Вы тут

Людмiла Рублеўская. Урывак з рамана «Авантуры Вырвiча, Лёднiка i Чорнай Меланхолii»


Людмiла Рублеўская. Урывак з рамана «Авантуры Вырвiча, Лёднiка i Чорнай Меланхолii». Раздзел другi. Як Лёднiкi з графам Мануцы пазнаёмiлiся.

У часопiсе «Полымя» пачынае друкавацца новы раман Людмiлы Рублеўскай «Авантуры Вырвiча, Лёднiка i Чорнай Меланхолii». Гэта шостая кнiга вядомай авантурна-прыгоднiцкай серыi пра шляхцюка Пранцiша Вырвiча герба Гiпацэнтаўр i яго старэйшага сябра, полацкага доктара Баўтрамея Лёднiка. Прапануем чытачам «Звязды» пазнаёмiцца з урыўкам з гэтага твора. Дзеянне адбываецца ў XVIII стагоддзi, у апошнiя гады iснавання Рэчы Паспалiтай. Заканчваецца праўленне ўсемагутнага канцлера Антонiя Тызенгаўза, iнтрыгi якога зноў гоняць герояў у далёкую дарогу. Пранцiш Вырвiч цяпер — шаноўны суддзя падкаморы, Баўтрамей Лёднiк — паплечнiк стваральнiка медычнай акадэмii Жана Жылiбера, жонка Лёднiка, чароўная Саламея, таксама займаецца лекарскай справай, а ягоная падрослая дачка Сафiйка ўспадчыннiла не толькi матчыну гожасць, але i неўтаймоўны бацькаў характар. I зноў — захапляльнае падарожжа па трагiчных i яркiх старонках беларускай гiсторыi.

Пачатак рамана чытайце ў № 8 часопiса «Полымя», працяг — у №№ 9 i 10.


Як сведчаць летапiсы, у лета шэсць тысяч шасцiсотае ад стварэння свету было на Полацак нашэсце наўяў. Гойсалi мерцвякi па вулiцах, самiх не вiдаць было, а вось сляды капытоў iхнiх коней палачане бачылi выразна. Можа, прывiдныя конi проста занадта хутка неслiся для вока чалавечага, як умеюць чорныя духi гарцукi, якiя возяць па небе агромнiсты вогненны жоран з паганскiм Перуном?

Чацвёрка сытых чорных коней пёрла па старажытнай Альгердавай дарозе мiж Полацкам i Вiльняй шыкоўную карэту, пазалочаную, з гербамi, так iмклiва, нiбыта ў ёй выправiлiся на зладзейскую справу наўцы альбо хтосьцi зацугляў перуновых гарцукоў. Лужыны ператваралiся ў феерверкi бруду, гасцiнец ажно дрыжэў...

Нiхто не прытрымаў чорных коней, нават бачачы, што наперадзе валюхаецца грувасткi рыдван. Дарэмна два фурманы, што кiравалi рыдванам, чарнявы дзяцюк з квадратнымi плячыма i бялявы хлапец-мацак, спрабавалi адвесцi свой экiпаж убок... Шалёная залачоная карэта дагнала рыдван якраз у самым нязручным месцы дарогi, калi з аднаго боку было густое кустоў'е, з з другога — узгорак, на якi ўскарасквалiся танклявыя бярозкi.

Хрась!.. Залаты бок карэты ледзь не прыхiлiўся да чорнай сценкi рыдвана, заднiя колы экiпажаў сутыкнулiся, быццам няўважлiваму шкаляру аднакласнiк спрытна падставiў нагу... Вось i прыехалi. Без кола засталiся. А да Гароднi ўсяго два пераезды!

Красамоўства фурманаў абедзвюх павозак змусiла б вядомага грэка Дэмасфена тэрмiнова набраць у рот каменьчыкаў i зноў бегчы на бераг мора, трэнiравацца ў вымаўленнi складаных сiнтаксiчных фiгур, няхай не дужа прыстойных.

Сiтуацыю маглi ўладзiць толькi гаспадары. Пакуль Саламея супакойвала раз'юшанага Лёднiка, якi ад штуршка ледзь не паляцеў на падлогу, Пранцiш самавiта выйшаў з пахiленага рыдвана, паклаўшы руку на дзяржальна Гiпацэнтаўра. Гаспадар залачонай карэты не зрабiў ласку выйсцi, але ягоны слуга ў венгерцы з залатымi галунамi расчынiў дзверцы, каб пан мог высунуцца вонкi i пакараць дзёрзкi сусвет.

Пан быў даволi гожы, гэткай саладжавай гожасцю, якую цэняць у куртуазных свецкiх салонах: чорныя выразныя вочы, акуратны нос, не кiрпаты i не дзюбаты, румяныя шчокi, невялiкi капрызны рот. Парыс, каб яго цапамi малацiлi. Праўда, цяпер гожае аблiчча псавала злосць.

— Вашыя фурманы мусiлi збочыць.

