Вы тут

Больш як тысячу чалавек сабрала Мінская абласная педагагічная канферэнцыя


Больш як тысячу чалавек сабрала Мінская абласная педагагічная канферэнцыя, што прайшла сёлета ў Барысаве. Гэта маладыя спецыялісты, якія працуюць па размеркаванні, ветэраны педагагічнай працы. Мерапрыемства трансліравалася па відэа ва ўсіх 22 раёнах Міншчыны і ў горадзе Жодзіна.


Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын узнагароджвае Жанну ГАРОН.

Адзначу, што напярэдадні канферэнцыі для кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі цэнтральнага рэгіёна прайшла серыя вэбінараў. Яго ўдзельнікі азнаёміліся з нарматыўна-прававым і навукова-метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу ў 2020/2021 навучальным годзе, асаблівасцямі яго арганізацыі па розных вучэбных прадметах.

Перад пачаткам форуму ў фае Палаца культуры імя Максіма Горкага прысутныя маглі азнаёміцца з дасягненнямі сістэмы адукацыі Міншчыны. На тэматычных пляцоўках былі прадстаўлены праекты і распрацоўкі школьнікаў у арганізацыі ІT-адукацыі, у прадпрымальніцтве, экалогіі і аградзейнасці. Напрыклад, вучаніца барысаўскай гімназіі № 3 Вераніка Галоднік паказала свой бізнес-праект па выпуску экалагічных сумак, якія могуць служыць некалькі гадоў у адрозненне ад пластыкавых пакетаў. Яна расказала, што дзяўчынкі шыюць сумкі ў вольны ад урокаў час і наносяць на іх малюнак.

Усё больш пашыраецца ў школах цэнтральнага рэгіёна такі напрамак, як адукацыйная робататэхніка, з кожным годам да яго далучаецца ўсё больш хлопчыкаў і дзяўчынак. Вядома, укараненне новых тэхналогій садзейнічае дасягненню высокіх вынікаў пры засваенні ведаў. Так у навучанні школьнікаў актыўна выкарыстоўваецца STEM-падыход, рэалізаваны адукацыйны праект «Мабільны STEM-клас». Вучні барысаўскай школы № 25 паказалі адукацыйны Лега-компекс «Навукова-даследчае судна «Кусто». З дапамогай яго дзеці вучацца навуковым падыходам у даследаваннях марскіх і акіянічных глыбінь.

Вялікую творчую работу правялі навучэнцы Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці. Прысутным вельмі спадабалася яркая калекцыя стылізаваных народных касцюмаў «Кветка-душа». Дзеці стваралі гэтую прыгажосць пад кіраўніцтвам педагога Аксаны Коваль.

Нельга забывацца, што без мінулага, перамогі нашых продкаў у самай страшнай вайне 1941—1945 гадоў, без іх працоўных здабыткаў у мірны час не было б і сучасных дасягненняў. Таму для прысутных была арганізаваная экспазіцыя «75 гісторый аб вайне», дзе вучні і настаўнікі прэзентавалі лепшыя творы аб падзеях Вялікай Айчыннай, распавялі пра лёс родных, блізкіх, сваякоў, якія захавалі для сваіх нашчадкаў мір і спакой.

З дасягненнямі школьнікаў Міншчыны азнаёміўся міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што сёння вельмі важна зберагчы моладзь ад уплыву дэструктыўных сіл, ад удзелу ў антыдзяржаўных акцыях, на які іх падбухторваюць. Важна забяспечыць адзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям'і і ўстаноў адукацыі. Недапушчальна, калі выхаванне дзяцей бацькі ўскладваюць толькі на педагогаў, лічыць міністр адукацыі.

— У цэнтры ўвагі дзяржавы па ранейшаму будуць заставацца педагогі. Яны — лакаматыў сістэмы адукацыі. Гэта іх працай і намаганнямі выхоўваюцца пераможцы і прызёры міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, спецыялісты высокага класа. Не камп'ютар, а менавіта педагогі вучаць і выхоўваюць падрастаючае пакаленне, грамадзяніна, у тым ліку і асабістым прыкладам. Мы падтрымлівалі, падтрымліваем і будзем падтрымліваць вас і маральна, і матэрыяльна, — запэўніў ён педагогаў.

Ігара Карпенку падтрымаў кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын:

— Мінскі аблвыканкам, Прэзідэнт ніколі не пакідалі і не пакінуць без сваёй увагі сферу адукацыі. З года ў год мы будуем новыя вучэбныя ўстановы, напаўняем класы сучасным абсталяваннем. І з дапамогай педагогаў робім навучальны працэс захапляльным. Не менш важна і тое, што апошні адказвае патрабаванням лічбавай эканомікі. Толькі за мінулы вучэбны год у вобласці практычна ўдвая павялічылася колькасць медалістаў, пераможцаў алімпіяд і тых вучняў, хто атрымаў на цэнтралізаваным тэсціраванні найвышэйшы бал. Гэта важкі ўклад у багацце любой дзяржавы — яго чалавечы патэнцыял.

Праца педагогаў атрымлівае дастойную ацэнку ўсіх узроўняў улады, падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч. Для папулярызацыі і прасоўвання дзяржаўных інтарэсаў, дэманстрацыі прафесійнага вопыту педагогі Міншчыны супрацоўнічаюць з калегамі больш як з 33 краін і ў межах 105 пагадненняў.

Падчас канферэнцыі былі ўшанаваныя найлепшыя з педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў. «Крыштальную сініцу» і званне «Настаўнік года Мінскай вобласці» атрымала настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 5 горада Жодзіна Паліна Патапенка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Не камп'ютар выхоўвае школьнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».