Вы тут

Аляксандр Субоцін: Дзяржава робіць стаўку на маладых спецыялістаў


Віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі пасвячэння ў студэнты ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце

Сёлета першакурснікамі сталі больш за паўтысячы юнакоў і дзяўчат, якія будуць вучыцца на сямі факультэтах аграрнага ВНУ. Напрыклад, Аляксей Брукіш з Гродна падтрымаў сваю сямейную дынастыю, яго бацькі і брат таксама выпускнікі аграрнага ВНУ. Усе яны працуюць у сістэме АПК. Сам Аляксей з будучай спецыяльнасцю вызначыўся даўно, ён плануе стаць аграномам-хімікам і абараняць палі ад шкоднікаў, займацца аховай сельскагаспадарчых культур ад хваробаў. Усё гэта дзеля таго, каб атрымліваць высокія ўраджаі.

Вікторыі Альшэўскай з Мастоў паступіць у аграрны параіла яе старэйшая сястра. Маўляў, спецыяльнасць па ахове раслін запатрабавана. І наогул прафесія цікавая, тут можна сябе рэалізаваць і нешта ўдасканаліць.

Напачатку заняткаў для першакурснікаў была падрыхтавана спецыяльная святочная праграма, а кіраўніцтва ўніверсітэта і ганаровыя госці выступілі з віншавальнымі прамовамі. Аляксандр Субоцін уручыў падзякі і граматы ад Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь выкладчыкам і студэнтам універсітэта.  Пасля цырымоніі віцэ-прэм’ер даў эксклюзіўнае інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды».


Аляксандр Субоцін зазначыў, што маладым спецыялістам важна данесці, што яны — наша будучыня, менавіта на іх дзяржава робіць стаўку.

— Чаму я прыехаў сюды? Людзі, якія тут працуюць, не чужыя, і гэта атмасфера для мяне родная, таму прыехаў і адпачыць душой, і чымсьці дапамагчы напачатку новага навучальнага года, — выказаў свае пачуцці віцэ-прэм’ер.

Ён падкрэсліў, што сёння вельмі важна звярнуць увагу менавіта на аграрную адукацыю. У Беларусі чатыры вышэйшыя ўстановы, якія займаюцца падрыхтоўкай кадраў для аграрна-прамысловага комплекса. І кожная ўстанова па-свойму ўнікальная. Па словах Аляксандра Субоціна, Гродзенскі аграрны ўніверсітэт адметны тым, што мае цесныя сувязі з еўрапейскімі ВНУ і моцныя навуковыя школы. Як вынік — моцная і трывалая сельскагаспадарчая галіна рэгіёна, дзе большасць кіраўнікоў і спецыялістаў — выпускнікі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Аграрыі Гродзеншчыны — традыцыйныя рэкардсмены па жніве, тут заўсёды самая высокая ўраджайнасць у краіне, таксама высокія паказчыкі і па жывёлагадоўлі.

— Падчас такіх паездак падымаецца вельмі шмат пытанняў, — зазнчыў Субоцін. — Як у афіцыйным фармаце, так і пры прыватных размовах.  Магчыма трэба дапамагчы што-небудзь з матэрыяльнай базай. Таксама ёсць нагода абмеркаваць  перспектывы вышэйшай адукацыі.

Віцэ-прэм’ер паведаміў, што напрыканцы мінулага тыдня, пры наведванні акадэміі ў Горках, падымалася пытанне аб кодэксе вышэйшай адукацыі.

— Трэба нешта карэкціраваць, бо час мяняецца, краіна мяняецца. І нам  нельга адставаць у гэтым ключавым аспекце менавіта ў вышэйшай адукацыі. Таму важна пачуць думкі на месцах. Немалаважна і аказаць падтрымку вышэйшым навучальным установам, штосьці аператыўна вырашыць. Гэта можа быць дапамога ў закупцы абсталявання альбо акрэдытацыі лабараторыі. І такіх праблем рабочых вельмі шмат, яны і павінны быць, гэта паказчык таго, што калектыў універсітэта працуе, імкнецца штосьці зрабіць. І калі я буду чымсьці карысны, я абавязкова дапамагу, — зазначыў у размове з карэспандэнтам «Звязды» Аляксандр Субоцін.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена ГДАУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.