Вы тут

Хлеб надзённы — як дыханне...


Пра тое, у чым значнасць хлеба, задумалася даўно. Яшчэ ў дзіцячым садзе, помніцца, дзе мой бацька-музыкант па сумяшчальніцтве працаваў загадчыкам гаспадаркі. Аднойчы, ідучы праз кухню да яго ў «кабінет без вокнаў» (так ён жартаўліва называў склад з прадуктамі, дзе сярод вялікіх каробак стаяў і стол з настольнай лямпай, і крэсла), я сёе-тое цікавае заўважала. Дзетсадаўская кухарка Фёдараўна, седзячы на крэсле, нешта «дзяўбла» з далоні. Падобнай на вялікую белую птушку яе рабіў беласнежны халат. І яшчэ чорныя бліскучыя вочы-пацеры… Убачыўшы, што я затрымалася насупраць яе, Фёдараўна ўсміхнулася: «Хочаш блінец з мясам, толькі што накруціла?» Я пахітала галавой: маўляў, не, потым, утаропіўшыся на яе рукі. Фёдараўна засмяялася і раскрыла далонь лодачкай. Я падышла і ўбачыла ў той лодачцы хлебныя крошкі. Ды адчула, як мая маленькая далонька пераўтвараецца ў лодачку і сама цягнецца да Фёдараўны. Тая насыпала мне крошак. І, падняўшыся з крэсла, прадоўжыла наразаць хлеб, які цаглінкамі ляжаў на вялікай драўлянай дошцы. Падрыхтаваўшы чарговую порцыю, яна пераклала прастакутныя кавалачкі на драўляны паднос з борцікамі, а крошкі акуратна сабрала ў купку. «Ідзі, — сказала, — яшчэ вазьмі сабе. І панюхай, як пахне. Хлеб цёплы…».


Хлебны, злёгку кіславаты водар змешваўся з пахамі засмажаных бліноў, якія таміліся на вялікай патэльні, гарохавага супу і ягаднага кісялю. Дарэчы, яго варылі з уласных ягад і садавіны, якія раслі на дзетсадаўскім падворку: там спелі парэчкі, вішні і яблыкі. Мы, дзятва, дапамагалі Фёдараўне збіраць і агрэст, і маліну, і чорную з чырвонай парэчкі. І нават вішні рвалі, дзе ніжэй.

Мне не забыць і тое, як нас вучылі адрозніваць смак ягад. Напэўна, тады нам было па чатыры-пяць гадоў. Заняткі праходзілі прама ў двары, у альтанцы адразу ж пасля сняданку. Ліпень, памятаю, тады стаяў спякотны. Але сухая спёка пераносілася намі лёгка.

Надышла чарга і мне праявіць сябе. Мне завязалі вочы, падвялі да выхавальніцы і папрасілі адкрыць рот. Я адчула, як аб зубы стукнула вялікая лыжка з ягадамі. Духмяны мікс трэба было разжаваць, праглынуць, а потым з завязанымі вачыма апісаць, з чаго ён складаўся.

Я не памятаю, каб хто-небудзь з дзяцей не змог справіцца з тым смачным заданнем. Усе весяліліся, асабліва калі раскрываўся кіслы смак чырвонай парэчкі. Тыя, хто елі ягады, мелі ашаламляльны выгляд, асабліва калі ад іх моршчыліся. Бо ў асноўным усе мы вельмі любілі ўсё салодкае ў тыя далікатныя дзіцячыя гады. Каму ж было вельмі кісла, таму давалі нават кавалачак хлеба…

А крошкі тыя хлебныя побач з утульнай Фёдараўнай я падзяўбла ўсе, без супынку. Менавіта тады пачала для мяне адкрывацца Хлебная Краіна. Я бачыла, якой далікатнай у дачыненні да хлеба была наша кухарка. Ні крошачкі не звалілася на падлогу з яе рукі. І ні слова мне яна тады не сказала, як трэба хлеб берагчы. Гэта быў адзін з лепшых для мяне ўрокаў шанавання хлеба.

