Вы тут

У рытме жніва


Пачнем адразу з лічбаў. Яны адлюстроўваюць рэальную карціну ўборачнай, якая на момант, калі падпісваўся ў друк часопіс, была ў разгары. Усяго па краіне па стане на 17 жніўня ўбрана больш чым 86% плошчаў, а зерня намалочана больш чым 7 млн тон. Па завяршэнні жніва чакаецца рэкордны намалот: каля 9,5 мільёна тон збожжа.


Дарэчы, надвор’е ў гэтым годзе аграрыям спрыяе. Дажджы, праўда, часам здараюцца, але яны, на шчасце, не зацяжныя. Але і невялікая непагадзь — не ў радасць для тых, хто на камбайнах. Таму і выкарыстоўваюць механізатары кожны пагодлівы дзянёк максімальна.

Розныя СМІ Беларусі ў гэты перыяд праяўляюць павышаную цікаўнасць да таго, як праходзіць уборачная кампанія. На старонках цэнтральных газет і адпаведных сайтах мільгаюць фотаздымкамі перадавікоў-механізатараў, пажылых і маладых. Ёсць сярод іх і дзяўчаты. На камбайнах працуюць і сямейныя экіпажы, бацькі з сынамі і дочкамі, браты з сёстрамі, мужы з жонкамі. Актыўна праяўляецца і моладзь. Толькі маладзёжных экіпажаў — каля 750!

Мазаіку вестак і фактаў з розных рэгіёнаў краіны, дзе разгарнулася «Жніво –2020», якое, па словах аднаго з камбайнераў, быццам вянок упрыгожвае земляробчую працу, мы і прапануем чытачам нашага часопіса.

На вяселле зарабіла!

Сямейны экіпаж з Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, у якім разам з бацькам працуе дачка-студэнтка, намалаціў больш за 1 тыс. тон збожжа. Перадавікоў уборачнай ушаноўвалі прама ў полі. Віншаванні атрымаў дасведчаны камбайнёр Аляксандр Максімік, а памочнікам у гэтым годзе ў яго 20‑гадовая дачка Алена. У сваёй катэгорыі — а працуе экіпаж на камбайне «Палессе GS10» — гэта адны з лідараў у раёне. Для механізатара гэта ўжо 20‑я па ліку ўборачная, а для дачкі яго — першая. Цяпер яна на вакацыях, скончыла трэці курс філфака Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Алена Максімік дапамагае бацьку ўбіраць ураджай у Бераставіцкім раёне

— Я з дзяцінства прыходзіла да бацькі ў поле: паглядзець, як ён працуе. А ў гэтым годзе вырашылася папрацаваць разам з ім. Вядома, на першым часе было цяжка, потым ужо ўвайшла ў гэты рытм, — распавядае дзяўчына. Абавязкаў, падкрэслівае, нямала: дапамагаць павесіць або зняць жняярку, памыць, прадуць, абслужыць камбайн, пачысціць пры неабходнасці. Часам даводзілася і з сярпом у руках выходзіць, каб без страт зерня прыбраць палеглыя каласы.

Дзяўчына прызнаецца, што сур’ёзна стамлялася. Затое прыйшло разуменне, што хлеб ніколі не бывае лёгкім. Працавалі больш за два тыдні практычна без выхадных. Вольныя дні бывалі толькі пры дрэнным надвор’і.

— Але пра тое, што пайшла на такую працу, ужо сапраўды не шкадую. Калі ўсё атрымаецца, то і ў наступным годзе абавязкова папрашуся ў памочніцы да бацькі, — усміхаецца дзяўчына. Грошы, заробленыя на ўборачнай, яна плануе выдаткаваць на вяселле. Урачыстасць, дарэчы, запланаваная на верасень.

Высока ацэньвае ўнёсак памочніцы і бацька:

— З родным чалавекам заўсёды лягчэй працаваць. Разумеем адзін аднаго з паўслова. Ды і сама па сабе дачка актыўная, працавітая, таму і пытанняў не ўзнікала. Ураджай добры, да таго ж, бывала, у дзень па 100 тон і больш намалочвалі. Таму і настрой выдатны, — кажа камбайнер. Ён, дарэчы, хутка перасядзе за руль трактара, будзе працаваць на ўзворванні, рыхтаваць аснову для ўраджаю будучага года.

