Вы тут

«Дарога да Святыняў» яднае ўсіх. Дзённік Яўгена Пясецкага


XXVІІ міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» у чарговы раз адправілася па маршруце праз гарады і вёскі Беларусі. Больш за тысячу кіламетраў праедуць і прайдуць сёлета яе ўдзельнікі — вядомыя дзеячы навукі, культуры, мастацтва, святары праваслаўнай царквы. Яны пранясуць з сабой Дабрадатны агонь ад Гроба Гасподняга і цудатворца Загор'е-Сталавіцкі абраз Маці Божай. На шляху экспедыцыі запланаваныя сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў, навукова-асветніцкія канферэнцыі, сумесныя малебны ў храмах, урокі беларускага пісьменства ў навучальных установах, наведванне мясцовых бібліятэк і музеяў.Такое штогадовае паломніцтва па традыцыі з'яўляецца адным з галоўных мерапрыемстваў святкавання Дня беларускага пісьменства. Завершыцца экспедыцыя 6 верасня сумесным урачыстым Хросным ходам у сёлетняй сталіцы свята — Бялынічах.

Найстарэйшая беларуская газета «Звязда» ўсе мінулыя гады змяшчала падрабязныя справаздачы пра кожную экспедыцыю «Дарогі да Святыняў». Разам з сёлетнімі ўдзельнікамі гэтага ўнікальнага паломніцтва адправіўся ў дарогу наш фотакарэспандэнт Яўген Пясецкі. Дваццаць сёмы год асвятляе ён дзейнасць экспедыцыі. Глядзіце яго штодзённыя анлайн-рэпартажы на сайце «Звязды» — пра самае цікавае, што сустрэлася на маршруце.


Мітрапаліт Веніямін: Сёлета «Дарога да Святыняў» прызначаная яшчэ да таго, каб несці слова пра мір

Такімі словамі вітаў удзельнікаў XXVII Навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў» епіскап Веніямін, які абраны Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, у сталічным Свята-Духавым кафедральным саборы пасля традыцыйнага малебна напачатку маршруту.

«Сёлета экспедыцыя прызначаная быць не толькі асветніцкай, не толькі духоўнай, яна прызначаная яшчэ да таго, каб несці слова пра мір, — сказаў мітрапаліт Веніямін. — І на гэта, прашу вас, дарагія ўдзельнікі экспедыцыі, звярнуць асаблівую ўвагу: слова пра мір, якое да будзе абапірацца на Слова Божае, на слова духоўнае. Евангелле вучыць нас, як прыносіць пакаянне ў сваіх грахах, як выпраўляць гэтыя грахі, як рабіць наша жыццё больш дасканалым. Яно вучыць нас любіць адно аднаго, любіць бліжніх і далёкіх, любіць нашу Айчыну, але любіць і іншыя краіны і народы, любіць і ворагаў сваіх».

Мітрапаліт заклікаў у дапамогу малітвы і благаславенне беларускіх святых прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, свяціцеля Кірылы Тураўскага, святой Сафіі Слуцкай і свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага. Ён звярнуў ўвагу, што сёлета значная частка маршруту экспедыцыі пралягае праз Магілёўшчыну.

«Сёлета, можна сказаць, нам указаная асаблівыя Божая міласць і благаславенне, калі ў дні Святой Пасхі здзяйсняўся Хросны ход у месца сённяшняй сталіцы Дня беларускага пісьменства горад Бялынічы, — Хросны ход суправаджаў бусел, птушка, якая з’яўляецца сімвалам Беларусі. Яна ішла за абразом Божай Маці, якая называецца Бялыніцкая, і паказвала нам, людзям, як пераадольваць праз малітву і зварот да Маці Божай каранавірусную бяду, як мы зможам пераадолець і ўсе іншыя цяжкасці сённяшняга часу», — дадаў уладыка.

