Вы тут

Нага ў пастцы. Як змагацца з падаграй?


У мінулых стагоддзях падагру называлі хваробай арыстакратаў, бо сваіх ахвяр яна выбірала сярод людзей з высокім матэрыяльным дастаткам, якія любілі задавальненні, каларыйную ежу і спіртное.

Цяпер падагру адносяць да хвароб-«памылак метабалізму». Адна з прычын яе ўзнікнення — парушэнне абмену рэчываў, пры якім солі мачавой кіслаты не выводзяцца з арганізма, а адкладваюцца ў розных органах і тканках, пераважна ў суставах і нырках, і траўмуюць іх, прыносячы хвораму нясцерпны боль. Як суіснаваць з гэтай хваробай і ці можна яе вылечыць, мы распыталі ўрача-рэўматолага 3-й цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска Іну Баштавую.


— Падагру называлі хваробай арыстакратыі і звязвалі з празмерным харчаваннем і ўжываннем спіртнога. Наколькі гэта актуальна сёння?

— Адразу скажу, што падагра сустракаецца прыкладна ў 1—3 % дарослага насельніцтва. І мужчыны пакутуюць ад гэтага захворвання часцей. Суадносіны мужчын і жанчын з такім дыягназам складаюць 7:1. Прычым, як правіла, гэта дастаткова маладыя мужчыны — 40-50 гадоў. Жанчыны хварэюць пазней — пасля 60. Прычым захворванне маладзее, і мы сапраўды назіраем, што яно звязана з хібамі ў дыеце. Мы бачым нямала маладых людзей з метабалічнымі парушэннямі, якія маюць лішнюю вагу, любяць смачна паесці і ўжываюць алкаголь. Гэта асноўная катэгорыя пацыентаў.

— Як сябе праяўляе хвароба? Якія яе першыя прыкметы?

— У клінічнай карціне захворвання вылучаюць чатыры стадыі. Першая — бессімптомная гіперурыкемія. Яна часта выяўляецца выпадкова — падчас прафагляду ўрач бачыць павышаны ўзровень мачавой кіслаты ў крыві. Гэта стадыя можа доўжыцца дастаткова працяглы час, і захворванне ніяк сябе не праяўляе. Другая стадыя — гэта востры падагрычны артрыт, які правакуюць няправільнасць у дыеце, а таксама траўмы, хірургічныя маніпуляцыі, працяглае ўжыванне некаторых лекавых прэпаратаў (эўфілін, кафеін, дзімедрол, аспірын, мачагонныя сродкі і глюкакартыкастэроіды). Прыступ узнікае раптоўна, звычайна ноччу ці раніцай. Гэта заўсёды інтэнсіўны, дастаткова востры боль, часам яго апісваюць як «прасцінны», бо нават пры датыканні прасціны здаецца, што прыціснула бетонная пліта. Як правіла, дэбют пачынаецца з монаартрыту — болі ў адным суставе. Ён чырванее, аж да сінюшнага адцення, прыпухае, парушаецца яго функцыя. Часцей за ўсё гэта плюсне-фалангавы сустаў першага пальца на ступні — аснова вялікага пальца. Такі класічны варыянт развіцця падагры.

— Чаму боль з'яўляецца ўначы?

— У гэты час у нашым арганізме ў крыві павышаецца ўзровень мачавой кіслаты. Звычайна пацыент увечары лажыўся спаць і ўсё было добра, а раніцай не можа ўстаць на ногі.

— З чым звязаны такі востры боль?

— У суставе актыўны кровазварот і туды пранікае мачавая кіслата, адкладваецца, што і выклікае прыступ.

— Падагра часта спалучаецца з атлусценнем і гіпертаніяй...

— Існуе тры варыянты падагры. Метабалічны звязаны з парушэннем абмену рэчываў і высокай канцэнтрацыяй мачавой кіслаты ў крыві. Як правіла, бывае ў пацыентаў з лішняй вагой і спадарожнымі паталогіямі, у прыватнасці, сардэчна-сасудзістымі. Таксама сустракаецца ныркавы варыянт падагры, калі мае месца зніжэнне экскрэцыі (выдзялення. — «Зв.») мачавой кіслаты. Такі варыянт заўсёды вядзе да ныркавай недастатковасці. Ураты мачавой кіслаты адкладваюцца, і развіваецца ўратная нефрапатыя. Каля паловы ўсіх выпадкаў падагры — ныркавы варыянт. І апошні тып — змешаны, калі назіраецца павышэнне сінтэзу мачавой кіслаты ў спалучэнні са зніжэннем экскрэцыі, папросту кажучы, шмат выпрацоўваецца і мала выводзіцца.

— Які з варыянтаў больш небяспечны?

