Вы тут

Школа будучыні: без «фізікаў» і «лірыкаў»


Чаму для прадстаўнікоў пакалення Alfa важна забяспечыць альтэрнатыву?

«Першая рэч, якую трэба памятаць: у свеце цяпер канфуз, замяшанне ад мноства, занадта вялікага мноства опцый. Як жа мне выбраць правільна, калі вакол так шмат усяго, але ўсё кожны дзень змяняецца? Свет прапануе нам шмат магчымасцяў, але гэта свет, у якім усё стала вельмі няўстойлівым, нестабільным. Мы цікавімся ў самых розных людзей у розных краінах свету: чаго вы хочаце? Людзі не ведаюць! Таму што доўгі час мы жылі, адштурхоўваючыся ад таго, чаго чакаюць ад нас бацькі, сваякі, грамадства. І жыццё ардынарнага, звычайнага чалавека было прадвызначанае — месцам яго нараджэння, сям'ёй, акружэннем. А цяпер няма ніякіх іерархій, няма межаў, няма нічога немагчымага, але адваротны бок такога багацця перспектыў — поўная разгубленасць: я такі малады, я не ведаю, чаго хачу, хто я... Пра гарантыі сёння наогул трэба забыцца, іх няма, трэба быць гатовымі пастаянна змяняцца і перавучвацца», — такой думкі прытрымліваюцца прафесары Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура Крыстал Лім-Лэнге і Грэг Лім-Лэнге — прызнаныя міжнародныя эксперты ў вобласці адукацыі, аўтары бестселера Deep Human.

Якой жа павінна быць сучасная школа, каб адпавядаць патрэбам часу? Якія навыкі актуальныя для навучэнцаў? Чым павінен напаўняцца адукацыйны кантэнт? Чаму вельмі важная магчымасць выбару? Пра ўсё гэта ішла гаворка падчас 3-й канферэнцыі па альтэрнатыўнай адукацыі.


Дзеці — іншыя!

— Калі азірнуцца вакол, то мы жывём у вельмі цікавы час, які не мае аналагаў у гісторыі. Наша эпоха вызначаецца наступнымі паняццямі: гэта нявызначанасць, нестабільнасць (ніякія доўгатэрміновыя прагнозы складаць немагчыма), празмернасць інфармацыйных патокаў, лічбавізацыя, аўтаматызацыя, глабалізацыя, урбанізацыя і старэнне насельніцтва, — разважае сузаснавальнік і дырэктар сярэдняй школы LuCh, кансультант Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні», метадыст праекта «Настаўнік для Беларусі», спецыяліст па архітэктуры і пабудове адукацыйных сістэм Яўген ЛУФЕРЧЫК. — І дзеці, якія сёння навучаюцца ў школе, — яны вельмі розныя. Калі я ў 2008 годзе ўпершыню ўвайшоў у аўдыторыю як настаўнік (а працаваў тады ў пятых-шостых класах), то першыя месяцы выходзіў са школы з пастаяннымі пытаннямі: «Хто гэтыя дзеці? Чаму яны настолькі адрозніваюцца ад мяне? Што імі рухае? Якая ў іх матывацыя?» І гэты быў першы мой прафесійны інсайд — дзеці цяпер іншыя! На той момант яшчэ не была сфармуляваная тэорыя пакаленняў, я гэта зразумеў, хутчэй, інтуітыўна.

У сённяшняй школе цяпер навучаюцца два пакаленні, якія істотна адрозніваюцца паміж сабой. Пакаленне Z — гэта вучні 5—11 класаў, якія жылі ў дастаткова стабільных эканамічных умовах. Яны вельмі памяркоўна ставяцца да вялікіх інфармацыйных плыняў, у іх дастаткова добра развіта крытычнае мысленне. І яны задаюць вельмі шмат пытанняў на адрас той інфармацыі, якая транслюецца ў іх бок. Яны нікому не вераць на слова...

