Вы тут

Валошкі


Дом быў новы, высотны, “слупок” з адным пад’ездам. Зямлі перад домам было мала, і жыльцы суладна вырашылі адвесці яе пад клумбу. Купілі ў Батанічным садзе насенне, цыбуліны, клубні, расаду розных кветак элітных гатункаў і высадзілі ўсё гэта каля пад’езду.

Жыльцы высотнага дома былі пераважна людзі дзелавыя, занятыя, таму даглядаць клумбу ўзялася бабулька з першага паверха, перад вокнамі якой і аказаўся кветнік. Яна старанна рыхліла і палівала зямлю, вырывала пустазелле. Неяк, ужо ўзяўшыся за танклявы зялёны парастак, руплівіца  задуменна адвяла руку і пакінула сцяблінку на клумбе. Праз колькі часу на сцяблінцы вырасла невялікая пяшчотная сіняя кветка.

– Гэта кветка не нашага кшталту! – ганарыста  ўзняла вытанчаны бутон ружа.

– Які прымітыўны колер! – расправіў свае пялёсткі з мудрагелістай афарбоўкай касач.

– Ані пышнасці, ані росту! – дэманстратыўна  выпрастаўся гладыёлус.

Іншыя насельнікі клумбы таксама не ўхвалілі з’яўлення неспадзяванай суседкі.

– Як вам не сорамна! – прысарамаціла іх бабулька, што, натуральна, разумела мову кветак. – Гэта ж валошка! Яна прыносіць весялосць і радасць. Праўда, не разумею, якім цудам валошка з’явілася ў горадзе, ля нашага дома.

А цуда ў гэтым выпадку ніякага не было. Высотны дом месціўся перад самай кальцавой дарогай, на краі горада. З другога боку кальцавой дарогі, крыху поводдаль ад яе, знаходзілася жытнёвае поле, на якім між каласоў раслі валошкі. Мінулай восенню ўсюдыісны верабей ласаваўся зярняткамі на жытнёвым полі. Да яго мокрых лапак  прычапілася семечка валошкі. Потым верабей пераляцеў праз кальцавую дарогу,  прысеў акурат на клумбу перад высотным домам і ўціснуў такім чынам семечка ў зямлю паміж элітных кветак. Бабулька, якая палову жыцця пражыла на вёсцы, робячы праполку, пазнала расліну і не схацела вырываць яе.

Усе насельнікі клумбы шчыра любілі бабульку, што так самааддана клапацілася пра іх. Яны паверылі сваёй апякунцы і пачалі чакаць весялосці і радасці ад валошкі. Валошка ж захоплена любавалася і вытанчанасцю бутонаў ружы, і мудрагелістасцю афарбоўкі касача, і стройнасцю гладыёласу, і разнастайнай прыгажосцю астатніх кветак на клумбе. А яшчэ яна ўдзячна падстаўляла сонцу сваю сінюю галоўку і ашчадна лавіла кожны яго прамень.

Першым адквітнеў касач, потым – ружа, потым гладыёлус і большасць іншых насельнікаў клумбы. Валошка спачатку крышачку паружовела, а там і ўвогуле пабялела. На месцы пабялелых пялёсткаў утварыліся прадаўгаватыя семечкі з маленькімі чубкамі.  Чубкі складаліся з валаскоў, якія мелі невялікія зазубрынкі па краях. Гэтымі зазубрынкамі семечкі хвацка чапляліся за зямлю і распаўзаліся па клумбе.

Наступным летам паміж элітнымі кветкамі весела засінелі шматлікія валошкі.

– Якая цікавая дызайнерская клумба! Ніколі не бачыла на гарадскіх газонах валошак, – зазначыла дзяўчына-мастачка, што накіроўваўся ў госці да аднаго з жыльцоў высотнага  дома. – Абавязкова напішу яе.

Раніцой яна прынесла эцюднік, алейныя фарбы, пэндзлі і ўладкавалася перад клумбай. Дзеці з цікаўнасцю заглядвалі на палатно. Дарослыя далікатна праходзілі міма, хіба што крышачку прыцішваючы крок. Бабулька з вакна з гонарам пазірала на сваіх гадаванцаў. Увечары карціна была гатова.

– Які нечаканы пейзаж атрымаўся! – ухваліў працу сябар мастачкі, да якога тая і прыходзіла ў высотны дом. – Якраз да восеньскай выставы.

Мастачка зняла пейзаж з эцюдніка і асцярожна, каб не размазаць яшчэ не высахлыя фарбы, панесла ў майстэрню. Да кветак спусцілася бабуля.

– Бачыце, я ж казала, што валошка прынясе весялосць і радасць! Цяпер вам не страшна і адквітнець. Ваша прыгажосць назаўсёды застанецца на карціне і нават узімку будзе весяліць і радаваць людзей.

Кветкі ўзбуджана зашапацелі пялёсткамі. Сінія валошкі адчувалі сябе імянінніцамі.

Галіна ПШОНІК

Малюнкі Лілія АБРАЗЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».