— Метабалічны варыянт мае больш спрыяльны прагноз. Дыета, мадыфікацыя спосабу жыцця, прыём прэпаратаў ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, кантроль узроўню мачавой кіслаты дазваляюць стрымліваць хваробу. Калі пацыент настроены і матываваны змагацца, хвароба не будзе сябе праяўляць болевымі прыступамі. Ныркавы варыянт — дрэнна кіраваны, здараецца, што пацыенты выходзяць на гемадыяліз (пазаныркавае ачышчэнне крыві з-за вострай і хранічнай ныркавай недастатковасці).

— Ці праўда, што падагру можна вызначыць па вушах пацыента?

— Не заўсёды. Ёсць тофусная форма падагры, калі ўраты адкладваюцца пад скурай і над суставамі. Тады яны ёсць і на вушных ракавінах, над суставамі на кісцях рук, могуць пальпіравацца над локцевымі суставамі. А бывае і бестофусная форма — ураты могуць адкладвацца ва ўнутраных органах, напрыклад, у нырках.

— Ці можна цалкам пазбавіцца ад гэтага захворвання?

— Калі гэта метабалічны варыянт, то на пачатковай стадыі можна. Гэта як бывае і пры цукровым дыябеце, калі ставяць так званы пераддыябет. Пацыенту прапануюць дыету і актыўны спосаб жыцця, і калі ён выконвае рэкамендацыі, то захворванне можа і не наступіць. Калі пацыент з павышаным узроўнем мачавой кіслаты і адсутнасцю спадарожнай сардэчна-сасудзістай паталогіі прытрымліваецца дыеты, вядзе актыўны спосаб жыцця, то далейшага развіцця захворвання можна пазбегнуць. У нас ёсць пацыенты, якія захоўваюць дыету і прытрымліваюцца рэкамендацый рэўматолага, і цягам жыцця прыступаў у іх больш не здараецца. Мы нават такіх людзей знімаем з дыспансернага назірання па прычыне стойкай працяглай рэмісіі.

— Ад першага прыступу болю да наступнага можа прайсці нават некалькі гадоў?

— Тут усё вельмі індывідуальна — і пяць, і дзесяць гадоў можа прайсці. Але да ўрача лепш звяртацца адразу пасля першага прыступу і пастарацца ўзяць хваробу пад кантроль.

— Як тады мірна суіснаваць з падаграй? Якой павінна быць дыета?

— У лячэнні сапраўды асобнае месца займае дыета, бо харчаванне дастаткова эфектыўна зніжае ўзровень мачавой кіслаты. Ёсць шэраг прадуктаў, якія маюць пурынавую аснову. Іх варта выключыць ці абмежаваць. Гэта мяса і субпрадукты — печань, ныркі, язык, таксама каўбасы і вяндліна, ікра, чырвонае віно, піва і моцныя алкагольныя напоі, шчаўе, салёныя сыры, бабовыя, шакалад, інжыр, грыбы, салёная і марынаваная гародніна, какава, моцны чай, наварыстыя мясныя і рыбныя булёны. Адварныя мяса і рыбу можна ўжываць раз на тыдзень у перыяд, калі няма прыступаў болю.

— Ці ўплывае фізічная актыўнасць на цячэнне хваробы?

— Не. А вось пераахаладжэнне, стрэсавыя фактары, хірургічныя ўмяшанні могуць справакаваць прыступы.

— Што адбываецца з падагрыкам, калі не прытрымлівацца дыеты і не лячыцца?

— Прыступы будуць частымі. Гэта доўгая вялацякучая падагра з рэцыдывамі. Пастаянна будзе балець сустаў.

— Якімі прэпаратамі лечыцца гэта хвароба?

— Ужо на першай, бессімптомнай стадыі, калі ў пацыентаў вызначаецца высокі ўзровень мачавой кіслаты, прызначаюцца прэпараты для яе зніжэння. Гэта алапурынол, яго доза падбіраецца індывідуальна ў залежнасці ад узроўню мачавой кіслаты. У норме для пацыентаў, якія не маюць сардэчна-сасудзістых захворванняў, гэта 360 мкмоль/л, а для пацыентаў са спадарожнай паталогіяй — не больш за 300 мкмоль/л. Калі мы дасягаем з дапамогай прэпаратаў мэтавых лічбаў мачавой кіслаты і пацыент прытрымліваецца дыеты, нейкі час прэпарат можна не прымаць. Нярэдка ўдаецца з дапамогай дыеты кантраляваць яе ўзровень, тады прэпарат прымаць пастаянна не абавязкова. Калі такога выніку дасягнуць не ўдаецца, то падбіраецца дазіроўка на пастаянны прыём.

— Што рабіць, калі ноччу здарыўся прыступ падагры? Як зняць рэзкі боль?

— Для купіравання болю можна прыняць несцероідныя супрацьзапаленчыя прэпараты — аркоксія, німесулід, мелаксікам, якія знімаюць боль і запаленне. Лакальна прымяняюцца кампрэсы з дымексідам для зняцця ацёчнасці і запалення ў суставе.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.