Пакаленне Alfa — гэта дзеці, народжаныя прыблізна пасля 2010 года (з першых па пятыя класы). Яны прызвычаіліся да выбару, для іх альтэрнатыва — гэта аснова ўспрымання свету.

Калі народзяцца апошнія прадстаўнікі гэтага пакалення (прыкладна ў 2025-м), іх будзе ўжо амаль два мільярды. Што нам чакаць ад іх? Можна выказваць толькі агульныя здагадкі, аднак ужо цяпер зразумела, што ўплыў тэхналогій на іх жыццё будзе каласальны. Яны будуць расці, узаемадзейнічаючы са штучным інтэлектам, робатамі і «разумнымі» цацкамі. Вялікае значэнне ў іх фарміраванні будуць адыгрываць сацыяльныя сеткі. Калі для пакалення Z сацыяльныя сеткі — гэта інструмент, для Alfa — лад жыцця. І сучасныя алгарытмы для кожнага іх прадстаўніка фарміруюць сваю інфармацыйную стужку. Аналізуючы лайкі і дызлайкі, алгарытмы падладжваюць пад іх віртуальнае асяроддзе. І «альфа»-дзецям незразумела, як можа быць па-іншаму. Чаму яны павінны вучыцца, як усе? Чаму ва ўсіх — аднолькавы набор прадметаў, аднолькавая мадэль навучання? Пакаленне Alfa з'яўляецца самым матэрыяльна забяспечаным, тэхналагічна падкаваным і адукаваным на сённяшні дзень.

Ім спатрэбяцца інтэрактыўныя персаналізаваныя праграмы і метады навучання. Мяркуючы па сусветных трэндах, вялікі працэнт дзяцей пяройдзе на анлайн-навучанне. У іх яшчэ раней, чым у «зумераў», будуць фарміравацца выразныя пасылы, да чаго трэба імкнуцца: гэта навука і тэхналогіі. Пакаленне Alfa зоймецца работай, якая яшчэ не існуе.

Канструктар з ведаў

— Беларуская сістэма адукацыі павінна была б адаптавацца і прапанаваць не толькі розныя адукацыйныя мадэлі ўнутры школы, але і розныя мадэлі ўнутры аднаго пакалення, — лічыць Яўген Луферчык. — Сёння мала хто спраўляецца з рэфармаваннем школы. Нават фіны спрабуюць адаптаваць сваю раней паспяховую адукацыйную мадэль, якую яны развівалі цягам апошніх пятнаццаці гадоў, пад змены, што адбыліся ў пакаленнях.

Ні для каго не сакрэт, што школы і ўніверсітэты рыхтуюць спецыялістаў, веды і навыкі якіх ужо не актуальныя. У Расіі праводзілі даследаванне, яно паказала, што з маладых людзей, якія скончылі ВНУ ў 2018—2019 гадах, не больш як 31 працэнт уладкоўваюцца па той спецыяльнасці, якую яны атрымлівалі.

Траекторыя фармальнай адукацыі (школа — універсітэт — работа — поспех) ужо не працуе. Ёсць меркаванне, што ва ўніверсітэтах будзе ў перспектыве запатрабаваны менавіта гуманітарны складнік, а ўсё, што лічылася прафесійнымі курсамі, моладзь будзе атрымліваць не праз універсітэт. Сувязі навучання з фізічным знаходжаннем у адукацыйнай установе практычна не будзе. Прафесійныя веды будуць атрымлівацца на практыцы, з пагружэннем у рэальны кантэкст тэмы, якая вывучаецца: гэта можа быць вырашэннем праблем лакальнай супольнасці, стварэнне стартапа ў новым горадзе і гэтак далей.

