Вы тут

Кадзіі Матадзіра. Лімон


г


Да Дня пісьменства


Кадзіі Матадзіра

Нарадзіўся 17 лютага 1901 года ў Осацы ў сям’і служачага фірмы і выхавальніцы дзіцячага садка. У юнацтве ён вывучаў англійскую літаратуру ў Такійскім універсітэце, дзе разам з сябрамі выпускаў часопіс «Блакітнае неба» (1925–1927). Пры жыцці яго вершы і апавяданні не карысталіся шырокай папулярнасцю. Прысвяціўшы сябе літаратурнай творчасці, Матадзіро жыў у беднасці і хварэўна сухоты. Заўчасна памёр ад гэтай хваробы 24 сакавіка 1932 года.


Лімон

Незразумелае злавеснае пачуццё сціскала маё сэрца. Ці то раздражненне, ці то агіда — як пахмелле пасля гарэлкі, і яно цягнулася днямі, нібыта я сышоў у запой. І не пераставала. Гэта было горш за ўсё. Не мой катар лёгкіх, не мая неўрастэнія. Не грашовыя даўгі, якія мяне дапякалі. Менавіта гэтае злавеснае пачуццё. На музыку і вершы, якія раней мяне цешылі, мне ўжо не хапала цярплівасці, наколькі прыгожымі яны б ні былі. Нават калі я спецыяльна ішоў кудысьці, каб паслухаць грамафон, пасля двухтрох тактаў мне раптоўна хацелася падняцца з месца. Нешта прымушала мяне кідацца наўцёкі. І таму я ўвесь час без мэты бадзяўся па горадзе.

Я памятаю, што тады мяне чамусьці зачароўвала прыгажосць несамавітага. Убогія вулачкі падаваліся мне ўтульнейшымі за халодныя праспекты, і я любіў іх за неахайную бялізну, якая вісела на прасушцы, за смецце, якое валялася тут і там, за брудныя хацінкі, якія глядзелі ў завулкі. Рады гліняных сцен, падточаных ветрам і дажджом, нахіляліся, быццам цэлая вулачка гатовая была вярнуцца ў зямлю; толькі ў раслінах буяла жыццёвая сіла, і сланечнікі з каннамі квітнелі ў самых неспадзяваных месцах.

Іншы раз, ідучы па такой дарозе, я занураўся ў ілюзію, што навакол не Кіёта, а горад, аддалены ад яго за тысячу ры, — можа быць, Нагасакі ці Сэндай. Я марыў пра тое, каб пакінуць Кіёта і з’ехаць туды, дзе ніхто не ведае мяне. Перш за ўсё — спакой. Нумар у пустой гасцініцы. Чысты матрац. Прыемны пах сеткі ад камароў і накрухмаленае лёгкае кімано. Я б хацеў проста легчы і адпачываць з месяц, не думаючы ні пра што. Каб толькі Кіёта мог нейкім чынам ператварыцца ў такое месца... Калі гэтая ілюзія падавалася мне асабліва рэальнай, я дамалёўваў яе фарбамі ўласнай фантазіі. Без вялікіх намаганняў яна і ўбогая вулачка накладаліся адна на адну, як выявы ў кадры. Так я губляў пачуццё рэчаіснасці ды самога сябе і цешыўся гэтым.

Яшчэ я пачаў любіць феерверкі. Нават не сам іх запуск, а кідкія адценні чырвонага, фіялетавага, зялёнага і жоўтага на адрэзах пярэстай тканіны, у якую загортваюць розныя гатункі феерверкаў: «знічкі з храма Накаямадэра», «спаборніцтва кветак», «завялы міскант». І «мышкі» — вогненныя колы, скручаныя і акуратна складзеныя ў скрынкі. Такія рэчы краналі маё сэрца.

