Вы тут

Як своечасова распазнаць алкагалiзм i чым дапамагчы блiзкаму?


Як своечасова распазнаць алкагалiзм i чым дапамагчы блiзкаму, якi спiваецца? Цi iснуюць бяспечныя дозы алкаголю? Чаму падчас лячэння бываюць зрывы i як не апусцiць рукi ў такiм выпадку? Вопыт якiх краiн у барацьбе з п'янствам можа быць для нас карысны? Пра гэта i iншае мы пагаварылi з намеснiкам галоўнага ўрача па амбулаторным раздзеле работы Мiнскага гарадскога клiнiчнага наркалагiчнага дыспансера Жаннай Iстомiнай.


Бяспечных доз не iснуе

— Жанна Вячаславаўна, чаму людзi ўжываюць алкаголь i злоўжываюць ім?

— Пачну з таго, што ўсходнiм славянам гiстарычна гэта было не ўласцiва. Алкаголь прыйшоў да нас з той часткi свету, дзе вельмi спякотна, шмат вiнаграду i мала вады. Са старажытнасцi людзi заўважылi, што той жа вiнаградны сок, якi забрадзiў, можна выкарыстоўваць як дэзынфiкуючы сродак. У спёку прадукты хутка псуюцца, таму падчас яды ўжывалi алкаголь, каб пазбегнуць атручванняў.

Увогуле слова «алкаголь» арабскага паходжання i перакладаецца як «забiраючы розум», «адурманьваючы». На нашы славянскiя тэрыторыi алкаголь прыйшоў не так даўно, прычым навязваўся штучным чынам. У часы Расiйскай iмперыi фармуляры, падпiсаныя дзяржаўнымi чынамi, прадпiсвалi людзям ужываць алкаголь. У кожнай мясцовасцi былi адчынены корчмы, i людзей абавязвалi трацiць там пэўныя сумы. З тых, хто не прыходзiў, усё роўна спаганялi гэтыя грошы: п'еш — не п'еш, не важна, грошы павiнен аддаць. Алкагольная прамысловасць у той час выдзяляла вялiкiя сродкi на развiццё чыгункi i iншыя патрэбы за права продажу алкаголю. А паколькi людзi яго не набывалi, iх даводзiлася прымушаць. У 1858 годзе нават пачалiся антыалкагольныя бунты, падчас якiх людзi нападалi на шынкi i корчмы i вылiвалi алкаголь. Вядома, што за два гады гэтых бунтаў 11 тысяч чалавек было адпраўлена на катаргу. Але алкаголь усё ж такi прыжыўся на нашых тэрыторыях.

Шэраг прычын падштурхоўваюць людзей на ўжыванне спiртнога. Расслабiцца пасля цяжкага працоўнага дня цi для задавальнення, калi добра папрацаваў. Усё дрэнна — таксама нагода. Бяда цi радасць — у нас усё гэта прынята суправаджаць алкаголем — выпiць за здароўе маладых, нованароджанага, праводзiць памерлага. Але памылкова гэта лiчаць нашымi старадаўнiмi звычаямi. Сярод розных прафесiйных груп ёсць быццам бы свае карпарацыйныя традыцыi, але ўсё гэта штучна прыдуманае. Ёсць нават вершык: «Ад даты да даты хаджу непаддаты. А нагоду можна знайсцi кожны дзень». Выхадны — выпiў, любiмая каманда выйграла — выпiў, прайграла — таксама.

— Колькi часу патрэбна, каб сфармiравалася залежнасць? Калi злоўжыванне пачынае адлюстроўвацца на знешнасцi?

— Не заўсёды па чалавеку бачна, што ён злоўжывае спiртным. Калi бачна, гэта ўжо сур'ёзная стадыя захворвання. За якi час сфармiруецца залежнасць, складана адназначна сказаць, гэта вельмi iндывiдуальна. Тут мае значэнне i генетычны фактар, i сацыяльны, i нават мужчына гэта цi жанчына. Важны i бiялагiчны фактар. У нас ёсць фермент — алкагольдэгiдрагеназа. I ад таго, як ён спраўляецца з разбурэннем алкаголю, як хутка наступае абсцiнентны (пахмельны) сiндром, залежыць развiццё алкагольнай залежнасцi. Хтосьцi спiваецца за год, хтосьцi ўсё жыццё ўжывае нейкую колькасць алкаголю i не мае такiх наступстваў.