У Гродзенскай вобласці жніво перасягнула экватар. Усё больш у гаспадарках і тых, хто дамогся значных вынікаў у рабоце. Напрыклад, больш за 90 экіпажаў пераадолелі тысячны рубеж па намалоце. Сярод вадзіцеляў, якія былі задзейнічаныя на адвозцы збожжа, больш за 100 тысячнікаў. Ёсць сярод перадавікоў і моладзевыя, і сямейныя экіпажы.

Камбайнёр-аксакал

55-е жніво заслужанага камбайнёра Генадзя Цвірко

У Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці ўшаноўвалі камбайнёра Генадзя Цвірко, які ўдзельнічае ва ўборачнай у 55‑ы раз. Яму 73 гады. Усё жыццё прысвяціў ён сельскай гаспадарцы.

Працуе ў ААТ «Агранёманскі»: падчас уборачнай — камбайнёрам, у астатні час — брыгадзірам вытворчага ўчастка. Так што ў гаспадарцы ён працуе круглы год. Яму даводзілася працаваць на самых розных камбайнах і пры тым заўсёды паказваць высокія вынікі. Асаблівых сакрэтаў, лічыць Генадзь Цвірко, у працы камбайнёра няма. Галоўнае — працаваць планамерна і старанна, каб сабраць хлеб своечасова і каласок да каласка.

На яго рахунку многа ўзнагарод. Гэта і медаль «За доблесную працу» (1970), і ганаровая грамата Вярхоўнага савета БССР (1974), і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975). У 2015 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам Пашаны. На гэтых дасягненнях Генадзь Цвірко не спыняецца. «Будзе здароўе — буду старацца яшчэ працаваць», — бадзёра кажа ён.

І не стамляецца працаваць, ахвотна перадаючы свой вопыт моладзі. «Для нас такія людзі — прыклад любові да зямлі, да сваёй справы, добрасумленнай працы. Мы напітваемся яго энергіяй, задавальненнем ад зробленай працы», — падзяліўся меркаваннямі пра ветэрана дырэктар ААТ «Агранёманскі» Дзяніс Захарчук.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко ўручыў Генадзю Цвірко Ганаровы нагрудны знак Мінсельгасхарча «За заслугі ў сельскай гаспадарцы». «Дзякуем вам за тое, што вы падаеце прыклад нашай моладзі. Каб працаваць столькі гадоў, убіраючы хлеб, трэба сапраўды любіць гэтую зямлю, любіць сваю краіну», — сказаў ён.

Генадзю Цвірко ўручылі ўзнагароды і ад Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Стаўбцоўскага райвыканкама, ААТ «Агранёманскі».

ААТ «Агранёманскі» — буйная гаспадарка ў Стаўбцоўскім раёне з 6 тыс. га ворыўных зямель, у якой працуюць каля 230 чалавек.

Ангеліна + Яўген

Ангеліна Андрэйкавец і Яўген Шэўчык працуюць разам

У Магілёўскай вобласці памочнікамі камбайнёраў працуюць 13 жанчын — у пары з бацькамі, братамі, мужамі. На Шклоўшчыне іх тры — гэта больш, чым у іншых раёнах. Гэтыя экіпажы на адмысловым уліку і ў пашане. Напрыклад, у Хоцімскім раёне Ларыса Андрэйчанкава з мужам працуе на жніве ўжо 9‑ы сезон. А Наталля Лаковіч у Слаўгарадскім раёне з бацькам выйшла ў поле першы раз. Кожная з іх ганарыцца сваёй новай прафесіяй. І працуюць такія экіпажы нароўні з усімі ў вялікай арміі беларускіх хлебаробаў.

