Вы тут

Рэха майдана. Чым павучальны ўкраінскі вопыт?


Апошнім часам даволі часта ў звязцы з падзеямі ў Беларусі згадваюць Украіну. Прычым параўнанні гучаць як з усходу, так і з захаду. Паралелі вядомыя — падзеі лістапада 2013-га — лютага 2014-га, якія захіснулі нашу краіну-суседку. Цяжка абысціся без эмоцый, аднак паспрабуем, як кажуць, «з лічбамі на руках» разабрацца са змяненнямі ўкраінскай «матрыцы» на працягу 29 гадоў пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1991-м. Чым павучальны гэты вопыт?


Унікальны патэнцыял

Украіна атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюза не толькі пустыя прылаўкі, але і прамысловыя галіны, якія ўвасабляюць сёння пярэдні край тэхналагічнага прагрэсу, — уласную мікраэлектроніку, вытворчасць камп'ютараў, спадарожнікаў, авіякасмічную. Гаворка, па сутнасці, ішла аб індустрыяльнай базе, без якой цяпер немагчыма сабе ўявіць ні інтэрнэт, ні лічбавыя тэхналогіі, ні «чацвёртую прамысловую рэвалюцыю», заўважае zn.ua. Прычым у шэрагу выпадкаў краіна не проста валодала наладжанай вытворчасцю, але і ўваходзіла ў кагорту прызнаных сусветных лідараў. Пры нармальным паступальным развіцці такіх задзелаў яна магла б сёння знаходзіцца ў першым эшалоне тэхналагічнай эліты свету.

Напярэдадні абвяшчэння сваёй незалежнасці ва Украіны была моцная эканоміка, якая ўваходзіла, па класіфікацыі Сусветнага банка, у найвышэйшую падгрупу краін з сярэднімі даходамі. Так, калі ў 1990 годзе сярэднедушавыя даходы ў ёй складалі 1297 долараў, то ва Украіне — 1570. Прычым яшчэ ў 1989-м яна знаходзілася ў трыццатцы найбуйнейшых эканомік свету, як, напрыклад, Ірландыя сёння. У 1990 годзе аб'ём валавога ўнутранага прадукту Украіны (81,5 мільярда долараў у бягучых цэнах) пераўзыходзіў сумарны ВУП Чэхіі ($40,5 млрд) і Румыніі ($39 млрд), а таксама аб'ёмы вытворчасці Польшчы ($66 млрд), Ізраіля ($59 млрд) або, напрыклад, Малайзіі ($44 млрд), не кажучы ўжо пра Чылі ($33,1 млрд), адзначае zn.ua.

Па ўспамінах Любаміра Раманківа, на пачатку 1990-х найлепшыя ўкраінскія лабараторыі ў галіне мікраэлектронікі не саступалі амерыканскім. Гэта сведчанне тым больш значнае, што належыць не проста спецыялісту, які адпрацаваў больш за паўстагоддзя на ІBM, а навукоўцу, чыё імя ў 2012 годзе было ўнесена ў Залу нацыянальнай славы ЗША разам з імем Стыва Джобса як аднаго з самых выдатных вынаходнікаў усіх часоў, разам з Томасам Алвай Эдысонам.

Нават пасля Чарнобыльскай трагедыі заходнія эканамісты ўсе як адзін адзначалі рэдкі сплаў адукацыйнага, навуковага і прамысловага патэнцыялаў Украіны, унікальныя чарназёмы і аграрныя магчымасці, чарнаморскія і азоўскія парты, развіты транспартны комплекс, удалае месцазнаходжанне.

Да пачатку 1990-х на стапелях суднабудаўнічага завода ў Мікалаеве знаходзіўся цяжкі авіянясучы крэйсер «Вараг», які быў перапрададзены ў 1998 годзе кампаніі з Макаа, а пазней даведзены да гатоўнасці і прыняты ў склад ВМФ Кітая ў якасці яго першага авіяносца «Ляанін» (2012). Пры распрацоўцы яго палубнай авіяцыі і палігона для падрыхтоўкі лётчыкаў выкарыстоўваліся рэсурсы той жа Украіны, якія дасталіся ёй пасля атрымання незалежнасці. Першы кітайскі ледакол быў таксама пабудаваны ва Украіне — на Херсонскім суднабудаўнічым заводзе ў 1993 годзе. Не абышлося без сур'ёзнай дапамогі Украіны і развіццё ў 1990-я гады кітайскага ракетабудавання.