А яшчэ я палюбіў каляровыя шкляныя шарыкі для гульні, з рыбкамi ці кветкамі ўнутры. Больш за ўсё мне падабалася іх лізаць. Нішто не магло параўнацца з гэтым лёгкім халаднаватым прысмакам. У маленстве бацькі часта лаялі мяне, калі я клаў такі шарык у рот; гэты наіўны дзіцячы ўспамін разгортваўся ў маёй змарнаванай душы, а ў смаку шкла з’яўлялася нейкая паэтычная прыгажосць, лёгкая і чыстая.

Як можна здагадацца, грошай у мяне амаль не было. Пры гэтым кожны раз, калі мне рабілася сумна, я шукаў суцяшэння ў так званых прадметах раскошы — у тым, што каштавала дзве-тры дробныя манеткі, у прыгожых прадметах — у тым, што само какетліва кідалася ў мае апатычныя шчупальцы. Усе яны суцяшалі мяне адным сваім існаваннем.

Да таго, як маё жыццё пачало развальвацца, мне падабалася бываць у краме «Марудзэн». Чырвоныя і жоўтыя флаконы з адэкалонам і хіннай вадой. Модныя шматгранныя бутэлечкі, упрыгожаныя гарэзлівымі ўзорамі ў элегантным стылі ракако, бурштынавыя і нефрытава-зялёныя. Люлькі, нажы, мыла, тытунь… Бывала, я глядзеў на іх цэлую гадзіну. А часам дазваляў сабе разгуляцца і купляў аловак найлепшай якасці. Але і там мяне цяпер не чакала нічога, акрамя маркоты. Кнігі, студэнты, касы — ўсё гэта падавалася мне зданямі маіх даўгоў.

Неяк раніцай — у той час я жыў то ў аднаго сябра, то ў іншага, нібы ў пансіянатах, — мой сябар пайшоў ва ўніверсітэт, і я, пакінуты, адчуў навокал самотную пустэчу. Таму я выправіўся ў чарговае вандраванне. Нешта папросту змушала мяне да гэтага. Я блукаў па тых вулачках, пра якія ўжо распавядаў: спыняўся перад маленькімі цукернямі, любаваўся сушанымі крэветкамі, тлушчоўкамі і лустачкамі тофу ў бакалейных, а ў рэшце рэшт звярнуў з вуліцы Нідзё на вуліцу Тэрамаці і затрымаўся перад крамай зяленіўшчыка. Хацелася б адразу сказаць, што з усіх такіх месцаў, куды я заходзіў, гэтае было маім улюбёным. Нічога шыкоўнага ў ім не было, затое моцна адчувалася нейкая прыгажосць, уласцівая толькі такой краме. Садавіна ляжала на прылаўку, які ўжо даволі заўважна скасіўся і нагадваў тэатральную сцэну, пакрытую старым чорным лакам. Гукі велічнага, цудоўнага алегра; маска гаргоны, якая ператварала ў камень кожнага, хто кідаў на яе позірк, — вось да чаго падобныя былі самі фрукты з іх злітымі ў адно адценнямі і формамі. Чым далей у краму я заходзіў, тым вышэй грувасцілася там гародніна. У лісці морквы насамрэч таксама хавалася неверагодная прыгажосць. І ў спрыснутых вадой бабах, і ў бульбінах.

Аднак найбольш прыгожым гэты будынак здаваўся ўначы. Вуліца Тэрамаці была вельмі ажыўленай — хаця ў параўнанні з Токіа ці Осакай тут панаваў спакой, — і на яе пралівалася ззянне шматлікіх вітрын. Вось толькі каля гэтай крамы чамусьці панаваў дзіўны змрок — яна стаяла на рагу цёмнай вуліцы Нідзё, і натуральна, што там не было святла, але і з боку вуліцы Тэрамаці змрок над ёй зусім не рассейваўся. Зрэшты, калі б гэты будынак не быў такім цёмным, ён бы і не прыцягваў мяне настолькі моцна. Яго карніз так загінаўся, што нагадваў брыль фуражкі, насунуты на самыя вочы… Хаця што тут параўноўваць, я проста глядзеў на яго і думаў: «Уга, ды гэта ж дом з насунутым брылём!» І над карнізам таксама было зусiм цёмна. Сярод гэтага змроку ліхтары каля ўвахода нібыта купалі мяне ў электрычным багацці, якое ніхто не мог скрасці, і нязмушана разлівалі па вуліцы прыгажосць свайго святла. Голыя лямпачкі калолі зрок тонкім вострым мігценнем; яно адбівалася ў шкляных вокнах на другім паверсе майстэрні слесара і падала на краму зяленіўшчыка, ствараючы рэдкае нават для вуліцы Тэрамаці відовішча, якое мяне зачароўвала.