У тое, што Ангеліна Андрэйкавец ужо другі сезон працуе памочнікам камбайнёра, многія знаёмыя не вераць дагэтуль. Сёлета дзяўчына скончыла філфак Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і праз месяц будзе вучыць дзяцей беларускай мове. А пакуль разам са сваім сябрам Яўгенам Шэўчыкам убірае хлеб у шклоўскім ААТ «Гавяды Агра» — кіруючая кампанія холдынгу. Маладыя людзі радуюцца таму, што летась прынялі рашэнне выйсці ўдваіх на хлебнае поле. Хоць дзяўчыне прыйшлося пераадолець унутраны страх — і перад магутнай, на першы погляд грознай машынай, і перад часам прадузятым стаўленнем да сітуацыі, калі жанчына бярэцца за традыцыйна мужчынскую справу.

— Скардзіцца на тое, што праца памочніцы камбайнёра складаная, не стану, — прызнаецца Ангеліна. — Працую я з радасцю і задавальненнем. Жэня мяне беражэ — дапамагае. Патроху навучае. Вядома, за штурвал камбайна пакуль не сяду, хоць у мяне ёсць правы трактарыста, атрыманыя яшчэ ў школе. У мае абавязкі ўваходзіць пачысціць тэхніку пасля выхаду ў поле, уважліва сачыць за тым, каб на шляху не было камянёў або іншых перашкод, назіраць, каб збожжа ўбіралася без страт.

А сёмай раніцы Ангеліна і Яўген з камандай калегаў камбайнёраў ужо на машынным двары. Да дзевяці ў пагодны дзень камбайн гатовы да працы. Толькі дажджы зніжаюць часам тэмпы ўборкі, тады даводзіцца чакаць на краі поля, пакуль колас падсохне. Але ў кабіне камбайна ўтульна, прахалодна — працуе кандыцыянер. У халадзільніку вада, якую разам з абедам прывозяць у поле. Вакол прастор хлебнай нівы. Працуецца з камфортам.

Яўгену Шэўчыку, маладому механізатару, які прыехаў у гаспадарку тры гады таму з Брэсцкай вобласці, даверылі новы камбайн. Цяпер ён шчыра задаволены, што абраў сабе ў памагатыя Ангеліну:

— Камбайн працуе выдатна. У кабіне ў мяне чысціня і парадак, заўсёды ёсць перакус, які Ангеліна гатуе, бо ў пагодны дзень мы ў полі дацямна — лёгка прагаладацца. Нам, вядома, і абеды прывозяць, і ваду. Такая супольная праца аб’ядноўвае, збліжае. Памочніца ў мяне працавітая, адказная, ды яшчэ і прыгожая.

Васіль Малевіч з Верцялішак

Васіль Малевіч — камбайнёр лепшы з лепшых

Адзін з лепшых камбайнераў У СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна Васіль Малевіч праводзіць сваё 37‑е жніво. І ў пару жніва яму споўнілася 64. Як звычайна, у свой дзень нараджэння ён быў у полі за рулём любімай тэхнікі. А працуе ён на камбайне з 1983 года. Малевіч жартуе, што за палову яго цяперашніх калегаў яшчэ на свеце не было, калі ён выйшаў у поле як механізатар-дэбютант. Зрэшты, жарт недалёкі ад ісціны: калі Васіль пачынаў, яшчэ сустракаліся камбайны з адкрытай кабінай і лёгкім брызентавым навесам. У сезоне‑2020 паказвае добры прыклад іншым: на час напісання тэксту ў яго 1650 тон намалоту.

Негаваркі Васіль Васілевіч распавядае пра сваю працу з непрыхаванай любоўю:

— Рос на вёсцы, з дзяцінства цацкі былі не патрэбныя — дай толькі пакратаць рукамі сельгастэхніку і пасядзець у кабіне. У выніку да чаго імкнуўся, таго дамогся. З 16 гадоў працую ў калгасе. Гады праляцелі хутка, цяпер я, напэўна, самы ўзроставы механізатар у нашай гаспадарцы. Неяк сказаў кіраўніцтву: буду працаваць у полі, пакуль змагу прыносіць карысць.

Праца, вядома, працай. А вось як ён ставіцца да таго, што носіць прозвішча такое ж, як і ў сусветна вядомага аўтара «Чорнага квадрата? Ці знаёмы з яго творчасцю?

