Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Блат

Калі яшчэ быў СССР, два хлопцы-беларусы служылі ў вучэбным падраздзяленні, якое месцілася ў горадзе Востраў Пскоўскай вобласці. Прадстаўлю: Сяргей Калеснік і Міша Арлоў. Па заканчэнні навучання яны набывалі вайсковую спецыяльнасць хіміка-лабаранта, а на пагоны (пры паспяховай здачы экзаменаў, вядома) клаліся дзве «лычкі», што азначала: з гэтага часу яны малодшыя сяржанты. І такія ж, малодшыя, камандзіры.

У казарме панаваў небывалы ўздым, бо навучанне закончана, і ўсе наваспечаныя спецыялісты ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння неўзабаве раз'едуцца па гарнізонах — ад Беларусі да Далёкага Усходу. Рамантыка, што ні кажы. Ніхто з іх, вядома ж, не ўяўляў, куды трапіў пры размеркаванні, бо гэта трымалася ў вялікай тайне, але усе жылі трывожным чаканнем нечага асаблівага, раней нязведанага, новага.

Аднак папраўлюся. Усё ж адзін з хлопцаў-беларусаў ведаў, куды паедзе служыць далей. На Брэстчыну, амаль у родныя мясціны. І паспрыяў гэтаму палкоўнік у адстаўцы, які ў канцы навучання наведаў вучэбную роту і на здзіўленне сведак паціснуў руку не дзяжурнаму, які сустрэў афіцэра з трыма вялікі зоркамі на пагонах строга па статуту, а яму, пакуль яшчэ нават не малодшаму сяржанту Сяргею Калесніку. Чаго высокі госць завітаў сюды, Сяргей пазней распавёў саслужыўцам, а дакладней — пахваліўся: закінуў слоўка, гэта ж сябра майго бацькі, так што я буду служыць паблізу ад дому.

Сяргею Калесніку, відаць, пазайздросцілі. А мо я і памыляюся. Толькі мае героі, Сяргей і Міхаіл, сустрэліся праз многа гадоў, абняліся, і паколькі справа была на чыгуначным вакзале ў Мінску, пакіравалі ў буфет. Рашылі адзначыць сустрэчу. Узялі, што і належыць мужчынам, селі за столік.

— Дзякуй арміі, я хоць свет пабачыў! — узнёсла сказаў Міхаіл. — Сяржант, які за намі прыехаў, а нас з ім ехала пяць чалавек, доўга не прызнаваўся, куды вязе. А тут на трэція суткі дарогі прачынаюся ранкам, глянуў у акно, а там горы пяску і вярблюды ходзяць. А калі цягнік спыніўся, да яго — як з нябачнага меха — высыпалі загарэлыя дзеці і такія ж дарослыя, і ўсе прапаноўваюць сушаную і вяленую рыбу. Аказалася, мы на самым беразе Аральскага мора. А вунь і яно. Рыбацкія лодкі і шхуны на беразе. Шкада, высахла мора, але я ганаруся, што паспеў яго «захапіць». Бачыў на свае вочы! Верыш? А потым сяржант усё ж прызнаўся, што едзем мы на касмадром Байканур. Ого! На асноўнай пляцоўцы, яна была пад нумарам 10, а на самай справе гэта горад Ленінск, нас размеркавалі. Я трапіў на тую пляцоўку, з якой стартаваў Юрый Гагарын. На «двойку». Бываў у тым пакоі, дзе ён начаваў перад стартам. Не магу перадаць словамі тое адчуванне, якое тады зведаў. Пазней бачыў і ўсіх тых касманаўтаў, якія адпраўляліся ў палёт з маёй пляцоўкі. У мяне нават некалькі фота дома ёсць, дзе я з касманаўтамі. Амаль у абнімку. І адна заглушка, якая ў космасе пабывала. Берагу. Каб ведаў, што цябе сустрэну, карткі ўзяў бы. Наведваў мантажны корпус, дзе збіраюць ракеты перад стартам. Толькі адно крыўдна было: аналізы ракетнага паліва рабілі не мы, салдаты, а людзі ў цывільным, з адукацыяй. Мы былі, так бы мовіць, на падхопе. Адабраць паліва з цыстэрны-вагона, прывезці яго ў лабараторыю. Вадкі кісларод у асноўным. Уяўляеш, вакол спякота, а ў нас паўвядра марожанага. Пару слоікаў згушчонкі, наверх вадкага кіслароду лінеш, хуценька размяшаеш — і накладвай у кружкі. Можна было бізнес рабіць. Але тады пра гэта мы не ведалі і не чулі, сяброў частавалі бясплатна. Аўтарытэт мелі — уга! Касмадром мне часта ўспамінаецца. З самага лепшага боку. Ну, а ты як служыў, Сярога?

— Я? А што я? — Калеснік наморшчыў лоб, доўга падбіраў словы. — Прывезлі мяне ў лес, пад Пружанамі недзе, там і прасядзеў да канца службы...