У той дзень я раптоўна купіў там фрукт. Усё таму, што здарылася нязвыклае: у краме прадавалі лімоны. Канешне, у лімонах саміх па сабе няма нічога дзіўнага. І гэтая крама была такой несамавітай — усяго толькі звычайнай крамай зяленіўшчыка, — што раней я ўвогуле не звяртаў на іх увагі. Але цяпер яны жахліва мне спадабаліся. Гэты чысты колер — нібыта зацвярдзелая ярка-жоўтая фарба, якую выціснулі з цюбіка, і гэтая форма — нібыта верацяно, з верху да нізу абкручанае ніткай… У рэшце рэшт я вырашыў набыць адзін такі лімон. А потым пайшоў блукаць невядома дзе. Хадзіў я доўга. Злавеснае пачуццё, якое душыла маё сэрца, крыху адпускала кожны раз, калі я сціскаў лімон у далоні, і, падымаючыся па вуліцы ўгару, я адчуў сябе вельмі шчаслівым. Каб тугу, якая так мяне мучыла, змог развеяць нейкі дробны прадмет — верце не верце, але, парадаксальна, гэта здарылася. Якая ўсё ж такі дзівосная рэч — чалавечае сэрца.

Холад гэтага лімона дарыў мне сапраўднае задавальненне. У той час з-за хваробы лёгкіх я заўсёды тэмпературыў. Папраўдзе, я любіў паказваць сябрам, якая ў мяне тэмпература, беручы іх за рукі, бо мая заўсёды была самай гарачай. Няйнакш праз гэтую гарачыню мне здаваўся асабліва прыемным холад, які распаўзаўся па ўсім маім целе са сціснутай далоні.

Шмат разоў я падносіў фрукт да носа, каб панюхаць. Я падумаў, што яго вырасцілі ў Каліфорніі, і пачаў уяўляць сабе гэтае месца. У галаве ўсё круціўся ўрывак фразы: «Пах, які б’е ў нос...» — з гісторыі «Словы гандляра мандарынамі», якую я чытаў на занятках па класічнай кітайскай мове. Я ўцягваў салодкі водар глыбока, на поўныя грудзі, як быццам ніколі так не дыхаў, і да майго твару, да цела прылівала цёплая кроў, і я адчуваў, што да мяне вяртаецца здароўе…

Мною авалодала таямнічая ўпэўненасць, што я заўсёды шукаў менавіта такі чысты халадок, і дотык, і пах, і выгляд — што яны ўвасаблялі сабой усё, у чым я тады меў патрэбу.

Я шпацыраваў па вуліцы лёгкай хадой, весела, бесклапотна, з пачуццём нейкай незразумелай пыхі, нібы ганарлівы паэт у выкшталцоным строі. Я клаў лімон то на брудную насоўку, то на крысо плашча, каб узважыць пералівы яго колеру, і думаў: «Гэта ён, той самы цяжар».

У іншы час мне б хутка надакучылі такія гульні, але гэты цяжар, без сумненняў, утрымліваў у сабе ўсё самае неабходнае, самае прыгожае... Дурная, смеху вартая думка, але яна зрабіла мяне напраўду шчаслівым.

Не памятаю, дзе я блукаў, пакуль нарэшце не апынуўся перад крамай «Марудзэн». Гэтае месца не прыняло б гасцінна такога чалавека, якім я стаў, але ў той дзень я вырашыў, што змагу папросту туды ўвайсці. «А вось вазьму і зайду, паспрабую», — сказаў я сабе і ўварваўся ў дзверы.