Пра дзіўны ўдзел бусла ў Хросным ходзе ў гонар Вялікадня і Божай Маці пад Магілёвам ёсць паведамленне на афіцыйным сайце Магілёўскай епархіі. 24 красавіка, у Светлую Пятніцу, напярэдадні святкавання іконы Божай Маці Бялыніцкай паломнікі прайшлі 45 кіламетраў Магілёва да Бялыніч з іконай Божай Маці Бялыніцкай і велікоднымі спевамі. На прыпынках яны здзяйснялі малебны і малітвы супраць пагібельнай павевы. На адным з пераходаў да калоны далучыўся белы бусел. Ён некалькі гадзін ішоў-ляцеў з вернікамі, на апошнім прывале пабыў на набажэнстве і на ўваходзе пілігрымаў у Бялынічы паляцеў. З’ява гэтая вельмі ўразіла сведкаў, яна не пакідае абыякавымі і тых, хто бачыў відэазапіс і фатаграфіі гэтага незвычайнага Хроснага хода.

У малебне перад стартам «Дарогі да Святыняў» узяў удзел міністр інфармацыі Беларусі Ігар ЛУЦКІ. Ён пагадзіўся з тым, што экспедыцыя, якая традыцыйна папярэднічае Дню беларускага пісьменства і з’яўляецца яго складнікам, сёлета — не проста асветніцкая.

«На дадзены момант мне здаецца, што гэта важная місія, якая павінна быць пранесеная па нашай краіне, каб мір і згода запанавалі ў нашым народзе, — сказаў ён. — Спадзяюся, што ў гэтыя няпростыя дні нашай краіны мы ўсё ж такі ўсе разам зможам наладзіць дыялог паміж грамадствам, пачуць адзін аднаго, не дапусціць нейкага рознагалосся, каб і ў краіне, і ў душы ў кожнага жыхара рэспублікі быў мір, была згода, было адчуванне таго, што мы адна, адзіная краіна, што заўтра дзеці пойдуць у школу, што старыя будуць заўсёды ў пашане, што ўсе мы разам будзем за гэтую нашу краіну».

Намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка звярнула ўвагу на тое, што цягам стагоддзяў духоўны патэнцыял праваслаўя спрыяў адзінству беларускага народа, таму беларускае грамадства мае высокі давер да Праваслаўнай царквы.

Кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лапата-Загорскі расказаў журналістам, што падчас маршруту будуць раздадзеныя кнігі, якія з’яўляюцца падзякай шляхаводнай Загор’е-Сталавіцкай іконе Пакрову Прасвятой Багародзіцы. Абраз быў знойдзены ва ўрочышчы Святое Поле (ранейшая назва Папоўшчына) каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна ў 1983 годзе падчас дарожных работ. Святое Поле — першы прыпынак сёлетняй экспедыцыі «Дарога да Святыняў».

Па словах Аляксандра Лапаты-Загорскага, цудатворны абраз доўгі час быў дамавым мітрапаліта Філарэта, потым перайшоў у сталічны храм у гонар Свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі, які апякае вернікаў са слабым зрокам і невідушчых.

«Ікона ім прыйшлася да душы, бо яна ціснёная металічналітая і яны пальцамі яе чытаюць — „бачаць“, і яна ў іх вельмі шануецца, — патлумачыў кіраўнік экспедыцыі асаблівае стаўленне невідушчых да іконы. — Пры гэтым яны збіраліся пабудаваць дом для гэтай іконы».

Аляксандр адзначыў, што сцены будынка храма ўжо ўзведзены, яго накрываюць дахам, і ўвосень прызначана яго асвячэнне — гэта самы малады, па яго словах, мінскі храм, які найбольш хутка будуецца.

«Яны самі не верылі ў гэты цуд, — кажа кіраўнік экспедыцыі. — Даведаўшыся, што ікона адпраўляецца ў „Дарогу да Святыняў“, прыход выдзяліў шмат-шмат кніжак, каб мы раздавалі як удзячнасць народу. Мы едзем у раёны, гэта такі маршрут, па якім мала хто праязджае: Касцюковічы, Хоцімск, Клімавічы, Краснаполле...»

Акрамя кніг, удзельнікі экспедыцыі будуць раздаваць цацкі дзецям у прытулках і ў дамах сямейнага тыпу. Таксама ў межах «Дарогі да Святыняў» запланаваныя чатыры канферэнцыі і наведванне больш за дзесятак навучальных устаноў.

Наш храм — наш дом

Храм, як і наш уласны дом, умацоўваецца спадчыннымі традыцыямі, верай, любоўю. Гэта сцвяржае расповед пра старажытны Крыжа-Уздвіжанскі храм у Асіповічах.

