоў. Уначы пасвяжэе, а ўдзень будзе ад 16 да 27 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: obrazovaka.ru

Загаловак у газеце: Чакаем спякоту з Балкан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».