Ён, мабыць, успомніў пра таго палкоўніка ў адстаўцы, сябра бацькі, і ці не ўпершыню пашкадаваў, што той прыязджаў напярэдадні выпуску ў сяржанцкай школе, каб закінуць за яго слова...

Блат у мінусе, адным словам. Што ж — бывае...

Гены

Генадзь Міхеевіч Кухаронак не адразу набыў зернеўборачны камбайн. Не так проста было ўзбіцца на яго. Каштуе не маленькіх грошай, і ён доўгі час іх збіраў. Спярша, як стаў фермерам і атрымаў у арэнду некалькі гектараў зямлі, вырошчваў агародніну: агуркі, капусту, буракі і, вядома ж, бульбу. На памідоры не адважваўся — з імі можна было і прагарэць: ударыць фітафтора, што тады? Заклаў і сад з карлікавых дрэў. А збываў прадукцыю на гарадскім рынку, дзе ў яго была свая кропка. Гандлявалі па чарзе там і жонка, і нявестка. Паколькі цэны на вырашчаную прадукцыю фермер трымаў разумныя, пакупнікі адразу ж гэта заўважылі. У іх нюх на гэта добры.

Нарэшце набыў і камбайн «Палессе». Мара Генадзя Кухаронка здзейснілася. Цяпер ён меў магчымасць узяць дадаткова ў арэнду яшчэ некалькі дзясяткаў гектараў зямлі, на якой пачаў вырошчваць пшаніцу і авёс. А неяк, калі запарка атрымалася ў мясцовым калгасе з уборкай, паспяшаўся яму на падмогу. На сваім «Палессі», вядома. Разважаў цвяроза — як гаспадар: камбайн, як і конь, павінен рабіць тое, для чаго прызначаны. Чым больш, тым лепш. Прастоі ім не на карысць.

Учора ўвесь дзень Генадзь Міхеевіч малаціў пшаніцу землякам на хатніх сотках. Няспешна пераязджаў з агарода на агарод, атрымліваў ад людзей не толькі словы падзякі, але і грошы. У яго цяпер кожная капейка на ўліку. Грошы варта траціць разумна. А іх, як вядома, многа не бывае. Яшчэ да канца не разлічыўся за зернеўборачны, паліва не таннае, а тэхніка, што ў яго маецца, надта пражэрлівая — толькі паспявай заліваць у бакі.

Як бы там ні было нявыкрутна, іншы раз увечары Генадзя акружаць унукі Стасік і Верка — жывуць яны паблізу ў сваёй хаце, гэта дзеці сына Пятра, — і лашчацца да дзядулі. Яны ж, хоць і малыя, але, мусіць жа, ганарацца, што ў іх такі дзядуля, які можа не толькі пачаставаць іх рознымі смачнымі ласункамі, але і пакатаць у кабіне аўтамашыны або — пад пільным наглядам — на камбайне альбо трактары.

Аднаго разу Генадзь Міхеевіч разгарнуў перад унукамі сямейны альбом.

— Гэта вось на здымку вашы прапрадзед Несцер і прапрабабуля Малання...

— А дзе яны, дзеду? — загараюцца вочы ў Верачкі.

— Дзе яны, пытаеце? — Генадзь Міхеевіч задумваецца, не адразу адказвае. — Яны — далёка. Адсюль не відаць — так далёка. Ажно ў Сібіры. Падрасцеце, я вам тады раскажу больш падрабязна пра нашых з вамі родзічаў... Там і дажывалі яны свой век, там і на кладах ляжаць... А мой тата, а ваш прадзед, вярнуўся ў родную вёску, і я ўжо ў нашых Брадах нарадзіўся. Тут, дзе і вы. Так што хутчэй расціце — і да мяне ў памочнікі! Згодныя?

— Я згодны!

— І я згодна! — пачуў Генадзь Міхеевіч.

А сам падумаў: «Праўду кажуць, што гены вузлом не завяжаш. Толькі, спадзяюся, нас ужо ніхто раскулачваць і пасылаць у Сібір не будзе... Хоць так ці гэтак, усё роўна ў Сібір не пашлеш, хоць бы і захацеў — яна ўжо не наша...»

Генадзь Міхеевіч яшчэ пэўны час сядзеў на канапе, прытуліўшы да сябе ўнукаў, нешта казаў ім, а сам думаў пра заўтрашні дзень.

Гены, што ні кажыце!..

РАДЫЁКРОПКА

У Кулазе гэтую бабку называлі Шапчухай, а якое імя ў яе было — ніхто ўжо сёння і не прыгадае. Ды і няма каму прыгадваць — у вёсцы ніводнага двара, дзе б жылі людзі. Усе яе жыхары перабраліся на могілкі. У хат дзе-нідзе праваліліся дахі; агароды і нават адзіная, некалі шырокая, раздольная вуліца пазарасталі бадыллём і рэдкалессем. Жудасна на ўсё гэта глядзець.

