Вы тут

Цвёрды характар — на карысць справы


Машынабудаванне — моцны бок беларускай эканомікі. Дзясяткі тысяч трактароў, грузавых аўтамабіляў, тысячы камбайнаў і аўтобусаў, а яшчэ легкавы транспарт і электратранспарт выпускаецца штогод. Большая частка прадаецца за мяжу. Ва ўмовах знешне арыентаванай эканомікі галіна застаецца надзейнай апорай нацыянальнага бюджэту, прыносячы ў агульны кошык мільярды долараў даходу і забяспечваючы тысячы беларусаў працоўнымі месцамі з годнай заработнай платай. Наш наступны матэрыял пра тое, якія ёсць магчымасці дзеля таго, каб надаць развіццё гэтай тэндэнцыі.


Кампанія «БЕЛДЖЫ» — самы, бадай, малады брэнд у машынабудаўнічай галіне краіны. Літаральна за некалькі гадоў стаць на колы і набраць поўны ход яму дапамог прынцып кааперацыі, па якім цяпер працуюць многія сусветныя вытворцы. Асноўны партнёр і пастаўшчык камплектуючых для айчыннага прадпрыемства — Кітай, які, у сваю чаргу, выкарыстоўвае тэхналогіі шведскай фірмы «Вольва». А далей, як гаворыцца, усё ў нашых руках. За два гады серыйнага выпуску легкавых аўтамабіляў узровень лакалізацыі пераваліў за 50 працэнтаў. І гэта яскравы прыклад клопату аб сваёй уласнай будучыні, кажа дырэктар сумеснага прадпрыемства «БЕЛДЖЫ» Генадзь Свідзерскі:

— У Барысаве ёсць завод рухавікоў, яны робяць іх поўную зборку. Прадпрыемства «БЕЛАЗ-сэрвіс» вырабляе задні і пярэдні масты. Ёсць завод радыятараў, завод сядзенняў. Гэта значыць — поўны цыкл завода дапаўняецца пастаўкай асноўных кампанентаў з беларускіх прадпрыемстваў. Калі мы сёння робім аўтамабіль па поўным тэхналагічным цыкле, інакш кажучы, вырабляем зварку, афарбоўку, тэставанне, зборку, пластмасавыя і металічныя дэталі, то ўсе гэтыя заводы маюць вялікі рэзерв на лакалізацыю.

Развіццё ўласнай вытворчасці ў сферы легкавога аўтапрама — пытанне будучыні прадпрыемства. У першую чаргу выкананне ўмоў па лакалізацыі — гэта магчымасць бяспошліннага продажу на рынках ЕАЭС. Сёння пастаўлена задача развіваць загрузку ўнутры краіны. Гэта забяспечыць высокі ўзровень працаздольнасці і ў выніку надасць развіццё такой жа сетцы кааперацыі, якая ўжо наладжана па грузавым транспарце, трактарах і дарожнай тэхніцы.

Сітуацыю ў машынабудаванні трэба выпраўляць кардынальна, заяўляў Аляксандр Лукашэнка ў лістападзе 2016‑га на нарадзе, прысвечанай стратэгіі развіцця галіны. Машынабудаванне заўсёды было ў фокусе ўвагі дзяржавы, але пасля таго, як пяць гадоў таму сфера значна прасела з‑за падзення сусветнага рынку, трапіла на асаблівы кантроль. І трэба сказаць, гэты сектар прамысловасці дзяржава здолела захаваць, нягледзячы на складаны пераходны этап. Але трэба рухацца далей.

Дарэчы, на Мінскім аўтамабільным заводзе на сённяшні дзень сярод больш за паўтысячы мадэляў — новыя тыпы стандарту Еўра‑5 і Еўра‑6 не толькі для заходнееўрапейскага рынку, але і для блізкага замежжа. Асноўная маса канструктараў працуе над пашырэннем мадэльнага раду, адзін з акцэнтаў — на развіццё новага сямейства аўтобусаў. Ужо гатовыя вопытныя ўзоры, напрыклад, 303‑я мадэль і электробус на яе базе. Як кажуць самі інжынеры, капіяваць кагосьці абсалютна не той шлях, для канкрэтных рынкаў распрацоўваюцца мэтавыя машыны, канкурэнтаздольныя па сваіх тэхнічных характарыстыках.