У тую далёкую савецкую пару асартымент хлеба ва ўкраінскай правінцыі, у Ваўчанску, што на Харкаўшчыне, быў небагатым: чорны жытні ды шэры ў выглядзе цаглінак, а белы быў у дэфіцыце. Трэба было трапіць у хлебны магазін да прывозу, каб схапіць белага. Але ў дзяцінстве мы ў тыя дэталі не надта ўдаваліся, зрэшты, як і не думалі ні пра дэфіцыт тавараў, ні пра тое, што хлебзавод у нашым горадзе працаваў бесперабойна, а хлеба белага чамусьці было мала. Нам казалі: трэба схадзіць па хлеб. І мы, пяцігадовыя ці шасцігадовыя, радасна ішлі, куплялі па бохану, і гэта было свята. Не магу не ўсміхнуцца, успамінаючы, з якімі абадранымі па краях боханамі вярталіся мы дадому.

Якім жа смачным і духмяным быў менавіта акраец хлеба!

Яшчэ ў дзяцінстве я адчула, што хлеб у розную пару года пахне па-рознаму. Летам — саладосцю, мёдам і травой, асабліва калі пашанцуе купіць цёплы. А ўзімку — холадам, нібы водар яго на марозе закрываецца. Ды зімой яго і кусаць, тым больш пальцамі шчыкаць — не хацелася: мерзлі вусны і пальцы. А калі ў сакавіку пачынала прыпякаць сонца, то і хлеб у нашых руках па дарозе дадому пачынаў дыхаць. Яго злёгку цёплае дыханне абяцала нам: зусім хутка мы гуртам адправімся па першацветы, за Крэйдавую гару, а потым і па вярбу, якая расла за аэрадромам на гары. А потым, калі зусім пацяплее, пачнуцца палёты курсантаў. І мы будзем глядзець, як яны ўваходзяць то ў штопар, то пятлю Несцерава робяць… Пра што мы аднойчы і балбаталі з сяброўкай Алачкай, стоячы на мастку, пад якім весела беглі вясновыя воды. І як яна выпусціла туды свой бохан, не разумею! Памятаю, намоклы хлеб затрымаўся між кустоў, і мы яго паспрабавалі выцягнуць, але ён паспеў разбухнуть. Нічога, сказала я, пакінем яго тут, птушкі падзяўбуць, а мы з табой вернемся ў краму і яшчэ купім. Балазе, крамка, якая называлася ва ўжытку жыхароў — «Белгарадская», была ў мінутах пяці бегу ад нас…

Хлеб — цуд! Ён служыў і ласункам для нас. Найбольш смачны быў хлеб не ў хаце з супам, а на свежым паветры. Аднойчы суседскі Валерка выйшаў на вуліцу з лустай хлеба, на якой ляжаў, як мне здалёк падалося, снег. Прычым ён на вачах раставаў. Я стрымгалоў пабегла дадому, каб і мне такую лусту далі. Бабуля Каця, смеючыся, адрэзала мне акраец, злёгку абмакнула ў вядры з вадой, потым узяла сталовую лыжку, набрала з банкі цукру — і густа пасыпала. Працягваючы мне лусту, сказала мімаходзь: «І мы, Химо, люди…» Гэта значыць, што і мы ані не горшыя за іншых. Сэнс тае показкі я зразумела пазней.

З гордым выглядам я выйшла да Валеркі і, сядаючы на лавачку, паўтарыла словы бабулі: і мы, Химо, люди… Цукар храбусцеў на зубах, і нам было весела. На вуліцы мы таксама елі хлеб з варэннем, з маслам і соллю. І нават са смальцам: так ва Украіне называюць топлены свіны тлушч.

А яшчэ мне падабаліся жытнія сухары, якія бабуля сушыла на печы і ў духоўцы. Іх водар плыў па ўсёй нашай маленькай хаце, у якой была толькі кухня ды адзін пакой. Так бы мовіць, гасцёўня. Тыя сухары я таксама цягала з каморкі, дзе яны віселі ў вялікім палатняным мяшку. Калі ўжо студэнткай прыязджала ў госці да бацькоў на канікулы, той мех усё яшчэ вісеў у кладоўцы. Неяк сказала бацькам, што пара б пазбавіцца ад яго: хлеба цяпер удосталь. На што мама, цяжка ўздыхнуўшы, сказала: «Той мяшок бы нам у дні галадамору ці ў акупацыі…». Сталеючы, я зразумела і мамін смутак, і боль, і жаданне, каб халадзільнік быў поўны, і хлеб заўсёды ў доме ўсё ж быў.

А сухары мы ўсё ж аддалі суседцы. Цётка Марфа, Валеркіна маці, іх размачыла і курам скарміла.