Апошнім часам расце даступнасць і папулярнасць адукацыйных анлайн-рэсурсаў і курсаў, дзе рыхтуюць больш кампетэнтных спецыялістаў, чым у ВНУ. Таксама адукацыя становіцца «канструктарам» з ведаў, якія чалавек можа перасабраць самастойна. У найбліжэйшай будучыні людзі пачнуць адукоўваць сябе самі, рэальна ўсведамляючы, якія менавіта веды ім патрэбныя. Адукацыя стане бесперапынным працэсам.

— Магчыма, у нейкай недалёкай будучыні мы будзем успрымаць універсітэт выключна як ступень для асобаснага развіцця і фарміравання канцэптуальнага погляду на свет, а не як месца для атрымання прафесіі, асабліва з улікам таго, што за жыццё нам давядзецца змяніць пяць—восем прафесій, — кажа Яўген Луферчык. — Гэта ставіць вельмі шмат пытанняў перад школай: напрыклад, якія навыкі яна павінна фарміраваць? На мой погляд, школы павінны трансляваць дзецям думку, што тыя могуць быць паспяховыя не толькі ў рамках нейкай адной прафесіі. А мы з вамі прызвычаліся падзяляць усіх на «фізікаў» і «лірыкаў». Хоць сучасныя даследаванні паказваюць, што гэта выключна сацыяльны феномен і няма ніякай схільнасці мозгу да той ці іншай галіны ведаў. А вось ад асобы настаўніка, ад таго, які ўстанавіўся кантакт паміж педагогам і вучнем, напрамую залежыць, ці зацікавіць вучня прадмет, які той выкладае.

Другі складнік гэтага выбару — сямейнае акружэнне. Дзеці ніколі не выбіраюць тое, што яны не бачаць вакол сябе. І калі ў сям'і культывуецца думка, што ты ў нас — матэматык, у галаве дзіцяці фарміруецца перакананне, што матэматыка — гэта маё, а ўсе астатняе — не маё. Падзел на «фізікаў» і «лірыкаў» з'яўляецца лжэнавуковым. Наадварот, трэба ўнушаць дзіцяці думку, што яно можа быць кім заўгодна: філосафам, паэтам, матэматыкам, канструктарам і гэтак далей.

Курс — на індывідуалізацыю

І ўсё ж такі, што трэба зрабіць, каб навучаць дзеля будучыні? Перш за ўсё, адмовіцца ад абавязковага запамінання інфармацыі і фактаў — машыны спраўляюцца з гэтым лепш, і мы ўжо не складзём ім канкурэнцыю. Затое вельмі важныя стратэгіі адаптацыі, уменне ўбачыць магчымасць, вынаходлівасць, прадпрымальнасць, здольнасць кантраляваць свае эмоцыі, эмпатыя. Іх нельга выкладаць як стандартныя прадметы, а хутчэй трэба ствараць асяроддзе, якое будзе падштурхоўваць чалавека да развіцця «мяккіх» навыкаў (soft skіlls) і больш складаных кампетэнцый.

Асобасна арыентаваны падыход павінен не толькі дэкларавацца, а рэалізоўвацца на практыцы. Навучальныя праграмы і іх змест павінны адаптавацца пад інтарэсы, запыты, здольнасці і магчымасці кожнага дзіцяці. Ва ўсіх — розная хуткасць навучання і розныя здольнасці, але гэта не павінна станавіцца перашкодай для адукацыйнага працэсу. Сітуацыі, калі ўвесь клас арыентуецца на самага слабага вучня, павінны змяніцца індывідуальнымі праграмамі навучання.

У беларускай школе пакуль што дзейнічаюць адзіны для ўсіх пералік вучэбных прадметаў, тыпавы вучэбны план, адзіныя праграмы і навучальныя дапаможнікі. І нават настаўніка, у якога хацелі б вучыцца, дзеці выбіраць не могуць.

Якой жа павінна быць індывідуалізацыя?

