Вы тут

Пераможны верасень. 75 гадоў таму скончылася Другая сусветная вайна


Гэта было найбуйнейшае ваеннае сутыкненне ў гісторыі чалавецтва. Яно доўжылася шэсць гадоў — з 1 верасня 1939-га да 2 верасня 1945-га. У шэрагах узброеных сіл знаходзіліся 110 мільёнаў чалавек. Ваенныя дзеянні вяліся на тэрыторыі Еўропы, Азіі, Афрыкі, у Атлантычным, Ціхім, Індыйскім і Паўночным Ледавітым акіянах. У Другой сусветнай вайне загінула звыш 55 мільёнаў чалавек, з іх 27 мільёнаў чалавек загінула ў Савецкім Саюзе (больш чым тры мільёны ў Беларусі — кожны трэці...)


Пасля пераможнага мая 1945-га ваенныя дзеянні перасунуліся на ўсход. Сітуацыя разгортвалася імкліва. 8 жніўня Савецкі Саюз у адпаведнасці з рашэннем Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 9 жніўня ўступіў у вайну з Японіяй. Цікава, што ўжо 10 жніўня японскі ўрад паведаміў праз нейтральныя краіны — Швецыю і Швейцарыю, што гатовы прыняць умовы Патсдамскай дэкларацыі ў тым выпадку, калі саюзнікі пагодзяцца не ўключаць у яе пункт аб пазбаўленні імператара суверэнных правоў. У адказе ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ад 11 жніўня саюзнікі зноў пацвердзілі сваё патрабаванне аб безумоўнай капітуляцыі.

14 жніўня імператар Японіі Хірахіта запісаў для радыё зварот да падданых, абвясціўшы аб неабходнасці спыніць вайну і аб прыняцці Японіяй безумоўнай капітуляцыі. Даведаўшыся пра зварот імператара, група афіцэраў-фанатыкаў у ноч на 15 жніўня вырашыла сарваць перамовы аб капітуляцыі і дамагчыся працягу вайны. Сваёй задачай яны паставілі ліквідаваць з палітычнай арэны «прыхільнікаў міру», схіліць узброеныя сілы да непадпарадкавання, а каб рашэнне імператара не атрымала агалоскі, не пусціць тэкст з запісам прамовы ў эфір.

Большасць частак сталічнага гарнізона не падтрымала змоўшчыкаў і захавала вернасць прысязе. Паспешліва арганізаваны путч быў ліквідаваны ў першыя ж гадзіны. 15 жніўня па радыё быў перададзены рэскрыпт імператара Хірахіта аб прыняцці ўмоў капітуляцыі.

У гэты ж дзень ваенныя дзеянні паміж англа-амерыканскімі і японскімі ўзброенымі сіламі былі фактычна спыненыя, аднак на тэрыторыі Паўночна-Усходняга Кітая, Карэі, Паўднёвага Сахаліна і Курыльскіх астравоў японскія войскі працягвалі аказваць супраціў савецкім узброеным сілам. Часткі Квантунскай арміі загаду аб спыненні баявых дзеянняў не атрымалі.

З 9 жніўня па 2 верасня 1945 года была праведзена Маньчжурская стратэгічная наступальная аперацыя савецкіх войскаў з мэтай разгрому японскай Квантунскай арміі, вызвалення паўночна-ўсходніх і паўночных правінцый Кітая (Маньчжурыі і Унутранай Манголіі), Ляадунскага паўвострава, Карэі, ліквідацыі плацдарма агрэсіі і буйной ваенна-эканамічнай базы Японіі ў азіяцкім рэгіёне. Супраць Квантунскай арміі выступілі савецкія войскі Забайкальскага, 1-га і 2-га Далёкаўсходніх франтоў ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам, Амурскай ваеннай флатыліяй і войскамі Мангольскай Народнай Рэспублікі. З разгромам Квантунскай арміі і стратай ваенна-эканамічнай базы ў Паўночна-Усходнім Кітаі і Паўночнай Карэі Японія пазбавілася рэальных сіл і магчымасцяў для працягу вайны.

2 верасня 1945 года ў 10 гадзін па такійскім часе (у 14 па маскоўскім) на борце амерыканскага лінкора «Місуры», які ўвайшоў у Такійскі заліў, быў падпісаны Акт аб безумоўнай капітуляцыі Японіі. Ад СССР свой подпіс пад гістарычным дакументам паставіў генерал-лейтэнант Кузьма Мікалаевіч Дзеравянка.

У гэты ж дзень у Харбін, як паведаміла ТАСС, прыбылі галоўнакамандуючы савецкімі ўзброенымі сіламі на Далёкім Усходзе маршал Аляксандр Васілеўскі, камандуючы Першым Далёкаўсходнім фронтам маршал Кірыла Мерацкоў і галоўны маршал авіяцыі Аляксандр Новікаў. На аэрадроме іх сустрэлі прадстаўнікі савецкага ваеннага камандавання на чале з начальнікам Харбінскага гарнізона двойчы Героем Савецкага Саюза генерал-палкоўнікам Афанасіем Белабародавым. Праз два тыдні, 16 верасня 1945 года, у Харбіне адбыўся Парад Перамогі.


У тэму

Ад Берліна да Нанкіна

Гэтымі днямі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запрашае азнаёміцца з новымі праектамі.

Часовая экспазіцыя «Пераможны сорак пяты: ад Берліна да Нанкіна» да 75-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны адкрыецца 2 верасня і будзе дзейнічаць да 1 лістапада. Выстава створаная на аснове фондавых матэрыялаў музея. Сярод раздзелаў экспазіцыі — «Берлінская аперацыя», «Сустрэча на Эльбе», «Парад Перамогі», «Маньчжурская аперацыя». Сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Фондам садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць» 3 верасня пройдзе анлайн-канферэнцыя «Другая сусветная вайна: нявывучаныя ўрокі».

Захар Бурак

Загаловак у газеце: Пераможны верасень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.