Вы тут

Традыцыi i навацыi фестывальнай дзейнасцi


Фестывальная дзейнасць у галiне культуры i мастацтва — адна з найбольш эфектыўных сацыяльна-культурных тэхналогiй. Яна дазваляе рэалiзаваць творчыя магчымасцi, падзялiцца дасягненнямi як прафесiйных, так i аматарскiх мастацкiх калектываў i асобных выканаўцаў. Але падчас прэс-канферэнцыi на тэму «Рэгiянальныя фестывалi як брэнд Беларусi. VI Мiжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Поклiч Палесся» яе ўдзельнiкi прыйшлi да высновы, што мерапрыемствы такога кшталту могуць мець значна большы патэнцыял.


— Фестываль народнай мастацкай творчасцi заўсёды адлюстроўвае развiтасць пэўных вiдаў i жанраў мастацтва, характарызуецца комплексным вырашэннем мастацка-эстэтычных, навукова-метадычных i матэрыяльна-тэхнiчных задач, — лiчыць начальнiк аддзела метадычнага забеспячэння дзейнасцi клубных арганiзацый Рэспублiканскага цэнтра нацыянальных культур Раiса Вайцяхоўская.

Штогод у Беларусi праводзiцца больш за сотню фестываляў, многiя з якiх ужо даўно сталi традыцыйнымi. Напрыклад, фестываль музыкi «Звiняць цымбалы i гармонiк» у Паставах, мiжнародны фестываль песнi i музыкi «Дняпроўскiя галасы» ў Дуброўне, мiжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскiя зарнiцы», рэспублiканскi фестываль фальклорнага мастацтва «Берагiня», «Мотальскiя прысмакi» Iванаўскага раёна, мiжнародны фестываль харэаграфiчнага мастацтва «Сожскi карагод», «Поклiч Палесся» i многiя iншыя. Спалучэнне традыцый i навацый у фестывальнай дзейнасцi выклiкае ў жыхароў рэгiёнаў цiкавасць i станоўчы рэзананс. Актуальнасць i прыцягальнасць мастацкiх iдэй, пакладзеных у аснову гэтых свят, з'яўляюцца ўмовай iх укаранення ў тым цi iншым рэгiёне. У гэтых мясцовасцях фестывальныя мерапрыемствы атрымлiваюць моцную грамадскую падтрымку, спрыяюць аб'яднанню намаганняў розных грамадскiх структур, скiроўваюць iнтэлектуальныя, фiнансавыя, кадравыя рэсурсы на вырашэнне найбольш актуальных праблем культуры ў рэгiёнах.

Спецыялiст таксама адзначыла, што, як паказвае практыка, на працягу апошнiх 30 гадоў фестывальная дзейнасць заставалася адной з найбольш эффектыўных формаў захавання, развiцця i папулярызацыi народнага мастацтва. Фестывалi народна-мастацкай творчасцi ў Беларусi выконваюць сваю асноўную задачу — узнаўляюцца нацыянальныя традыцыi, узбагачаецца культурнае жыццё краiны, рэгiёнаў, ствараецца максiмальна шырокае поле прыцягнення як для прафесiяналаў, так i для шырокай аўдыторыi гледачоў да беларускай мастацкай культуры. Разам з тым такiя мерапрыемствы дапамагаюць скiроўваць увагу дзяржавы i грамадскiх арганiзацый, устаноў культуры, творчых саюзаў, дабрачынных фондаў, дзеячаў культуры i мастацтва да праблем захавання нацыянальнай культуры, эстэтычнага выхавання дзяцей, падлеткаў, моладзi на прыкладзе найлепшых узораў традыцыйнага мастацтва. У дадатак фестывальная дзейнасць спрыяе развiццю турызму.

Наглядна можна прааналiзаваць сiтуацыю на прыкладзе мiжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Поклiч Палесся». Ён сёлета праходзiць 29 жнiўня i збярэ сваiх прыхiльнiкаў ужо шосты раз. Штогод у аграгарадку Ляскавiчы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласцi сустракаюцца творчыя калектывы, майстры народных рамёстваў i розныя iншыя спецыялiсты. Дэманструючы ўласны вопыт i наладжваючы кантакты з калегамi па цэху, наведвальнiкамi, яны пашыраюць магчымасцi сваёй творчай (у тым лiку i гастрольнай) дзейнасцi.