— У залежнасці ад інтарэсаў сям'і і дзіцяці школа прапануе розны фармат навучання. Наведваць адукацыйную ўстанову зусім неабавязкова. Навучанне можа быць завочным, дыстанцыйным ці змешаным, — тлумачыць сусветныя трэнды Яўген Луферчык. — Ва ўмовах празмернасці інфармацыі трэба сфармуляваць тое, без чаго выпускніку нельга абысціся. Выпускнік беларускай школы вывучае 18 прадметаў. Гэта вельмі і вельмі многа! Якія школьныя дысцыпліны і на якім этапе вывучаць, ад чаго можна адмовіцца і што ўзбуйніць — усё гэта пытанні для нацыянальнай дыскусіі.

Акрамя дзяржаўнага мінімуму, школьнік будзе выбіраць для сябе дадаткова пэўныя кірункі і прадметы. Яшчэ адзін узровень індывідуалізацыі — модульнасць і рознаўзроўневасць праграм, калі, напрыклад, няма адзінага курса матэматыкі для ўсіх шасцікласнікаў, ён разбіты на ўнутраныя модулі, вельмі лагічныя, якія можна вывучаць на розных узроўнях. Камусьці дастаткова і першага ўзроўню матэматыкі, а камусьці патрабуецца больш глыбокі ўзровень.

Празмернасць школьнай адукацыі павінна мець на ўвазе не аб'ём ведаў, якія проста немагчыма ўпіхнуць у галаву школьніка, а шырыню магчымасцяў, з якіх дзіця будзе выбіраць тое, што яму цікава. Школа можа прапаноўваць і 25 дысцыплін, але не для таго, каб усе запар іх вывучалі, а каб забяспечыць навучэнцам магчымасць выбару.

У новым навучальным годзе ў сістэме адукацыі адкрываецца сярэдняя прыватная школа LuCh, якая ўзяла на ўзбраенне сінтэз сусветнага вопыту і найлепшых нацыянальных традыцый у навучанні і развіцці падлеткаў. Па словах Яўгена Луферчыка, новая навучальная ўстанова мае шэраг адметнасцяў. Сярод іх магчымасць выбару індывідуальных трэкаў і траекторый навучання (модуляў курсаў, кірункаў), выбар навучальных прадметаў у рамках акадэмічнай праграмы кожнае паўгоддзе, выбар узроўню, на якім будзе вывучацца той ці іншы прадмет (яго можна змяняць цягам навучальнага года), навучанне праз практыку і эксперымент, сінтэз класічных прадметаў і сучасных міждысцыплінарных ведаў, прымяненне фарміруючага ацэньвання прагрэсу дзіцяці па некалькіх крытэрыях адукацыйнага выніку, рацыянальнае выкарыстанне dіgіtal-інструментаў. Аcноўныя класічныя прадметы — гэта матэматыка (пяць гадзін на тыдзень), руская мова, інтэграваная з рускай літаратурай (чатыры гадзіны), беларуская мова, інтэграваная з беларускай літаратурай (чатыры гадзіны), і англійская мова (пяць гадзін). З новых міждысцыплінарных прадметаў — гісторыя цывілізацыі (тры гадзіны на тыдзень) і прыродазнаўства/навука (дзве гадзіны). Для выбару прапануюцца прадметы Art, Scіense, фізічная геаграфія, логіка, тэхналогіі, мейкерства, інжынірынг, біялогія, хімія, фізіка, праграмаванне, дысцыпліны па мовах. На рэфлексію і развіццё сацыяльных навыкаў soft skіlls таксама прадугледжаны дзве гадзіны.

— На наш погляд, вельмі актуальнай з'яўляецца ўстаноўка на развіццё навыкаў саманавучання, — падкрэслівае Яўген Луферчык. — Падтрымаць дзіця, а не забіць у ім жаданне да самаразвіцця, — вось што насамрэч для школы важна. Тым больш што быць сярэднім выпускніком, сярэднім студэнтам і сярэднім спецыялістам становіцца эканамічна нявыгадна.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.