— Казімір Малевіч? Так, трохі знаёмы. Арыгінальны мастак. І карціну «Чорны квадрат» ведаю. Хоць у мяне тут свае квадраты! Вось сёння, напрыклад, даручылі прыбіраць яравое рапсавае поле — 100 гектараў, ёсць дзе разагнацца. Дарэчы, працую звычайна да 22:00, а потым спяшаюся дадому. На лета ў Верцялішкі з горада прыехалі ўнукі. Яны, пакуль мяне не дачакаюцца і не пагутараць з дзедам, спаць не кладуцца. А я, як бы ні стаміўся, заўсёды пагляджу прагноз надвор’я на заўтра: ці не чакаецца дождж? Толькі ён можа зблытаць планы на ўборачную…

Дразды заўсёды ў лідарах

Браты-механізатары Андрэй і Сяргей Дразды — прадстаўнікі дынастыі

Браты-механізатары Андрэй і Сяргей Дразды з Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці — прадстаўнікі знакамітай у Кіраўскім раёне дынастыі, разам працуюць у ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага». Яны прадаўжаюць сельскагаспадарчую дынастыю: у ААТ дагэтуль працуюць іх бацькі — двайняты Мікалай і Анатоль. Раней тут жа працаваў і іх бацька — дзядуля Андрэя і Сяргея. Пры тым Дразды заўсёды былі ў лідарах. Мікалай, напрыклад, неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па намалотах.

— Маленькімі мы заўсёды імкнуліся трапіць да іх на працу, — узгадвае Сяргей. — Калі тата або дзядзька бралі нас з сабой на камбайн, гэта было захапленне! Калі падраслі, цікавасць да сельскай гаспадаркі стала больш прадметнай. Мы задавалі шмат пытанняў, звярталі ўвагу на тое, дзе, што і як робіцца. Цяпер ідзём шляхам сваякоў і ні разу не пашкадавалі аб гэтым.

— Без лішняй сціпласці скажу, што мы з братам рукастыя, а добры стан машыны якраз і дазваляе быць у лідарах, — усміхаецца Андрэй. — Сяргей — спец у рамонце тэхнікі, у яго руках работа спорыцца, але і я не больш чым пасрэдны. Балазе досвед маецца. Для мяне гэта не першы ўборачны сезон: паспеў папрацаваць у «Рассвете» да прызыву на службу, а як вярнуўся ў гэтым годзе з войска, зноў уладкаваўся сюды.

Працаваць поруч з блізкім чалавекам значна прасцей, прызнаюцца Дразды:

— Мы браты не толькі па крыві, але і па духу. Абавязкі паміж сабой не размяркоўваем, а нагрузку дзелім пароўну. Пытанні вырашаем хутка, і адзін другому давяраем.

Такая ўзаемадапамога, падтрымка і поўнае разуменне дазваляюць дасягаць выдатных вынікаў. Браты лепшыя на жніве не толькі ў роднай гаспадарцы, але і ў раёне.

У гэтым годзе ў Магілёўскай вобласці чакаюць выдатны ўраджай. Для параўнання: калі мінулым летам сярэдняя ўраджайнасць складала 25,9 цэнтнера з гектара, то ў гэтым сезоне — 33,1.

Пакліканне хлебароба — у генах

Магістр філалагічных навук Марына Куляшова сябруе з камбайнам

Чацвёрты сезон 26 гадовая Марына Куляшова — настаўніца англійскай мовы і магістр філалагічных навук — працуе памочніцай камбайнёра ў бацькі — у ААТ «Мірны Агра» Чавускага раёна. Рамантыка прафесіі хлебароба кожнае лета вабіць яе разам з братам з горада ў поле.

Пад’ём у 6 раніцы. Сямейны падрад Куляшовых — бацька Святаслаў Васілевіч, дачка Марына і яе старэйшы брат Андрэй — снедае на хаду і спяшаецца на машынны двор: як толькі спадае раса, у полі закіпае праца. Калі надвор’е не падводзіць — дадому вяртаюцца ў 11 вечара.

