У апошнюю суботу жніўня нарэшце адбыўся фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Ён праходзіць адзін раз у два гады, а сёлета стаў шостым па ліку. Як заўсёды, свята прайшло на прыпяцкім беразе ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Можна сказаць, у самым сэрцы беларускага Палесся.
Адметная і сама вёска. Тут знаходзіцца адміністрацыя Прыпяцкага нацыянальнага парка, а сам запаведнік з’яўляецца пачынальнікам і арганізатарам маштабнага і ўжо вядомага форуму захавання і папулярызацыі векавых культурных набыткаў.
Гэтым разам фестываль змяніў дыслакацыю. Усе канцэртныя пляцоўкі і этнафальклорныя падворкі раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей перасунуліся на адну вялікую — у форме круга, пляцоўку, накшталт старажытнага кірмаша.
Тут упершыню пабудавалі высокую вежу — для агляду зверху і на прыпяцкі заток, і на прыгожыя пабудовы і, вядома, на само прыгожае і рознакаляровае свята. Узвялі прыгожую карчму пад чаротавым дахам, а яшчэ непадалёк ад берага змайстравалі вятрак — драўляны ветраны млын.
Але канцэптуальны змест праграмы фэсту застаўся ранейшы — паказ самабытных паляшуцкіх традыцый, якія дэманстравалі здольныя і таленавітыя майстры і рамеснікі, музыканты і пявунні, увішныя гандляры і дасціпныя і вясёлыя артысты, якія прыехалі са сталіцы, з Гомеля і нават з Украіны.
Вядома, свята ніколі не абыходзіцца без дзіцячых калектываў Петрыкава.
Як заўсёды, на галоўнай сцэне агучвалі званне і ўручалі дыпломы ганаровага палешука. Па традыцыі праводзілі і конкурс «Прыгажуня Палесся».
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.