— Цi iснуе бяспечная доза алкаголю?

— Для людзей усходнеславянскага тыпу бяспечная доза алкаголю роўная нулю. Гэта зноў-такi звязана з наяўнасцю ферменту алкагольдэгiдрагеназа. Мне часта супярэчаць, што iтальянцы цi грузiны п'юць сталовае вiно кожны дзень i не спiваюцца. Аднак у паўднёвых нацый iншая генетыка. Паўночныя народы спiваюцца вельмi хутка, бо ў iх увогуле няма алкагольдэгiдрагеназы. У нас гэтага ферменту мала. Таму нам алкаголь лепш не ўжываць.

Калi чалавек усё ж выпiвае, то павiнен прытрымлiвацца пэўных межаў. Ёсць найменш небяспечныя дозы алкаголю. Яны таксама наносяць шкоду арганiзму, але калi не ўжываць спiртное сiстэматычна i не перавышаць гэту дозу, то арганiзм адновiцца. За вечар жанчына можа выпiць не больш адной стандартнай дозы (так званы дрынк), гэта 10 грамаў чыстага спiрту, або 25 мл гарэлкi, цi 125 мл сухога вiна, калi яно мацаванае — 50 мл. Для мужчын гэта два дрынкi — 50 мл моцнага алкаголю. Пры гэтым абавязковая ўмова — два цвярозыя днi на тыдзень. Нi ў якiм разе нельга разумець гэта як заклiк пiць кожны дзень, акрамя двух.

Небяспечныя сiмптомы: штодзённы прыём, нарастанне дозы

— Як блiзкiм вызначыць, што чалавек падышоў да небяспечнай мяжы i трэба дзейнiчаць?

— У першую чаргу гэта страта колькаснага кантролю — калi ён сеў пiць, то напiваецца да бяспамяцтва. Тут трэба бiць трывогу i пачынаць размову аб тым, што вас непакоiць празмернае ўжыванне алкаголю. Акрамя таго, ёсць яшчэ шэраг прыкмет: пачынаецца штодзённы прыём, нарастанне дозы, чалавек пастаянна шукае нагоду выпiць.

— Што павiнны рабiць блiзкiя? Як дапамагчы, а не нашкодзiць?

— Блiзкiя павiнны размаўляць, прычым не ў форме скандалаў. Так устроены чалавек, што чым больш яму забараняць, тым больш ён парушае. Размаўляць варта з клопатам пра здароўе — яго i навакольных. «Ты ўчора дазволiў сабе лiшняе, сёння адчуваеш сябе дрэнна», «Ты ўпаў i зламаў руку», «У цябе забралi «правы». Сацыяльныя наступствы цi медыцынскiя з'яўляюцца, i на гэта трэба мякка ўказваць. Прапаноўваць пайсцi па дапамогу да спецыялiстаў.

Сёння ў нашым дыспансеры, ды i ва ўсёй краiне ёсць ананiмны прыём на платнай аснове. Можна не называць нават сваё прозвiшча, акрамя тых выпадкаў, калi неабходна выпiска прэпаратаў-псiхатропаў. Часам словы блiзкiх успрымаюцца, як прадузятасць, маўляў, мацi на мяне нагаворвае, я п'ю, як усе — па святах. Тут таксама лепш паразмаўляць з урачом. Часам толькi спецыялiст дапаможа разабрацца, што ў чалавека ёсць праблема. Катэгарычных заяў «Ты алкаголiк» рабiць таксама не трэба, пра гэта можа сказаць толькi ўрач. Лепш угаварыць пайсцi на размову са спецыялiстам, прычым разам.

— Калi чалавек пасля лячэння нейкi час трымаецца, потым зрываецца i зноў пачынае пiць, i так па коле цягам некалькiх гадоў, што ў такiм выпадку рабiць? Цi варта лячыць такога чалавека? Цi можна яго вылечыць?

