Вы тут

Як маладым спецыялістам спасцігаюцца на практыцы сакрэты псіхалогіі даверу


Дваццацідвухгадовая Яніна КАЦЯРЫНІЧ працуе педагогам-псіхолагам у сацыяльна-педагагічным цэнтры ў вёсцы Гаць Акцябрскага раёна. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны і па мэтавым накіраванні два гады таму прыехала на малую радзіму.


— Прыкладна ў восьмым класе школы вырашыла, што ў будучыні стану псіхолагам. Гэтае жаданне ўзнікла з нагоды таго, што сябры часта казалі: я ўмею слухаць, даваць карысныя парады. Бацькі таксама падтрымалі мой выбар прафесіі. Ды і я была цалкам упэўненая ў сваіх сілах. Адзінае, перад паступленнем думала: больш прыйдзецца па душы кірунак, дзе трэба праводзіць заняткі са сваімі аднагодкамі ці дарослымі, але лёс вырашыў інакш і цяпер працую з дзецьмі.

Гады вучобы ва ўніверсітэце Яніна ўспрымае вельмі сур'ёзна. Кожны дзень тады для дзяўчыны быў адкрыццём: калі даведвалася нешта новае для сябе, ёй хутчэй хацелася замацаваць атрыманыя веды на практыцы.

— Гэта быў час, калі я спазнавала сябе, даведвалася аб сваіх магчымасцях. Вучэбныя практыкі праходзіла як у сваёй навучальнай установе, так і ў іншых, напрыклад, выкладала псіхалогію студэнтам педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага. Але самая запамінальная з усіх прайшла ў Гомельскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. Памятаю, гэта было самае прэстыжнае месца для студэнтаў, туды накіроўвалі па паспяховасці ў навучанні, я і трапіла.

Зразумела, некаторыя чаканні ад свайго першага рабочага месца ў маладога спецыяліста з цягам часу знікаюць, калі сутыкаешся з цяжкасцямі. І гэта нармальна, лічыць гераіня.

— У большасці вучоба ва ўніверсітэце па маёй спецыяльнасці была арыентавана на работу ў школах, таму калі прыехала на малую
радзіму і размеркавалася ў сацыяльна-педагагічны цэнтр, усё было ў навінку. Спачатку адчувала пэўныя складанасці, аднак з кожным днём «набівала руку», расла прафесійна. Тым больш мне дапамагаюць дасведчаныя калегі.

Яніна займаецца з дзецьмі ад трох да васямнаццаці гадоў, з іх бацькамі, прыёмнымі сем'ямі, якіх у суразмоўніцы на сёння дванаццаць. Таксама за ёй замацаваны некаторыя вясковыя школы раёна. Часам дзяўчына наведвае і суды, абараняе правы непаўналетніх.

— Са «сваімі» дзецьмі (так педагог называе наведвальнікаў заняткаў) я праводжу розныя групавыя і індывідуальныя кансультацыі, гульні. Бывае, што яны не адразу падпускаюць да сябе, можа спатрэбіцца і шэсць, восем размоў, каб наладзіць кантакт. Аднак калі дзеці пачынаюць давяраць — гэта самае прыемнае ў рабоце. Я па жыцці даволі спакойны чалавек і лічу, што гэта, безумоўна, дапамагае ў маёй прафесіі. Таму калі вы вельмі актыўны, імпульсіўны ці няўседлівы і хочаце стаць псіхолагам, дзе-нідзе давядзецца стрымліваць гэтыя рысы свайго характару. А вось што мне часам перашкаджае падчас работы — залішняя эмпатыя да іншых.

Суразмоўніца кажа, што па-за работай яна не выкарыстоўвае свае веды дзеля асабістых мэт, — этычны кодэкс псіхолага не дазваляе. Хоць сябры і родныя часта звяртаюцца па ўсялякія парады.

— Каб самаўдасканальвацца ў прафесіі, стараюся чытаць шмат карыснай літаратуры, даведваюся пра новыя імёны ў сферы псіхалогіі, заўсёды нешта вывучаю. Зараз мне падабаецца працаваць з дзецьмі, але ў будучыні хацела б паспрабаваць сябе ў рабоце і з дарослымі. Разумею, што ў вялікіх гарадах мая прафесія вельмі запатрабаваная, але хачу развівацца ў родным Акцябрскім раёне, быць карыснай тут.

...Увогуле лічу сябе творчай асобай, люблю вязаць, шыць, плесці, а таксама вырошчваць расліны. Можна правесці паралель паміж гэтым хобі і маёй работай: тыя, з кім працую, з часам расцвітаюць як кветачкі!

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Псіхалогія даверу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.