Шапчуху некалі прывёз сюды адзінокі мужчына Панас з Шапчыц суседняга з Быхаўскім Рагачоўскага раёна. Таму — Шапчуха. Па назве вёскі. Людзі іншы раз трапна даюць мянушкі, а імёны выкарыстоўваюць у абіходзе рэдка, таму з цягам часу яны зусім знікаюць з ужытку. Ці была раней замужам і ці мела дзяцей Шапчуха — таксама ніхто не ведаў. У Панаса дзеці меліся, дзве дачкі: жылі яны ва ўкраінскім горадзе Марыупаль, ранейшы Жданаў. І калі Панас захварэў, адна з дачок забрала бацьку, каб падлячыць — усё ж горад, лекары ў іх павінны быць, на думку дачок, лепшыя, чым тут у нас. Аднак больш у Кулагу Панас не вярнуўся. Амаль адразу ж і памёр у Марыупалі. Там яго пахавалі, а дачка Марыя, калі прыязджала, прызналася, што Панас вельмі шкадаваў, што будзе ляжаць на чужыне...

Шапчуха ж яшчэ колькі гадоў жыла адна, кляла Панаса, што пакінуў яе адну, называла яго не інакш як здраднікам і дэзерцірам. Старая нічога з жыўнасці не трымала. У садзе ж яшчэ Панас пасеяў шматгадовую траву, то яна ўхітралася знаходзіць пакупнікоў з умовай, што тыя самі выкасяць дачыста ўсе закуткі, а потым сена ўзважаць і купяць яго як гатовы тавар. Тады кароў трымалі не толькі ў самой Кулазе, але і ў навакольных вёсках, таму сена было ў цане. Праўда, некаторыя касцы не вытрымлівалі прыдзірак датошнай старой, бо яна, абапіраючыся на кульбу, даставала тых сваімі прэтэнзіямі-папрокамі: «Як ты косіш, неслух? Ніжэй бяры! Каму кажу! Прыціскай, прыціскай касу, небарака! Я б такога касца і бясплатна не хацела мець! Дармаед!» Але не бяда — знаходзіўся іншы жадаючы. Потым сена грузілі на прычэп «Беларуса», Шапчуха лезла на воз, хоць усе і здзіўляліся такому яе рашэнню: звалішся ж, баба! Яна толькі махала кульбой і настойліва ўзбіралася на сена. Так і ехала на цэнтральную сядзібу калгаса, дзе былі вагі. Уявіце: трактар валюхаецца па няроўнай дарозе, а на возе — яна, Шапчуха, хоць бы што, сядзіць сабе, толькі галава пагойдваецца туды-сюды. Гэта трэба было бачыць.

А неяк прыходзіць да настаўніка Юрыя Трафімавіча, той, дарэчы, быў у радстве з Панасам, яго жонка лічылася стрыечнай сястрой, і просіць парады, як быць з радыёкропкай. «Навошта мне гэтае радыё? Не хачу. Адно што галаву дурыць. Толькі паўтара рублі кожны месяц плаціць трэба. Напішы заяву ад майго імя, каб адлючылі. Ну яго, радыё!» Колькі настаўнік ні ўпрошваў пакінуць радыёкропку — не дапамагло. Спасылаўся, што адна ж засталася ў сваёй вёсачцы, табе ж і пагаварыць няма з кім, то хоць бы радыё паслухала. Не ўгаварыў. Тады настаўнік махнуў рукой, заявіў: «Нічога я пісаць не буду. Слухай радыё. Грошы невялікія — скажу, каб з мяне вылічвалі за дзве радыёкропкі. Не пабяднею. Нельга ж, нельга ж так шкадаваць для сябе таго рубля...»

Уздыхнуўшы, Шапчуха папрасіла: калі ён, Юрый Трафімавіч, такі ўжо добры, каб дазволіў ёй узяць некалькі буракоў, што былі выбраны з зямлі і горкай ляжалі на двары — падсыхалі.

— Я ж, — сказала, — іх так люблю! Адвару, і ем, і ем! Да таго смачна!..

Настаўнік не вытрымаў, папракнуў:

— Як жа так можна жыць, цётка? Для сябе і шкадаваць? Пенсію ж атрымліваеш. Схадзіла б у краму, сёння туды якраз завезлі ўсяго. І кілбасы, і рыбу... А калі табе цяжка будзе несці торбачку з пакупкамі, я папрашу каго з сыноў, яны на веласіпедзе падвязуць...

— Ды не, не трэба: я бурачкоў вазьму... Мне яны ой як падабаюцца!..

— Памрэш, а каму грошы застануцца?

Яна за словам у кішэню не палезла:

— У гасударства пойдуць!..

Куды пайшлі яе грошы, дзяржаве альбо яшчэ каму, — невядома. Я толькі ведаю, што радыёкропка ў яе хаце размаўляла яшчэ пэўны час сама з сабой...

Значыць, слухала да апошняга. Бо — бясплатна ж...

Васіль Ткачоў

12.8.20

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў

Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў

У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?