Вы тут

Вітольд Бялыніцкі-Біруля як сімвал творчага яднання


Унікальны мастацкі альбом «Вітольд Бялыніцкі-Біруля» выдадзены пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі ў пярэдадзень свята беларускага пісьменства.


Кніжная падзея адбылася ў выдавецтве «Беларусь», якое выпусціла альбом як падарунак да ХХVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах. Аўтар ідэі і каардынатар праекта — Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства. Ён з'яўляецца і складальнікам, і аўтарам тэксту выдання.

Рэпрадукцыі карцін, сабраныя ў альбоме, — не проста сведчанне доўгага вандроўнага жыцця вялікага мастака, слаўнага сына зямлі беларускай, а і адлюстраванне яго высокай любові да Айчыны — да Беларусі, а таксама да Расіі, якая сталася для творцы прыстанішчам на доўгія гады жыцця. Таму не дзіўна, што многія выдавецкія праекты, звязаныя з прапагандай жыцця і творчасці нашага суайчынніка, які нарадзіўся ў маёнтку Крынкі Магілёўскай губерні, падтрымлівае Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

«З ваколіц Пяцігорска», «Стэпавая рэчка вясной», «Хаты ля возера. Ваколіцы «Чайкі», «Кіраўск. Горы», «Хібіны. Запаляр'е», «Баранцава мора», «Старое Памор'е. Запаляр'е», «Пачатак палярнай зімы», «Ульянаўск. Стары вянец» — гэта не проста назвы. У гэтых краявідах — і моц таленту жывапісца, і яго памкненне адкрыць свету ўбачанае толькі ім, і жаданне запрасіць усіх гледачоў, аматараў выяўленчага мастацтва ў бясконцае, поўнае адкрыццяў падарожжа.

Мастацкі альбом дапаўняе багатая калекцыя фотаздымкаў. Уладзімір Пракапцоў, які шмат робіць дзеля прапаганды творчасці вялікіх мастакоў Беларусі, напісаў фактычна нарыс жыцця і творчасці В. Бялыніцкага-Бірулі. Гэта вылучае альбом сярод іншых мастацкіх выданняў і дазваляе пашырыць яго функцыі. Несумненна, такая кніга патрэбная не толькі беларускім, але і расійскім чытачам і гледачам. Можна толькі павіншаваць аўтара і выдавецтва, што ў шэраг багатай калекцыі выданняў пра Вітольда Каятанавіча дадалося яшчэ адно выданне. А нашым «звяздоўскім» чытачам нагадаем, што пачатак прызнання В. Бялыніцкага-Бірулі ў Беларусі ў многім адбыўся і дзякуючы руплівасці нашага калегі, у свой час журналіста «Звязды», выключна таленавітага, яркага пісьменніка Віктара Карамазава, які стварыў мастацкую біяграфію майстра.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.