Па інфармацыі СМІ, ужо ў 2016 годзе Паднябесная набыла інтэлектуальную ўласнасць на транспартны самалёт Ан-225 «Мрія», а сёння кітайскія кампаніі не пакідаюць надзей завяршыць здзелку па куплі кантрольнага пакета акцый украінскага маторабудаўнічага прадпрыемства «Матор Січ». Магутнае супрацьдзеянне гэтаму з боку ЗША — сведчанне таго, што гаворка ідзе не проста аб найважнейшых прамысловых тэхналогіях, а аб ноу-хау з далёка ідучым геапалітычным падтэкстам. Дзіўныя рэчы, тым больш што ўсё гэта — выдатны падмурак савецкіх часоў.

Без стратэгіі

Як жа так атрымалася, што праз 29 гадоў Украіна стала аграрнай краінай, якая выжывае за кошт экспарту збожжавых, задаецца пытаннем zn.ua. Маленькай адкрытай эканомікай, цалкам залежнай ад сусветных цэн на сыравінныя тавары, якую абагналі амаль усе суседзі. Прычын вялікае мноства. «Мы ўмудрыліся зрабіць усе магчымыя памылкі за гэтыя гады, пачаўшы з асноўнай — адсутнасці стратэгічнага бачання таго, якую краіну хацелі б пабудаваць», — з горыччу заўважае zn.ua.

«Уся эканамічная палітыка 1990-х была тушэннем пажараў газай. Гіперінфляцыю, што перавышала 2000 працэнтаў у 1992-м, спынялі дзяржаўным рэгуляваннем цэн, фактычна пазбавіўшы прамыслоўцаў прыбытку. У выніку вытворчасць сталі ў перыяд з 1990-га да 1995-га ўпала на 55 працэнтаў, а металургі, якія зараблялі ў свой час у разы больш, чым просты савецкі чалавек, сядзелі без зарплаты. Для галіны, якая вырабляла 50 мільёнаў тон сталі ў год, на ўнутраным рынку Украіны, якая спажывае каля 10 млн, стала вельмі цесна. Адзіным шанцам выжыць быў экспарт. Але замест таго, каб дапамагчы прамыслоўцам, якія прывыклі да планавай і не заўсёды лагічнай саюзнай эканомікі, адаптавацца да ўмоў крызісу, улады вырашылі экспарт абмяжоўваць і кватавалі. Напэўна яны атрымлівалі карупцыйную рэнту ад кожнай дазволенай экспартнай здзелкі, напэўна тыя, каму дазволілі нешта прадаваць, ды яшчэ і без пошлін, шчодра плацілі за гэтыя магчымасці. Менавіта тады цэлая плеяда «моцных дзяржаўнікаў» усвядоміла, што можна нядрэнна зарабіць, нават калі вакол блукаюць тысячы беспрацоўных жабракоў. І пакуль частка чырвоных дырэктараў ламала галаву над тым, як працаваць, калі перасталі паступаць загады з цэнтра, іншая частка пачала круціцца, дамаўляцца і рваць на кавалкі савецкую прамысловую спадчыну», — піша zn.ua. Былі пахаваны многія стратэгічныя прамысловыя сектары.

Вынікам прыватызацыі стала канцэнтрацыя цэлых галін у руках адных уласнікаў. Менавіта так усё аблэнерга краіны пачалі кантраляваць шэсць чалавек, «Метінвест» Ахметава — выплаўляць 40 % усёй сталі ў краіне, а «Інтэрпайп» Пінчука — выпускаць палову ўсіх украінскіх труб, уся вытворчасць ферасплаваў аказалася ў групы «Прыват» Каламойскага і Багалюбава, а Фірташ пабудаваў сваю «азотную імперыю», адзначае zn.ua.

.Доля навукаёмістых галін ва ўкраінскай прамысловасці, якая ў 1990-м складала 30 %, знізілася да 10 %, затое ўдвая вырасла чорная металургія, а доля сыравінных тавараў дасягнула шакіруючых 70 %. У 2016-м вытворчасць экскаватараў склала 1 % ад узроўню 1990-га, прычым будаўніцтва ідзе досыць актыўна. А трактароў у 2016-м выпушчана 5 % ад колькасці, вырабленай у 1990-м, хоць сельгастэхніка цяпер у аграрнай Украіне надзвычай запатрабаваная.