Заснаваны амаль два стагоддзі таму, ён шмат убачыў, вытрываў (нават пераезд самога будынка з вёскі ў горад). Экспедыцыя наведала гэты унікальны храм, сустрэлася каля яго сцен з жыхарамі горада, наладзіла разам з імі спеўныя і паэтычныя выступы.

Таксама удзельнікі экспедыцыі правялі сустрэчу ў мясцовым музеі, пасадзілі дрэўцы Сада малітвы. У прафтэхкаледжы была прэзентаваная выстава фотаздымкаў з архіва газеты «Звязда» пра шматгадовую гісторыю экспедыцыі. Для бібліятэкі былі перададзены кнігі беларускіх выдаўцоў.

Мы ўсе - адна сям'я

На ўездзе ў Касцюковічы нас гасцінна сустрэла кіраўніцтва раёна і мясцовы самадзейны калектыў народнай песні. Неўзабаве разам з жыхарамі мы ўдзельнічалі ў супольным набажэнстве і шматлюднай творчай сустрэчы.

Затым удзельнікі экспедыцыі наведалі бацькоўска-выхавацельскі дзіцячы дом сямейнага тыпу Раісы Кірпічэнка. Ва ўтульным дзвухпавярховым катэджы для сямьі створаны ўсе ўмовы. Сюды ж у гэты час завітаў з падарункамі для дзятвы старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Аляксандр Гарбачэўскі.

Удзельнік экспедыцыі, сямейны музычны ансамбль Марыны і Янкі Лайковых, вітаў усіх сваімі песнямі.

Гэтыя фотаздымкі зроблены ў зале, дзе праходзіла творчая сустрэчы і ў доме Ірыны Кірпічэнка. Дарэчы, яна выдатная вышывальшчыца і на адным з фота выразна бачныя яе унікальныя творы.

Літаратурны прыпынак Завоссе

Адзін з прыпынкаў на шляху экспедыцыі — Музей-сядзіба Міцкевічаў. Філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры знаходзіцца ў маляўнічай мясцовасці недалёка ад вёскі Сталавічы Баранавіцкага раёна.

Тут нарадзіўся і быў шчаслівы адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва — паэт Адам Міцкевіч. Тут прайшло яго дзяцінства, сюды ў гады студэнцтва штогод прыязджаў ён на летнія вакацыі, каб зноў убачыць каханую Марылю.

Цяпер у Завоссі можна ўбачыць шляхецкі двор другой паловы XVIII стагоддзя, у памяшканнях размешчана цікавая экспазіцыя. Недалёка ад падворку — вялізнае старое дрэва. Адно з тых, у цені якіх было ўлюбёнае месца для адпачынку маладога паэта.

Не пагасае свечка веры

Шмат на дзіва прыгожых, з цікавай уласнай гісторыяй храмаў наведалі мы на шляху экспедыцыі. Адзін з іх — царква ў Хоцімску. Старажытны будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

У час набажэнства тут заўжды шматлюдна, для дзятвы створана нядзельная школа.

Мясцовай цікавінкай у царкве з'яўляецца вялізная васкавая свечка незвычайнай формы, зробленая амаль дзвесці гадоў таму. Сімвалічна, што побач з ёй была запалена новая свечка ад лампады, якую нясе з сабой экспедыцыя «Дарога да Святыняў».

Каля гэтай царквы мы пасадзілі маленькія дрэўцы агульнага Саду малітвы.

Бібліятэкі сустракаюць гасцей

Сярод бібліятэк, якія наведала экспедыцыя, Клімавіцкая центральная раённая бібліятэка імя І.Пехцерава была выбрана намі не выпадкова. У першыя дні верасня ёй спаўняецца сто гадоў. 

Тут сабраны вялікі фонд айчыннай і замежнай літаратуры, шмат твораў пісьменнікаў землякоў.

Экспедыцыя передала для мясцовых чытачоў камплект новых выданняў пра беларускую праваслаўную царкву. З цікавасцю пазнаёміліся паломнікі з відэа-прэзентацыей бібліятэчнага клуба традыцыйных славянскіх каштоўнасцяў, паўдзельнічалі ў віктарыне «Азбука веры», агледзелі тэматычныя выставы кніг.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»