Аднак чамусьцi маё пачуццё спакойнага шчасця пакрысе развеялася. Флаконы з парфумамі і люлькі не задавальнялі мяне. Адчуўшы надыход меланхоліі, я падумаў, што, мабыць, вельмі стаміўся на шпацыры. Я падышоў да паліцы з ілюстраванымі альбомамі. Я вырашыў, што не трэба асаблівых сіл, каб трымаць такую кнігу, нават цяжкую. Але калі я ўзяў адзін альбом з паліцы і разгарнуў, у мяне не з’явілася жадання ўважліва яго праглядзець. Тым не менш, быццам апантаны, я выцягнуў яшчэ адзін. Тое самае. Я не мог супакоіцца, я мусіў учыніць вэрхал. Не стрымліваючыся, я пачаў складаць альбомы адзін на адным. Я не вяртаў іх на месца, не мог. Толькі выцягваў і адкладаў, выцягваў і адкладаў. У рэшце рэшт я паклаў наверсе цяжкую кнігу з вокладкай колеру памеранца — альбом Энгра, якога заўсёды вельмі любіў, — і спыніўся. Адкуль такая апантанасць? Стома расплывалася па мускулах маёй рукі. Ахоплены меланхоліяй, я стаяў і глядзеў на кніжны стос, які сам збудаваў.

Раней ілюстраваныя альбомы так мяне прыцягвалі, дык што здарылася цяпер? Гэта былі тыя самыя рэчы, якія я любіў, ад якіх атрымліваў асалоду, але, калі я пільна разглядаў ці то вокладкі, ці то знаёмае асяроддзе, мяне не пакідала дзіўнае адчуванне, быццам нешта было не так.

«Ах, дык вось яно што!» Я выцягнуў лімон з рукава кімано. Адценні кніжных вокладак хаатычна кантраставалі адно з адным, і я ацаніў тое, як выглядаў лімон на іх фоне. «Вось яно што!»

Да мяне вярнулася пачуццё лёгкага ўзбуджэння. Я пазграбаў усе альбомы ў хаатычную кучу, раскідаў яе і яшчэ раз пазграбаў. Нанова павыцягваў нешта, дадаў, прыбраў. Цудоўны, казачны замак з кніг афарбаваўся спярша ў чырвоны, потым у сіні колер.

Нарэшце я скончыў будоўлю. Маё сэрца злёгку калацілася, але я не даў яму волі і беражліва ўсталяваў лімон на самай вяршыні замкавай вежы. Гэта была выдатная работа.

Я акінуў яе позіркам: лімон ціхутка ўвабраў у сваё жоўтае верацяно хаатычныя кантрасты іншых адценняў, стварыўшы ўражанне рэзкай яснасці. У запыленай краме «Марудзэн» толькі паветра вакол лімона неяк напружана дрыжэла. Нейкі час я любаваўся ім.

Раптам іншая ідэя прыйшла мне ў галаву. Я сам здзівіўся гэтай невераемнай задумцы.

«Пакінуць усё як ёсць і выйсці з нявінным тварам...»

Я адчуваў сябе дзіўна: мяне як быццам нешта казытала. «Мо сапраўды выйсці? Так, так, выходжу». Я хутка накіраваўся да дзвярэй.

На вуліцы дзіўнае казытанне прымусіла мяне ўсміхнуцца. Я быў хітрамудрым злачынцам, які ўсталяваў жахлівую, бліскучую і залацістую бомбу ў краме «Марудзэн». Хіба не весела будзе, калі хвілін праз дзесяць сярод паліц з кнігамі па мастацтве здарыцца вялікі выбух?

Я працягваў страсна гэта ўяўляць. «Вось тады ўся нудная крама разляцелася б у дробны пыл!»

І я пайшоў уніз па раёне Кёгоку, дзе вуліцы нязвыкла ўпрыгожвалі маляўнічыя афішы кінастужак.

Пераклад з японскай Аляксандры ПЯТРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.