— Пра вылечыць размова, хутчэй за ўсё, не iдзе. Алкагалiзм — гэта хранiчнае захворванне, i як ва ўсiх хранiчных хвароб, тут ёсць перыяд абвастрэння i перыяд рэмiсii. I гэты чарговы зрыў — перыяд абвастрэння. Сёння многiя нарколагi сыходзяцца на тым, што гэта нармальна. Не трэба апускаць рукi, а варта змагацца за чалавека далей. I самому пацыенту, якi лечыцца, зноў трэба iсцi да доктара i пачынаць усё занава. Алкагалiзм — хвароба, калi пакутуе душа i цела. Цела аднавiць лягчэй, а вось душу даводзiцца лячыць гадамi. Гэта работа псiхолагаў, псiхатэрапеўтаў, псiхiятраў. Дакапацца да прычыны, што штурхае чалавека на чарговы запой, чаго яму не хапае, заўсёды няпроста. Ужыванне алкаголю — гэта сыход ад рэчаiснасцi. Высветлiць, чаму чалавек сыходзiць — гэта работа не аднаго месяца i нават года. Таму варта ўсведамляць, што лячэнне — гэта не толькi пракапацца i закадзiравацца. Гэта работа з псiхолагамi, псiхатэрапеўтамi, наведванне групы ананiмных алкаголiкаў, у тым лiку наведванне блiзкiмi груп для сузалежных. Там вучаць правiльным паводзiнам, каб не было заганнага круга, бо часам i блiзкiя ўцягнутыя ў гэту залежнасць, i сваiмi паводзiнамi, як гэта нi сумна, падштурхоўваюць на ўжыванне i чарговы запой.

Як змагацца з сухiм запоем

— Калi чалавек сыходзiць у запой раз у месяц-два на некалькi дзён, потым самастойна выходзiць i не п'е нейкi час, гэта таксама алкагалiзм?

— Так. I як правiла, чалавек прадчувае наступленне гэтага перыяду. I ў такiм выпадку ён сам павiнен шукаць дапамогi. Блiзкiя, якiя жывуць побач, могуць гэта таксама бачыць i адчуваць па нейкiх прыкметах. I таксама могуць прывесцi да ўрача.

Перш чым такi чалавек пачынае пiць, у яго з'яўляецца псiхалагiчны настрой. Яму можа снiцца, што ён ужывае алкаголь — гэта так званае сухое п'янства. Ён пачынае ўспамiнаць, мадэляваць працэс, свае адчуваннi, i толькi потым, калi своечасова не прыйшоў да ўрача, зрываецца.

— З дапамогай урача з сухiм запоем можна справiцца?

— Так, яго можна перарваць — i псiхатэрапiяй, i прызначэннем падтрымлiваючых прэпаратаў. На жаль, не заўсёды нашы пацыенты да гэтага гатовы, хоць з'яўляецца ўсё больш людзей, якiя прыходзяць своечасова. Мы папярэджваем, што такое можа быць, i тыя, хто хоча пазбавiцца ад праблемы, кантралюе сябе, прыходзяць да ўрача загадзя. Безумоўна, тут патрэбна вялiкая сiла волi i праца над сабой. Дапамагае ў такiм выпадку нават наведванне груп ананiмных алкаголiкаў.

— Здаецца, што наша моладзь усё больш аддае перавагу здароваму спосабу жыцця. Цi ёсць падлеткi з дыягназам алкагалiзм?

— У Мiнску, напрыклад, усяго адзiн падлетак з сiндромам залежнасцi. Сапраўды сярод моладзi ёсць трэнд на здаровы спосаб жыцця, на жаль, гэта толькi чамусьцi не датычыцца электронных цыгарэт. Але падлеткавы ўзрост — час проб i эксперыментаў, калi яны лiчаць, што могуць паспрабаваць цыгарэты i алкаголь. I калi за гэтым заняткам трапляюць у поле зроку настаўнiкаў i мiлiцыi, то накiроўваюцца да нас — на размовы i прафiлактычную работу. Са шкоднымi наступствамi ад алкаголю у нас на дыспансерным назiраннi знаходзiцца 1058 падлеткаў, якiя ўжывалi спiртное i трапiлi ў поле зроку педагогаў i мiлiцыi. Год ад году мы канстатуем знiжэнне гэтых лiчбаў. Гэтак жа i колькасць дарослых на дыспансерным улiку знiжаецца. Таму можна меркаваць, што наша нацыя выбiрае здаровы спосаб жыцця. I мы пачалi набываць пэўную культуру пiцця.

— Якiя цяпер метады лячэння ад алкагалiзму эфектыўныя i папулярныя?

