Вы тут

«Для бібліятэк зараз галоўная задача — прасоўванне чытання як працэсу»


Папулярызацыя чытання сярод моладзі — тая тэма, якая ўжо не адзін год застаецца актуальнай для ўсіх, ад аўтараў і выдаўцоў да настаўнікаў і бацькоў кожнага новага пакалення. У чарговы раз сваё бачанне сітуацыі і шляхоў яе змянення агучылі ў коле бібліятэкараў і пісьменнікаў.


— Вельмі знакава, што напачатку новага навучальнага года і напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы гаворым пра кнігу, пра чытанне на роднай мове, — падкрэсліла першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — У мяне сёння ёсць магчымасць гаварыць пра кнігу ў тым ліку і з пазіцыі ўласнай творчасці, бо шэраг маіх праектаў убачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Сёння пісьменнікі вельмі часта ідуць на сустрэчы з дзецьмі і ў бібліятэкі, і ў школы. І гэта вельмі важна не толькі таму, што пісьменнік сам нясе дзецям святло сваіх кніг, але і таму, што так мы больш разумеем дзіцячую псіхалогію, тэмы, якія патрэбныя гэтай аўдыторыі. І нам хочацца, каб кніга ўсё ж такі заставалася адной з галоўных крыніц ведаў і пазнання свету, бо толькі так магчыма выхаваць асобу.

Для беларускіх пісьменнікаў вельмі важна перш за ўсё пісаць на роднай мове, каб нашы дзеці чулі роднае слова, чыталі казкі і іншыя творы па-беларуску. Прысутныя адзначылі: радуе, што сёння ўзрастае імкненне з боку маладых бацькоў самім ведаць родную мову ды вучыць гэтаму сваіх дзяцей. У наш час прасоўванне кніг і папулярызацыя чытання — нялёгкая справа, паколькі дзеці і падлеткі аддаюць найбольш увагі гаджэтам. Тым жа бібліятэкам даводзіцца прыдумваць самыя розныя формы і спосабы ўзаемадзеяння з юнымі чытачамі і іх бацькамі, каб пазнаёміць іх з кніжнымі навінкамі, заахвоціць чытаць і адкрываць для сябе новых аўтараў у беларускай літаратуры.

Як заўважыла намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Алена Чарняўская, «сёння бібліятэкі не могуць жыць без пісьменнікаў, бо толькі дзякуючы добрым пісьменнікам мы маем добрыя кнігі».

— Хоць ёсць меркаванне, быццам сучасныя дзеці не чытаюць, але насамрэч яны чытаюць. У іх свае героі, свае тэмы і ўласны выбар кніг, якім яны аддаюць перавагу. І для бібліятэк зараз галоўная задача — прасоўванне чытання як працэсу, пашырэнне моды на яго, — падкрэсліла Алена Чарняўская.

Алена ДРАПКО

Прэв'ю: bobruisk.gov.by

Загаловак у газеце: Пашырыць моду на чытанне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».