Вы тут

Напярэдаднi 88-га тэатральнага сезона свае планы агучылi ў двух сталiчных тэатрах


Новы сезон — гэта заўсёды магчымасць прапанаваць гледачам цiкавыя творы, а таксама ўласнае iх прачытанне, арыентуючыся на сучаснага гледача. Напярэдаднi 88-га тэатральнага сезона свае планы агучылi ў двух сталiчных тэатрах.


Так, нядаўна адбыўся сход калектыву Вялiкага тэатра Беларусi, якi традыцыйна праводзiцца напярэдаднi новага сезона. «У нас у вераснi будуць прадстаўлены два новыя спектаклi — балет «Пер Гюнт» на музыку Эдварда Грыга ў пастаноўцы маладога харэографа Сяргея Мiкеля i опера Джакама Пучынi «Вiлiсы. Фатум» рэжысёра Аксаны Волкавай. Прэм'еру новай рэдакцыi балета «Шчаўкунок» у пастаноўцы Валянцiна Елiзар'ева гледачы ўбачаць у кастрычнiку.

У лiстападзе да паказу плануецца прэм'ера оперы Шарля Гуно «Фауст» рэжысёра-пастаноўшчыка Ганны Маторнай. Юным гледачам у снежнi прадставiм дзiцячую оперу Глорыi Брунi «Пiнокiа» (па матывах казкi Карла Калодзi) у пастаноўцы маладога рэжысёра Наталлi Бараноўскай. А вось у 2021 годзе балет «Лебядзiнае возера» будзе прадстаўлены ў папярэдняй, традыцыйнай рэдакцыi Асафа Месерэра», — падзялiўся планамi мастацкi кiраўнiк тэатра Валянцiн Елiзар'еў.

Дырэктар тэатра Яўген Пятровiч павiншаваў супрацоўнiкаў з атрыманнем высокiх дзяржаўных узнагарод. У калектыве ганаровага звання «Народны артыст Беларусi» ўдастоены салiст оперы — вядучы майстар сцэны Уладзiмiр Громаў.

Ганаровае званне «Заслужаная артыстка Рэспублiкi Беларусь» атрымала артыстка аркестра — вядучы майстар сцэны Ларыса Ласоцкая; ганаровага звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублiкi Беларусь» удастоены дырыжор Андрэй Галанаў. А вядучы майстар сцэны Аляксей Афанасьеў, дырыжор Iван Касцяхiн i артыстка хору Святлана Цiтова ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Акрамя гэтага, у новым сезоне ў Вялiкiм тэатры адбылiся i кадравыя абнаўленнi: на сустрэчы прадставiлi новага загадчыка трупы оперы лаўрэата мiжнародных конкурсаў мецца-сапрана Наталлю Анiкiну.

Таксама кiраўнiцтва тэатра агучыла рашэнне, што ў вераснi праводзiць дабрачынную акцыю, якая дае магчымасць бясплатна наведваць усе спектаклi людзям з абмежаванымi магчымасцямi, пенсiянерам, шматдзетным сем'ям, дзецям-сiротам, медыцынскiм супрацоўнiкам i студэнтам.

Наведвальнiкаў Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Максiма Горкага чакаюць таксама абноўленая праграма i завяршэнне рамонту на вялiкай сцэне. Тут у новым сезоне плануюць пастаноўку спектакля «Браты Карамазавы» па рамане Фёдара Дастаеўскага, аднаўленне спектакля «Адзiны наследнiк» па п'есе Жана-Франсуа Рэньяна (ад рэжысёра-пастаноўшчыка Вольгi Дзянiсавай). Убачаць гледачы таксама мюзiкл «Граф Монтэ-Крыста» ў пастаноўцы мастацкага кiраўнiка тэатра Сяргея Кавальчыка, а Валянцiна Еранькова прадставiць публiцы «Трамвай «Жаданне» па п'есе Тэнесi Уiльямса. Плануе калектыў аднавiць i сваю гастрольную дзейнасць, у тым лiку ўдзел у разнастайных фестывалях. Падчас сустрэчы з калектывам Сяргей Кавальчык адзначыў, што для акцёра галоўная трыбуна — гэта сцэна, на якой ён можа i павiнен несцi людзям iдэалы мiру, гуманiзму i дабра.

Фота з сайта bolshoibelarus.by

Загаловак у газеце: Новы сезон у жыццi тэатраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.