Як кажуць, і насамрэч — усе мы родам з дзяцінства. Нашы звычкі, характары, смакі, перавагі — усё адтуль. Па гэты час мне, як і многім дарослым людзям, падабаецца акраец свежага хлеба, і водар яго таксама. Кожны раз, як едзем у вёску Яцкаўшчыну, што на Брэстчыне, праязджаем праз Клецак. Там спыняемся каля рынку, і купляем хлеб — фармавы, цалінкай. У Мінску такі рэдкасць. Клецкі — цудоўнай якасці: танчыць у руцэ! Так я кажу, калі кавалак пасля націскання тут жа вяртае сваю форму. Гэты хлеб пякуць на Клецкім хлебзаводзе. Я з асалодай рэжу яго на кавалкі, мажу сметанкавым маслам, пасыпаю соллю, і мы п’ем гарбату з дарогі. Стала ўжо традыцыяй накрываць стол пад вішнямі ў старым яблыневым садзе, які садзілі бацькі мужа — Іван Іосіфавіч ды Вольга Рыгораўна. Вось і на днях у выхадныя іх успаміналі пад гул камбайнаў, якія з раніцы да ночы і глыбокім вечарам працавалі. У Беларусі — уборачная. І надвор’е спрыяе. Муж расказваў, як школьнікам дапамагаў бацьку на камбайне ў тыя гарачыя дні, калі хлеб убіралі з палёў.

А яшчэ мы хадзілі за вёску і назіралі, як зладжана камбайны рухаюцца. Раніцай на поле прыехаў першы. Камбайн «Палессе» праходзіць ад дарогі дзве паласы і займае сваю загонку. А потым прыехалі яшчэ чатыры машыны. І камбайнёры, не дамаўляючыся, ідуць на свае ўчасткі. А машыны пад загрузку ўжо іх чакаюць. На ўзбочыне дарогі стаіць і пажарная машына: ці мала што, час жа гарачы.

Гэта чараўніцтва, калі бачыш, як паўнаважкай плынню сыплецца залатое зерне ў кузавы магутных велікагрузаў. І не меншы цуд — чароды буслоў, якія засяроджана крочаць услед за камбайнамі па ржышчы. І не баяцца ж! Кранальнае відовішча! Муж кажа: хутка і мышам раздолле будзе! А я дадаю, смеючыся: і кошкам.

Гаворым і пра тое, якая цяжкая праца камбайнёра: гул, пыл, спякота… Гэта нам, гараджанам, з боку прыемна за працэсам уборкі хлеба назіраць. І за тым, як з‑пад колаў камбайна сцелецца салома, у роўныя рады з яе кладзецца. І як пасля рулоны эстэтычна глядзяцца на зжатай ніве! А да чаго прыемна пажаваць зерне пшаніцы! І больш за тое: узяць пяць-шэсць сталовых лыжак такіх зярнят, заліць цёплай вадой, гадзін дванаццаць настойваць. І вось ён, напой славян пад назвай сурыца. Адцадзі і пі на здароўе! А потым і паўторна збожжа можна заліць. А пасля, калі зярняты пакінуць у банцы, яны дадуць расткі. Пра тое, якія праросткі карысныя, ведаюць многія. Там шмат вітамінаў і мікраэлементаў.

Вось такое яно, зерне — аснова для хлеба!

Доўгія гады значнасць хлеба ў мяне асацыявалася з крошкамі кухаркі Фёдараўны. Таму, ідучы па жыцці, я не выкінула ні кавалачка — ні разу, аднойчы ўбачыўшы, як беражліва яна да яго ставілася. І бацькі мае, якія перажылі цяжкія часы, да хлеба ставіліся з павагай. Але ні пра каштоўнасць мукі, ні зерня не задумвалася. Успрымала як належнае. Ёсць хлеб і ёсць. І мука таксама. Нават тады, калі ў старэйшых класах сярэдняй школы скакалі мы на сцірце саломы. Весела было залазіць на самую яе вяршыню і з’язджаць уніз…

Так, з маленства я не ўсведамляла, наколькі цяжкая праца тых, хто зерне сее, вырошчвае, убірае, пячэ хлеб… Што гэты хлеб — святое. А цяпер па-асабліваму востра я разумею, што і сапраўды хлеб — усяму галава, у хаце — гаспадар, як кажуць беларусы. Ён як дыханне, без якога жыцця няма.

А будзе хлеб, як у народзе гаворыцца, будзе і песня.

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.