Ружовыя вусны ўладальнiка залачонай карэты ганарыста крывiлiся, пальцы правай рукi, знiзаныя пярсцёнкамi паўзверх тонкай шаўковай пальчаткi, барабанiлi па сценцы. А камзол парчовы, карункi галандскiя, панчохi белыя, чаравiкi на чырвоных абцасах, з дыяментавымi спражкамi, парычок пудраны з акуратнымi буклямi, мушка на правай шчацэ... Лыткi, мусiць, накладныя, як цяпер модна. Нiбыта не ў дарогу выправiўся, а на баль. Што за фацэт? Вырвiч зiрнуў на герб на баку карэты: залаты леў, вельмi падобны да венецыянскага, вежа, якар, рука з трыма ружамi... Падобна, гэткi стракаты герб нядаўна зацвердзiлi. I ўладальнiк нетутэйшы, з акцэнтам гаворыць, i звычаяў сармацкiх не ведае — не прадставiўся пану-брату. Пранцiш паклаў руку на дзяржальна Гiпацэнтаўра, другой рукой паправiў шапку сабалiную з дыяментавым гузам, выпрастаўся, каб аксамiтная дылея лягла прыгожымi складкамi паўзверх жупана.

— Франтасiй Вырвiч з Падняводдзя, герба Гiпацэнтаўр, старэйшая лiнiя роду, падкаморы менскага павета. З кiм маю гонар размаўляць?

Фацэт падумаў, неахвотна выйшаў з карэты, грэблiва пераступiўшы па беларускай гразi, якая адразу засмактала ягоныя чырвоныя абцасы.

— Граф Нiкола Антонiй Мануцы, староста Опсаўскi.

А бож-жачкi, гонару колькi ў iтальянчыка, як блох у бадзяжнага сабакi... Вырвiч ветлiва схiлiў галаву, стрымлiваючы паблажлiвую ўсмешку. Дык вось ён якi, Мануцы, самазваны графчык! Прыехаў у Польшчу з Венецыi некалькi год таму, укруцiўся ў давер да Панятоўскага, выконваючы самыя слiзкiя даручэннi... Дапамагчы з упадабанай красунькай сустрэцца, таго, хто перашкаджае, настрашыць, скалечыць цi са свету прыбраць... Хаця на першы погляд мала быў падобны да брэцёра. Нарэшце, венецыянец аказаў Цялку такую паслугу, якую не забываюць: ажанiўся з Ядвiгай Струтынскай, амараткай караля, што трапiла ў цiкавае, але непрыемнае становiшча. Панi Ядвiга шылахвосткай была вядомай, першы яе муж, Цеханавецкi, з ёй са скандалам развёўся, з-за гожых вочак паненкi тады ў Рэчыцы цэлае пабоiшча выйшла, з ахвярамi... I караля акруцiла. Цяпер у сям'i графа гадаваўся маленькi Станiслаў Мануцы, па водгуках усiх — вылiты Цялок. Сам Мануцы выдаваў сябе за нашчадка старажытнага венецыянскага роду, вось i змайстрачылi яму герб... А паралельна самазваны граф пасябраваў з расiйскiм паслом Штакельбергам i наладзiў сувязь з каханкам расiйскай iмператрыцы Пацёмкiным. Так што шпегаваў увiшны iтальянчык, сябручок такога ж падлючага авантурыста Казановы, на абодва бакi, а мо на тры цi чатыры. Такога ў бутэльку закаркуй — выслiзне.

Мiж тым слугi абодвух экiпажаў узялiся правiць папсаваныя колы. А размова Пранцiша з графчыкам набыла небяспечны паварот. Вырвiч справядлiва лiчыў, што вiнаваты ў прыкрым сутыкненнi ўладар залачонай карэты. Гэта ягоныя слугi мусiлi прытрымаць коней.

Мануцы намякнуў, што спяшаецца ў iнтарэсах караля.

Пранцiш ганарыста заявiў, што яны выконваюць загад падскарбiя, знакамiты доктар Баўтрамей Лёднiк мусiць як найхутчэй з'явiцца ў Гародню.

Пачуўшы iмя Чорнага Доктара, Мануцы змянiўся. Цёмныя вочы загарэлiся азартам, ноздры вытанчанага носа драпежна разадзьмулiся, рука ў шаўковай пальчатцы сцiснула дзяржальна шпагi... I раптам: замiж спешчанага хатняга сабачкi перад вамi — iкласты хорт, якi лёгка ўчэпiцца ў загрывак. А цi праўда, што доктар Лёднiк такi выбiтны фехтавальшчык, што можа адзiн выстаяць супраць дваццацi чалавек? А як ён па сценах скача? Забiць няўзброенай рукой, не дакранаючыся — таксама можа? Цi гэта плёткi? А цi згодзiцца пан доктар нешта прадэманстраваць?

Кадры з фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча»

(Заканчэнне ў наступным нумары «Звязды».)

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.