— Часта лячэнне ананiмнае, i ў нас шмат прыватных медцэнтраў, якiя аказваюць такiя паслугi. Таму вылучыць пэўны метад складана. I «падшыўка», i «кадзiраванне» карыстаюцца папулярнасцю. Больш надзейнай у насельнiцтва лiчыцца «падшыўка»: калi ўвялi лекi, то здаецца, што гэта больш эфектыўна, чым работа псiхатэрапеўта. Ёсць яшчэ такое памылковае меркаванне, што кадзiроўка ўздзейнiчае на мозг, чалавек робiцца не зусiм адэкватны. На самай справе псiхалагiчная кадзiроўка не ўплывае на разумовыя i характаралагiчныя асаблiвасцi чалавека. Хутчэй за ўсё яны былi i раней, проста iх спiсвалi на тое, што чалавек п'яны. Або сапраўды адбылiся змены характару пад уздзеяннем алкаголю.

Усё больш запатрабаваныя апошнiм часам рэабiлiтацыйныя праграмы. У нас iх на сёння тры. «Вясёлка» — на ананiмнай платнай аснове, але больш папулярная яна ў наркаспажыўцоў. I яшчэ дзве бясплатныя рэабiлiтацыйныя праграмы. Пацыенты, якiя стаяць на ўлiку, пасля аднаўлення цела — дэтоксу — лечаць душу. У стацыянары яны праводзяць 28 дзён.

— Цi будуць мець вынiкi абмежавальныя меры ў нашым грамадстве? Цi трэба рэгуляваць колькасць магазiнаў, якiя прадаюць алкаголь, павялiчваць яго кошт, каб зрабiць менш даступным?

— Забароны продажу алкаголю па часе не вельмi эфектыўныя. У нашых людзей у адказ узнiкае жаданне купiць пра запас, а калi купiлi, значыць, трэба ўсё выпiць. Забароны звычайна прыводзяць да зваротнага эфекту. Павiнна быць правiльная цэнавая палiтыка i скарачэнне пунктаў продажу моцнага алкаголю.

Для нас можа быць карысны вопыт краiн, блiзкiх нам па менталiтэце. Гэта Скандынаўскiя краiны, а таксама Польшча. У Скандынаўскiх краiнах, напрыклад, у Швецыi, моцны алкаголь прадаецца толькi ў алкамаркетах, якiя размяшчаюцца за горадам. Прычым каштуе ён нятанна. У горадзе можна купiць толькi алкагольныя напоi з нiзкiм утрыманнем спiрту — да 3,5 градуса. Я згодна з тым, што моцны алкаголь павiнен каштаваць дорага.

Штогод Сусветная арганiзацыя аховы здароўя ўстанаўлiвае рэйтынг краiн па ўжываннi алкаголю. У iм улiчваецца насельнiцтва ад 15 гадоў i старэйшае, збiраюцца даныя аб продажах, падлiчваецца завозны, нелегальны алкаголь, якi прысутнiчае ў любой краiне. У 2014 годзе мы лiдзiравалi ў гэтым рэйтынгу — на душу насельнiцтва прыпадала больш за 17 лiтраў чыстага спiрту. Праўда, у той год наша краiна прымала чэмпiянат свету па хакеi, а значыць мела месца прывознае ўжыванне — было шмат турыстаў, продажы павялiчыліся. Польшча тады ў рэйтынгу таксама была ў дзясятцы. Яны пайшлi шляхам павышэння акцызаў на моцны алкаголь i змяншэння на слабы. У гэтым ёсць сэнс i з пункту погляду медыцыны: у рэанiмацыю i таксiкалагiчныя аддзяленнi трапляюць людзi, якiя ўжываюць моцны алкаголь. У Польшчы зменшылася як колькасць атручванняў алкагольнымi напоямi, так i колькасць ужывання.

Мы таксама выйшлi з дзясяткi лiдараў гэтага рэйтынга. Але ўсё роўна маем больш за 11 лiтраў на душу насельнiцтва. Сусветная арганiзацыя аховы здароўя лiчыць, што калi ўжыванне на душу насельнiцтва перавышае восем лiтраў, то iдзе вымiранне нацыi. Таму пакуль мы ўсё роўна пад пагрозай.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Iсцiна не ў вiне!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?