Вынік ілюзій

Еўрапейская камісія штогод дае параўнальную ацэнку развіццю даследаванняў і інавацый у Еўропе — індэкс EІS. Украінскі паказчык там нязменны з 2012 года — 35-36 балаў. Для параўнання, у суседняй Польшчы індэкс інавацый у 2012-м быў 51 бал, у 2019-м — ужо 63, а  лідарства цяпер у Швейцарыі, дзе індэкс вырас са 146 балаў у 2012-м да 177 — у 2019-м. У выніку і доля прамысловасці ва ўкраінскім ВУП, і доля тавараў з дабаўленай вартасцю планамерна зніжаліся ўсе апошнія 29 гадоў, саступаючы месца сельскай гаспадарцы.

«Мы даўно ператварыліся ў краіну рытэйлераў і дыстрыб'ютараў, краіну «перакупаў», якім абы танней купіць і даражэй прадаць. Мы ператварыліся з вядучага вытворцы і канкурэнта ў рынак збыту», — піша zn.ua. У выніку сальда гандлёвага балансу апошні раз было станоўчым у 2005 годзе, з тых часоў імпарт тавараў ва Украіну стабільна перавышае экспарт, і нярэдка розніца даходзіць да 8 % ад ВУП.

Украінскія рэфарматары лічылі, што «рынак усё сам адрэгулюе». Вынік падобных ілюзій перасягнуў усе мажлівыя чаканні, адзначае zn.ua. Са 166 дзяржаў, па якіх Сусветны банк прыводзіць даныя рэальнага ВУП за 1990—2018 гады, падзенне паказалі толькі дзве (!) краіны — Украіна (мінус 36,1 %) і Грузія (мінус 0,8 %). Увесь астатні свет за гэтыя гады вырас: глабальны ВУП — у 2,2 раза, ВУП краін з высокімі даходамі — у 1,8 раза, краін з сярэднімі даходамі — у 3,4—3,7 раза, найбяднейшых — у 2,9 раза.

У лідарах — азіяцкія краіны. У Кітая рэальны ВУП за 1990—2018 гады вырас у 13 разоў, у В'етнама і Лаоса — у 6,4 раза!

Беларусь не дазволіла рэалізаваць у сябе ўкраінскі сцэнарый

Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, сустракаючыся ў Маскве са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым, перадае БелТА.

Уладзімір Макей канстатаваў, што цяпер Беларусі даводзіцца адказваць як на ўнутраныя, так і на знешнія выклікі. «Прычым апошнія ў большай ступені абумоўліваюць першыя, — адзначыў Уладзімір Макей. — Тым не менш хачу сказаць, што мы вытрымалі першы націск і не дазволілі рэалізаваць у Беларусі ўкраінскі сцэнарый, сцэнарый каляровай рэвалюцыі».

Кіраўнік МЗС Беларусі падкрэсліў, што пэўнае палітычнае процістаянне ў краіне назіраецца, але ўзровень яго напалу значна зніжаны. «І ў гэтай частцы я хацеў бы выказаць удзячнасць расійскаму боку за вытрыманую і дакладную рэакцыю на падзеі, якія разгортваліся і разгортваюцца ў Беларусі, — сказаў Уладзімір Макей. — Відаць, што менавіта ўзважаная і вельмі дакладная пазіцыя Расіі выступае той процівагай, якая стрымлівае знешнія сілы ад актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. Гэта ў сваю чаргу дае нам магчымасць перавесці сітуацыю ў больш спакойнае рэчышча, наладзіць дыялог з грамадствам ды намеціць выхады з існуючай сітуацыі».

На ніжняй прыступцы

«За тры дзясяткі гадоў мы ўмудрыліся разбазарыць амаль усё, на чым сёння грунтуецца індустрыя 4.0, пачынаючы ад мікраэлектронікі і камп'ютараў. Пасля 2015 года краіна не зрабіла ніводнага серыйнага самалёта, хоць калісьці лік штогод ішоў на сотні. Будучыня ўкраінскага ракетабудавання не больш аптымістычная. Вытворчасць легкавых аўтамабіляў упала з 402 тысяч у 2008 годзе да 5,8 тысячы летась. Прычым усе яны цяпер выпускаюцца «метадам буйнавузлавой зборкі» на адзіным прадпрыемстве», — піша zn.ua.