— Як толькі атрымала правы кіроўцы чатыры гады таму, уладкавалася памочніцай камбайнёра ў нашай гаспадарцы «Мірны Агра», — кажа Марына. — З братам дапамагалі бацьку з дзяцінства. Спачатку, калі былі маленькімі, прасіліся проста пасядзець у кабіне, потым тата стаў дазваляць падаваць інструмент і змазваць агрэгаты. Цяпер магу сама пачысціць жняярку, падкруціць гайку, павярнуць трубу, каб збожжа высыпалася, а калі трэба, то і на камбайне праехаць. Падумваю атрымаць пасведчанне і для кіравання трактарам — тады і камбайнёрам змагу стаць.

— Мне, вядома, да таты і брата далёка — у іх цэлая калекцыя ўзнагарод. Бацьку неяк на абласных «Дажынках» уручылі аўтамабіль, Андрэй у мінулым годзе перамог у раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў.

У Куляшовых пакліканне хлебароба ў генах. Некалі памочнікам у Святаслава Васілевіча быў яго бацька — ён працаваў у гаспадарцы вадзіцелем. З года ў год жонка просіцца напарніцай, толькі вось праблема: няма ў яе правоў кіроўцы — нельга.

— Гэта мая 28-я ўборачная, — Святаслаў Куляшоў пагадзіўся пагутарыць пад час абеду ў полі: дарагая кожная хвіліна. — Дачка ў памочніцах — вялікая дапамога. Яна і па жаночаму дагледзіць: кружку халоднага квасу на хаду падасць, «ссабойку» не забудзе, у кабіне падтрымлівае чысціню і парадак. Ды і прасцей у чатыры рукі: дапаможа і дакументы аформіць, і тэхніку адрэгуляваць.

Хлеб сёлета ў полі выдатны, толькі дажджы прымушаюць панервавацца хлебаробаў. Таму яны кожную пагодную хвіліну спрабуюць ухапіць. Праўда, Андрэй трохі адстае: камбайн пару разоў ламаўся. Што зробіш: жалеза. А вось Марына не толькі самы сімпатычны хлебароб у гаспадарцы, але і валодае англійскай, нямецкай і польскай мовамі. Настаўніца англійскай мовы ў чавускай школе, тры з пяці гадоў па мэтавым размеркаванні ўжо адпрацавала.

У беларускай Швейцарыі — горача!

Камбайнёр Іван Жарко мысліць вобразна

Тут, і сапраўды, вельмі прыгожа. Нездарма кажуць, што Навагрудскі раён — Швейцарыя у мініяцюры. І рэльеф яе нагадвае паблізу аграгарадка Нягневічы, дзе працуе адзін з лідараў жніва ў раёне Іван Жарко.

— Уборачная — кажа ён, спыніўшы свой камбайн на ўскрайку поля, — гэта вянок земляробчай працы, вынік напружанай і карпатлівай працы сотняў, тысяч людзей. Тых, хто араў, сеяў, апрацоўваў палі. А ўраджай багаты. Гляджу навокал — душа радуецца! Будзем з хлебам!

Трымаючы належную дыстанцыю, іншыя камбайны дружна і ўпэўнена паўзуць на ўзвышша. Дзіву даешся, як пры такім складаным рэльефе атрымоўваецца ўбіраць ураджай вышэй за 50 цэнтнераў з гектара! Пры тым за камбайнамі застаецца роўнае ржышча і не відаць ні зярнятка, якое магло б прасыпацца.

На сваім камбайне Іван Жарко працуе ўжо ў мяне дзявяты сезон і ведае машыну дасканала. А намалаціў ужо 1390 тон.

— Мы, — кажа, — на экватары жніва. Аднойчы было дзве з паловай тысячы тон. Мяркуючы па тэмпах уборкі, сёлета перасягнём гэты вынік. Будзе ўнуку і ўнучцы на гасцінцы. Ды і нам з жонкай застанецца… Дарэчы, жонка мая смяецца: Ваня, кажа, ты за ўборачную павінен быццам бы схуднець, а паправіўся. Але як тут схуднееш?! Такія наварыстыя баршчы са смятанай, апетытныя катлеты і каўбаскі прывозяць у поле на абед — пальчыкі абліжаш!

Міхаліна Чаркашына

З выкарыстаннем матэрыялаў БелТА, «СБ. Беларусь сегодня»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».