— Фестываль збярэ сёлета творчыя калектывы, майстроў i рамеснiкаў з васьмi раёнаў Гомельскай i трох раёнаў Брэсцкай вобласцi. Варта адзначыць, што не было нiводнага фестывалю, каб да нас не прыязджалi замежныя госцi, — дзелiцца начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Гомельскага аблвыканкама Дзянiс Язерскi. — Рэжысёрска-пастановачная група распрацавала канцэпцыю, якая дазволiць наведвальнiкам пранiкнуцца атмасферай прыпяцкага Палесся, атрымаць багатыя ўражаннi i эмоцыi. Асаблiвасцю гэтага года стала тое, што тэрыторыя, дзе праводзiцца свята, прайшла праз рэканструкцыю, i цяпер усе мерапрыемствы будуць сканцэнтраваны ў адным месцы. (Гiсторыка-этнаграфiчны комплекс «Музей пад адкрытым небам» з пачаткам фестывалю прыме сваiх першых наведвальнiкаў. — Аўт.) Там будуць размешчаны i сцэнiчная пляцоўка, i падвор'i, што дазволiць лягчэй арыентавацца гасцям. Наша мерапрыемства сёлета — гэта яшчэ адна яскравая турыстычная кропка на карце краiны. Паколькі тая рэканструкцыя, якую правёў Нацыянальны парк «Прыпяцкi», i той музей пад адкрытым небам, якi ў нас з'явiўся, заслугоўваюць увагi наведвальнiкаў.

На працягу свайго iснавання «Поклiч Палесся» пастаянна трансфармуецца, абрастаючы новымi традыцыямi, iдэямi i мерапрыемствамi. Так, напрыклад, сёлета ўпершыню адбудуцца канцэртна-гульнявыя выступленнi аўтэнтычных калектываў i культарганiзатараў «Фолькфэст» (туды прыйшло каля 50 заявак). Госцi пабываюць на абсалютна розных пляцоўках, дзе будуць праводзiцца народныя гульнi з далучэннем да iнтэрактыўнага дзейства. Прагучаць аўтэнтычныя канцэртныя праграмы.

Вядома, не абыдзецца i без выступленняў творчых калектываў. Тут заўсёды рады бачыць гасцей i са сталiцы, i з суседнiх краiн. Сёлета ў мерапрыемстве возьмуць удзел калектывы — вакальны гурт «Чысты голас», нацыянальны акадэмiчны Народны хор Цiтовiча, ансамбль народнай музыкi «Бяседа». З Расii чакаюць тэатр танца «Вiп-пакаленне», фальклорны калектыў «Макоша» з Бранскай вобласцi. Таксама арганiзатарам удалося запрасiць адзiн з найпапулярнейшых калектываў Украiны «Лесапетны батальён» з Iвана-Франкоўскай вобласцi.

Сярод навiнак — правядзенне «Мазырскага эканамiчнага форуму», якi таксама прымуць у рамках фестывалю. На першы погляд, мерапрыемства быццам не ўпiсваецца ў палiтру «Поклiчу Палесся», але варта паглядзець шырэй, бо такi падыход, на думку арганiзатараў, дазволiць удзельнiкам форуму пазнаёмiцца з турыстычным, культурным патэнцыялам мясцовасцi, глыбей i шырэй спазнаць Палесскi рэгiён.

Увогуле пры жаданнi i ўменнi бачыць магчымасцi людзi знаходзяць iх i рэалiзуюць задуманае. I жывуць, працуючы не дзеля чарговай галачкi «прайшло свята», а на перспектыву. Бо, напрыклад, той жа музей пад адкрытым небам — гэта тое, што дапоўнiла i пашырыла iнфраструктуру Нацыянальнага турыстычнага парку «Прыпяцкi». А значыць, з'явiлася больш варыянтаў для адпачынку, новая лакацыя для культурных сустрэч i месца, дзе працягваюць жыць традыцыi беларускай культуры.

Алена ДРАПКО

Фота з архiва npp.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».