Страта вядучых індустрыяльных галін падарвала аснову развіцця звязаных з імі прадпрыемстваў станкабудавання, інструментальнай вытворчасці, метралогіі, матэрыялазнаўства, прамысловай хіміі. Як вынік, у 1992—2018 гадах доля апрацоўчай прамысловасці ў структуры ВУП Украіны звалілася з 44,6 да 11,5 %, апынуўшыся амаль удвая меншай за ўзровень краін з сярэднімі даходамі (19,6 %). Пры гэтым яна амаль зраўнялася з удзельнай вагой сельскай гаспадаркі (10,1 %), чыя экспартная выручка цяпер вызначае дынаміку валютнага курсу грыўні, інфляцыі і агульнай плацежаздольнасці краіны.

«Так, атрымаўшы ўнікальны стартавы капітал, мы размянялі яго на эканамічную структуру 100-гадовай даўніны: збожжа, чорныя металы, руду — менавіта яны складалі аснову таварнага экспарту царскай Расіі ў 1913 годзе. Мы самі загналі сябе ў сыравінную пастку, дзе з кожным годам становіцца ўсё менш прыстойных вакансій і больш «лішніх» рабочых рук. Мы пазбягаем казаць аб тым, што пасля амаль 30 гадоў «рэформаў» апусціліся ў падгрупу эканомік, за якой, па класіфікацыі Сусветнага банка, ідуць ужо толькі найбяднейшыя краіны. Ці дзіўна, што ад такіх здзяйсненняў з Украіны масава з'язджаюць людзі, і мы самі толкам не ведаем, колькі нас на самай справе засталося?», — з горыччу заўважае zn.ua.

Даўно і няпраўда?

Пра падзенне ўзроўню прамысловасці Украіны яскрава выказаўся прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. Адпаведную заяву ён зрабіў падчас свайго выступлення на пазачарговым пасяджэнні Вярхоўнай рады. «Індустрыяльная слава Украіны паступова становіцца ўспамінамі. Мы рызыкуем, што пра наш прамысловы патэнцыял хутка будуць казаць, што «гэта было даўно і няпраўда», — працытавала Зяленскага «112 Украіна». Зразумела, пандэмія каранавіруса, якая захіснула нашу краіну-суседку, агульную надзвычай складаную сітуацыю значна ўскладняе.

І яшчэ. З адным з найбольш адметных артыкулаў выступіў у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы Мікалай Азараў — украінскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, колішні прэм'ер-міністр Украіны (прычым і ў той час, калі разгараўся так званы еўрамайдан), адзін з заснавальнікаў, член і старшыня «Партыі рэгіёнаў», народны дэпутат Украіны чатырох скліканняў, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар і заслужаны эканаміст Украіны. «Не магу заставацца абыякавым да таго, што адбываецца ў Беларусі... Вас штурхаюць на ўкраінскі сцэнарый, — перакананы Мікалай Азараў. — Я не хацеў бы, каб Беларусь паўтарыла падобнае... Украіна цяпер перажывае самую цяжкую трагедыю за ўсе амаль 30 гадоў сваёй незалежнасці... Хацеў бы параіць беларусам, перш за ўсё, шанаваць тое, што ёсць». Каментарыі, напэўна, залішнія.

Ва Украіне адзначаны новы антырэкорд па колькасці захварэлых на COVІD-19

Ва Украіне па стане на раніцу серады за суткі выяўлена 2495 новых хворых на каранавірус, што стала максімальным паказчыкам з пачатку пандэміі, сведчаць даныя на сайце Сістэмы маніторынгу распаўсюджвання эпідэміі COVІD-19 Савета нацыянальнай бяспекі і абароны. Агульная колькасць інфіцыраваных з пачатку пандэміі склала 125,7 тысячы чалавек. Найбольшая колькасць выяўленых выпадкаў за суткі зафіксавана ў Кіеве (332), Харкаўскай (302), Львоўскай (204), Адэскай (204) і Цярнопальскай (201) абласцях. Акрамя таго, у цэлым па Украіне было зафіксавана 2678 падазрэнняў на захворванне COVІD-19.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.