Машынабудаванне, якое набрала моц у Беларусі яшчэ ў 1970‑я гады, па гэты дзень застаецца найважнейшай галіной краіны. Асабліва актыўна развіваюцца сельскагаспадарчы і транспартны напрамкі. І ўвесь гэты час адным з флагманаў з’яўляецца Мінскі трактарны завод. Шмат у чым прадпрыемства лічыцца кансерватыўным. Гэта нядзіўна, бо дагэтуль на некаторых сусветных рынках папулярнасцю карыстаецца класічны трактар «Беларус‑80». Але адпачываць на поспехах мінулага стагоддзя было б тактычна няправільна. На МТЗ распрацавана стратэгія развіцця да 2030 года, разлічаная на паляпшэнне спажывецкіх уласцівасцяў і якасці новай прадукцыі ва ўмовах узмацнення жорсткасці экалагічных патрабаванняў. Начальнік канструктарскага бюро завода Сяргей Ільюкевіч тлумачыць:

— Лакалізацыі на маім кірунку надаецца вялікая ўвага. Напрыклад, у 2018 годзе мы пачалі распрацоўку снегаўплатняльнай машыны — ратракаў, якія да таго ў Беларусі не вырабляліся. Першапачаткова ўзровень лакалізацыі гэтай машыны складаў не больш за 40 працэнтаў, сёння ж — парадку 75 працэнтаў.

Так, жыць і працаваць трэба сваім розумам і ўменнем. Гэты закон на прадпрыемстве вывучылі за доўгія дзесяцігоддзі. МТЗ уваходзіць у дзясятку сусветных вытворцаў свайго сегмента, каля 90 працэнтаў трактароў рэалізуецца на экспарт. І гэта рэальнае дасягненне 22‑тысячнага калектыву холдынга. Хоць канкурэнцыя па такога роду прадукцыі каласальная. Задача адна — якасць. Можна сказаць, што гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай галіны.

Нараўне з грузавым машынабудаваннем спецыялісты сярод перспектыўных напрамкаў вылучаюць і выпуск спецтэхнікі. На дадзены момант лінейка «Амкадора» складае каля 120 адзінак — як навяснога абсталявання, так і тэхнікі рознага прызначэння. І палова з іх на 90 працэнтаў складаецца з камплектуючых айчыннай вытворчасці. Начальнік зборачнага цэха завода «Ударнік» холдынгу «Амкадор» Дзмітрый Шапель адзначае:

— Для нас, вытворцаў, лакалізацыя важная тым, што ў любы момант мы можам ліквідаваць тыя ці іншыя канструктарскія недапрацоўкі, пра якія могуць не ведаць замежныя пастаўшчыкі. І нам не даводзіцца траціць валюту на закупку камплектуючых за мяжой, затое мы падтрымліваем нашу эканоміку, ствараем працоўныя месцы і самі пастаянна ўдасканальваемся.

Беларусь — экспартна арыентаваная дзяржава з сацыяльна арыентаванай мадэллю рынкавай эканомікі. Больш за палову прамысловай прадукцыі прадаецца за мяжу. Не сакрэт, што гэта характэрна для краін з высокай ступенню развіцця і адкрытасці эканомікі. Машынабудаванне, мабыць, — самая навукаёмістая сфера і адна з самых капіталаёмістых. Штогод у яе ўліваюцца дзясяткі, калі не сотні мільёнаў долараў. Але аддача павінна быць адпаведная. Напрыклад, такая, як новы турыстычны аўтобус ад МАЗа.

Завод жа «БЕЛДЖЫ» летась выпусціў 20 тысяч машын, прычым нават у беларускім сегменце паказчыкі продажу выраслі — з 10 да 17 працэнтаў. На прадпрыемстве ўпэўненыя: калі людзі галасуюць сваім кашальком, да таго ж прадукцыя прадаецца за мяжу, гэта красамоўны паказчык паспяховасці і правільна абранай стратэгіі. Але з улікам таго, што нават краіны-суседкі ўводзяць уласныя патрабаванні па лакалізацыі і робяць больш жорсткімі меры абароны рынку, беларускім вытворцам неабходна не губляць гнуткасці, выбудоўваючы маркетынгавую стратэгію. І мець цвёрды характар.

Уладзімір Веліхаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.