Вы тут

Ажыятажу ў абменніках няма, а валюта — ёсць


Можа, у людзей грошы скончыліся?

Нагадаем, што попыт на валюту ў нашай краіне пачаў расці з апошняй дэкады ліпеня. Да сярэдзіны жніўня тэндэнцыя стала пагрозлівай, пасля чаго насельніцтва прадказальна кінулася ў абменнікі. Валюты стала не хапаць, пасля чаго яна пачала даражэць яшчэ хутчэй.

Вось тады Нацбанк рэкамендаваў камбанкам забяспечыць абменнікі валютай і ўзважана падыходзіць да курсаў. Спецыялісты рэгулятара адзначалі, што праблема з дэфіцытам наяўнай валюты ў некаторых банках носіць тэхнічны характар і ён звязаны з фізічнай адсутнасцю купюр з прычыны вялікага попыту. Прайшло менш за тыдзень, што змянілася на валютным рынку?


Аўтар гэтых радкоў спецыяльна абабег каля двух дзясяткаў сталічных абменнікаў у розных раёнах горада. І ўсюды валюта была. Акрамя таго, з соткі «зялёных» можна прадаць хоць пяцьдзясят долараў, хоць пяцёрку. Рэшту атрымліваеш без праблем, валюты ў абменніку зараз хапае. А яшчэ на мінулым тыдні мне ўдалося здаць 20 долараў з 50, не было рэшты. Тады касір сказала, што прадавалі толькі тую валюту, якую здалі напярэдадні.

Пуста было каля абменнікаў у цэнтры і на ўскраіне Мінска, праўда ў невялікіх аддзяленнях банкаў бываюць нюансы. У адным такім пункце ў Фрунзенскім раёне кліента не маглі абслужыць, бо ў аддзяленні не хапала беларускіх рублёў. Гэта сведчыць аб тым, што прасунутыя людзі чакаюць далейшага патаннення замежнай валюты. А таму актыўна скідаюць свае долары, пакуль яны дарагія.

У адным абменніку літаральна за 15 хвілін курс куплі банкам долараў знізіўся з 2,65 да 2,64 рубля. І гэта пры тым, што ў нядзелю амаль усе банкі набывалі «амерыканца» за 2,7 рубля і вышэй.

Што ж кажуць аналітыкі аб сённяшняй сітуацыі? Попыт на замежную валюту ў нашай краіне ідзе на спад, што прыводзіць не толькі да зніжэння тэмпаў росту курсу на БВФБ, якое можа наогул змяніцца доўгачасовым спадам.

Пры гэтым аб'ём таргоў замежнымі валютамі на біржы максімальнага значэння дасягнуў 26 жніўня — 392,6 млн рублёў. Пасля ён пачаў зніжацца, і ў пятніцу 28 жніўня склаў усяго 181,9 млн рублёў. З 24 жніўня Нацбанк спыніў (да 15 верасня) выдачу банкам крэдытаў авернайт. А на аўкцыёне па размяшчэнні рублёвых сродкаў на тэрмін у сем дзён, які адбыўся 26 жніўня, ён выдаў банкам усяго 0,9 млрд рублёў пры попыце 2,49 млрд рублёў. Пры гэтым сярэднеўзважаную стаўку ён падняў да 13,14 % гадавых з 8,41 % на аўкцыёне 19 жніўня. Попыт на рэсурсы з боку банкаў складаў 2 487,8 млн рублёў, а атрымалі яны толькі 900 млн рублёў.

Член праўлення Нацбанка Дзмітрый Мурын падкрэсліў, што Нацбанк ажыццяўляе валютныя інтэрвенцыі, каб не дапусціць рэзкага падзення курсу рубля, але не збіраецца штучна падтрымліваць курс на якіх-небудзь мэтавых узроўнях.

Аб сітуацыі на валютным рынку краіны выказаўся 27 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА. На нарадзе з урадам ён заявіў, што ўлады не дапусцяць абвалу нацыянальнай валюты, але і не стрымліваюць курс рубля. Ён удакладніў, што курс беларускага рубля плавае — калі попыт вялікі, то долар ці еўра будуць каштаваць даражэй, а калі меншы, то танней. Так яно і адбываецца...

«Фундаментальных фактараў для дэвальвацыі рубля цяпер сапраўды няма, таму можна чакаць, што попыт на замежную валюту і аб'ём таргоў валютамі на БВФБ будуць скарачацца, і Нацыянальны банк паменшыць тэмпы росту курсу долара, еўра і расійскага рубля. Акрамя таго, можна прагназаваць рост прапановы валюты з боку фізічных і юрыдычных асоб, якія будуць спяшацца рэалізаваць яе, скарыстаўшыся высокім курсам. Цалкам верагодна, што пік курсаў будзе дасягнуты ўжо ў найбліжэйшыя дні, пасля чаго яны пачнуць зніжацца», — адзначаюць незалежныя эксперты фінансавага рынку краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: slutsk24.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.

Палітыка

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю

У Палаце прадстаўнікоў праходзіць чарговае пасяджэнне пятай сесіі.

Грамадства

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.